Эх, замала ў нашай апазыцыі манахаў!
Каляровыя рэвалюцыі адбываліся ня там, дзе апазыцыя прыдумляла нешта "звыш-звыш", а там, дзе высьпявалі умовы (чытайце Ільіча:). Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.
У офісе БНФ на круглым стале "Сто дзён пасьля кангрэсу" палітыкі зноў трохі паскубліся з аналітыкамі (ці наадварот?).
Віктар Івашкевіч: "Вы аналітыкі. Вось і дайце нам не публіцыстыку, а аналіз усяго, што адбылося з краінай за апошнія 15 гадоў. А мы, палітыкі, на падставе вашых дэталёвых высноў і будзем дзейнічаць. А прыгожая, але ні на чым не грунтаваная публіцыстыка нікому не патрэбная".
Каму сапраўды надакучыла палымяная публіцыстыка з рэфрэнамі пра "злачынны рэжым", раю зазірнуць на сайт нядаўна створанага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. Тога самага, што нядаўна зладзіў вялікую канфэрэнцыю "Да новага бачаньня Беларусі" ў Кіеве. Вось тут даволі багатая падборка матэрыялаў. Яны нераўнацэнныя, але ўдумліваму чытачу ёсьць чым пажывіцца.
Што ж да пікіроўкі між палітыкамі і аналітыкамі, то, на мой погляд, годзе ўжо шукаць крайніх. Піяністы — і адныя, і другія — граюць, як умеюць:) Іншым разам дзівісься, што пад гэтым асфальтавым катком увогуле нешта яшчэ варушыцца.
Канешне, апазыцыя багата наступала і наступае на граблі. Але зараз сытуацыя такая, што ўзяць уладу ёй немагчыма ну хоць трэсьні. І, дарэчы, калі зьмена ўлады адбудзецца, то наўрад ці галоўныя партфэлі апынуцца ў цяперашніх лідэраў АДС.
Аналітыкам таксама можна, вядома, закінуць шаблённасьць, крытыканства, брак сьвежых думак. Варта лепей варушыць глуздамі. Але ж наіўна спадзявацца, што вось заўтра Карбалевіч ці Роўда напіша нейкі пераможны сцэнар, паводле якога Лябедзька ды Калякін як двойчы два разьбяруцца з рэжымам. (Галоўнае толькі — не адхіляцца ад інструкцыі ды пэўны час трымацца сухога закону, каб сілавікі не паўтарылі спэцапэрацыю пад кодавай назвай "Эль Памідора":)
Каляровыя рэвалюцыі адбываліся ня там, дзе апазыцыя прыдумляла нешта "звыш-звыш", а там, дзе высьпявалі умовы (чытайце Ільіча:). Сёньня ў М'янме на чале рэвалюцыйнай хвалі ўвогуле манахі, якія ня ладзілі кангрэсаў і не распрацоўвалі стратэгіяў. Слухайце, можа загваздка ў тым, што ў нашай апазыцыі манахаў замала? Калі ж сур'ёзна, дык яшчэ пытаньне, што мацней спрацавала у М'янме — іхні маральны аўтарытэт (ён жа быў і месяц, і пяць гадоў таму) ці пяціразовае падвышэньне цэнаў на газ.
Зрэшты, беларускі варыянт можа аказацца (і найхутчэй што акажацца) зусім не рэвалюцыйным. Але гэта ўжо асобная тэма.
Каментары