Свет99

Як Грузія з самай карумпаванай краіны стала самай празрыстай

Прынцып: чыноўнікаў павінна быць мала, але зарабляць яны павінны шмат.

Саакашвілі ўдалося тое, што раней не змог нават Сталін: у Грузіі больш не бяруць хабар.

«Трэба было ўпэўніць людзей, што ты насамрэч змагаешся з карупцыяй, бо кожны ўрад пачынае з абяцанняў перамагчы гэтае зло, але справа так і не кранаецца з месца», — апісвае сітуацыю Шота Уціяшвілі, кіраўнік дэпартамента міжнародных і грамадскіх сувязяў цяпер ужо апазіцыйнай партыі «Нацыянальны рух».

Transparency International, няўрадавая міжнародная арганізацыя па барацьбе з карупцыяй і даследаванні ўзроўню карупцыі па ўсім свеце, ужо не першы год адзначае Грузію як краіну, у якой карупцыя змяншаецца найбольшымі тэмпамі.

У 2003 новая ўлада прыйшла фактычна пад лозунгам барацьбы з карупцыяй, бо пры Шэварнадзэ ўся краіна пакутавала ад гэтай з’явы. Бюджэт краіны тады складаў усяго $300­-400 мільёнаў. Цяпер ён павялічыўся прыкладна да $5 мільярдаў.

Эканоміка не магла вырасці ў столькі разоў. Проста грошы, якія сыходзілі налева, паступова перайшлі ў казну дзяржавы.

Як тэхнічна гэта рабілася? «Мы адразу скасавалі ДАІ, бо гэтая структура ад пачатку пабудаваная на карупцыі, — тлумачыць Уціяшвілі. — З так званай «элітарнай карупцыяй» людзі рэдка сустракаюцца, а з гэтай што­дзень. Многія казалі, што сітуацыю ўвогуле нельга выправіць. У выпадку з ДАІ ў нас атрымалася. А калі можна змяніць ДАІ — можна змяніць і ўсё астатняе».

Раней у грузінскай ДАІ працавала каля 15 тысяч чалавек, якія самі «зараблялі» сабе на жыццё. Іх усіх звольнілі ў адзін дзень і нанялі каля 2 тысяч новых патрульных.

Змяніліся і самі ўмовы набору: замест абавязковых чатырох гадоў у акадэміі існуюць спецыяльныя курсы, дзе за паўгода можна атрымаць прафесію патрульнага. Апроч таго, цяпер улады не павінны абавязкова браць на працу ўсіх выпускнікоў акадэміі, можна абіраць найлепшых.

Чаму менавіта дзве тысячы чалавек? Ва ўрадзе падлічылі, што менавіта столькі чалавек у гэтай галіне краіна можа забяспечыць.

«Логіка простая, — расказвае Шота Уціяшвілі. — Калі ты прымаеш чалавека на дзяржаўную службу, ты павінен яго забяспечыць, каб у яго не было апраўданняў «Мы там мала зарабляем, што не можам утрымліваць сваю сям’ю».

Хоць ніякай прамой залежнасці паміж заробкам і карупцыяй няма. Калі ты дасі чалавеку шмат грошай, гэта не значыць, што ён аўтаматычна перастане красці». З таго моманту, па меркаванні Шоты Уціяшвілі, паліцыянты сталі гля­дзець на саміх сябе як на добрасумленных людзей.

Нягледзячы на некаторыя гучныя скандалы, статус патрульнай паліцыі захаваўся. Больш за 80% людзей кажуць, што давяраюць «новай ДАІ».

Куды сышлі тыя пятнаццаць тысяч карумпаваных міліцыянтаў, якіх выгналі з утульных месцаў?

«Нацыянальны рух», ініцыятар рэформаў, запэўнівае, што пасля звальнення такой колькасці лю­дзей першым наступствам, як ні дзіўна, стаў эканамічны рост. Так, з 2004 да 2012 эканоміка Грузіі штогод расла амаль на 7%, і гэта нягледзячы на вайну і крызіс.

«Калі эканоміка расце такімі тэмпамі, то маладому мужчыну нейкую працу можна знайсці, — разважае спадар Уціяшвілі. — Шмат хто з іх сышоў у прыватную ахову. Некаторыя, вядома ж, засталіся без працы, але ў нас не было выбару.

Чакаць, што будзе столькі грошай, каб забяспечыць пенсіямі і дапамогамі ўсіх, каго звальняеш, можна бясконца».

У сферы аховы было прыбрана шмат дублюючых функцый. Напрыклад, паліцыя не мае права правяраць прадпрыемствы.

Эканамічныя і падатковыя справы паліцыі не датычацца, гэтым займаецца следчы дэпартамент у Міністэрстве фінансаў.

Рэформы распаўсюдзіліся і на іншыя спецслужбы, але яны не былі там такімі радыкальнымі, як у ДАІ і паліцыі, бо досвед і адукацыя супрацоўнікаў адыгрывалі важную ролю.

«Змянілі работнікаў і на мытні, і ў фінансавай паліцыі, — падсумоўвае Уціяшвілі. —

Вельмі вялікае значэнне мае тое, што ўся праца стала электроннай. Пры асабістым кантакце не робіцца амаль нічога, усё фіксуецца ў камп’ютары.

Тое самае адбываецца і пры выдачы дакументаў у Дамах юстыцыі, дзе ўрад выдае ліцэнзіі і пасведчанні. Усё максімальна падрабязна задакументавана, і гэта вельмі дапамагае».

Грузіны кажуць, што цяпер не з’яўляюцца прыхільнікамі хабару. Кіроўца Эміль з прадстаўнікамі новай паліцыі сустракаецца даволі часта.

«За хабар у Грузіі існуе вельмі жорсткае пакаранне: ад 7 да 9 год за кратамі, — адразу папярэджвае ён. — Трэба быць вар’ятам, каб за некалькі сотняў даляраў сесці на такі тэрмін.

Людзі баяцца даць хабар, бо ведаюць, што самі могуць быць пакараныя, бо арыштоўваюць і тых, хто даваў, і тых, хто браў. І нават тых, хто ведаў пра хабар, але не данёс. Патрульныя працуюць у пары, і напарнік заўсёды ў курсе, як ідуць справы ў яго сябра».

Акрамя таго, практыкуецца «лоўля на жыўца», калі спецыяльныя людзі пад выглядам простых грамадзянаў прапануюць хабары патрульным. Тым, наконт сумленнасці працы якіх узніклі сумневы.

Рэформы 2003 і наступных гадоў былі своеасаблівай тэрапіяй для грамадства, магчыма, часам жорсткай. Але, па­-першае, пасля іх бюджэт настолькі павялічыўся, што выгада відавочная. Па-­другое, Саакашвілі і яго каманда сапраўды прымусілі людзей адмовіцца ад стэрэатыпаў на карысць грамадства.

Каментары9

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Чакаецца новы раўнд перамоваў між Беларуссю і ЗША — літоўскі СМІ9

Чакаецца новы раўнд перамоваў між Беларуссю і ЗША — літоўскі СМІ

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі і Трамп збіраюцца абмеркаваць пастаўкі амерыканскай зброі ва Украіну

Расійскі летні наступ: як змянілася сітуацыя ва Украіне за месяц у чэрвені1

Невядомыя называюцца журналістамі жоўтай прэсы і пішуць беларусам з прапановай уступіць у каманду Сяргея Ціханоўскага16

Стала вядома пра вызваленне прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева6

На фронце загінуў намеснік галоўнакамандуючага ВМФ Расіі 6

Заўтра стане халадней, а з нядзелі зноў горача11

У Палтаве паказалі наступствы ўдару па горадзе

Дзмітрыя Лукашэнкі не было з бацькам і братамі на адзначэнні 3 Ліпеня34

Форвард зборнай Партугаліі і «Ліверпуля» Дыёгу Жота загінуў у аўтакатастрофе праз некалькі дзён пасля свайго вяселля1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чакаецца новы раўнд перамоваў між Беларуссю і ЗША — літоўскі СМІ9

Чакаецца новы раўнд перамоваў між Беларуссю і ЗША — літоўскі СМІ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць