Грамадства1313

«Спыталі, чый Крым». Беларус падаўся адразу на два ДНЖ у Польшчы і Літве, а ў выніку мусіў пакінуць ЕС

Аляксандр прыехаў у Польшчу з Беларусі ў 2020 годзе па працоўнай візе, а праз некаторы час атрымаў дазвол на жыхарства па працы. Пражыўшы ў Польшчы некалькі гадоў і аб’ездзіўшы нямала краін Еўрасаюза, беларус вырашыў пераехаць у Літву. Калі тэрмін дзеяння ДНЖ набліжаўся да канца, ён падаў дакументы спачатку на новы ДНЖ у Польшчы, а потым — на першы дакумент у Літве, піша Most.

У Літве Аляксандр працаваў на будоўлі. Польскі ДНЖ гэта дазваляе. А калі да заканчэння карты побыту (дазвол на жыхарства ў Польшчы. — Прым.) заставалася менш за два месяцы, Аляксандр паехаў у Польшчу, каб атрымаць новы ДНЖ. Для гэтага давялося шукаць новае месца працы, але дапамог сябар — уладкаваў да сябе на фірму. Ад гэтай фірмы Аляксандр і падаў дакументы.

«Спыталі: чый Крым»

Але тут узнік юрыдычны нюанс. Падача дакументаў на ДНЖ дае права знаходзіцца ў Польшчы, але не дае права на ўезд у краіну. Пакуль дзейнічаў папярэдні ДНЖ беларуса, ён мог вольна пакідаць Польшчу і вяртацца назад. Але як толькі тэрмін старой карты скончыцца, заехаць у Польшчу мужчына ўжо не даў бы рады — як і легальна жыць у Літве.

Таму ў той жа дзень, калі Аляксандр падаў дакументы на ДНЖ у Польшчы, ён выехаў у Літву і там пачаў рыхтаваць дакументы на яшчэ адзін ДНЖ — ужо літоўскі, на падставе працы.

Калі да заканчэння польскага ДНЖ заставаўся адзін дзень, мужчына адправіўся ў літоўскі Міграцыйны дэпартамент. Там спачатку адмовіліся прымаць дакументы — не хапала даведкі аб несудзімасці з Беларусі.

«Яна вельмі доўга ішла з беларускага пасольства. [Я патлумачыў сітуацыю]. Потым спыталі: «Чый Крым?» Я даў правільны адказ (маецца на ўвазе, што Крым — гэта Украіна. — Прым.). Апісаў сваё стаўленне да беларускіх уладаў і да сітуацыі ва Украіне. Потым прыйшоў начальнік аддзела міграцыі і кажа: «Ладна, [даведку] дашлеш поштай», — узгадвае Аляксандр.

«Сцэна з Прастаквашына»

Чакаць рашэння Аляксандр застаўся ў Літве. Праз месяц ён атрымаў паведамленне пра гатоўнасць карты. Але замест яго за картай адправіўся працадаўца — гэта, паводле слоў беларуса, распаўсюджаная практыка ў Літве.

Працадаўца сапраўды можа атрымаць ДНЖ супрацоўніка, калі мае даверанасць. Але ў міграцыйнай службе дырэктару кампаніі, дзе працаваў Аляксандр, адмовілі. Больш за тое, сказалі, што беларус знаходзіцца ў Еўрасаюзе нелегальна. Кіраўнік паведаміў, што Аляксандр таксама падаў дакументы на ДНЖ у Польшчы, але гэта не паўплывала на пазіцыю ведамства.

«У міграцыйнай [службе] адказалі: «Не. Пакуль ён не пакіне Еўрасаюз, мы не аддадзім дакумент. А пацвярджэннем будзе фота пашпарта з пячаткай якой-небудзь краіны па-за межамі ЕС», — распавядае Аляксандр. — Гэта сцэна з «Прастаквашына»: «У мяне ваша пасылка, але я вам яе не аддам».

Чаму Літва запатрабавала пакінуць ЕС

Каб атрымаць дазвол на часовае пражыванне ў Літве, заяўнік павінен знаходзіцца на тэрыторыі краіны на законных падставах на момант падачы заявы. Гэта прапісана ў артыкуле 40 Закона Літоўскай Рэспублікі «Аб прававым становішчы замежнікаў».

Аляксандр знаходзіўся ў Літве на падставе польскага працоўнага ДНЖ. Але гэты дакумент не дае права на пражыванне ў Літве, а толькі дазваляе кароткатэрміновае знаходжанне ў Шэнгенскай зоне — да 90 дзён у кожныя 180.

Калі б на момант падачы заявы на ДНЖ у Аляксандра была літоўская віза ці ДНЖ Літвы, то нават пасля заканчэння іх дзеяння яго знаходжанне лічылася б законным на ўвесь час разгляду заявы. Але з польскім ДНЖ усё інакш.

Сам па сабе факт падачы на ДНЖ не дае права заставацца ў краіне, калі няма іншага дазволу — візы, бязвізу або папярэдняга ДНЖ Літвы.

Такім чынам, застаючыся ў Літве, мужчына парушыў правілы легальнага знаходжання.

Калі б, падаўшы дакументы на ДНЖ у Літве, Аляксандр у той жа дзень выехаў у Польшчу, ён мог бы знаходзіцца там на законных падставах цягам усяго тэрміну разгляду сваёй польскай заявы. Але ён гэтага не зрабіў і прапусціў тэрмін, калі мог вярнуцца легальна. Таму ў літоўскай міграцыйнай службе і запатрабавалі, каб ён пакінуў ЕС.

Пазбег дэпартацыі

Вяртацца ў Беларусь Аляксандр не мог — з-за страху пераследу. Таму ён абраў Грузію, дзе былі знаёмыя.

Вылет у Кутаісі беларус планаваў з Польшчы — набыў квіток на самалёт і паехаў у Варшаву. Ён думаў, што пакуль чакае рашэння па польскім ДНЖ, можа знаходзіцца ў краіне. Галоўнае — трапіць у Польшчу (што, фармальна, было парушэннем). Ён лічыў, што гэта нескладана, бо мяжа паміж Літвой і Польшчай адкрытая.

Але ён не ўлічыў, што, хоць абедзве краіны і ўваходзяць у Шэнгенскую зону, памежнікі могуць праводзіць выбарачныя праверкі. Так і здарылася: на пункце Руцке-Тартак Аляксандра знялі з аўтобуса і затрымалі, бо ён не меў права на паўторны ўезд у Польшчу.

— Я прасядзеў у іх у камеры 10 гадзін. Мяне дапыталі.

Аляксандр растлумачыў памежнікам, што ягоны ДНЖ у Літве ўжо гатовы, але ён не можа яго забраць. Ён баяўся дэпартацыі ў Беларусь, але памежнікі выдалі мякчэйшае прадпісанне — пакінуць Польшчу цягам 30 дзён. Без забароны на ўезд у Шэнген.

— Потым яны адвезлі мяне да бліжэйшага вакзала і развіталіся.

«Як ты сюды трапіў, калі ў цябе няма дакументаў?»

На свой рэйс Аляксандр не паспеў. У Грузію ён вылецеў праз два дні — з Кракава, транзітам праз Швецыю. І там таксама ўзнікла шмат пытанняў. 

«У аэрапорце Швецыі памежнікі: «Як ты да нас трапіў, калі ў цябе няма дакументаў (якія даюць права знаходжання ў Шэнгене)?» — узгадвае Аляксандр. — Яны доўга разбіраліся, але паколькі я не выходзіў з транзітнай зоны, усё абышлося».

У выніку Аляксандр дабраўся да Грузіі без праблем. Туды ён паляцеў па беларускім пашпарце, а паміж Беларуссю і Грузіяй дзейнічае бязвізавы рэжым.

«Сказалі, што я парушыў закон»

У Грузіі ён, як і планаваў, сфатаграфаваў пашпарт са штампамі выезду з ЕС і ўезду ў краіну, і даслаў фота працадаўцу. Той пайшоў у міграцыйную службу атрымліваць ДНЖ, але зноў узніклі праблемы.

«Аказваецца, палякі накіравалі запыт у Літву — ці падаваў я дакументы на ДНЖ. А літоўцы адказалі, што падаваў, але мне яго анулявалі», — распавядае мужчына.

Відаць, гэтае рашэнне прынялі з-за парушэння міграцыйнага рэжыму. Тады Аляксандр накіраваў запыт у польскую памежную службу з просьбай пацвердзіць, што яго не дэпартавалі і не забаранілі ўезд у ЕС. Працадаўца занёс гэты дакумент у міграцыйную службу, і тады ДНЖ выдалі.

У Грузіі Аляксандр правёў тры тыдні. Літоўскі ДНЖ яму перадалі праз знаёмых, што ляцелі ў Грузію. І па ім ён без праблем вярнуўся ў Літву.

Страта пашпарта і новая падстава для знаходжання

Але прыгоды з дакументамі не скончыліся.

ДНЖ па працы выдаецца на тры гады. Але беларускі пашпарт Аляксандра дзейнічаў толькі яшчэ год і чатыры месяцы — менавіта на такі тэрмін і выдалі ДНЖ.

Па словах Аляксандра, змяніць працадаўцу ў Літве з працоўным ДНЖ складана, а вяртацца ў Беларусь небяспечна. Таму ён вырашыў змяніць падставу для пражывання на гуманітарную. Але калі пачаў рыхтаваць дакументы, аказалася, што згубіў беларускі пашпарт. Сітуацыя здавалася безвыходнай, але ён знайшоў рашэнне.

«Напісаў заяву ў паліцыю, а потым сабраў дакументы, што пацвярджаюць пагрозу ў Беларусі, і падаўся без пашпарта на гуманітарны ДНЖ, — распавядае мужчына. — І праз два тыдні на падставе гуманітарнага ДНЖ мне выдалі літоўскі пашпарт замежніка (Užsieniečio pasas)».

Каментары13

  • Мінак
    04.07.2025
    краіны па-за межамі ЕС, а хто яго ва Ўкраіну пусьціць? Беларусам патрэбныя сур'ёзныя падставы, каб туды трапіць.
  • Мінак
    04.07.2025
    камбінатар, карацей.
  • імечка
    04.07.2025
    Такі загаловак, што нібыта з-за пытання аб Крыме чалавек мусіў быў пакінуць ЕЗ

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас пажару ў Століне пацярпелі 7 дзяцей

Стала вядома, хто стане хэдлайнерам канцэрта каля мінскага Палаца спорту 1 студзеня11

«Бабуліна крынка» зрабіла чырвона-зялёны тварожны сырок вагой амаль 10 пудоў ФОТАФАКТ12

У Беларусі прадаюць незвычайную даляравую банкноту па цане ў 40 раз большай за курс

Amazon выпускае дакументальны фільм пра Меланію Трамп. Выканаўчы прадзюсар — сама Меланія

Экс-фігурыст зборнай Беларусі пажыццёва дыскваліфікаваны праз справу аб сэксуальным гвалце8

У Мінску сталі падключаць сувязь 5G1

Золата, акцыі, нерухомасць. Куды лепей інвеставаць у 2026 годзе15

Турыстам давядзецца плаціць па два еўра, каб падысці да знакамітага рымскага фантана Трэві3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў7

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць