Украінскі браканьер з паляўнічай стрэльбы абстраляў беларускі пагранічны нарад. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка.
Паводле яго слоў, інцыдэнт здарыўся 13 снежня прыблізна ў 14.00 у Столінскім раёне на ўчастку Пінскага пагранічнага атрада. Падчас абходу мяжы нарад знайшоў сляды парушальніка, якія вялі на беларускую тэрыторыю, а крыху пазней — і двух парушальнікаў.
Пры спробе затрымання адзін з мужчын адкрыў агонь па памежніках з паляўнічай стрэльбы, пасля чаго апошнія былі вымушаны прымяніць зброю.
У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Той, хто страляў, затрыманы, яго спадарожніка шукаюць. Затрыманы, паводле яго слоў, з'яўляецца грамадзянінам Украіны і пранік у Беларусь для палявання на дзіка. У дачыненні да яго будзе распачата крымінальная справа.
Каментары