Меркаванні22

У пошуках крыжа: памяці Валянціна Тараса

13 лютага споўніцца 5 гадоў з дня смерці пісьменніка, партызана.

9 лютага 2009 Валянцін Тарас адзначаў 79-ы дзень народзінаў. Напярэдадні ён папрасіў з’ездзіць з ім на Паўночныя могілкі, наведаць магілы сяброў: Аляксандра Дракахруста і ягонай жонкі, журналісткі Дзіны Манаевай.

Зіма непазнавальна сказіла могілкавы пейзаж. І хаця з лістапада, калі хавалі Аляксандра Дракахруста, прайшло ўсяго тры месяцы, давялося шукаць. Шукалі цяжка, па калена ў сумётах. Тарас задыхаўся. Я не на жарт спалохаўся за яго, нават пашкадаваў, што не стрымаў ад паездкі. Тым больш, што асаблівай нагоды, каб сярод зімы наведваць магілы сяброў, не было.

Толькі ўвечары 9-га, калі нешматлікія госці, у асноўным, блізкія сваякі, сабраліся на ўтульнай кухні за цеснаватым святочным сталом, я зразумеў, чаму Тарас паехаў на могілкі: адзначаць дзень свайго нараджэння без тых, з кім адзначаў яго цягам дзясяткаў гадоў, ён не мог. Але вось наведаў і нібыта адрадзіўся: увесь вечар сыпаў жартамі, чытаў свае даўнія вершы, быў шчодры на ўспаміны і тосты…

13 лютага Тарас памёр.

Не памятаю, у каторы з тых трох, паміж жыццём і смерцю, лютаўскіх дзён ён нечакана згадаў пра танкі: «А вы ведаеце, Сярожа, што ўсё XX стагоддзе прайшло пад знакам танкаў? Вось, — ён выцягнуў са старой друкаркі апошнюю паперчыну, дадаў да астатніх, — пачытайце, тут пра танкі…»

Вайна не адпускала яго.

З дзвюх плыняў, з дзвюх крыніц нарадзілася літаратурная і маральная з’ява, што носіць імя Валянціна Тараса, — вайна і сяброўства.

Сяброўства, народжанае вайной.

Вайной з найвялікшым злом — нямецкім нацызмам.

Вайной з найвялікшым злом — савецкім сталінізмам.

Дзве вайны, два ворагі… Але зброя адна — Сумленне.

Каб зразумець гэта, перагартайце старонкі ягоных мемуараў «На выспе ўспамінаў» — насамрэч шчымлівай і пранізліва-самаахвярнай споведзі. Разам з быкаўскай «Доўгай дарогай дадому» яна стварае і захоўвае непаўторны свет прамінулага часу.

Так, менавіта разам, а не побач.

Разам, а не побач — з Алесем Адамовічам, Мікалаем Крукоўскім, Навумам Кіслікам, Алегам Сурскім, Барысам Заборавым, Міхасём Стральцовым… — выдзіраліся яны з кіпцюроў сталінізму, абуджалі, адраджалі і напаўнялі айчынным беларускім дыханнем ідэю гуманізму — стрыжнявую, з крыві і гразі войнаў і рэвалюцый, з супраціву злачынным праявам таталітарызму, ідэю ХХ стагоддзя. І справа тут не ў маштабах талентаў, не ў розніцы ва ўзростах, жыццёвым досведзе і творчых занятках.

Справа ў тым, што на «доўгай дарозе дадому» творцы, з’яднаныя пакутлівым пошукам адказаў на пякучыя пытанні Часу, становяцца Пакаленнем.

Сёння ў Беларусі шмат таленавітых, высокаадукаваных, высокаінтэлектуальных творцаў — літаратараў, філосафаў, палітолагаў…

Але Пакалення няма. Ёсць тусоўкі.

Я вось думаю: чаму тыя ж Быкаў, Адамовіч, Кіслік прынялі ў сваё сяброўскае кола нашмат маладзейшага Тараса? Толькі з-за ягонага партызанскага медаля?

Так, безумоўна, і з-за медаля, з-за апаленага вайной малалецтва. Але не толькі.

З-за таленту?

Так, безумоўна, і з-за таленту. Але не толькі.

Яны адчулі ў ім творцу, які не жыве з гатовага, не карыстаецца палёгкай здабытага, а літаратурную справу перадусім лічыць справай маральнай. І ў гэтым сэнсе цягне на Галгофу Часу свой крыж.

Крыж, які злучае пакаленні.

Сёння замест цяжкай дарогі на Галгофу — прага Алімпа, замест крыжа — кол.

Дзіўнаватая і страшнаватая з’ява нарадзілася ў гэтыя пяць гадоў, што мінулі з таго дня, калі Тарас сышоў з жыцця: забіты ў савецкае мінулае кол не вызваліў ад яго, а, насуперак дэклараваным чаканням, увагнаў у пагрозу паўтору. Мо нават яшчэ горшага…

Магчыма, гэта маё суб’ектыўнае адчуванне, але раней, калі Валянцін Тарас яшчэ быў жывы і ці не апошні ўвасабляў згаданае Пакаленне, здавалася, што ягоны, таго пакалення, крыж злучыць ХХ і ХХІ стагоддзі.

Сёння паміж стагоддзямі — прорва.

Бо мінулага не выракаюцца, тым больш — яго не забіваюць. Мінулае пераадольваюць. Найперш у саміх сабе…

Так рабіў Валянцін Тарас — Пісьменнік, Паэт, Публіцыст, Грамадзянін.

Чалавек, што быў раскрыжаваны на вайне і сяброўстве.

Вось толькі мала хто з народжаных на мяжы стагоддзяў ведае, дзе, на якіх скажоных сённяшнімі завеямі могілках, шукаць гэты крыж.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Нас можа чакаць самае моцнае пахаладанне сезона, тэмпература можа апусціцца ніжэй за 30°С3

Нас можа чакаць самае моцнае пахаладанне сезона, тэмпература можа апусціцца ніжэй за 30°С

Усе навіны →
Усе навіны

У чацвер на мяжы з Польшчай для фур адкрыюць новую зону чакання памерам з 30 футбольных палёў

Фядута расказаў, як аднойчы ў калоніі яго вялі на «расстрэл». А аказалася, на сустрэчу з Марзалюком9

Даклад CSIS: Расія страціла на вайне забітымі і параненымі 1,2 млн чалавек, Украіна — да 600 тысяч5

НАТА рыхтуецца да вайны ў Арктыцы2

Сакрэт, як жыць добра і пасля 90 гадоў — чалавечыя сувязі2

«Байсол» абвінаваціў Стрыжака ў адмове перадаць кантроль над юрыдычнымі асобамі ў Польшчы і ЗША24

Пры ўдары па пасажырскім цягніку на Харкаўшчыне загінулі як мінімум пяць чалавек1

У Мінскім палацы дзяцей і моладзі адкрылі імітацыю турмы13

У Светлагорскім раёне мужчына запраўляў запальнічку з газавага балончыка. Скончылася гэта кепска

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Нас можа чакаць самае моцнае пахаладанне сезона, тэмпература можа апусціцца ніжэй за 30°С3

Нас можа чакаць самае моцнае пахаладанне сезона, тэмпература можа апусціцца ніжэй за 30°С

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць