фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Гатэль «Кемпінскі» не пабудуюць да Чэмпіянату свету па хакеі, але горад да гэтага ставіцца «нармальна». Гасцініца гэтая неабходная сталіцы ў любым выпадку, упэўнены мэр Мінска Мікалай Ладуцька: «Знаходзіцеся вы ў Кейптаўне, а ў даведніку, які ляжыць у вас у нумары, будзе гатэль «Кемпінскі» ў горадзе Мінску». Акрамя таго, у сталіцу Беларусі можа прыйсці і гатэль «Рэдысан».

Мікалай Ладуцька сказаў, што ў выпадку з «Кемпінскі» да затрымкі будаўніцтва ён ставіцца «нармальна».

«Не трэба быць будаўнічым інжынерам, але трэба ўяўляць усе механізмы і падводныя плыні. А падводныя плыні ў тым, што гэта стала на беразе Свіслачы. І пад будынкамі, якія там знаходзяцца, існуюць 3 паверхі — паркінгі», — тлумачыць Мікалай Ладуцька.

«Была запрошаная спецыяльная кампанія з Запарожжа, якая мае вялікі досвед у будаўніцтве гідратэхнічных збудаванняў. Яны метадам апускання бетону спачатку зрабілі чарнавую абойму, і калі пачалі рабіць гэтую працу, паўстала столькі складанасцяў па свідраванні, столькі праблем!

Як гасцініцу «Еўропа» калі будавалі, таксама думалі: пабудуем за 2 месяцы, але там падмурак рабілі год, ламаліся машыны, буры ламаліся! Тое самае атрымалася тут. Мы думалі, пабудуем падмурак за паўгода, паркінг запусцім, а атрымалася, што на яго сышоў год.

Потым у гэтым чарнавым катлаване, бетоннай абойме, калі ад вады адгарадзіліся, зрабілі чыстую сценку. Потым гідраізаляцыю зрабілі, потым паставілі чыстую сцяну ўжо паркінга, потым забетанавалі перакрыцці і пайшлі».

Мікалай Ладуцька расказвае: выдаткі будаўнічага працэсу адбыліся праз «найскладанейшыя гідратэхнічныя ўмовы, якія немагчыма было прадугледзець на стадыі прыняцця рашэнняў па тэрмінах рэалізацыі праекта».

Старшыня Мінгарвыканкама паведаміў, што ў замежнага падрадчыка, які спачатку займаўся аб'ектам, «не пайшла праца».

Цяпер падрадчыкам выступае ААТ «Мінскпрамбуд», які будаваў «Мінск-Арэну» і «Чыжоўка-Арэну». Ён разлічвае, што гасцінічны комплекс будзе ўведзены да канца гэтага года.

«Для нас гэты праект з пункту гледжання нарошчвання паслуг неацэнны.

Гатэлі «Кемпінскі» знаходзяцца ў 140 краінах свету.

Знаходзіцеся вы ў Кейптаўне, а ў даведніку, які ляжыць у вас у нумары, будзе гатэль «Кемпінскі» ў горадзе Мінску. Для нас гэта прынцыпова важна, і мы адкрываем сёння сябе…»

Мэр Мінска кажа, што пра тэхнічныя складанасці ўзвядзення «Кемпінскі» «ніхто ніколі не расказваў».

«Я там планёрак 5-6 праводзіў, у той складаны перыяд, каб паскорыць працэс, таму што затрымка была вельмі сур'ёзная. Сёння вядзецца абліцоўванне, светлы натуральны камень ужываецца на фасадзе, і хачу сказаць, што аблічча мяняецца. Не трэба спяшацца з высновамі, як некаторыя нашы архітэктары сёння робяць».

Таксама кіраўнік Мінгарвыканкама расказаў, што вёў перамовы з прадстаўнікамі яшчэ аднаго буйнога гасцінічнага аператара — гатэля «Рэдысан».

«Не ў кожную краіну аператары гасцінічныя ідуць, яны ж пралічваюць, таму што іх імя каштуе грошай.

І тое, што ў нас сёння гасцініца будуецца пад гэтым імем, кажа пра давер, пра перспектыву і пра тое, што ў нас ёсць турысты і што ў нас ёсць што дэманстраваць».

Мікалай Ладуцька дадаў, што акрамя «Кемпінскі» ў Мінску будуць пабудаваныя гасцініцы «Хаят» і «Рэдысан».

Што да «Кемпінскі», то Мікалай Ладуцька дадаў, што рашэнне пра будаўніцтва гэтага гатэля, мабыць, было не самым папулярным, але Аляксандр Лукашэнка прыняў яго, «кіруючыся найвышэйшымі меркаваннямі, кіруючыся інтарэсамі сталіцы на дзесяцігоддзе наперад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?