У 1949 ва ўсходняй частцы Менскага замчышча, паміж сённяшнім выхадам з метро «Няміга» і Свіслаччу, быў адшуканы каменны падмурак старажытнай царквы. Гэты храм пачалі будаваць у найстаражытнейшы перыяд існавання Менскага замчышча. Найверагодней — у ХІІ ст.
Гэты храм не меў аналагаў сярод культавых пабудоў Старажытнай Русі. Ён быў узведзены з бутавага каменю, дэфіцытнага для нашага геалагічнага рэгіёна (асноўным матэрыялам для будаўніцтва храмаў на Русі тады была плінфа, тонкая абпаленая цэгла). Усярэдзіне сцены храма былі аздобленыя вапняковымі пліткамі (вапняк — яшчэ больш дэфіцытны матэрыял у нашым рэгіёне, для дойлідства Старажытнай Русі не характэрна было абкладаць ім сцены храмаў). Нетыповымі былі і чатыры калоны, якія падтрымлівалі столь храма, і сама квадратная ў плане яго будова.
Гісторык Эдуард Загарульскі, які даследаваў падмурак храма, ставіў пытанне: чаму Менск, палітычна звязаны з Полацкім княствам, не выкарыстоўваў досведу полацкага манументальнага дойлідства пры пабудове сваёй замкавай царквы?
Царква мае больш агульнага не з Полацкай Сафіяй, а, як адзначала брытанская аўтарка рэцэнзіі на кнігу Загарульскага Вера Рыч, з кафедральным саборам на Берсэі, адным з Аркнейскіх астравоў. Мінскі храм упісваецца ў раманскую архітэктурную канцэпцыю, і яго будаўнікі маглі паходзіць з заходнеславянскіх зямель, найперш з Польшчы.
Варта пагадзіцца з даследчыкамі, якія кажуць, што гісторыя старажытнарускага дойлідства не можа быць адарваная ад гісторыі палітычных адносін княстваў Русі з суседнімі краінамі.
Палітычныя праекты
У першай палове ХІІ ст. вакол Полацкай зямлі і яе ўжо напаўнезалежных удзелаў склалася ўнікальная сітуацыя палітычных праектаў і матрыманіяльных саюзаў. Валадар, сын менскага князя Глеба і ўнук Усяслава Полацкага, каля 1135/1136 г. ажаніўся з Рыксай, дачкой польскага князя Баляслава ІІІ Крывавуснага. Гэты шлюб мацаваў палітычны саюз Баляслава з князямі Полацкай зямлі супраць дацкага караля Эрыка ІІ і яго хаўруснікаў — князёў кіеўскіх і наўгародскіх, нашчадкаў Уладзіміра Манамаха. Яны таксама змацавалі хаўрус дынастычным шлюбам: Эрык ІІ быў жанаты з МальмфрыдайМсціславаўнай, дачкой кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. (На Захадзе яго называлі другім імем — Гаральд, у гонар дзеда, караля Англіі.) Вялікай карысці ад гэтага саюзу ні Полаччына ў сваіх супярэчнасцях з Кіевам, ні Польшча ў супярэчнасцях з Даніяй не атрымалі. Смерці Эрыка ІІ і Баляслава ІІІ прывялі да распаду кааліцыі, а потым і самога шлюбу. У канцы 1140х Рыкса развялася з Валадаром і выйшла замуж за шведскага караля. Зрэшты, і Валадар Глебавіч не быў першым: да яго Рыкса была замужам за Магнусам Моцным, сынам дацкага караля Нільса. Кароткі палітычны і сямейны саюз Рыксы і Валадара даў плён — каля 1140 г. у іх нарадзілася дачка Соф’я.
У 1151 Валадар Глебавіч стаў менскім князем — яго брат Расціслаў Глебавіч з менскага пасаду перамясціўся на полацкі, вызваліўшы тым самым для Валадара ўдзел. І ўжо як менскі князь, Валадар Глебавіч выдаў замуж за дацкага караля Вальдэмара І сваю дачку Соф’ю. Шлюб адбыўся 23 кастрычніка 1157. Няма нічога дзіўнага ў тым, што рускія летапісы Соф’ю не згадваюць: яны вельмі няпоўныя. Затое княжну і каралеву Соф’ю добра ведаюць дацкія крыніцы, пра яе піша Саксон Граматык, указваючы, што бацька Sophiam быў русінам («patre Ruteno»). Сучаснікі, знакаміты храніст і каралева Соф’я, безумоўна, былі знаёмыя, Саксон Граматык служыў пры двары дацкага караля, як і яго бацька, і дзед.
Пры такіх актыўных дынастычных сувязях з Захадам не выглядае дзіўным і будаўніцтва, якраз за часамі Валадара Глебавіча, раманскага храма ў Менску.
Каралева Соф’я
Соф’я Валадараўна мела статус каралевы-кансорта — гэта значыць, як жонка манарха, яна не мела паўнамоцтваў на кіраванне дзяржавай.
З Вальдэмарам І яны мелі васьмярых дзяцей — двух сыноў і шэсць дачок. Абодва сыны сталі дацкімі каралямі: Кнудам VI і Вальдэмарам II. Дачка Інгеборга выйшла замуж за французскага караля, а дачка Рыкса — за шведскага. Сама Соф’я пасля смерці караля Вальдэмара ў 1182 узяла новы шлюб з ландграфам Цюрынгіі Людвікам ІІІ Пабожным. Ён быў актыўным удзельнікам крыжацкага руху, асабіста выправіўся ў Трэці крыжовы паход, удзельнічаў у аблозе Акры. На зваротным шляху Людвік захварэў і памёр на Кіпры. Але, як выглядае, з Соф’яй ён развёўся яшчэ раней. Гэты шлюб быў бяздзетным.
Соф’я вярнулася ў Данію, дзе дажыла ўдавою пры сынах. У статусе каралевымаці Соф’я заўважна ўплывала на дацкі двор. Пасля смерці, 5 мая 1198, яе пахавалі побач з Вальдэмарам І у каралеўскай усыпальніцы ў саборы Св. Бенедыкта Нурсійскага ў Рынгстэдзе (Зеландыя).
Крыніцы сведчаць, што каралева Соф’я і пасля шлюбу не губляла сувязі з бацькам. Манах Уільям Кентэрберыйскі ў канцы ХІІ ст. пісаў пра тое, як нехта Клімент, вяртаючыся «з Русіі», вёз дары Сафіі, каралеве данаў, якія былі пасланыя яе бацькам, каралём. Але Клімен быў схоплены ў Вінляндыі — так называлася заселенае славянамівенедамі Памор’е. Даведаўшыся пра гэта, Соф’я звярнулася да мужа, караля Вальдэмара. І той, пасля нарады з Лундскім арцыбіскупам, выправіў супраць рабаўнікоў «разам са знатнымі людзьмі каралеўства» іх сына Кнуда, які якраз чакаў пасвячэння ў рыцары. Так Кнуд здабываў рыцарскую годнасць, баронячы гонар свайго дзеда Валадара Глебавіча. Гэты падзеі адбываліся каля 1176—1178. Саксон Граматык таксама апісвае эпізод з нападам славянскіх піратаў на пасольства караля Вальдэмара, якое вярталася з дарункамі ад цесцякараля. У тыя гады Валадар Глебавіч дасягнуў найбольшай магутнасці. Ён вёў змаганне за дамінаванне Менска ў Полацкай зямлі, а ў 1167 нават быў полацкім князем — гаспадаром вялізнай дзяржавы. Не дзіва, што даны называлі яго каралём.
Так сувязі паміж Даніяй і Полацкай зямлёй у канцы ХІІ ст. не спыняліся. Полацк павялічваў у Паўночнай Еўропе свой «вобразны капітал».
***
Дацкія навукоўцы, даследуючы каралеўскія саркафагі сабора ў Рынгстэдзе, дасталі чэрап каралевы Сафіі як адзін з найлепш захаваных. Копія гэтай дацкай рэліквіі экспануецца ў Нацыянальным музеі ў Капенгагене. Сам жа чэрап выстаўлены ў саборы Рынгстэдзе, у крыпце якой захоўваюцца парэшткі дацкіх каралёў да сярэдзіны XIV ст. Знаходка парэшткаў Сафіі Валадараўны стварае магчымасць для ДНКэкспертызы каралевы і, праз яе, роду Рагвалодавічаў. Мы не ведаем іншых пэўных парэшткаў (апроч мошчаў святой Еўфрасінні) прадстаўнікоў полацкай дынастыі — княскі некропаль не захаваўся. Гэта дае навукоўцам магчымасць атрымаць частковы ДНКпартрэт Рагвалодавічаў і быць больш падрыхтаванымі ў выпадку новых знаходак.
Каментары