Наконт трох пацаноў, якіх ашчаслівіла амерыканская настаўніца, і дваццацідвушачкі турэмнага зняволення. Не буду казаць пра тое, што пакаранне несувымернае злачынству. Наогул, пазбаўленне сперматаксікозу трох пубертатных – гэта не пагроза тканіне свету. Пра гэта сто разоў напісана. Буду пра тое, што вось адным з асноўных аргументаў за слушнасць прысуда — тое, што там, на недасягальным для нас Захадзе, дзе «бруяцца срэбрам рэчкі», дзе талерантнасць лепшая за нашу, а пра памяркоўнасць наогул нічога не чулі — там закон мае сапраўдную сілу. Там закон для ўсіх, бо ён — другі бок права. Ах.

І раз баба па сукупнасці павінна атрымаць дваццаць два гады, то аёй, канечне, як многа, але «сама вінаватая». Дык вось гэтая думка — фігня, калі каротка.

А калі крыху падрабязней, то вера ў тое што закон — нейкая богам дадзеная канстанта, якая не патрабуе асэнсавання, ці, прынамсі, неабавязковая для асэнсавання кожныя пяць хвілін, як цеплыня сонца ці мокрасць вады — гэта на мой погляд траўма, народжаная на стыку хрысціянскага фанатызму і савецкага таталітарнага пратакольнага фармалізму.

Закон — гэта насамрэч кадыфікацыя маралі, шляхам яе спрашчэння і ўніфікацыі. Не амаральнасці, а маралі, то бок не чалавеканенавісніцтва са спальваннем вядзьмарак і апалагеткі ўсеагульнай віны, а гуманістычнай антрапацэнтрычнай плыні.

Менавіта таму інквізіцыя была абвешчаная незаконнай на хвалі свецкага гуманізма, менавіта таму спачатку свецкі, адукаваны, гуманны чалавек вырашыў, што жанчыну / негра і г.д. нельга абмяжоўваць у правах, а пасля гэта было зафіксавана ў законе. У свецкім, канечне, бо закон царкоўны па-ранейшаму ўпіраецца дзвюма нагамі і тыкае пальцам то ў неабходнасць насіць хіджаб, то ў неабходнасць лячыць гамасекаў, то ў неабходнасць двушачкі за танцы ў храме.

Дык вось. Калі закон ставіць наперад маралі, а дакладней, калі адмаўляць гуманістычнай свецкай маралі права на сваю асноўную функцыю: дэфармацыю закона, то пачнецца рух у адваротным кірунку. Туды, дзе з раскрытымі абдымкамі вас чакае, змораны ў безнадзейнай спробе дагнаць XXI стагоддзе, стары Саванарола.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?