Лукашэнка папярэдзіў: Калі навука целяпаецца з боку ў бок, гэта ўжо не арганізацыя
Пра прыярытэты беларускай навукі далажыў сёння Аляксандру Лукашэнку старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.
Ішла размова пра 13 прыярытэтаў навуковай дзейнасці на будучую пяцігодку (энергетыку, бія-, нана-, медтэхналогіі і інш.). Пад гэтыя прыярытэты распрацаваны пералік праграм асноўных навуковых даследаванняў. Кіраўнік дзяржавы выказаў жаданне ў бліжэйшы час сустрэцца з беларускімі вучонымі, якія прадстаўляюць не толькі НАН, але і ВНУ, і галіновую навуку з тым, каб падвесці вынікі зробленага і абмеркаваць планы.
Што датычыцца зрухаў у рэалізацыі праграмы ўдасканалення навуковай сферы, кіраўнік дзяржавы цікавіўся ў тым ліку і эканамічным эфектам.
«Калі навука не ўплывае на фінансавае становішча дзяржавы і сама целяпаецца з боку ў бок, не зарабляючы грошы хаця б на ўласнае ўтрыманне, гэта ўжо не арганізацыя (НАН. - Заўвага БелТА)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Было адзначана, што аптымізацыя Акадэміі навук праводзілася такім чынам, каб пакінуць там толькі тое, што патрэбна для дзяржавы. За апошні год сем арганізацый НАН было рэарганізавана і далучана. Цяпер іх 113, у тым ліку 63 навуковыя і 29 вытворчых прадпрыемстваў.
Каментары