Самаабвешчаная «Данецкая народная рэспубліка (ДНР)» заблакавала пастаўкі вугалю на Украіну. Пра гэта паведамляе ў аўторак, 8 верасня, Данецкае агенства навінаў са спасылкай на «міністра транспарту» ДНР Сямёна Кузьменку.
«Ва Украіны зараз крытычная сітуацыя, ім патрабуецца 1 мільён 200 тысяч тон у месяц нашага паліва», - адзначыў міністр. Ён растлумачыў, што блакада ўведзена ў адказ на спыненне паставак з Украіны паліва і запчастак для вагонаў і лакаматываў. Паводле яго слоў, у ДНР цяпер працаздольна толькі траціна лакаматыўнай гаспадаркі, што недастаткова для патрэбаў рэспублікі.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, аб'ём здабычы каменнага вугалю ва Украіне ў 2014 годзе скараціўся ў два разы: з 5 мільёнаў тон у студзені да 2,5 мільёна тон у снежні.
У цяперашні час вялікая колькасць шахт знаходзіцца на непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай і Луганскай рэспублік, з-за чаго краіна не можа забяспечыць сябе вуглём. Міністр энергетыкі Украіны Уладзімір Дзямчышын заяўляў пра тое, што Кіеў будзе імпартаваць вугаль, у тым ліку і з Расіі.