Еўрасаюз у чацвер, як чакаецца, фармальна абвесціць аб працягу і ў той жа час прыпыненні да канца лютага 2016 дзеяння санкцый супраць грамадзян Беларусі; абмежавальныя меры працягнуць дзейнічаць толькі ў дачыненні да чатырох чалавек.

Камітэт па палітыцы і бяспецы Еўрасаюза яшчэ ў пачатку кастрычніка дамовіўся пра паслабленне санкцыйнага рэжыму супраць Беларусі. Дзяржсакратар Францыі па еўрапейскіх справах Арлем Дэзір 12 кастрычніка паведаміў, што ЕС прыпыніць дзеянне санкцый на чатыры месяцы «ў святле вызвалення некалькіх палітычных зняволеных і пасля выбараў, якія прайшлі ў атмасферы прымірэння». Пры гэтым, паводле яго слоў, Еўрасаюз гатовы зноў ўвесці іх у любы момант пры неабходнасці. Дзеянне цяперашняга пакета санкцый мінае 31 кастрычніка.

Пазней еўрапейскі дыпламат паведаміў, што канчатковае рашэнне будзе прынята 29 кастрычніка пасля пісьмовай працэдуры, што не прадугледжвае правядзенне пасяджэння для фармальнага ўхвалення.

У сераду іншая дыпламатычная крыніца ў ЕС пацвердзіла, што пра рашэнне будзе афіцыйна абвешчана ў чацвер. «Мы чакаем, што паведамленне з'явіцца заўтра днём», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Мяркуецца, што рашэнне будзе апублікавана ў Афіцыйным часопісе Еўрасаюза 30 кастрычніка і ўступіць у сілу 31 кастрычніка. Паводле інфармацыі дыпламатаў, дзеянне санкцый будзе працягнута да канца лютага і ў той жа час прыпынена на той жа перыяд.

Пры гэтым абмежавальныя меры — замарозка актываў і забарона на ўезд у ЕС — працягвае дзейнічаць супраць чатырох фігурантаў спісу: Уладзіміра Навумава, Дзмітрыя Паўлічэнкі, Віктара Шэймана і Юрыя Сівакова. Дыпламаты тлумачаць рашэнне тым, што гэтых асоб лічаць датычнымі да знікнення людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?