Беларусь пастаўляе ўсе высакаякасныя прадукты, і толькі па ДАСТах. «А ДАСТ прадугледжваў нават у былым Саюзе выкарыстанне толькі натуральных прадуктаў. І ўсё, што спрабуе нехта выявіць — на нейкім там кірмашы ў Омску, ужо ўсім набілі аскому».

Пра гэта заявіў TUT.BY член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі ў кулуарах Х міжнароднай канферэнцыі «Еўразійская эканамічная інтэграцыя» ў Маскве.

Беларуска-расійскія канфлікты адносна паставак тых ці іншых прадуктаў харчавання ён заклікаў не называць «гандлёвымі войнамі». «Не трэба пра вайну! Вайна — гэта ў Сірыі. Сканчайце кідацца такімі жорсткімі фармулёўкамі. Ёсць пытанні, якія сёння перашкаджаюць свабоднаму руху тавараў. Трэба сядаць і дамаўляцца, а не даводзіць да крайнасцей».

Сідорскі прызнаў, што былі выпадкі, калі знойдзены канкрэтныя парушэнні ў канкрэтных вытворцаў, напрыклад, малочнай прадукцыі, а рыторыка кантралюючых органаў тычылася ўсёй прадукцыі беларускай вытворчасці.

«Гэтай рыторыкі наогул больш няма. Мы яе знялі. Трэба было ўважліва паглядзець на эканоміку Расіі, уважліва паставіцца да тых праграм, якія меў беларускі ўрад па развіцці сваёй малочнай галіны, пераканаць сваіх расійскіх партнёраў, што мы ніяк сёння не ўплываем на развіццё расійскіх праграм малочнай вытворчасці і стварыць баланс».

«Усе супакоіліся, працуюць, але зноў камусьці карціць! Камусьці цікавы пальмавы алей — гэтую тэму спрабуюць навязаць усім і ўся. Не трэба Беларусі навязваць гэтыя пытанні. Беларусь пастаўляе ўсе высакаякасныя прадукты, прычым толькі па ДАСТах! А ДАСТ прадугледжваў нават у былым Саюзе выкарыстанне толькі натуральных прадуктаў. І ўсё, што спрабуе нехта выявіць - на нейкім там кірмашы ў Омску, ужо ўсім набіла аскому».

На пытанне, што з гэтым рабіць, міністр адзначыў: «Гэта нармальны працэс, які сёння ідзе паміж гандлёвымі партнёрамі. Трэба спакойна сядаць і пытанне вырашаць — тым, хто сёння атрымлівае заробак і займае высокія пасады». Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра чыноўнікаў профільных міністэрстваў і ведамстваў.

У абодвух профільных міністэрстваў ёсць кантралюючыя органы — і па пастаўках сыравіны, і па пастаўках гатовай прадукцыі. «Гэтыя органы павінны сустракацца ў прысутнасці міністраў і абмяркоўваць усе гэтыя надзённыя пытанні. У нечым, магчыма, саступіць. Але недзе — не саступаць! Мы не ўплываем ніяк на ваш рынак. Ваш рынак настолькі велізарны … Як мне ў свой час Лужкоў казаў: Сяргей Сяргеевіч, не хвалюйцеся — за два тыдні ўсе, што вырабляе Беларусь з'есць толькі адна Масква. Гэта ж 16 мільёнаў чалавек. Чаго так перажываць».

«Правільна наш прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч кажа — гэта ўсё наноснае, гэта сыдзе. Галоўнае сёння — выразна рухацца ў абраным кірунку ўласнага развіцця і інтэграцыі», - рэзюмаваў Сідорскі.

Харчовая вайна Расіі і Беларусі пачалася год таму, калі Рассельгаснагляд забараніў увоз прадукцыі з дзевяці беларускіх мясакамбінатаў з-за прэтэнзій да яе бяспекі.

Далей неаднаразова Рассельгаснагляд забараняў пастаўкі беларускай мясной і малочнай прадукцыі ў сувязі з нібыта выяўленай неадпаведнасцю таварных партый харчовай прадукцыі нормам і патрабаванням, прадугледжаных заканадаўствам Расіі і Мытнага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?