Культура66

Выбар Анатоля Гладышчука: аддзячыць родавай вёсцы

Анатоль Гладышчук — выкладчык фізікі Брэсцкага палітэха, які цікавіцца не толькі формуламі, але і гісторыяй.

Хлопец з Чарнякава

«Паўтысячы гадоў таму на ўскрайку Кобрынскага княства пачалася гісторыя вёскі Чарнякаў (або Чарнякава), што ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Але нараджалася яна не так, як звычайныя вёскі. Чарнякава пайшло не ад сялян, а ад манахаў і шляхты.

Спачатку на гэтай мясцовасці з’явіліся манахі, якія атрымалі тут 12 валок зямлі. Затым нездалёк Сапегі пабудавалі фальварак. У пачатку ХVІІІ стагоддзя той фальварак купіў мясцовы пан Самуіл Юрэвіч. Згодна з паданнем, у 1700 годзе мясцовы селянін заўважыў выяву Божай Маці ў незвычайным ззянні ў дупле старой хвоі. Больш за дваццаць гадоў абраз заставаўся ў лесе, да яго прыходзілі вернікі для малітвы. А потым той жа Юрэвіч пабудаваў там царкву. А царква — гэта было важна для людзей. Усё наваколле пацягнулася да гэтай царквы».

Так пра з’яўленне сваёй роднай вёскі расказвае Анатоль Гладышчук — выкладчык фізікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, гісторык і краязнаўца. Гладышчук нарадзіўся ў Чарнякаве ў 1947 годзе і пра родныя мясціны можа расказваць доўга.

«А пры Расійскай Імперыі пры гэтай царкве адкрылі народную вучэльню. У 1905 годзе ў Чарнякаве жыло 5 настаўнікаў! Бо вучэльня абслугоўвала ўсе вёскі вакол. Мы гэтую вучэльню адзначылі, паставілі камень насупраць царквы. На ім напісана, што «тут была першая мясцовая адукацыйная ўстанова». Праўда, паставілі незаконна. Бо па законе, самі ж ведаеце, як гэта ўсё робіцца. Нам мясцовы дэпутат сам сказаў: «Хлопцы, стаўце, потым разбірацца будзем», — пасміхаеццаГладышчук.

Але ж яшчэ да Першай сусветнай вучэльню перанеслі ў большую вёску: моладзі ў Чарнякаве было мала. Вёска ўвогуле была невялікая: у 1947 годзе, калі ў звычайнай вясковай сям’і Гладышчукоў нарадзіўся маленькі Анатоль, там жыло каля 40—50 чалавек.

«Я з дзяцінства быў у атачэнні вясковай інтэлігенцыі. Уявіце: адна сястра святара з маёй вёсачкі скончыла Варшаўскі ўніверсітэт, другая — Маскоўскую кансерваторыю», — узгадвае Гладышчук.

Не абмінула яго сям’ю і вайна.

«Бацька мой быў прызваны ў 1939 годзе ў польскае войска. Служыў у 9-м палку цяжкай артылерыі ва Уладаве. Іх кінулі пад Варшаву, там разбілі, потым палон… І адтуль ён з земляком даў цягу. Прыкінуўся прыдуркам, каб перайсці мяжу, тры дні прасядзеў у турме ў бальшавікоў і пайшоў дадому. Прыйшоў і сказаў: больш я ваяваць не буду. Ён быў краўцом, падчас вайны шыў партызанам сподняе. А потым яго прызвалі зноў, але на фронт ён не трапіў, займаўся нейкімі гаспадарчымі справамі», — распавядае Анатоль Антонавіч.

Прыход савецкай улады чарнякаўцы ўспрынялі, мякка кажучы, скептычна.

«Мне расказвалі гісторыю пра маму, Надзею Лукашаўну. У 1939 годзе ей было 19 гадоў. І калі прыйшла савецкая армія, то ў першы ж вечар яны арганізавалі танцы для моладзі. У Саветаў была вельмі добра пастаўлена «агітработа». І мама схадзіла, вярнулася і кажа сваёй маці, маёй бабулі: «Муцяры!» Гэта значыць «хлусы». Адным словам, яна дала ўсяму гэтаму вычарпальную характарыстыку», — кажа Гладышчук.

Школу ён скончыў з медалём. Спачатку планаваў ехаць у Маскву, у МГУ, хацеў стаць журналістам. Але…

Фізік па збегу абставінаў

«Найлепшы аргумент для маладога чалавека — гэта прыклад. І такім прыкладам быў мой сябар, — распавядае Анатоль Антонавіч. — Мікалай, сын святара, быў трошкі старэйшы за мяне. І ён заўсёды быў лідарам. І ён кажа: «Харкаў — гэта ого-го!…» Ён ужо вучыўся там на трэцім курсе. І я паехаў. Тады ж былі адкрыцці, космас… І сёння я ганаруся тым, што скончыў Харкаўскі ўніверсітэт. Тры нобелеўскія лаўрэаты выйшлі адтуль!»

У Брэст, дзе Гладышчук пражыў большую частку жыцця, ён трапіў так жа, як і ва ўніверсітэт: паехаў за сябрам.

«Калі я скончыў ВНУ, такі заклік быў: уздымем адукацыю ва Украіне. І мяне размеркавалі ў Крым, у вясковую школу. А я ўжо быў жанаты, жонка была правізарам. І, значыць, прыходзіць мне ліст: прыязджай да нас, хату дамо, карову дамо, усё дамо. Але ж мы вырашылі, што не паедзем у той Крым».

Паехалі на радзіму.

У Брэсце ён уладкаваўся на кафедру фізікі тады яшчэ Інжынерна-будаўнічага інстытута, дзе і адпрацаваў 45 гадоў. Сам пра сябе кажа так: «Я не маю прафесарскага дыплома, але фактычна займаю пасаду прафесара».

У Брэсце Анатоль Антонавіч знайшоў і сваё захапленне — гісторыю.

Памятаць

«Я здымаў аматарскія дакументальныя фільмы. Некаторыя нават нішто сабе. Адзін, пра Брэст, у мяне нават набыў мясцовы краязнаўчы музей за добрыя грошы. Тады мне прапанавалі пазнаёміцца з археолагам Лысенкам, які капаў старажытнае Берасце».

Царква ў Чарнякаве, родным сяле Анатоля Гладышчука, бясконца яму дарагім

Гладышчук удзельнічаў у раскопках, стварэнні ўнікальнага музея.

«Я пачаў цікавіцца гісторыяй. Пайшоў у архівы. Як толькі ўзнікае нейкі канфлікт — адразу з’яўляецца папера. І гэтая папера не гіне. Гэта было адкрыццё для мяне, — кажа Гладышчук.

— Я быў здзіўлены шматграннасцю і глыбінёй нашай беларускай гісторыі. І зразумеў, як абыякава мы ставімся да яе. У тым жа Брэсце ёсць крэпасць, і нібыта ўсё, больш нічога не трэба. Крэпасць — гэта добра. Але ж шмат чаго было да яе.

Напрыклад, самая трагічная дата ў нас была не 22 чэрвеня 1941 года, а 13 студзеня 1660 года, калі маскоўскі князь Іван Васільевіч Хаванскі, па мянушцы Тараруй, з 60-тысячным войскам знішчыў горад. Забіў практычна ўсіх жыхароў!»

Сапраўды, такое нельга забываць.

Дарэчы, музей «Берасце» сёння — даходны цэнтр.

Сёння Анатоль Гладышчук займаецца пошукам Берасцейскага замка.

«У 1938 годзе Жук-Рыбіцкі, польскі падпалкоўнік, спрабаваў яго знайсці, але не знайшоў. У 2013 годзе мы з Лысенкам адкапалі, як мы мяркуем, эскарп, падпорную сцяну апошняга з бастыёнаў гэтага замка», — кажа Гладышчук.

А на сёлетняй канферэнцыі філолагаў і гісторыкаў «Берасцейскі кнігазбор» ён, фізік, быў адзіным, хто выступаў з двума дакладамі.

«Мой першы даклад тычыўся манетнага двара. Гэта быў першы і адзіны манетны двор на тэрыторыі Беларусі. Трэба ганарыцца! Другі даклад —пра царкву Святога Пятра. Гэта першая царква, аб якой справа ідзе ў Галіцка-Валынскім летапісе. Я зрабіў высновы, дзе яе можна знайсці», — тлумачыць Гладышчук.

«Не столькі інтэлігентнасцю, колькі сціпласцю»

Пражыўшы 30 гадоў у Брэсце, Гладышчук разам з сябрам трапіў у Заходнюю Германію, на стажыроўку. Еўрапейскае жыццё моцна яго ўразіла.

«Я вярнуўся ў Брэст і сказаў жонцы: няўжо мы ў гэтай двухпакаёўцы на пятым паверсе так і памром? І я пабудаваў дом у Скоках. Там побач стаіць палац Нямцэвічаў, — кажа Анатоль Антонавіч. — У 2002 годзе прыязджалі нашчадкі Нямцэвічаў. Я з імі і пазнаёміўся. Я першы раз кантактаваў са шляхецкім родам і быў уражаны нават не столькі іх інтэлігентнасцю, колькі сціпласцю. Людзі абсалютна не выстаўляюцца, «што то я». Зацікавіўся гісторыяй роду. Напісаў кнігу на беларускай мове, выдаў».

Музей Нямцэвічаў таксама ён дапамагаў стварыць.

«Калі вырашалі пытанні рэстаўрацыі сядзібы, Цупрык, намеснік старшыні аблвыканкама, махаў перад чыноўнікамі маёй кніжкай са словамі: «Тут Гладышчук усё напісаў, што вам трэба зрабіць», — пасміхаецца Гладышчук і цешыцца: — Мы з музея зрабілі папулярнае месца! Гэта жывы музей, свецкае месца».

Гладышчук адкапаў у баварскім архіве доказы, што Першая сусветная вайна скончылася ў Скоках: менавіта ў палацы Нямцэвічаў падпісалі Брэсцкі мір.

Яшчэ тры

У планах Анатоля Гладышчука — выдаць яшчэ тры кнігі. Гэта манаграфія «Замак Берасцейскі», кніга пра паўстанне Касцюшкі вачыма Юльяна Урсына Нямцэвіча, заснаваная на дзённіках апошняга. І кніга пра родную вёску — Чарнякаў.

«Можаце назваць свайго прапрапрапрадзеда? Я магу: яго звалі Юхім Камарэвіч, — кажа Гладышчук. — Я ў Харкаўскім універсітэце здзіўляў дзяцей мясцовай прафесуры: як жа, вясковы хлопец, а ўсё ўмее рабіць, умее сябе паводзіць! А гэта ўсё ўклаў у мяне Чарнякаў. Не ведаю, колькі яшчэ прастаіць Чарнякаў — сёння там дажывае свой век адзін стары чалавек. Але я павінен гэтай вёсцы доўг вярнуць. Аддзячыць».

Каментары6

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»10

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»

Усе навіны →
Усе навіны

Львы задралі дырэктара сафары-парку ў Крыме7

Карыстальнікі Discord прымушалі дзяцей забіваць сябе на камеру3

Джаан Роўлінг засталася ў поўным захапленні ад сцэнарыяў першых эпізодаў серыяла пра Гары Потэра3

Тэрарыст-смяротнік здзейсніў тэракт у праваслаўнай царкве ў Дамаску 7

Расія нанесла ракетны ўдар па ўкраінскім палігоне. Ёсць забітыя і параненыя

Сяргей Ціханоўскі завёў сабе твітар11

За 2025 год у Беларусі ўжо затрымалі 14 чалавек за шпіянаж і дзяржаўную здраду6

«Ці можна Ціханоўскага пад сафіты і пытаць пра планы, а потым паказваць, як ён рыдае?»49

Церцель: Гэтае мерапрыемства на днях было толькі адным з многіх, але пакуль не пара пра іх казаць18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»10

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць