Меркаванні55

Віктар Марціновіч: Жыроўка як культурны здабытак

Відавочна, што знакамітая апошнімі тыднямі квітанцыя з пералікам рахункаў, якія патрабуецца аплаціць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, каб не апынуцца на дварэ, даўно ўжо перастала быць – калі наогул некалі была – проста фінансавым дакументам.

Гэта што заўгодна, але не пагадненне, якое рэгулюе адносіны паміж уласнікам жылога памяшкання і яго абслугай. Таму што – для пачатку – не мы гэтую ЖКГ наймалі, не мы з яе тарыфамі пагаджаліся. А дзе яшчэ ты будзеш плаціць за паслугі (кшталту «капрамонту», якога ніколі не было), якіх не заказваў? Не мы вырашаем, калі пачынаць ацяпляльны сезон і калі яго спыняць. Мы не можам уплываць нават на тэмпературу батарэяў у сваіх кватэрах! Гэта прыкладна тое самае, калі б касіркі ў краме самі выбіралі, чым мы будзем вячэраць, а мы толькі моўчкі плацілі за прадукты.

Так і тут: нам пра нашыя пазыкі паведамляюць у аднабаковым парадку, і адмовіцца мы не можам. Толькі аспрэчыць. І тое тоненькім голасам, бо «ваш «разгавор» са спецыялістам касава-разліковага цэнтра запісваецца». Гэтая «асблуга» паводзіць сабе з такой пыхай, быццам уласнік нашых кватэраў – яна. І будзьце ўпэўненыя, калі на ваш падвал ці на дзіцячую пляцоўку пад вокнамі знойдзецца інвестар, вам у сціслы тэрмін нагадаюць, хто ў гэтым двары ці доме ўладар, а хто – сэрвіс.

Жыроўка — гэта новае медыя, вынайдзенае ў Беларусі. Гэта новы канал камунікацыі між падданымі, халопамі і тымі, хто ўсталёўвае памеры падаткаў па краіне.

Жыроўка — гэта падатак на жыццё, плата за цеплыню і магчымасць памыцца, сама форма спагнання якой –адна з найяскравейшых прыдумак той выбітнай культуры, да якой мы належым у 2016 годзе.

Спынімся на невідавочных функцыях жыроўкі, якіх мы ўжо не заўважаем.

1. Выпрацоўка пачуцця віны. Нам убілі ў галовы, што «грамадзяне Рэспублікі Беларусь плацяць толькі 30, 60, 80 адсоткаў ад рэальных сум за ацяпленне, усё астатняе кампенсуе дзяржава». Таму кожны раз, углядаючыся ў лічбы жыроўкі, мы разумеем, што замест пяцісот тысяч мог быць мільён. А тут толькі пяцьсот тысяч. Дзяржава паклапацілася. Дзяржава нас любіць. Дзякуй дзяржаве. Варта быць паслухмяным, пяшчотным, варта любіць ЖЭС і ўсіх, хто вышэйшы за яго. Пры гэтым рэальны адсотак той кампенсацыі ведае хіба што Бог ды бухгалтэрыя ў якой-небудзь найвышэйшай установе. Усе астатнія жывуць, працятыя пачуццём удзячнасці. Гэта афігенны трык – вымусіць грамадзян падчас аддавання грошай адчуваць удзячнасць да дзяржавы!

2. Сацыяльная кара, сацыяльная ўзнагарода. Горай за ўсё цяпер уласнікам кватэр, у якіх ніхто не прапісаны. Большасць такіх уласнікаў – людзі, якія паклалі здароўе на тое, каб у залатыя часы набыць сабе другую кватэру метраў на 90, пакуляцца на трох працах, выплаціць крэдыт і цешыць сябе надзеяй, што на пенсіі яе можна будзе здаваць, каб не абгрызаць бяросту ў лесе на пенсію ў два мільёны. І вось кватэра раптоўна зрабілася залатой, бо на яе ўтрыманне трэба аддаваць $100 у месяц, здымаць з такімі камунальнымі яе ніхто не хоча. Пры тым суседзі-алкаголікі, якія не працуюць, сядзяць на дзяржаўнай рэнце і плацяць толькі 300 тысяч, бо іх там пяць і яны маладыя бацькі. Такім чынам, праз жыроўку дзяржава даводзіць сваім грамадзянам, якія паводзіны прымальныя, а якія – не. Жыроўка, з яе зніжкамі і штрафамі за «пустуючае» майно, робіцца сродкам выпрацоўкі ў падданых прыдатных паводзін. Хочаш маленькі «падатак» — не рвіся, не набывай нерухомасць, а лепей наогул хутчэй зрабіся пенсіянерам на два мільёны з клункам для бяросты. Пагодзімся, што квітанцыі на ацяпленне, якія прыходзяць наймальнікам у Вене ці Лондане, такімі мэсіджамі не азначаюцца.

3. Цудадзейнасць дзяржавы. Адзінае дзіва, веру ў якое не страцілі людзі ў нашыя прагматычныя часы, – гэта дзіва нечаканых грошай. Зараз, пасля разгрому наверсе, КДК «пералічыць» тарыфы, і ў наступным месяцы грамадзяне атрымаюць меншыя жыроўкі. І будуць думаць, што дзяржава стварыла сапраўдны міракль, «кампенсаваўшы» ім празмерныя выдаткі, хаця тлумачэннем таго «міракля» будзе простае супастаўленне тэмпературы надвор’я ў лютым і студзені. Але для ўмацавання боскага статусу тых, хто вызначае тарыфы, будзе зроблены яшчэ адзін крок.

4. Выхаванне пакоры. Жыроўка – такі ж файны настаўнік добрых сацыяльных модусаў, як той кантракт, які трэба ўзнаўляць раз на 2 гады і які можна лёгка страціць. Справа ў тым, што кожны з нас у пэўны момант усведамляе, што цэны ў жыроўцы могуць быць наогул любымі. І паколькі не мы заказвалі пакеты паслуг, якімі нас забяспечваюць, нам лёгка можна выставіць замену звычайнага цепланосьбіта ў батарэях ацяплення на падагрэтую мінералку «Нарзан» – праверыць мы ўсё роўна не здолеем, а спагнаць за гэта можна пару мільёнаў. Таму мы падсвядома баімся жыроўкі, як баімся міліцыі, страты кантракту ці схаваных радараў на трасе «Брэст–Мінск». Гэта старанна ўведзенае ў побыт «memento mori». Грамадзянін мусіць быць крыху напужаным. Асабліва калі ўзрушацца ў адказ на бязглуздыя дзеянні тых, хто выстаўляе рахункі, ён не звыклы.

5. Паўсюднасць жыроўкі ёсць яшчэ адным крокам у нацыяўтварэнні. Задумаемся: кожны жыхар гарадской кватэры атрымлівае гэтае медыя. Літаральна кожны. І міністр, і прэм’ер. Калі б я быў Мінгарвыканкамам, я б змяшчаў легендарную «ўбедзіцельную просьбу…» прыбраць снег вакол машын не ў смс-паведамленнях, а на жыроўках, бо, як бачна з папярэдняга пункту, найлепшы канал камунікацыі – гэта той, праз які табе паведамляюць пра твае пазыкі. У іншых краінах, нават у вельмі блізкай нам Літве, кожнае таварыства ўласнікаў мае сваю абслугу, сваё ацяпленне, сваю сістэму выплат і зніжак.

Жыроўка – агульная для ўсіх беларусаў халера. Калі-небудзь мы будзем сумаваць па гэтай паперчыне з большым пакрыццём, чым у тэлебачання (бо людзей, якія не глядзяць беларускае тэлебачанне, да халеры, а вось людзей, якія наважыліся не звяртаць увагі на паперкі ў паштовай скрыні, – адзінкі). 

Жыроўка, такім чынам, – гэта голас, які звяртаецца адразу да ўсёй нацыі ва ўсёй яе стракатасці.

Цяпер гэты голас кажа толькі пра адно – пра тое, што недзе побач ёсць дзяржава. Але вельмі проста зрабіць так, каб да гэтага мэсіджу далучыліся іншыя, больш тонкія паведамленні. Напрыклад, пра тое, што тая дзяржава – беларуская. Кіраўнік БТ абураўся, што трэба пашыраць ужытак нацыянальнай мовы – дык няма праблем, зрабіце жыроўкі беларускімі!

Паводле наяўнага статусу ў беларускім знакавым полі, жыроўка – гэта нешта кшталту пакрытых знакамі абеліскаў, якія ставіліся ў старажытным Егіпце дзеля таго, каб нашчадкі памяталі пра жыццё і дзеі фараонаў.

Гэта помнік нашай сучаснасці, яе стылю і вельмі характэрнаму тыпу пісьменнасці. Калі-небудзь жыроўку заменіць звычайны чэк, які будзе калькулявацца на падставе пагадненняў з абранымі на канкурэнтных умовах правайдарамі вады і цяпла. І нашая культура страціць вельмі яскравы, хай сабе і каструбавата-савецкі па сваёй сутнасці, артэфакт. Адно дакладна: сумаваць па ім мы дакладна не будзем.

Каментары5

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Яшчэ дзве беларускія фрыстайлісткі выступяць на Алімпіядзе. Склад беларускай дэлегацыі ў Італіі выключна жаночы

Рагачоўская ці глыбоцкая, калдуны ці дранікі, Гродна ці Брэст? Арына Сабаленка адказала на прынцыповыя для беларуса пытанні16

Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку12

У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў3

«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе10

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?15

Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі10

Прэм'ер Канады: Стары сусветны парадак не вернецца, сярэднім дзяржавам трэба трымацца разам4

Пад Барселонай сышоў з рэек цягнік, загінуў машыніст, дзясяткі людзей паранены2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць