Культура

«У беларускiм аркестры ён іграў джаз»

Сёння ў Мінску хаваюць унікальнага мовазнаўцу, чалавека, які пра беларускую мову ведаў усё — Змітра Саўку. Ён адышоў у 50 гадоў. Мы сабралі, што пішуць пра яго ў фэйсбуку сябры.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца:

Сыход Змiтра Саўкi ўвёў у стан самоты i сцiшанасцi. Гэта наша пакаленне. На такiх, як Змiцер, трымалася беларуская iдэя ў апошнiя 30 гадоў. Ён не быў на першых ралях, але ўдзел у беларускiм аркестры заўсёды быў яму ў задавальненне. I ў жыццi, мне падаецца, ён іграў джаз. 

Святлана Курс, пісьменніца:

Зьміцер не перамог. Зьміцер, Зьміцер, мілы Зьміцер, я чакала прыезду. Ён любіў слодычы, а я — віно. Так мы бавілі вечары, як ён казаў — «ва ўзьнёслым дэкадансе». Вельмі сумую. 

Лявон Маліноўскі:

Зміцер Саўка быў адным з тых навукоўцаў, што шчодра раздаюць плады навукі прагным да яе людзям. Ягоная рада неаднойчы ставала нам у прыгодзе, калі мы шукалі трапнага слова і добрага спосабу на цікавы тэкст. Гэтым мовазнаўца памагаў нам рабіць наш свет утульнейшым і прыгажэйшым.

Сяргей Пеляса, тэлевядоўца:

Заўсёды аптымістычны, ветлы, з усмешкай. Заўсёды мёў час для нас. Я злаваўся на яго часам за ягоныя моўныя заўвагі. Мы пасмейваліся з «Оўбамы». Але вельмі паважалі яго, бо гэты чалавек стварыў моўны канон, па якім мы працуем на «Белсаце». Кіраўнік моўнай службы сышоў, а анлайн-сэрвіс па вычытцы тэкстаў dobrapis застаўся.

Аляксей Мінчонак, тэлежурналіст:

Нават на самае простае моўнае пытанне ён мог адказаць захапляльнай лінгвістычнай лекцыяй. Светлая памяць, спадар Зміцер.

Глеб Хамутоў, журналіст:

Зміцер быў такім файным — вясёлым і мудрым прамянём святла…

Зміцер, цяпер можаш не хвалявацца… Ты і твая мова застаннуцца ў нашых сэрцах, галовах і на нашых вуснах.

Я спраўдзіў гэты тэкст у тваім dobrapis.info: памылак няма!

Дзякуй, што быў з намі! Дзякуй за ўсё!

Уладзь Лабковіч, праваабаронца:

У снежнi мне рабiлi аперацыю ÿ aдным шпiталi. Я напалоханы слухаÿ анестэзiёлага, якая распавядала, як усё пройдзе. Мне было вельмi страшна. I тут раптоÿна да мяне падышоÿ Зьмiцер Саÿка, якому таксама рабiлi аперацыю ÿ той жа дзень. Ен быÿ вясёлы i падтрымлiваÿ мяне, казаÿшы, што ÿ яго дробязная аперацыя, а мне няма чаго баяцца. Нас аперавалi разам ÿ адной зале адначасна, — канвеер. Мне было страшна, а яму — не. Ён жартаваÿ. Я aчуняÿ на наступны дзень i ÿжо чуÿ у калiдоры голас Зьмiтра, якi вясела распавядаÿ, што яго аперацыя — лухта, i трэба ÿжо выпiсвацца. Я паленаваÿся выйьцi да яго са сваей палаты, i на наступны дзень, калi ён вeсялiÿ усё аддзяленне, я не выйшаÿ. Вырашыÿ, што iншым разам. Iншага разу больш не было. Свет стаÿ бяднейшы.

Сяргей Абламейка, журналіст:

Летам 1986 году я трапіў у адну зь менскіх бальніц. Калі дазволілі выходзіць на вуліцу, я пайшоў пакурыць. У двары на лаўцы сядзелі два хлопцы і, на маё зьдзіўленьне, размаўлялі па-беларуску. Я, натуральна, адразу пайшоў знаёміцца. Гэта былі Лявон Юрэвіч і Зьміцер Саўка. Юрэвіч ляжаў у маім аддзяленьні, а Саўка прыйшоў яго адведаць. Так мы пазнаёміліся…

Аляксандр Фядута, літаратуразнаўца, паліттэхнолаг:

Калі можна казаць пра ідэал беларуса — гэта Зміцер Саўка. Добры, інтэлігентны, адукаваны, з унутраным стрыжнем — і без зайздрасці і нянавісці да каго бы то ні было. Чалавек справы. І ягонай справай была Беларусь і беларуская мова.

Мікалай Нікалаеў, прафесар, Санкт-Пецярбург:

Большасць таго, што рабіў Зміцер Саўка, выклікала ў мяне супраціў. Хаця ён усё рабіў так, як бы рабіў я сам, будучы маладым, захопленым, зацятым, замроеным нон-канфармістам. 

Я адмовіўся ад старога правапісу, але ў душы радаваўся, што ён да «клясычнага» прыйшоў і на тым стаяў. Раздроб змяншае моц нашай культуры, але павялічвае яе аб'ёмнасць і прыгажосць.

Раптам даведаўся, што чалавека няма. Круцяцца словы паэта:

Он молчал невпопад
Он не в такт подпевал
Говоріл он всегда по другое…

Так і не давялося асабіста пазнаёміцца, але ў маім жыцці будзе не хапаць Змітра Саўкі…

Вольга Мазурава:

Неадчэпнае адчуванне, што вось азірнуцца — і схопіш страчанае за рукаў. А тады загаварыць, забалбатаць, замянтачыць. І ніхто нікуды не сыдзе.

Каментары

Цяпер чытаюць

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Усе навіны →
Усе навіны

Рускамірац Агафонаў, які выехаў з Беларусі, абмяняўся з Азаронкам з’едлівымі шпількамі11

На Гомельшчыне праблемы з мабільнай сувяззю і інтэрнэтам А12

Хто можа ўзначаліць урад Украіны і чаму Зяленскі мяняе прэм’ера — што кажуць эксперты

Амерыканская армія нанесла новыя ўдары па Іране: атакаваныя сістэмы СПА і катары КВІР у Армузскім праліве

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну18

Ці прыцягвае смартфон маланку? Ратавальнікі расказалі, ці трэба выключаць тэлефон у навальніцу3

У Пружанскім касцёле новы арган, які прывезлі з Нідэрландаў. Папярэдні касцельны арган пусцілі на дровы для Дома культуры2

У Лошыцкім парку з’явілася алея незвычайных лавак ФОТЫ9

У цэнтры Мінска закрылася яшчэ адно бістро1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць