Грамадства6767

Хлопец заехаў у «Карону» па булачку — правёў ноч за кратамі і цяпер можа сесці на 15 сутак

Канфлікт паміж хлопцам, які заехаў у магазін «Карона» на самакаце, і ахоўнікамі крамы скончыўся тым, што хлопца забрала міліцыя. Ён правёў ноч у пастарунку і цяпер можа атрымаць 15 сутак. Сам хлопец настойвае, што ні ў чым не вінаваты.

21-гадовы Дзяніс Тарманаў жыве ў Жлобіне. У Мінск завітаў да сяброў. І ўвечары 29 чэрвеня на сваім самакаце хлопец вырашыў завітаць у «Карону» на Кальварыйскай. 

Дзяніс Тарманаў.

«Праехаў на самакаце па гандлёвай залі так, але ўсё было нармальна. Набыў булачку. Выйшаў з крамы, ад’ехаў, зразумеў, што ці то забыўся, ці то згубіў пальчаткі. Вярнуўся. На ўваходзе мяне спыніў ахоўнік, сказаў, што на самакаце нельга. Я спытаў — чаму? Ён адказаў, што нельга і ўсё. Пальчаткі, кажа, не бачыў, — распавёў Дзяніс. — Затым я ад’ехаў на самакаце – тут выйшаў другі ахоўнік, ці то папрасіў мяне спыніцца, ці то я сам спыніўся. Затым ён схапіўся за самакат, заявіў, што зараз прыйдзе міліцыя. Адбывалася гэта ўсё ў будынку крамы».

Па словах хлопца, ён нічога не парушаў, таму спакойна чакаў. Неўзабаве з’явіўся міліцыянт, адвёў Дзяніса ў пакой аховы.

«Я спытаў: «За што мяне затрымліваюць?» Той прапаршчык сказаў, што я быў на самакаце. Я вырашыў удакладніць: і што такога? А ён пачаў крычаць на мяне».

Тады хлопец сам набраў 102, паведаміў, што ўзнікла сітуацыя, дзе супрацоўнік міліцыі абкладае яго мацюкамі. Спытаў, што рабіць.

«Там мяне таксама паслалі, праўда, далікатна», — кажа Дзяніс.

Затым, сцвярджае хлопец, двое ахоўнікаў пры ім напісалі на яго ж заяву: нібыта Дзяніс іх абражаў, паводзіў сябе неадэкватна, таму яго і «затрымаў прапаршчык».

Далей хлопца павезлі ў РАУС Фрунзенскага раёна.

«Там мяне доўгі час «марынавалі». Паведамілі, што калі я падпішу, што я мацюкаўся, то дадуць мінімальны штраф і ўсё. Я адмовіўся. Ну, тут у мяне забралі ўсе рэчы, шнуркі, пояс. Я папрасіў патэлефанаваць, міліцыянты рагочуць у адказ — кажуць, ага, мо і бабу яшчэ табе сюды? – распавядае Дзяніс. — Аніякіх дакументаў не паказалі, пратаколаў ніхто не складаў. Ну і такім чынам прыкладна а першай ночы я трапляю ў камеру».

Па словах Дзяніса, умовы ў камеры былі жудасныя: лужына мачы на падлозе, аніякай вентыляцыі, на сценах цвіль.

Ён папрасіўся, каб перавялі ў іншую камеру, бо ён астматык: «Стала цяжка дыхаць. Я кажу, што мне патрэбны лекі ці хаця б свежае паветра. Нуль рэакцыі».

Калі ўжо развіднела, хлопца нарэшце перавялі ў іншую камеру. Затым, прыкладна праз тры гадзіны, па яго прыйшоў капітан міліцыі.

«Я прачытаў пратакол, дзе было напісана, што я быў на самакаце, неадэкватна сябе паводзіў, мацюкаўся. Я падпісаў, што згодны часткова, бо на самакаце быў, а астатняе — хлусня. Папрасіў сабе копію пратакола — міліцыянт кажа, ты падпісвай, копію потым аддамо. Я не падпісаў, — кажа Дзяніс. – Я пачаў чытаць пратакол допыту, там пазначана, што допыт праводзіў нейкі старшы лейтэнант. А я з ніякім лейтэнантам не гаварыў. Спытаўся — што за ён? Тут увайшоў нейкі маёр, кажа – што ты з ім важдаешся, напішы, што не хоча падпісваць і ўсё. Ну, тут капітан забраў паперы і адвёў мяне ў камеру».

Пасля хлопца адвезлі ў суд. Гэта было каля 10 раніцы.

«Суддзя мне кажа, што ёсць сведкі і ці я прызнаю віну цалкам, ці перанясем паседжанне, паклічам сведкаў і я тады атрымаю не штраф, а 15 сутак. Я зноў прызнаў толькі тое, што быў на самакаце. Ну, мяне адпусцілі. Суд перанеслі на пятніцу, 8 ліпеня», — паведамляе Дзяніс.

Пакуль што хлопец шукае адваката. На суд прыедзе — кажа, што віны за ім няма, трэба гэта даказаць. Дзяніс настойвае, што ён паводзіў сябе абсалютна нармальна.

У краме выпадак не каментуюць.

«Мне кіраўнік не рэкамендаваў абмяркоўваць з кімсьці гэты выпадак, — паведаміў «Нашай Ніве» Анатоль Габруковіч, начальнік службы бяспекі «Кароны» на вуліцы Кальварыйскай. — Тым больш, там жа быў прадстаўнік міліцыі. Таму выбачайце, калі ласка».

Каментары67

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень12

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына стварае мілыя ВІДЭА з беларускіх гарадоў у стылі гульні The Sims

Зборную Англіі абакралі на чэмпіянаце свету па футболе5

Украінскі баксёр Усік сустрэўся з Трампам у Белым доме2

Зборная ЗША з буйным лікам перамагла Парагвай1

Новы трэнд — не расчэсвацца. Вось што трэба пра яго ведаць18

Канада і Боснія згулялі першы матч на чэмпіянаце свету ўнічыю

У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын3

Што гэта за 196 палітвязняў, пра вызваленне якіх заявілі прапагандысты?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень12

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць