Грамадства1919

«Паступаюць пагрозы проста на месцы». Студэнт ЕГУ пра ператрусы і парады для тых, хто ў Беларусі

Чарада рэйдаў сілавікоў па справе ЕГУ пракацілася па Беларусі на мінулым тыдні, прычым прыходзілі і да выпускнікоў, распавёў «Белсату» студэнт факультэту права 3 курсу, валанцёр «Вясны» Артур Баран. І, хоць хваля спала, вобшукі і выклікі «на размову» не скончыліся. Малады чалавек паведаміў, што вядома пра самі ператрусы ў Беларусі, чым не задаволеныя студэнты ў камунікацыі з кіраўніцтвам ВНУ і як сябе абараніць.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Фота: ehuniversity.lt

Сілавікі спрабуюць знайсці сувязь з ЕГУ

Артур Баран расказвае, што, хоць сілавікі прыходзілі да ягоных сяброў, самога яго гэта не закранула. Пры гэтым пад рызыкай — усе людзі, якія зараз ці раней былі звязаныя з ЕГУ. Асабліва — цяперашнія студэнты, якія яшчэ некалькі гадоў таму, падчас актыўнай фазы пратэстаў ці ў пачатку поўнамаштабнай вайны ўвогуле былі падлеткамі і ні ў чым не ўдзельнічалі.

«Што зараз адбылося: людзям, якім у 2020‑м было 13‑14 гадоў, раптам заявілі: калі вы вучыцеся ў ЕГУ, вы экстрэмісты і тэрарысты, вас можна судзіць па крымінальных артыкулах.

Пры гэтым людзі малаінфармаваныя, і адчуваецца, што не заўсёды разумеюць, што адбываецца. Напрыклад, калі нехта піша яўку з павіннай, не думае, што фактычна можа сам змяніць свой статус са сведкі на падазраванага», — кажа суразмоўца.

Падчас вобшукаў сілавікі шукаюць дакументы, якія пацвярджаюць сувязь з ЕГУ, квітанцыі аб аплаце навучання. Гэта праблема, бо людзі не заўсёды памятаюць, якія старыя дакументы могуць быць у іх дома. Некаторыя нават не ўяўляюць, што забытая раней падчас паездкі дамоў квітанцыя можа прывесці да кепскіх наступстваў.

«Таму, так, перыядычна знаходзяць нейкія чэкі, бывае, у паведамленнях месенджараў паміж бацькамі і дзецьмі — дамовы з ВНУ.

Далей кажуць пра нейкае фінансаванне [экстрэмісцкай арганізацыі], высвятляюць, ці было яно. Запытваюць, як аплачвалася навучанне, і нават былі выпадкі, калі сілавікі самі выдумлялі нейкія аплаты — маўляў, з карты іншаземнага банку была праведзеная транзакцыя, мы пра яе ведаем, раскажыце падрабязней. І бывае, што бацькі ўвогуле не ведаюць пра існаванне такога банку. Вядома, КДБ спрабуе зрабіць так, каб чалавек агаварыў сябе».

Прыходзяць нават да выпускнікоў

Па тых кейсах, што адбыліся і вядомыя праваабаронцам, Артур адзначае, што ў выпадках, калі студэнт за мяжой і вобшук праходзіць у ягоных бацькоў, у большасці выпадкаў «усё праходзіць лепей», чым, напрыклад, калі гэта завочнік, які сутыкаецца з сілавікамі сам.

«У сваякоў ператрус праходзіць дастаткова мірна. У саміх студэнтаў часцей усё больш жорстка: паступаюць пагрозы проста на месцы і чаго толькі няма. Яшчэ ў гэтых справах сілавікі часта звоняць з тэлефонаў бацькоў іхным дзецям, правакуюць, пачынаюць перамовы», — кажа суразмоўца.

Паводле яго, КДБ шукае і тых, хто ўжо адлічыўся з установы, — у былых студэнтаў запытваюць даведку аб адлічэнні, часта яшчэ і клічуць прыехаць у Беларусь. Таксама прыходзяць нават да тых, хто раней выпусціўся з установы.

«На мой погляд, выпускнікі — адна з самых уразлівых груп: яны не свецяцца на радарах, пра іх цяжка пачуць інфармацыю. Мы ведаем, што ў іх патрабуюць дыплом».

Студэнты не задаволеныя рэакцыяй і падтрымкай адміністрацыі

Як агулам адчуваюць сябе студэнты цягам гэтых месяцаў? Нехта ўпадае ў ступар і не ведае, што рабіць, расказвае Артур. Нехта спрабуе перавесціся ў іншую ўстанову, хаця гэта, як адзначае суразмоўца, «не вызваляе ад «адказнасці». Хтосьці спрабуе абстрагавацца ад сітуацыі і пераключыцца. Сам хлопец заўважае, што некаторыя навучэнцы незадаволеныя паводзінамі адміністрацыі ВНУ.

«Некаторыя лічаць, што патрэбная адстаўка вышэйшага кіраўніцтва. Наогул сярод студэнтаў такая раздробленасць, і ўсё пагаршаецца тым, што няма цэнтралізаваных інструкцый менавіта ад адміністрацыі, а не ад валанцёрскай службы, — тлумачыць ён. 

— Гэта адчуваецца асабліва ў першыя, крызісныя 72 гадзіны, калі ў чалавека тунэльны зрок, ён спрабуе захаваць сябе ці дапамагчы родным, не разумеючы, што можа зрабіць толькі горш. І ў гэты час студэнты дапамагаюць іншым студэнтам, валанцёры службы «Вясны» актыўна працуюць… Але на першай пасля прызнання ЕГУ экстрэмісцкай арганізацыяй сустрэчы рэктар увогуле на маю прапанову, што мы гатовыя супрацоўнічаць у сферы юрыдычных кансультацый, кібербяспекі і хочам абгаварыць пытанні легалізацыі, адказаў, што супрацоўнічаць не будзе. Таксама студэнты не атрымалі адказы на свае пытанні». Канешне, калі такое адбываецца і няма цэнтралізаванага антыкрызіснага менеджменту, сітуацыя пагаршаецца».

Паводле студэнта і валанцёра-праваабаронцы, ва ўніверсітэце ёсць служба падтрымкі, але яна неэфектыўная. Хлопец лічыць, што рэктарат меўся наладзіць супрацу з МЗС і міграцыйнай службай, каб абараніць моладзь і калектыў, і што на гэта быў час.

«Пазоў падалі ў верасні, а рашэнне суд вынес у сакавіку — як можна было не распрацаваць антыкрызісны план за гэты час? Есць нейкі хотлайн, але я пакуль чуў толькі адмоўныя водгукі, і немагчыма сотні студэнтаў пракансультаваць індывідуальна. Агульныя інструкцыі — нешта накшталт «захоўвайце правілы лічбавай гігіены». Як захоўваць? Не сказана. Як весці сябе пры вобшуку? — таксама.

Гэта правал менеджменту, таму што на сувязь з праваабаронцамі і іншымі профільнымі НДА і распрацоўку інструкцый было мінімум паўгода. А, калі казаць пра першыя пагрозы, то яны былі яшчэ пры маім паступленні, у 2023 годзе, — тады гэта больш 4 гадоў».

Моладзь арганізоўвае дапамогу адзін аднаму і дае парады на выпадак ціску

Што сапраўды дапамагло б? Тыя, да каго яшчэ не прыходзілі, могуць падрыхтавацца да магчымых ператрусаў — пераглядзець рэчы ў кватэры і ўпэўніцца, што няма дакументаў, чэкаў, звязаных з ЕГУ. Праверыць тэлефоны, перапіску, у якой могуць быць адпаведныя файлы ці фота.

«Яны могуць вешаць «экстрэмізм», таму лепш такія паперы знішчыць, каб немагчыма было ўстанавіць факт сувязі з універсітэтам. Сілавікі вельмі ціснуць на «фінансаванне», нагадаю — нават трансакцыю выдумляюць. Таму факт фінансавання трэба адмаўляць.

Калі ў вас нешта знайшлі, сітуацыя пагаршаецца, але я б раіў нават тады ўсё ж маўчаць, таму што далей пастаноўка пытанняў аператыўнікамі будзе заўсёды ўводзіць ў тупік, у становішча, дзе вы нагаворыце на сябе», — кажа валанцёр «Вясны».

Асобная інструкцыя — для тых беларусаў, у якіх ёсць рахункі ў замежных банках і з іх праходзілі плацяжы за вучобу ў ЕГУ.

«Тады трэба змяніць мэйл, нумары-прывязкі да рахунку на кантакты чалавека, які знаходзіцца за мяжой. Напрыклад, калі вы бацька — перабіце цалкам на сына ці дачку, каб сілавікі не маглі з вашых рук гэтыя дадзеныя аднавіць. Вядома, трэба выйсці з акаўнту, выдаліць дадатак і — важны момант — скінуць тэлефон да завадскіх наладак, таму што сілавікі могуць па гісторыі прыладаў зразумець, што ў вас такі банкінг быў».

Што тычыцца саміх студэнтаў, ім пачынаючы праваабаронца раіць не ісці на правакацыі сілавікоў, калі яны спрабуюць выйсці на кантакт.

«Калі тэлефануе нехта з невядомага нумару, альбо калі тэлефануюць сілавікі з акаўнтаў бацькоў ці самі бацькі гавораць не так, як звычайна, — кідаць слухаўку. Вас будуць правакаваць на эмоцыі.

Уступаць у размову вельмі небяспечна, бо можна прыняць кучу неабдуманых рашэнняў. Далей — чакаем, як скончыцца візіт да бацькоў, але памятаем самае галоўнае: не ехаць у Беларусь. Таму што, калі вы едзеце, яшчэ і прыносіце даведку, што вучыліся ў ЕГУ, — вось, ваша сувязь з ім даказана».

Нават, калі чалавека не прызнаюць падазраваным, добрых навін тут няма. Як заўважае Артур Баран, вядомыя выпадкі, калі ахвяру спачатку падманваюць статусам сведкі, а пасля на допытах ідуць на хітрасць.

«Чалавеку даюць пастанову аб прыцягненні ў якасці сведкі, праводзяць апытанне, падчас якога сведка дае падпіску, што паінфармаваны аб дачы ілжывых паказанняў. Ідуць маніпуляцыі кшталту «раскажыце пра вашую ролю ў арганізацыі, пра іншых удзельнікаў». Чалавек думае: я ж сведка, баяцца няма чаго. Пачынае расказваць, але тут яго пераводзяць на падазраванага, пачынаюць дапытваць, і пачынаецца: вось пратакол допыту вас як сведкі, чаму вы там адно казалі, а зараз іншае?

Таму нельга весціся на гэтыя хітрыкі. Увогуле я б вывеў базавае правіла не верыць ментам. У вас з імі зусім розныя мэты, і яны нешта вам кажуць для таго, каб дасягнуць сваёй, якая вам шкодзіць. Калі вас просяць выслаць даведку — бунтуйце, хоць сварыцеся з бацькамі, але не высылайце. 

Вырашаць, канешне, вам, але лепей не перадаваць дакументы, якія дакажуць вашую сувязь з ЕГУ. Што тычыцца родных — калі на іх націснулі і яны спрабуюць угаварыць сына ці дачку вярнуцца, «бо нас усіх пасадзяць», можна нават на нейкі час спыніць стасункі, каб прайшоў час, можна было паглядзець на сітуацыю больш цвяроза і не нарабіць памылак», — кажа Артур.

Каментары19

  • Высновы
    13.06.2026
    Нарэшце, хоць хтосці выказаўся пра бяздзейнасць псеўдаадміністрацыі гэтай установы! Гэта ўсё спрэс летувісы, якім чхаць на беларусаў - абы захаваць свае шматтысячныя заробкі на крыві нашых людзей. Шарага не падлягае ўжо рэфармацыі. Адзінае выйсце: зачыняць і ствараць новае на базе аўтарытэтнага вну ў Еўропе (не Летуве!).

    [Зрэдагавана]
  • X
    13.06.2026
    Прафесійны падыход ад студэнта - малойца!
    Пры гэтым адміністрацыя насамрэч некампетэнтная і паісўная. Ад рэальнай камунікацыі ўхіляецца, распаўсюджвае шматлікія заявы з пустымі словамі, напісаныя нейрасеткамі.
    Два гады таму ўсім расказвалі пра нейкія "экстрэныя планы" і "планы Б", якія абярнуліся поўным фіяска непадрыхтаванасці. Фактычна, людзям проста намякаюць: ратуйце сябе самі.
    Так, былі перамовы з пэўнымі міністэрствамі ў Літве, МЗС прапанавала ўвесці санкцыі. Ну прапанавала і ўсё на гэтым. Няма ні супрацы з прэзідэнтам Літвы, ні з міжнароднымі структурамі дзеля не дэкларатыўнай, а сапраўднай дапамогі і абароны.
  • расспишитесь
    13.06.2026
    лукашенко строит скотный двор, по образу и подобию, скотных дворов Ирана и Северной Кореи.
    Беларусы пжинают посеянное в 1994 году.
    Хотели Ирана, хотели Северной Кореи, хотели СССР в его худшем виде, - получите и распишитесь.
    Правда в том, что этого хотели те, кому теперь 60+, остальные в могиле, но, за хотелки этих беларусов, рассчитываются их дети и внуки, поломанными судьбами, потерянным здоровьем, смертями, тюрьмой и нищетой44...

Цяпер чытаюць

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі92

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі

Усе навіны →
Усе навіны

На Вячы па цане катэджа прадаецца вядомая база адпачынку

Махляры сталі лавіць беларусаў каля банкаматаў6

ФІФА хоча павялічыць колькасць зборных на мундыялі да 64‑х2

Жыхара Жлобіна асудзілі за пратэсты, хоць тэрмін даўніны павінен быў выйсці. Як такое магчыма?6

Саудаўская Аравія рыхтуецца паставіць на месца еменскіх хусітаў1

Ва Украіне прадухілілі замах на камандзіра «Хартыі»

Зяленскі дабіваецца, каб Маск дазволіў Украіне выкарыстоўваць Starlink для навядзення дронаў на тэрыторыі Расіі1

Вось якое хараство за 40 мільёнаў даляраў прадае сябар-трэнер Лукашэнкі3

У Мінску мантуюць грандыёзны аквапарк на вадзе амаль на 2000 квадратных метраў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі92

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць