Карікатура з заходнебеларускага сатырычнага часопіса «Маланка».

Карікатура з заходнебеларускага сатырычнага часопіса «Маланка».

«Універсітэт» — так называлі віленскую турму на Лукішках ў міжваенны час.

Любы «палітычны», які туды трапляў, мог атрымаць камуністычнае выхаванне і далучыцца да шэрагаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Усе палітзняволеныя ў Лукішках жылі камунай, на чале з партыйным турэмным камітэтам.

1929 год. Пачатак сусветнага крызісу. У Вільні адбываюцца мітынгі з патрабаваннямі «працы і хлеба». У Лукішскай турме ў гэты час утрымліваецца каля трох соцень палітзняволеных, да якіх рэжым быў асабліва жорсткі: збіццё, пакаранні за любую дробязь, непрыманне перадач ад родных па некалькі месяцаў, карцар, пазбаўленне права на атрыманне кніг і газет.

Каб палепшыць сваё становішча, турэмны камітэт прыняў рашэнне абвясціць галадоўку. А 7-й ранку, калі звычайна зняволеным прыносілі хлеб і каву, турэмныя наглядчыкі паведамілі кіраўніцтву, што палітычныя адмовіліся есці, выкінулі ўсю ежу з камер на калідоры і праз вокны ды выставілі патрабаванні.

Першыя два дні галадоўкі прайшлі спакойна. Трэці ж супаў з прыёмам перадач ад родных.

Каб не дапусціць пранікнення інфармацыі пра галадоўку на волю, адміністрацыя турмы абвесціла сваякам палітзняволеных, што тыя пакараныя. Таму перадачы не прымаюцца.

Аднак гэта не дапамагло — да родных ужо дайшлі чуткі пра галадоўку. Яны сабраліся каля турмы і сталі патрабаваць начальніка. Але ў адказ ахова турмы была ўзмоцненая коннай паліцыяй.

Пасля гэтага сваякі палітзняволеных адправіліся з пратэстам да пракурора. А вестка пра галадоўку распаўсюдзілася па Вільні і ваколіцах.

На чацвёрты дзень галадоўкі крымінальнікі, якія спачувалі палітзняволеным, паведамілі галадоўнікам, што ім рыхтуюць штучнае кармленне.

І вось у камеры пачалі ўрывацца наглядчыкі і выганяць зняволеных у калідор. Тыя кідаліся на падлогу, супраціўляліся. Але іх гвалтам цягнулі на кармленне. На шляху ім сустракаліся таварышы з акрываўленымі тварамі і парваным адзеннем.

Адну з камер прызначылі для кармлення. У ёй было шмат наглядчыкаў і турэмны ўрач.

Калі зняволеных уводзілі ў пакой, урач прапаноўваў ім дабраахвотна спыніць галадоўку.

Але ў адказ чуў толькі заклік выканаць патрабаванні турэмнага камітэта.

Па знаку ўрача наглядчыкі хапалі зняволенага, скручвалі яму рукі, а ў рот засоўвалі жалезную трубку з гумавым шлангам, які прапіхвалі ў страўнік і пачыналі заліваць туды вадкую ежу. Прычым гэта датычылася не толькі мужчынаў-вязняў, але і жанчын, якія звычайна гублялі прытомнасць.

У бессвядомым стане іх зацягвалі ў адзіночку, дзе кідалі на падлогу адна на адну. У такім стане яны ляжалі доўга. Адна з ахвяр таго «кармлення» ўспамінала, што абудзіў яе спеў «Інтэрнацыянала». Спявалі не толькі палітычныя ва ўсіх камерах, але і частка крымінальнікаў. Супрацьдзейнічаць гэтаму назіральнікі не змаглі.

На шосты дзень галадоўкі частку палітзняволеных з Лукішак пачалі развозіць па іншых турмах. Але гэта не дапамагло: да галадоўкі далучыліся новыя ўдзельнікі, арыштаваныя падчас дэманстрацыі пратэсту перад турмой.

На сёмы дзень многія палітзняволеныя з-за слабасці ўжо не маглі хадзіць. У камерах было шмат хворых, якім трэба была тэрміновая медыцынская дапамога. Але ніхто не звяртаўся па яе.

На восьмы дзень увечары, кіраўніцтва турмы выклікала прадстаўнікоў турэмнага камітэта на перамовы. Доўгі час не было ніякіх навінаў. Здавалася, што тых, хто выправіўся да начальніка, кінулі ў карцар.

Быў ужо позні вечар, калі пачуўся грукат дзвярэй камер. Удзельніца тых падзей, Шмуклер узгадвала: «Да нас у суправаджэнні старэйшай наглядчыцы ўвайшла прадстаўніца турэмнага камітэта, якая ўдзельнічала ў перамовах. Яна ледзь трымалася на нагах, але твар яе ззяў перамогай. Мы абдымаліся, і моцна-моцна цалаваліся. Яна паведаміла, што мы перамаглі, што ўсе нашыя патрабаванні задаволеныя: адміністрацыя турмы прызнала турэмную камуну, дазволіла атрымліваць кнігі і газеты, вольны шпацыр».

«Мы папрасілі гарачай вады і хлеба, які мачалі ў вадкасць і смакталі. Але вось зусім неспадзявана ў хлебе аказаліся два кавалачкі цукру … Гэты цукар паклалі нам, крымінальныя, якія раздавалі ежу».

Так скончылася васьмідзённая галадоўка палітычных зняволеных у Лукішскай турме ў 1929 годзе.

* * *

Васіль Герасімчык

гісторык, літаратар. Нарадзіўся ў Васілевічах пад Слонімам. Працуе настаўнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0