Меркаванні115115

Закрыты ліст Ігару Шуневічу: Вы упэўнены, што хочаце перамагчы?

Піша Стась Карпаў.

Не ведаю як пачаць, Ігар Анатолевіч. І гэтых пратакольных «дарагі» ці «паважаны» не хочацца. І наогул, я свой ліст перапісваў два разы і даўся ён мне надзвычай цяжка. Спачатку атрымлівалася як бы не для вас, а для ўсіх астатніх. І тады я падумаў напісаць тое, што магло б вам сказаць уласнае сумленне, якое, дапусцім, унутры вас жыве. Хацелася не столькі даказваць, колькі казаць відавочнае. Можа быць тады, хоць вы са мной і не пагадзіцеся, але зразумееце. І, магчыма, наступным разам пасаромеецеся казаць пра «хвалю дыскрэдытацыі міліцыі».

Гэта я буду лічыць сваёй прамежкавай перамогай, ну а краіна наша ўсё адно застанецца камусьці «аднаму» - будучым «вам», ці будучым «нам». Бо разам «вас» і «нас» яна не вытрымае.

Такім чынам, я хачу вам расказаць пра агіду. У прынцыпе, уся наша дзяржава выклікае ўва мне гэтае пачуцце, але сёння я пішу да вас і таму пра міліцыю.

Вы неяк сказалі «Усе яны (рэвалюцыі) пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады, найбольш моцных яе галін. …Мне здаецца, у нас спрабуюць разыграць той жа сцэнар». Сказалі і ўнутры мяне паболела агіды. Чаму?

Давайце я растлумачу. Уявім, што, напрыклад «Стала вядома, як міліцыянер Н прадаваў спайсы». Для мяне дыскрэдытацыя міліцыі — гэта частка пра спайсы, а для вас — частка пра «стала вядома». Разумееце? Сам факт злачынства для вас ніколі не падрыў даверу. Вы ніколі не абмяркоўваеце злачынства вашых супрацоўнікаў як дыскрэдытуючы фактар. А вось абмеркаванне — абмяркоўваеце.

І ў мяне ўзнікае пытанне: гэта ж для гандляра спайсам добра, калі пра яго не ведаюць, а калі ведаюць - кепска. Для вас жа павінна быць наадварот?

Для мяне дыскрэдытацыя — гэта падрыў даверу, а для вас — невыкананне абавязку любіць.

Вам увесь час падаецца, што міліцыя створана не для працы, а для любові. Таму, калі можна я апішу яшчэ пару эпізодаў. Пра службу і любоў.

Вечарам 19 снежня 2010 года на вуліцы Калектарная каля офіса «Гавары праўду» на нас напала міліцыя. У нас у руках былі рукавічкі і сцягі. У іх — светлашумавыя гранаты і дубіны. Адна з гэтых гранат трапіла ў маю жонку і ў выглядзе сувеніра ў нас дома зараз захоўваецца жончына напалову згарэлая сумка. Вы скажаце, што я дыскрэдытую… Але што мне рабіць, калі я ведаю? Я ведаю, што гэта была міліцыя, бо роўна так «невядомыя» затрымлівалі за «хлапкі», роўна так шмат разоў затрымлівалі Дашкевіча. Роўна так Пальчэўскага спрабавалі зацягнуць у машыну. Вядомыя «невядомыя». І пра начны напад на намётавы лагер у Курапатах мы з вамі таксама ўсё разумеем.

Мы ведаем, што гэта была міліцыя, але не можам даказаць. Бо нельга прымусіць міліцыю шукаць міліцыю.

Раней я лічыў, што асобы, чые злачынствы вядомыя, але недаказуемыя, называюцца «зладзеямі ў законе». Цяпер я разумею, што бываюць варыянты, і разумею, што імкненне даказаць злачынства можна кваліфікаваць як кампанію па дыскрэдытацыі.

Але скажыце, Ігар Анатолевіч, калі вы кажаце пра гонар мундзіра — вы маеце на ўвазе чорную куртку, трэнікі і вязаную шапачку? Проста хацелася б пераканацца.

Я разумею, расказы пра тое, як міліцыя суе дубінкі ў рот узятым пад варту — недаказуемы. Але, скажыце, — гэта няпраўда? Не мне, канечне. Скажыце сабе. Памятаеце, як АМАПавец «пры адсутнасці складу злачынства ў дзеяннях» ударыў кулаком у твар Святлане Завадскай? Цікава проста, калі гонар мундзіра дазваляе зрабіць гэта — то можа быць і дубінку ў рот тыкаць дазваляе?

Калі мундзір не супраць збіцця бяззбройных жанчын, то можа з ім і наконт астатняга можна дамовіцца? Мундзір, наогул, часта пратэстуе?

Я памятаю Фрунзенскі суд і працэс над арганізатарамі Плошчы 2010. Як паміж усіх гэтых небяспечных каварных інтэлігентаў, якія набіліся ў вестыбюлі, хадзілі вашы «ахоўнікі правапарадку і дзяржаўнасці». Сытыя, моцныя, з бліскучымі вачамі, неадрозныя ад наведвальнікаў сельскай дыскатэкі, у штоніках і туфельках з вострымі насамі. І як яны смяяліся і раўлі матам праз лесвічны пралёт на ўвесь суд, абмяркоўваючы свае фінансавыя адносіны.

Разумееце, перад маімі вачамі былі адначасова і яны, і Генадзь Бураўкін. Магчыма, вы яго таксама не чыталі, але паверце, Бураўкін побач з «ахоўнікамі дзяржаўнасці» — сам па сабе наймацнейшая хваля дыскрэдытацыі апошніх. Бо немагчыма паважаць людзей, з якімі ты адчуваеш нават не цывілізацыйную, а эвалюцыйную розніцу.

Дарэчы, вы самі хацелі б апынуцца ў свеце Бураўкіных ці ў свеце ахоўнікаў дзяржаўнасці? Сярод, як вы кажаце, «пісак і гарлапанаў», ці сярод ідэолагаў свінафермаў? Вы задумваліся калі-небудзь на гэты конт?

Вы, праўда, хацелі б перамагчы? Я маю на ўвазе — не «перамагаць». Гэта вам, канечне, падабаецца. А перамагчы абсалютна?

Проста тут жа вось якая справа. Вы можаце сказаць, што вам не блізкія інтэлігенцікі і пісакі. Вам даспадобы моцныя духам, мужныя людзі. Героі і бескампрамісныя байцы. Але як растлумачыць тады, чаму на нядаўнім судзе, вашым жа судзе, «у сваіх сценах» супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі Дашкевіча, даючы паказанні, называлі свае імёны ціхім шэптам і адвакат іх перапытваў па некалькі разоў. Чаму яны хавалі твары і ледзь выціскалі з сябе словы?

І чаму побач з імі «адмарозак і маргінал» Дашкевіч стаяў роўна, не апускаў вачэй і не хаваў твару? Чаму ён казаў «прызнаю дзеянне, але не прызнаю віны»?

Вам не падаецца, што і тут усё перакулена з ног на галаву?

Вашы людзі павінны былі б явіць прыклад мужнасці, а Дашкевіч — быць вартым жалю баязліўцам, як належыць маргіналу? Што вам з гэтай нагоды кажа мундзір?

Дарэчы, даруйце, што я ўвесь час паўтараю, але паколькі я кажу пра агіду — гэта важны момант. Калі мы кажам пра мундзір і не маем на ўвазе куртку і шапачку — ці не кажам мы пра той самы мундзір НКВД, якім вы так ганарыцеся?

І гэта зусім не марнае пытанне. Справа ў тым, што як вы ведаеце, у 1937—38-х гадах у СССР дзейнічалі так званыя тройкі, куды акрамя сакратара абкама і пракурора уваходзіў прадстаўнік НКВД і за некалькі хвілін гэтыя людзі маглі вынесці чарговаму ворагу народа смяротны прысуд.

Я гэта да чаго. Думаю, калі вы бачыце, як прэс-сакратар ГУУС Аляксандар Ластоўскі на фэйсбуку раіцца, ці караць дзяўчыну за фота на плошчы Перамогі — ваш мундзір не паўстае. Але вось мне, разумееце, агідна і таму цікава спытаць: калі прэс-сакратар галоўнага упраўлення унутраных спраў вялікай еўрапейскай краіны публічна за межамі суда абмяркоўвае лёс чалавека са сваімі падпісчыкамі — гэта дыскрэдытуе міліцыю, ці яшчэ не?

Шмат у мяне пытанняў, але я разумею, што непрыемны тэкст, якога непрыемна шмат — непрыемны ўдвая. Таму я спынюся яшчэ толькі на адным моманце.

Вось калі вы адстайваеце права міліцыі збіваць людзей пры затрыманні, уламвацца ў кватэры і ні разу на маёй памяці не прызналі віны свайго ведамства за выключэннем асобных «недахопаў прафесіяналізму», я бачу ў гэтым не клопат пра нейкую мэтазгоднасць і правапарадак, у якім прысутнічае «права». Я бачу ў гэтым звычайнае чалавечае і вельмі зразумелае «я хачу». Тыя, хто змагаецца за правы курцоў, хочуць курыць. Для сябе. Тыя, хто «за здаровы лад жыцця нацыі» — хочуць самі быць здаровенькімі. Любое змаганне за права групы — гэта найперш асабістае, эгаістычнае.

Таму, калі вы апраўдваеце гвалт, — вы кажаце «я хачу». Вы хочаце, і многія з тых, хто працуюць у міліцыі — хочуць. Хочуць біць людзей. Яны хапаюць аднарукіх за хлапкі, яны дастаўляюць у пастарункі людзей, якія выходзячы з царквы нібыта «лаюцца матам» і яны іх «усміраюць». Вось так. А мы іх дыскрэдытуем.

Міліцыянер, які падышоў да хлопцаў на Курапатах, каб ахвяраваць грошы на крыжы, зрабіў гэта таемна. Міліцыянер, які пастукаўся ў камеру Дашкевіча, каб падзякаваць яму, зрабіў гэта ноччу. Так што, як бачым, унутры свайго ведамства вы бясспрэчна перамаглі. Тыя, хто не хочуць збіваць людзей і могуць з імі гаварыць, баяцца ў гэтым прызнацца сваім жа саслужбоўцам. Але мне проста хацелася б вярнуцца да свайго папярэдняга пытання. Ігар Анатолевіч, вы упэўнены, што сапраўды хочаце перамагчы?

Перамагчы паўсюль і безумоўна?


Каментары115

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка1

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

Закладчыкі хавалі наркотыкі ў шышках, каштанах і жалудах3

Іван Наскевіч выдаў кнігу пра Следчы камітэт — які ён раней узначальваў6

Беларусы сабралі неабходную суму грошай на калядныя падарункі дзецям палітвязняў2

У Вілейцы з'явіўся ліхтар, якому трэба ціснуць руку, а ў адказ ён здыме капялюш і запаліць святло

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?32

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка1

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →