«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка
Тэлеканал АНТ паказаў на Каляды свой прэм'ерны серыял —камедыю «АЗС №1». Чым адметны гэты праект?
Піццё амывайкі і крадзеж з хуткай як бізнэс-ідэі
У верасні 2024-га ажно ў 60 беларускіх кінатэатрах прэзентавалі прэм’еру — камедыю «АЗС №1» пра жыццё адной запраўкі. Дзяржаўная прапаганда выхвалялася, што стужку рабілі выключна рукамі супрацоўнікаў АНТ: гэта і рэжысёры, і аператары з гукавікамі, і грымёры ды кіроўцы. Кіно здымалі на запраўцы пад Мінскам і яшчэ на 48 лакацыях, у тым ліку на тэрыторыі трох музеяў, Мірскага замка і Лініі Сталіна.
Кажуць, адных прафесійных акцёраў у стужцы было больш за 30 чалавек. Сярод іх, напрыклад, была зорка лукашэнкаўскага Купалаўскага тэатра Вольга Няфёдава.
Для АНТ і ў прынцыпе беларускага тэлебачання гэта насамрэч вельмі значны праект. Здымаць серыялы на базе тэлеканалаў — ідэя, якую міністр інфармацыі (і ранейшы кіраўнік АНТ) Марат Маркаў пралабіраваў перад Аляксандрам Лукашэнкам. Логіка ў тым, каб не траціць бюджэтныя грошы і не закупляць просценькія серыялы ў Расіі і ва Украіне. Узамен можна здымаць іх танна ў сябе, а пасля яшчэ і прадаваць у расійскі эфір, акупляючы выраб.
Хутчэй за ўсё, ад поспеху (ці правалу) «АЗС №1» шмат у чым залежыць далейшы лёс ідэі. Прычым гаворка перадусім не пра творчы складнік, а пра фінансавую мадэль. Ці ўдасца выгадна прадаць серыял расіянам — наступная задача, якая стаіць перад тэлевізіёншчыкамі.
Але што ж атрымалася ў творчым плане? Раскажам вам сюжэт гэтай гісторыі да канца: тут не варта баяцца, што спойлеры сапсуюць вам задавальненне — вы зразумееце, чаму гэта не мае значэння.
У пачатку стужкі нас знаёмяць з Браніславам Аркадзевічам Камароўскім, дырэктарам адной з заправак, якія ўваходзяць у буйную сетку. Браніслаў удзельнічае ў нарадзе кіраўнікоў заправак, і там галоўны бос усёй сеткі абвяшчае пра конкурс: маўляў, чыя запраўка заробіць цягам месяца больш за канкурэнтаў, той і стане яго намеснікам.
Камароўскі наш аказаўся рэдкасным кар’ерыстам і кінуўся ў гэтую справу з галавой. Праўда, метады, з дапамогай якіх ён вырашыў зарабляць, у вас выклічуць пытанні.
Напрыклад, Браніслаў прыязджае на станцыю хуткай дапамогі і вывозіць адтуль нешта, што нагадвае па выглядзе фізраствор — бясшкодную вадкасць з дадаткам солі. Але ж на запраўцы гэтую вадкасць дадаюць у гарбату і прапануюць кіроўцам як «камплімент ад установы». Гэты «камплімент» дзейнічае як імгненнае слабільнае. А калі не хочаш спраўляць патрэбу ў кустах (за што атрымаеш штраф), плаці 10 рублёў за туалет.
Тым часам іншага супрацоўніка запраўкі саджаюць у інвалідны вазок, ён згінае калена і закручвае нагу такім чынам, быццам частка нагі ў яго ампутаваная. Кіроўца, які прыязджае на запраўку, дае лжэ-інваліду лішнюю капейку, а аператары тым часам акцэнтуюць увагу на яго «калецтве» — ілжэ-інвалід паўзе ля машыны, каб уставіць у яе заправачны шланг. Верагодна, тэлевізіёншчыкі лічаць, што гэта павінна выглядаць смешна.
Таксама Камароўскі прыязджае ў дзіцячы садок і пакідае яго з багажнікам, поўным мяккіх цацак. Гэтыя цацкі супрацоўніца запраўкі прапануе кліентам набыць за куслівую суму ды яшчэ ў дадатак дазваляе пагуляць на надзіманым дзіцячым атракцыёне — рэдкасная прапанова!
І калі з вас ужо дастаткова, расчаруем — гэта былі першыя 15 хвілін фільма. Агульны ж яго час разам з рэкламай склаў прыкладна тры з паловай гадзіны.
Працягваем. На гэтую запраўку прыязджае новы супрацоўнік — малады хлопец, якога абавязкова трэба ўладкаваць на працу. Вось толькі ён яшчэ і надта нягеглы, таму ў першыя ж хвіліны ў кадры ламае на запраўцы электроніку. Рамонт каштуе грошай, і гэта яшчэ адна нагода іх зарабіць як мага хутчэй.
Якое выйсце? Зладзім на запраўцы стрыптыз-клуб, вырашае Камароўскі. Аднак супрацоўніца запраўкі Эльвіра выпівае перад уласным выступам занадта шмат алкаголю і падае проста перад шостам. Тады ў яе парыку вакол шаста танчыць яе калега. Падман раскрыўся, і мужыкі-наведнікі клуба не стрымалі сваю агрэсію.
Але Браніслаў не здаецца. На яго запраўцы прадаюць як алкаголь вадкасць-амывайку, і няшчасныя спажывальнікі трапляюць у бальніцу, а за імі і Камароўскі — трэба ж адказваць! Тады на запраўцы ладзяць казіно, але з тэхнічнымі перасцярогамі: каб карыстальнікі не выйгралі на гульнявых аўтаматах машыну Камароўскага. Лёша — супрацоўнік, які зламаў электроніку — гэты засцерагальны механізм прыбірае, і Камароўскі застаецца без машыны.
Тады хлопца нарэшце вырашаюць замкнуць у імправізаванай камеры — якая беларуская рэчаіснасць без гэтага? Але ён аказваецца на волі, раззлаваныя калегі гоняцца за ім і збіваюць яго на машыне. І тут кіраўнік іншай запраўкі тлумачыць Камароўскаму — гэта ж сын генеральнага!
«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!»
Браніслаў прыдумляе новую бізнэс-ідэю, і яна на дзіва адэкватная: ён вырашае ладзіць кінатэатр на тэрыторыі запраўкі і паказваць там нямое кіно пад жывую музыку. Але для гэтага трэба праектар, і Лёша крадзе яго з сельскага клуба суседняй вёскі, а потым праз гэта аказваецца за кратамі. Саджае яго міліцыянерка, якую грае Вольга Няфёдава, і яна ў гэтай ролі вельмі арганічная.
Калегі спрабуюць падманам вызваліць Лёшу і абмяркоўваюць, як гэта зрабіць. У тым ліку і разважаюць, чаму міліцыянт Бабаева «бесіцца» — напэўна, кажуць яны, «мужыка ў яе даўно не было». А калі Эльвіра, іх калега, справядліва злуецца ў адказ на такую выснову, намякаюць, што гэта датычыць і Эльвіры. І вырашаюць падкласці аднаго з заправачнікаў пад Бабаеву-Няфёдаву, але тая не такая простая, і ў выніку ў камеры збіраецца ўвесь калектыў АЗС №1.
З’ява для Беларусі звычайная, так што на Бабаеву яны не надта крыўдзяцца. І прыдумляюць, як дапамагчы ёй атрымаць зорачкі маёра — для гэтага трэба, каб яна іх выпусціла, а яны, заправачнікі, тым часам скрадуць машыну, каштоўную для кіраўніка раённай міліцыі. Бабаева яе знойдзе і атрымае ўзнагароду. Замест машыны яны памылкова крадуць танк пад савецкую песню пра танкістаў, але непаразуменне вырашаюць.
Асобна адзначым, што непрыемна ўражвае рускамоўнасць фільма. Дарожныя знакі, у тым ліку з назвамі населеных пунктаў, шыльды на будынках — усё гэта ў Беларусі ад АНТ зроблена на рускай мове. І тут можна вярнуцца да ранейшага тэзісу пра тое, што серыял рабіўся перадусім для расійскага рынку.
Што яшчэ можна зрабіць, каб выйграць конкурс? Падкласці дзяўчыну пад сына генеральнага! Кандыдатка, пляменніца Камароўскага, высвятляе, што Лёша — насамрэч махляр, якога наняў Кінза (калега і супернік Камароўскага ў спаборніцтве за павышэнне), каб той дакладваў яму хітрыя бізнэс-ідэі Камароўскага. І Браніслаў прыдумляе сваю галоўную хітрасць: ён запраўляе бясплатна кліентаў, якія набудуць на запраўцы хоць нешта, а каб не атрымаць пакаранне за раздачу бензіну, падстаўляе Кінзу — маўляў, гэта ён злівае бензін і гэта ў яго на запраўцы пустыя сховішчы для бензіну.
Кінза атрымлівае пяць гадоў за кратамі з канфіскацыяй, а Камароўскі, канечне, робіцца намеснікам генеральнага. На элітнай жоўтай машыне Браніслаў прыязджае на сваю былую запраўку і забірае адтуль падапечных — маўляў, паедзем, буду рабіць вас начальнікамі заправак! Але тут Лёша націскае на кнопку і машына падрываецца, а далей нам паказваюць Кінзу, які хітра смяецца за кратамі.
Здаецца, для ўсіх герояў гэта найлепшае заканчэнне.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары