Мастачка Вольга Дзёмкіна выехала ў Францыю адзінаццаць гадоў таму. Думала павандраваць і вярнуцца, але лёс распарадзіўся іначай. Выйшла замуж за француза, зьдзівіла сваім мастацкім ткацтвам радзіму габэленаў. Ёй пайшлі заказы. Прыехаўшы на радзіму, мастачка дала інтэрвію Міхасю Скоблу для праграмы радыё «Свабода» «Вольная студыя».

— Спадарыня Вольга, я не пытаюся пра ваш тамтэйшы побыт, пра моўныя праблемы; раскажыце, як вы акліматызаваліся ў францускім грамадзтве менавіта як мастачка?

— Забыць мінулае і пачаць новае жыцьцё мастаку няпроста. Усё трэба пачынаць з нуля. Перанараджацца. Бо творчасьць замежнага мастака, які прыехаў у другую краіну, успрымаецца там не адразу... Я не эмігрант, я не палітычны ўцякач, я не перайшла па патайных сьцежках мяжу, я проста зьдзяйсьняла сваё жыцьцёвае падарожжа, і так сталася, што спынілася ў Францыі. Але грамадзянства ў мяне застаецца беларускае, і я ня бачу патрэбы яго зьмяняць.

— У Беларусі вас ведалі як майстра габэлену. А ці займаецеся вы мастацкім ткацтвам у Францыі?

— На дзіва, у Францыі зьнік габэлен як від сучаснага мастацтва. Хоць габэлен нарадзіўся на зямлі Францыі! Францыя – радзіма габэлену! Габэлен у Францыі захоўваўся толькі як рэстаўрацыя старажытных габэленаў. Да мяне ў майстэрню заходзілі людзі, аглядалі, абмацвалі мае габэлены на выставах, вельмі доўга прыглядаліся, гадамі, і вось толькі цяпер прапанавалі мне стаць прэзыдэнтам па тэкстылі, мая задача – адрадзіць габэлен у Ліёне.

— Думаю, што гэта вам цалкам па сілах. Нядаўна ў Літаратурным музэі Янкі Купалы вы прэзэнтавалі кнігу “Падарожжа на плянэту мараў” – ваш супольны праект зь літоўскай пісьменьніцай Эміліяй Баленене-Легутэ. Як такое сталася магчымым, што ў Францыі пачалі выходзіць прыгожыя беларускія кнігі?

— О, тут цэлая гісторыя! Трыццаць гадоў таму я купіла гэтую кніжачку ў Баранавічах. І яна сталася адной з маіх улюбёных кніг. Я безьліч разоў перачытвала яе, захаплялася тонкім пісьмом паэтэсы, якой ніколі не бачыла. Ведаеце, для добрых казак няма ўзросту. Калі ты маленькі, то бачыш і адчуваеш адно, а калі ты дарослы – чытаецца зусім іншы тэкст! І вось, ужо ў Францыі, я аднойчы расказала сюжэт адной казкі свайму мужу Жаку Д’Экалю, і ён быў у захапленьні, і мы вырашылі перавыдаць гэтую кнігу па-беларуску, па-француску і па-ангельску. І мы ажыцьцявілі задуманае, папярэдне знайшоўшы гэтую паэтэсу, і я зь ёй доўга размаўляла па тэлефоне, а потым і пісьмы пасыпаліся. Яе душа абсалютна зьлівалася з нашым разуменьнем душы беларускай. Аказваецца, Эмілія жыве каля саменькай мяжы зь Беларусьсю, восем кілямэтраў ад яе лецішча да мяжы. Яна выдатна ведае беларускую мову, перакладала на літоўскую апавяданьні Вячаслава Адамчыка, творы Алеся Разанава. Эмілія цудоўна на памяць чытае вершы Янкі Купалы, у яе сэрцы – абсалютная сымпатыя да Беларусі.

— Ужо ў ХХІ стагодзьдзі вы сталі ўладальніцай залатога мэдалю Міжнароднай акадэміі мастацтва і літаратуры ў Парыжы і мэдалю Нацыянальнай асамблеі Францыі. За якія мастацкія дасягненьні вы атрымалі гэтыя прэстыжныя ўзнагароды?

— За мастацкую працу. Я пісала на тэхніцы, якая для маіх беларускіх калегаў здасца новаю. Я пісала па дрэве, гэтую фрэскавую манеру я дасканала вывучыла ў Італіі. Я напісала нізку твораў «Першыя суніцы», духмяныя суніцы — гэта маё дзяцінства. За свае беларускія суніцы я атрымала францускі мэдаль, а другі мэдаль — за аздабленьне кнігі паэзіі Гіёма Апалінэра, продкі якога таксама паходзяць зь Беларусі. Для выдаўцоў гэта быў сюрпрыз. І яшчэ адну ўзнагароду маю за адзін твор, які нарадзіўся на вачах у публікі. У Францыі практыкуюцца такія імправізацыі. Я імправізавала на тэму прыроды таго рэгіёну, Ліёну, дзе я жыву, дзе шмат вінаў, дзе прыгожа адзначаюцца народныя сьвяты і рытуалы.

— Вы згадалі пра Апалінэра і францускія віны, і мне прыгадалася, што ён называў бутлі з шампанскім найлепшай у свеце артылерыяй... Вы зьяўляецеся чальцом Рады мастакоў Францыі. Гэта аналяг нашага Саюзу мастакоў?

— Так, Рада мастакоў падобная на Саюз мастакоў, але ў саюзе толькі беларускія мастакі, а ў радзе сяброўства інтэрнацыянальнае.

— Вы аздобілі некалькі кніг для францускіх выдавецтваў. Ці можа францускі мастак кніжнай графікай зарабіць на жыцьцё?

— Калі мастак мае імя, калі ён дасягнуў пэўнага ўзроўню, то й жыве ён вельмі добра матэрыяльна. Гэта тычыцца ня толькі мастакоў, але і пісьменьнікаў, дзеячоў тэатру.

— Я ведаю, што вы ў пачатку 1980-х гадоў бывалі ў Зэльве ў Ларысы Геніюш. У лісьце ад 15 верасьня 1982 году паэтка пісала Валянціне Трыгубовіч: «Мілая Вольга Дзёмкіна пакінула мне вялікую акварэль зэльвенскага касьцёла». Што вам памятаецца з тых пагасьцінаў у Ларысы Антонаўны?

— Ларыса Геніюш — мая ўлюбёная паэтка, яе творы я перачытваю ўвесь час у Францыі. Далёка ад радзімы я адчуваю патрэбу зьвяртацца да яе паэзіі. Мне пашчасьціла яе бачыць, зь ёю сустракацца. Незабыўны час падарожжаў, экспэдыцый, якія ў свой час арганізоўваў Музэй старажытнай культуры пры Акадэміі навук, калі там працавала Вольга Церашчатава. Аднойчы раніцай мы пад’яжджалі да Зэльвы, і я ўбачыла касьцёл, такі прыгожы, у лагчыне ляжалі туманы, і коні праскакалі. Мы прыпыніліся, і пакуль усе астатнія былі занятыя сваімі справамі, я напісала хуценька на картоне пэйзаж з касьцёлам. Калі мы зайшлі ў хату да Ларысы Геніюш, пэйзаж яшчэ ня высах. Ларыса Антонаўна глянула і кажа: «Вой, як добра маёй душы, гэта ж мой краявід!» Мне было прыемна, і я вырашыла падараваць пэйзаж паэтцы. «Не, даражэнькая Вольга, я не вазьму, хай застаецца ў музэі». Я праявіла настойлівасьць. Ларыса Антонаўна хуценька выйшла, вярнулася зь вялізнай хусткай, расьпісанай прыгожымі ружамі, з кутасамі, якую прыслалі эмігранты з Канады. Гэтым разам ужо я пачала супраціўляцца: «Гэта ж падарунак вам, я не вазьму, гэта немагчыма». І тады яна ўзяла і разрэзала хустку на чатыры часткі, бо нас там было чатыры жанчыны. Выйшла кожнай па хустцы.

— І дзе цяпер вашая хустка?

— Яна заўсёды са мной, я зрабіла з бакоў кутасы і захоўваю яе як дарагую рэліквію, як сымбаль любові да паэткі, якая аддала сваю любоў і сваё жыцьцё беларускай зямлі, уславіла яе прыгажосьць.

— Сёньня маладыя беларускія мастакі імкнуцца любым спосабам трапіць на Захад, знайсьці прызнаньне ў той жа Францыі, у Нямеччыне. Што б вы ім параілі?

— Мастаку заўсёды трэба быць самім сабой, бо ў душы кожнага творцы адгукаецца калярыт тае зямлі, дзе ён народжаны, успоены, вырас. Напрыклад, учора я патрапіла ў майстэрню народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. На ягоных палотнах — такі беларускі калярыт, такія беларускія краявіды! Калі глядзіш, проста фізычна адчуваеш вібрацыі душы мастака. Вось гэта вельмі важна. Я магу ганарыцца, што Шчамялёў — мой пэдагог, што ён даў мне разуменьне знайсьці сябе, ісьці па сваёй маленькай сьцежачцы. Ня трэба імкнуцца на аўтамагістралі ў мастацтве, яны могуць зьбіць з панталыку і расьціснуць. Трэба ісьці сваёй сьцежкай і разумець, што сьвятло маленькай зоркі іншы раз больш заўважнае на чорным небе, чым сонца ў сьпякотны дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?