1. У плане інфраструктуры сітуацыя палепшала.
У самім горадзе нармальныя дарогі і адрамантаваныя тратуары. Цэнтральныя раёны горада дагледжаныя і адрамантаваныя. Я б нават сказаў, што яны выглядаюць лепш, чым у Вільні. І не горш, чым раёны любога беларускага абласнога цэнтра.
2. Актыўна будуюцца веладарожкі.
Прычым пераважна гэта сапраўдныя веладарожкі, а не выдзеленыя фарбай палосы, як у Мінску ці Вільні. Праўда, веласіпедыстаў менш, чым у Мінску, і па добрых львоўскіх веладарожках спакойна ходзяць людзі.
3. Усе чулі пра праблемы смецця ў Львове. Але знешне я гэтага не пабачыў. Горад чысты.
Вуліцы Львова не бруднейшыя за вуліцы Гомеля. За цэлы дзень у горадзе не бачыў ніводнага дворніка.
4. Моладзь не толькі Львова, але і ўсёй Украіны больш мабільная, чым беларуская, яна больш падарожнічае. Увесь час заўважаеш людзей з палаткамі, спальнікамі і карыматамі.
І тут у мяне два тлумачэнні. Па-першае, украінскія студэнты могуць падарожнічаць чыгункай па Украіне з 50% зніжкай. Па-другое, велізарным імпульсам стаў бязвізавы рэжым для Украіны ў зону Шэнген. Гутарыў з некалькімі 17-гадовымі школьнікамі, якія проста вырашылі і паехалі аўтаспынам па Еўропе. І для гэтага візы больш непатрэбныя!
5. Украіна ўжо не такая танная для беларусаў, як раней. Але кнігі ва Украіне неймаверна танныя.
Быў у горадзе, калі там адбываўся «Форум выдаўцоў» са шматлікімі кніжнымі кірмашамі. Кнігі параўнальна з Беларуссю каштуюць капейкі.
6. Грамадскі транспарт у Львове такі ж жудасны, як і ў 2014 годзе.
Невялікае назіранне. За 26 гадоў жыцця ў Беларусі я ніколі не бачыў, каб дзверы аўтобуса адчыняліся яшчэ да яго спынення. У Львове (ды і іншай Украіне) увесь час так.