Здарэнні1717

Кіраўніцтва спецвучэльні ў Магілёве затрымана за жорсткае збіццё падлеткаў, якія спрабавалі ўцячы

Непаўналетні навучэнец Магілёўскага спецвучылішча закрытага тыпу №2 трапіў у бальніцу з пераломам пазваночніка. Яшчэ пяцёра атрымалі цялесныя пашкоджанні. Як стала вядома TUT.BY, 26 лістапада шасцёра хлопцаў збеглі са спецвучэльні. Іх знайшлі і вярнулі ва ўстанову, а пасля, па словах маці аднаго з уцекачоў, збілі. У дачыненні да дырэктара спецвучылішча і яго намесніка заведзена крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Мужчыны затрыманыя і ўзятыя пад варту.

— Крымінальную справу па ч. 3 арт. 426 КК РБ расследуе УСК па Магілёўскай вобласці. Следства выявіла, што абвінавачваныя, высвятляючы ў шасцярых выхаванцаў установы адукацыі, якую яны ўзначальваюць, абставіны і прычыны самавольнага сыходу з тэрыторыі вучылішча, збілі непаўналетніх, а затым арганізавалі незаконнае ўтрыманне іх у пакоі, абмяжоўваючы тым самым свабоду, — распавяла TUT.BY афіцыйны прадстаўнік абласнога УСК Аксана Салянюк.

Шасцёра падлеткаў атрымалі траўмы. У бальніцы апынуўся 16-гадовы ўраджэнец Чэрыкава Андрэй. Яго маці, Алена Шчаўлікава, распавяла TUT.BY, што пра траўму сына даведалася ад медыкаў:

— А 7-й вечара 28 лістапада мне патэлефанавала медсястра, сказала: «Вы ведаеце, што ў вашага Андрэя сур'ёзная траўма пазваночніка? Трэба вашу згоду на камп'ютарную тамаграфію». Я сказала, што згодная на ўсё, што трэба майму дзіцяці.

На пытанне аб тым, адкуль у Андрэя траўма, медсястра, кажа мама, адказала: збілі. Алена стала тэлефанаваць у спецвучэльню, дзе пасля мноства званкоў на розныя нумары тэлефонаў ёй адказала адна з супрацоўнікаў адміністрацыі (імя, прозвішча і пасада вядомыя рэдакцыі са слоў маці. — Заўвага. TUT.BY).

— Я ёй сказала: «Растлумачце мне, калі ласка, што здарылася. Чаму маё дзіця з пераломам пазваночніка знаходзіцца ў шпіталі, а я пра гэта нічога не ведаю? Я ж не пазбаўлена бацькоўскіх правоў». А яна мне: «А вы ведаеце, што былі ўцёкі 26 лістапада?» Я сказала: «Паслухайце, сёння ўжо дваццаць восьмага, чаму вы мне не паведамілі адразу?» На што і адказала: «А што б гэта змяніла?» — кажа Алена Шчаўлікава.

На чарговую просьбу растлумачыць, адкуль усё ж такі ў падлетка траўма, супрацоўніца адміністрацыі, па словах маці, сказала: «Уцёкі былі, платы ж высокія».

У спецвучылішча 16-гадовы Андрэй трапіў 26 кастрычніка. Яны з аднакласнікамі ўскрылі чужую машыну, дасталі панэль прыбораў, прыхапілі з сабой калоду ігральных карт. Падлеткаў прысудзілі да паўгода абмежавання вольнага часу — з 21.00 да 07.00 яны павінны былі знаходзіцца дома. Андрэй рэжыму не трымаўся, таму інспектар па справах непаўналетніх накіраваў матэрыялы ў суд, каб змясціць падлетка ў спецустанову. З 12 кастрычніка хлопец знаходзіўся ў прыёмніку-размеркавальніку ў Мінску, а 26-га кастрычніка яго перавялі ў Магілёў. Гэта значыць, у СПТВ №2 Андрэй прабыў месяц.

Жанчына зноў патэлефанавала ў бальніцу. Медсястра паведаміла маме, што падлетка дапытваюць міліцыянты, і прапанавала патэлефанаваць ёй на мабільны крыху пазней, каб пагаварыць з сынам.

— Я перш за ўсё спытала: «Андрэй, што ты нарабіў?» Ён адказаў: «Уцёк». Я спытала навошта. А ён адказвае: «Мам, там жыць было невыносна. Нас пастаянна збівалі. Нам усё забаранілі: званкі, лісты, перадачы». Я спытала, чаму ён мне раней не сказаў пра гэта, хоць у лістах пісаў: «Я вытрымаю». Сын сказаў, што лісты чыталі — і не адправілі б, калі б такое напісаў. Па тэлефоне ён таксама нічога не мог сказаць, бо ўвесь час побач знаходзіўся супрацоўнік, кантраляваў, — перадае словы сына Алена.

Падлетак распавёў маці, што ўцёкі яны здзейснілі 26 лістапада пасля абеду: адзін навучэнец адцягнуў увагу ахоўніка, а шасцёра пабеглі. Яны рухаліся ў бок мікрараёна Казіміраўка, калі іх злавілі. Андрэй быў апошнім.

Мама пераказвае словы сына: іх прывезлі назад ва ўстанову, па адным заводзілі ў бацькоўскі пакой — і збівалі трое супрацоўнікаў вучылішча. Потым, кажа, уцекачоў пакінулі стаяць у гэтым бацькоўскім пакоі на ўсю ноч пры ўключаным святле.

— Як сказала мне следчы, гэта адзіны пакой на тэрыторыі ўстановы, дзе няма відэакамер, — працягвае жанчына. — Сын распавёў, што яго спачатку адзін раз ударылі, ён упаў. А потым, калі ўдарылі ў спіну, яму забалела, ён закрыў яе рукамі. Білі двое, нагамі. Раніцай у панядзелак, мне следчы распавяла, гэтых шасцярых па распараджэнні дырэктара асобна ад усіх павялі на сняданак, каб астатнія дзеці іх не бачылі. І толькі ў аўторак, калі сын, як ён тлумачыў мне, ужо не мог ісці — так яму было балюча! — яго павезлі ў бальніцу. Пры гэтым адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі (імя, прозвішча і пасада вядомыя рэдакцыі са слоў маці. — Заўвага. TUT.BY) папярэдзіў дзяцей: «Гэта толькі пачатак для вас». А сыну сказаў, што ён сімулянт.

У бальніцы зрабілі здымак: у Андрэя — закрыты пералом першага пазванка паяснічнага аддзела. Падлетак у шпіталі ўжо трэці тыдзень, хутка яго выпішуць — даўжэй трымаць у стацыянары не могуць. Яму накладуць гарсэт, загіпсуюць — і адправяць назад у вучылішча.

— Сын сёння патэлефанаваў і ледзь не плача. Я баюся за яго здароўе. І не ведаю, куды звяртацца. Наша адвакат сказала, што калі будзе заключэнне са шпіталя аб тым, што сын не можа ўтрымлівацца ў вучылішчы, то магчымая замена пакарання на хатні рэжым у сувязі з траўмай, — плача жанчына.

Пакуль у лякарні ёй сказалі, што пытанне трэба вырашаць з медсястрой вучылішча. Але гэтаму спецыялісту ў маці, па яе словах, веры няма: сын, паводле слоў Алены, казаў, што медсястра загадвала яму замаўчаць, калі хлопчык даваў паказанні.

— Я вельмі хачу, каб сына перавялі на хатні рэжым, таму што гэта ўсё ж такі траўма хрыбетніка. Ці мала хто яго штурхне, ці мала сам дзе ўпадзе. Дзіця інвалідам можа застацца, — усхвалявана кажа маці. — Але дараваць ім усім [кіраўніцтву спецвучылішча] — не дарую. Яны нават прабачэння не папрасілі. Няхай суд вырашае, як іх пакараць. Хай ім будзе такое пакаранне, каб яны выпрабавалі тое, што маё дзіця выпрабавала.

Па словах Алены Шчаўлікавай, астатнія пяцёра падлеткаў не так моцна збіты. Зараз яны знаходзяцца ў вучылішчы пад кругласутачным наглядам інспектараў па справах непаўналетніх, каб, як сказала маме следчы, яны маглі даваць паказанні і на іх ніхто з супрацоўнікаў вучылішча не мог ціснуць.

— Выпадак ўцёкаў 26 лістапада быў, больш я нічога вам пракаментаваць не магу, — сказала ў размове з TUT.BY намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СПТВ № 2 Ала Дзікава. — І ніхто пракаментаваць не зможа.

На інфармацыю пра здарэнне адрэагавала Мінадукацыі: ва ўстанове патлумачылі, што падлетак зламаў хрыбетнік, зваліўшыся са сцяны пры спробе ўцёкаў.

Каментары17

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою7

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Усе навіны →
Усе навіны

«Не хацелі пакутаваць з беларускімі картамі на Booking». А ў выніку ледзь не трапілі на 400 еўра4

Трамп заявіў, што выступіць з важнай заявай наконт Расіі4

Упершыню расійскія вайскоўцы здаліся ў палон робатам — наватарская аперацыя ўкраінскай штурмавой брыгады7

Самая дарагая сумачка ў свеце. Сумку для Джэйн Біркін прадалі за рэкордныя $10 мільёнаў

Трамп пахваліў прэзідэнта Ліберыі за англійскую, але там гэта мова афіцыйная2

За адзін вечар тры беларускія футбольныя клубы перамаглі супернікаў з Арменіі, Македоніі і Чарнагорыі. Гэта рэкорд7

У Гомелі з'явіўся сквер Міліцыі. Гараджан не пыталіся нават фармальна4

Вялікабрытанія і Украіна падпішуць гістарычную дамову аб пастаўцы тысяч ракет для СПА

«Са студзеня Расія страціла 100 тысяч салдат. Забітымі. Не ўсяго, а забітымі»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою7

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць