Гартаючы зборнік самага вядомага з сучасных курдскіх паэтаў Абдулы Пашэва, я заўважыў вершы, напісаныя ў 1990—1991 гадах у Беларусі. Так, Пашэў быў у Беларусі. Ягоны прыезд у нашу краіну быў звязаны з чарговым этапам курдскага нацыянальна-вызвольнага руху. І з чарговым яго разгромам. Непасрэднае дачыненне да гэтага руху меў Савецкі Саюз, які спрычыніўся да стварэння першай сучаснай курдскай дзяржавы ў 1940-х, піша ўсходазнавец, доктар палітычных навук Сяргей Богдан.
Курдскія нацыяналісты любяць цытаваць выслоўе «У курдаў няма сяброў, апроч гор». Але гэта не так. На каго толькі з магутных міжнародных гульцоў за апошняе стагоддзе не спрабавалі абаперціся курды. Індывідуальны рэкорд паставіў іракскі курдскі правадыр Мустафа Барзані, якога па чарзе падтрымлівалі СССР, іранскі шах, Ізраіль і ЗША.
Чаму курды ўвесь час прайгравалі
Тым не менш дагэтуль курдскі незалежніцкі рух зазнаваў паразы адну за адной. Папершае, у гэтым рэгіёне доўгі час не было спрыяльнай глебы для этнічнага нацыяналізму. На Блізкім Усходзе прыналежнасць да канфесіі, племені, мясцовасці была людзям важнейшай за прыналежнасць да этнасу.
Ёсць і іншы момант. Значная частка курдаў доўга, нават у ХХ стагоддзі, жыла ў шматэтнічным асяроддзі, дзе курдская мова і культура магла быць першай, але сярод некалькіх параўнальна роўных з ёй. Асабліва часта курды жылі побач з армянамі, асірыйцамі, рознымі цюркскімі народамі, арабамі. Кожны з народаў займаў у такім стракатым грамадстве сваю сацыяльную нішу.
Цяпер у рэгіёне ўжо няма тае разнастайнасці, ён стаў больш аднародным. Гэта вынік не толькі павольных дэмаграфічных працэсаў і міграцыі, але і катастрафічных падзей. Курды прыклалі руку да армянскага і асірыйскага генацыдаў, але і самі сталі ахвярамі генацыду з боку іракскага ўрада. Але і сёння ўрад Іракскага Курдыстана спрабуе прысабечыць Кіркук, дзе курды жывуць разам з арабамі і туркменамі.
Курдаў шмат, але яны розныя
Колькі ўсяго курдаў на свеце?
Пачнём з таго, што няясна, хто належыць да курдскай нацыі. З аднаго боку, ёсць буйныя этнічныя групы, якія з той ці іншай фармулёўкай уключаюцца курдскімі нацыяналістамі ў склад курдаў: у Іране — луры з бахціярамі, у Турцыі — курдыалавіты і заза, у Іраку — езіды. Усе гэтыя групы значна розняцца ад рэшты курдаў у культурным плане. Многія з гэтых людзей — а тых жа заза ёсць мільёны з тры — цвёрда адмаўляюцца лічыць сябе курдамі.
З другога боку, нават тыя, хто сябе курдамі лічыць, утвараюць надта разнародную масу. Гэта відаць нават па самым простым аспекце ідэнтычнасці — мове. Найперш ідуць дзве вялікія моўныя супольнасці: тыя, хто гаворыць на мове курманджы, і тыя, хто на мове сарані. Абедзве яны маюць развіты літаратурны канон, але адрозніваюцца паміж сабой больш, чым беларуская ад славенскай. Акрамя таго, ёсць яшчэ некалькі буйных адметных курдскіх дыялектаў. А існуюць жа яшчэ адрозненні ў сацыяльнаэканамічным развіцці, палітычнай традыцыі, рэлігіі.
Як вынік, паўстае пытанне: наколькі можна казаць пра існаванне вялікага Курдыстана, падзеленага на чатыры кавалкі? Можа, гэта проста шэраг этнічных груп, што зліліся ў адну разнародную масу на сумежжы арабскага свету, Турцыі і Персіі, што дапускалі і некаторыя вядомыя курдазнаўцы?
Таму і не дзіва, што ніводная курдская партыя і ніводзін палітычны рух не змаглі ахапіць больш за нейкі адзін Курдыстан. Найбольш старалася арганізацыя турэцкіх курдаў, Працоўная партыя Курдыстана. Яна мела і моцную сацыяльную праграму, таму незразумела, ішлі людзі больш за яе нацыяналістычнымі ці ўсё ж сацыяльнымі лозунгамі.
Няма грошай — няма дзяржавы
Ёсць і іншая фундаментальная прычына няўдачаў курдскага народа ў здабыцці ўласнай дзяржаўнасці, апрача яго аб’ектыўнай падзеленасці. Гэта эканамічная маргінальнасць курдскіх земляў. Знаходзячыся пераважна ў горнай мясцовасці, удалечыні ад мора, курдскія княствы, пачынаючы дзесьці з XVII стагоддзя, проста гібелі. Курдскія ўладары і плямёны нажываліся на прымітыўнай эксплуатацыі, а то і простым рабунку аселага насельніцтва, што не давала ім шанцаў захавацца пасля прыходу мадэрных дзяржаў і капіталізму. Праўда, быў у гэтым і станоўчы бок, бо курдскія землі на сумежжы Персідскай і Асманскай імперый да Першай сусветнай вайны існавалі самі па сабе, а імперскія ўлады ўвагі ім не надавалі.
Наколькі важная эканамічная база для разбудовы нейкага самастойнага палітычнага праекта, добра відаць на прыкладзе іракскіх курдаў. Па меры таго, як у іх краіне і на межах з ёй пачалі адкрываць усё больш радовішчаў нафты, лёс курдаў пачаў цікавіць свет больш. Канфлікты курдаў з іракскімі ўладамі ў другой палове ХХ стагоддзя ператварыліся ў войны з умяшаннем мноства знешніх сілаў.
За крок да дзяржаўнасці
У 1991 годзе заходнія краіны, змагаючыся з Садамам Хусейнам, далі курдам магчымасць стварыць сваю аўтаномію на поўначы Ірака. На сёння Іракскі Курдыстан з’яўляецца стабільнай і эканамічна забяспечанай дзяржавай, якой бракуе толькі афіцыйнага прызнання. Улады Іракскага Курдыстана абапіраюцца на даходы ад здабычы нафты і транзіту паміж Іракам і Турцыяй.
Сірыйскія курды, прынамсі ўсходняя іх частка, у выніку цяперашняй грамадзянскай вайны таксама могуць спадзявацца на здабыццё стабільнай крыніцы даходаў ад нафты і транзіту. Іх сілы ва ўсходняй частцы краіны ў хаўрусе з ЗША ды іншымі заходнімі дзяржавамі кантралююць і некаторыя радовішчы, і аб’екты інфраструктуры ды шляхі транспартавання нафты.
Але і Іракскі, і Сірыйскі Курдыстан — два найменшыя кавалкі тэрыторыі, дзе жывуць курды. Гэтыя кавалкі могуць цяпер быць эканамічна жыццяздольнымі. Больш за тое, яны ўпісваюцца ў сусветную раскладку сілаў, бо фактычна з’яўляюцца хаўруснікамі Захаду, кансерватыўных арабскіх рэжымаў і Ізраіля.
Таму «Курдыстан» у тым ці іншым выглядзе рана ці позна з’явіцца на палітычнай мапе свету. Магчыма, гэта гучыць як парадокс, бо рэферэндум аб незалежнасці ў Іракскім Курдыстане летась у верасні скончыўся вялікім палітычным правалам, нягледзячы на пададзеную большасць галасоў за незалежнасць.
Усё пачалося са спробы прэзідэнта Масуда Барзані валявым рашэннем завяршыць працэс стварэння курдскай дзяржавы. Але рэферэндум разгневаў суседнія краіны і іракскі ўрад, а заходнія дзяржавы яго не падтрымалі. У выніку Барзані сышоў у адстаўку, а Багдад забраў назад захопленыя за пару гадоў да таго курдскімі сіламі землі, у тым ліку багаты на нафту Кіркук.
Курдская іракская аўтаномія, а па сутнасці дзяржава, аднак, не спыніла існавання. Яна проста вярнулася ў межы 2014 года, вынікі ж рэферэндуму былі замарожаныя. Часы змяніліся, і цяпер Захад, а перадусім ЗША, іракскіх курдаў Багдаду не аддасць.
Курды ў Сірыі — апора Захаду
Падобнае здарылася і ў Сірыі.
Сірыйскія курды, дзякуючы кантролю над некаторымі радовішчамі, нафтавай інфраструктурай і маршрутамі транспартавання нафты, таксама сталі ўспрымацца на Захадзе як каштоўны хаўруснік. Гэта адбылося пасля таго, як высветлілася, што жыццяздольнай памяркоўнай сірыйскай апазіцыі, на якую можна было б паставіць у барацьбе з Ісламскай дзяржавай, Башарам Асадам і яго іранскімі ды расійскімі хаўруснікамі, проста не існуе. Таму далягляды курдскай незалежнасці не падаюцца безнадзейнымі.
Адзінага Вялікага Курдыстана не паўстане, але рэальным з’яўляецца завяршэнне стварэння курдскай дзяржавы ў Іраку, ды і сірыйскія курды могуць не застацца ў складзе Сірыі. Любая вайна з Іранам можа прывесці да аналагічнага аддзялення іранскіх курдаў.
Праўда, зусім невідавочна, што гэтыя кавалкі аб’яднаюцца. Ды нават калі і аб’яднаюцца, то без турэцкіх курдаў і гэта будзе толькі цень Вялікага Курдыстана. Турэцкіх курдаў па колькасці больш, чым усіх астатніх курдаў разам узятых, але справа іх выглядае даволі безнадзейна. Яны цесна звязаныя з турэцкай дзяржавай і нездарма жартуюць, што «тры самыя вялікія курдскія гарады — Стамбул, Анкара і Ізмір», гэта значыць, турэцкія гарады далёка ад Курдыстана. Гэта парадокс, бо якраз турэцкія курды найбольш зацята змагаліся за Курдыстан, і ўзровень іх сацыяльнаэканамічнага ды культурнага развіцця вышэйшы за іншыя часткі Курдыстана. Як той казаў, «Бог няроўна дзеліць».
-
З'явіўся партал па гісторыі Беларусі з AI-асістэнтам і 3D-мадэлямі
-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
Каментары