Ежа66

Гагал, смажанка і кесадзілля. Што і па чым прапануюць фуд-корты Еўрапейскіх гульняў

Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў мы вырашылі прайсціся па цэнтры Мінска і паглядзець, чым збіраюцца карміць турыстаў, колькі каштуе ежа ў фан-зоне і ці адрозніваецца асартымент ад таго, што мы звычайна бачым на Дзень горада.

Кіруемся на Кастрычніцкую плошчу, якая на час Еўрапейскіх гульняў стала падобнай да стаянкі качавой арды. Надгляд на ўваходзе даволі строгі: зазіраюць нават у тыя кішэні сумкі, дзе фізічна можа змясціцца толькі пашпарт. Але на самой плошчы, акружанай трайной агароджай, пакуль што пуста — гандаль не паспеў разгарнуцца. Толькі валанцёры рэпетуюць цырымонію ўзнагароджвання.

У шапіку ля ратушы гандлююць хот-догамі па 3,20 рубля і сангрыяй па 3,50 за кубачак. Бліноў, заяўленых у меню, няма — у такую спёку, кажуць, цеста кісне.

— Шмат турыстаў падыходзіць, — заўважае дзяўчына на касе. — Бачыла англічан і расіян. У асноўным бяруць сангрыю і марозіва. Пра вегетарыянскія хот-догі таксама пытаюцца. Мы тады ў лаваш проста кладзем капусту і дадаем соус.

На тэрасах суседніх кафэ нешматлюдна. У рэстаране «Ля ратушы» турыстам прапануюць дранікі са смятанай і мачанку з блінамі за 12 рублёў, у пабе «Вышыня 281» — бургер з гарнірам з бульбы за 18 рублёў і філе фермерскай ялавічыны за 24 рублі.

— Мы меню тыдні два таму абнавілі. Але гэта не звязана з Еўрапейскімі гульнямі, — расказваюць у пабе. — А замежнікаў у нас і так заўсёды шмат — немцы, чэхі, палякі. У апошнія дні іх больш не стала.

Пакуль ідзем уніз да Свіслачы, заўважаем камунальнікаў, якія фарбуюць драўляныя шапікі рамеснікаў.

У фан-зоне ля Палаца спорту гучна грае музыка. На фуд-корце прадстаўлены розныя нацыянальныя кухні. Вось у італьянскай палатцы прадаюць тосты за 4 рублі, капрэзэ (сыр мацарэла, памідор і базілік) за 8 і кавалачак porchetto (смажаніны са свініны) за 15. Цэны еўрапейскія, порцыі — беларускія.

Побач — грузінская кухня. Шашлыкі, хачапуры, а таксама люля-кебаб, кесадзілля… Сярэдні цэннік — 4 рублі.

У палатцы з турэцкім сцягам прапануюць слодычы: лукум (па 9 рублёў за кіло) і пахлаву (па 25 рублёў). Тут жа гатуюць паўкілаграмовую шаурму за 7 рублёў.

Больш за ўсё людзей пакуль што збірае азербайджанская кропка — з дыванамі на сценах і міні-экспазіцыяй старажытнага посуду.

Тут бясплатная дэгустацыя. Можна пакаштаваць гагал (салёную булачку са спецыямі), шэкербуру (печыва з начыннем з цукру і драблёнага арэха) і выпіць гранатавага соку.

Чым яшчэ прапануюць падмацавацца ў цэнтры горада галоднаму турысту? Напрыклад, бульбай фры за 5 рублёў за кулёк ці сасіскай у кляры на палачцы за 3 рублі. Заадно можна падзівіцца на робата-трансформера ад трактарнага завода і прыгледзець парачку пернікаў з глазурай-вышыванкай для сваякоў.

У астатніх палатках асартымент такі ж, як на Дзень горада. Цэны таксама — танней бывае толькі у школьных буфетах у дзень выбараў. Смажанка і сасіска ў цесце за 1,50 рубля, піражок з павідлам за рубель, чабурэкі па 2 рублі… І вынаходніцтва беларускага грамадскага харчавання — гамбургер з варанай кілбасой замест катлеты.

— Шашлык у асноўным купляюць, дранікі не ідуць, — дзеліцца адна з прадавачак. — Замежнікі? Іх мала, часцей нашы людзі падыходзяць.

— Бельгійцы ўчора сядзелі, — расказваюць у іншай палатцы. — Піва ўзялі і беляшы. Здзіўляліся, што ўсё вельмі танна. Пілі, усміхаліся і паўтаралі: «Окей, Беларусь». Напэўна, спадабалася ім тут.

— Замежнікаў мы адразу заўважаем — яны адрозніваюцца ад нашых людзей. Праходзяць, глядзяць, але нічога не бяруць. Можа, яны не прывыклі ў такіх месцах есці і ў дарагіх кафэ сядзяць? — разважае жанчына на касе.

Ангельскай мовы яна не ведае. Адмахваецца: калі што, у яе на прылаўку ляжыць раздрукоўка з асноўнымі фразамі. Але пакуль што не спатрэбілася.

Каментары6

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?1

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?

Усе навіны →
Усе навіны

Аршанскі ябацька не дайшоў праз снег да сцяга на плошчы і цяпер скардзіцца на камунальнікаў2

На ферме пад Гомелем цялят падчас марозу апранаюць у камбінезоны ФОТАФАКТ

На фота з файлаў Эпштэйна брытанскага прынца Эндру знялі на каленях перад ляжачай жанчынай9

Украінская спявачка Ёлка атрымала расійскае грамадзянства5

Джэфры Эпштэйн некалькі разоў атрымліваў візу ў Беларусь. І дакладна наведваў нашую краіну10

«Гэта будзе бомба!» У новым мінскім касцёле з'явіцца арган2

Нікол Пашынян правёў вечарыну, на якой сам быў бубначом2

Нямецкі ўрад засакрэціў інфармацыю аб праектах у Беларусі, якую запытвае «Альтэрнатыва для Германіі»20

За незаконнае пахаванне хатняга гадаванца беларусам пагражае вялікі штраф12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?1

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць