Грамадства1313

«Маці паехала на Вадохрышча ў палонку ныраць, захварэла — і памерла». Расказвае бабуля забітага беларуса з «ДНР»

Аляксандра Бязрукава.

1 ліпеня стала вядома, што на ўсходзе Ўкраіны загінуў ураджэнец Гомля. 21-гадовы Раман Бязрукаў ваяваў на баку так званых «ЛДНР». Раман быў адзіным унукам жыхаркі Гомля Аляксандры Бязрукавай. Ягоныя бацькі памерлі. «Нікому сірата быў не патрэбны. Цяпер я нават пасьведчаньня аб ягонай сьмерці ня маю», — распавяла Свабодзе Аляксандра Бязрукава.

Раман нарадзіўся ў працоўным пасёлку Касьцюкоўка. Цяпер гэта частка Чыгуначнага раёну Гомля.

Дом, у якім Раман Бязрукаў жыў у Гомлі.

Ягоны бацька памёр, калі Раман яшчэ быў малы. «Ад анкалёгіі. Тут у мяне дома і памёр», — кажа Аляксандра. Маці памерла, калі Раману было дванаццаць гадоў. «Яна пасьля сьмерці майго сына яшчэ мела дваіх сужыцеляў, і дваіх дзяцей прыдбала з імі. Яна была прастуджаная, і яшчэ паехала на Вадохрышча ў палонку ныраць. Запаленьне лёгкіх здарылася — і памерла», — апавядае бабуля.

Малы Рома на руках у бацькі.

На працу ўладкавацца ня мог, дапамогі як сірата ня меў

Рому вырашылі аддаць пад апеку ягонай хроснай, якая жыла ў Данецку. Хросная ня мела сваіх дзяцей. Хлопчык гадаваўся ў Данецку, там жа скончыў першы курс тэхнікуму. «У 2014 годзе на Данбасе пачалася вайна. Яны — мая сястра, пляменьніца — хросная Рамана і ён зьехалі ў Крым. Там прасядзелі тры месяцы, пакуль ня скончыліся грошы. Прыехалі ўсе да мяне. Але колькі чалавек можа пражыць на маю адну пэнсію 300 рублёў?» — кажа Аляксандра.

Жыхары Данецку зьехалі на радзіму, Раман застаўся ў бабулі ў Гомлі. «Ён тут скончыў адзінаццатую клясу. На працу ўладкавацца нікуды ня мог. Дапамогі ніякай ніадкуль не было. 18 споўнілася — і ўсе пра сірату забыліся. Грошы яму перасталі плаціць. Стаяў на чарзе як сірата на кватэру — ніхто ніводнага разу не патэлефанаваў, не пацікавіўся ім», — кажа бабуля Рамана. [Насамрэч дзяржава выдзеліла Раману жылплошчу ў доме ў Касцюкоўцы — «НН»]

Чытайце таксама: Загінуў 21-гадовы сірата з Гомеля, які ваяваў за «Наваросію»

Раман Бязрукаў.

Унук спрабаваў зарабіць у Гомлі — расклейваў афішы, раздаваў рэклямкі. «Але тых грошай хапала толькі на праезд. Два разы езьдзіў на заробкі ў Маскву — адзін раз заплацілі, другі — не, прадаў мабільны, каб даехаць дахаты. Хадзіў на наш шклозавод — прасіўся на працу, не ўзялі», — кажа Аляксандра.

У выніку ўнук вырашыў у 2017 годзе вяртацца ў Данецк. «Ён думаў, што там будуць якія будоўлі — усё ж разбамбілі, лягчэй знойдзе працу. Потым пайшоў у апалчэньне. Ён мне казаў, што яму шкада тых дзетак, што гінулі ў Данецку. Ён абараняў простых людзей, а не тых, з вялікімі кашалькамі, якія дзяцей сваіх за мяжу зьвезьлі».

Аляксандра Бязрукава падкрэсьлівае, што унук ня мог сюды вярнуцца «праз загад Лукашэнкі». Жыхарка Гомля мае на ўвазе крымінальны артыкул за ўдзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыях іншых краін.

«Так наш сусед там быў, ваяваў за ДНР. Потым цягалі яго тут, два месяцы ў СІЗА сядзеў», — кажа яна.

Выйшаў на пазыцыю, закурыў — і загінуў

Яна ведае з аповедаў сястры, што Раман загінуў, калі выйшаў на пазыцыю і запаліў цыгарэту. Сьвятло ад запальнічкі, відаць, заўважыў снайпэр, тлумачыць яна.

«Пляменьніца была на пахаваньні, хросная ягоная. Пахавалі Рому ў прыгожым месцы, на Алеі герояў. Ваенныя хавалі. Толькі дагэтуль я не маю пасьведчаньня пра сьмерць — пляменьніца ніяк не можа яго там выбіць. Ужо, сказала, будзе пісаць у пракуратуру», — дадала Аляксандра.

Яна перабірае дакумэнты — розныя пасьведчаньні пра сьмерць: сына, нявесткі, іншых родных.

«Усе памерлі. Празь месяц пасьля сьмерці Рамана і сястра мая ў Данецку памерла. Адны пахаваньні ў мяне».

Праз тое, што Раман публікаваў у сацыяльных сетках здымкі ў вайсковай форме і са зброяй, да бабулі прыходзілі з КДБ.

«Здымкі ягоныя глядзелі, мяне распытвалі. Як ён тут ня мог уладкавацца на працу, ня меў ніякай дапамогі як сірата — то нікога не цікавіла. А тут зацікавіліся».

Каментары13

Цяпер чытаюць

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі15

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка загадаў, каб былых сілавікоў, ратавальнікаў і дыпламатаў, звольненых «па дыскрэдытуючых», адсочвалі пяць гадоў8

Марына Золатава: У палітзняволенай Таццяны Колас выявілі рак. Гэта не проста дрэнная навіна, гэта жудасная навіна1

Пасажырскі самалёт разбіўся на Багамах — усе 10 пасажыраў загінулі

Асудзілі дзяўчыну, якая ў 2020‑м пратэставала супраць «выбараў без выбару» і патрабавала ад кандыдатаў пазіцыі па Украіне8

Фэйл запаснога кіпера Бельгіі пахаваў каманду. Куртуа можна было не мяняць3

Урадавы бізнэс-джэт даставіў некага з Мінска ў турэцкі Бодрум6

Навукоўцы, магчыма, раскрылі самую старажытную крымінальную справу ў гісторыі чалавецтва2

«Я не хаджу ў суд, мяне носяць у кайданках». Ліст Алеся Пушкіна да Валянціна Стэфановіча з-за кратаў 2

Новы альбом Мадонны ўзначаліў брытанскі хіт-парад

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі15

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць