Не толькі малітвы. Ксёндз Юрый Санько — пра TikTok, храп на імшы і гульні ў вольны час
Настаяцель мінскага касцёла Святога Роха ксёндз-канонік Юрый Санько расказаў пра міфы наконт святароў, як гульні на кансолі дапамагаюць зэканоміць на квітках у музей, навошта святарам акаўнты ў сацсетках і чаму зарок бясшлюбнасці — гэта не пра пакуты, а пра свабоду.

Адказаць на наіўныя пытанні пра жыццё касцёла для «Точкі» пагадзіўся ксёндз-канонік, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску Юрый Санько.
Без мяса па пятніцах
Ці прытрымліваюцца ксяндзы посту кожны дзень усё жыццё?
«Не. Яны ўвогуле нічога не ядуць», — жартуе суразмоўца.
Юрый Санько саркастычна адзначае, што міф пра пажыццёвае галаданне духавенства зарадзіўся дзякуючы народнай ідыёме «АБС» — адна бабка сказала.
Насамрэч каталіцкія святары прытрымліваюцца цалкам разумных традыцый у ежы. Сам пробашч абмяжоўвае сябе ў ежы толькі ў абавязковыя для гэтага дні.
«Кожны католік павінен посціць у пятніцу і іншыя прадпісаныя дні. Напрыклад, у Папяльцовую сераду, з якой пачынаецца Вялікі пост. А так на працягу ўсяго года кожную пятніцу мы выконваем пост без мяса», — тлумачыць ён.
Святар упэўнены, што пост не павінен быць для чалавека пакараннем. Вернік мае права выбраць яго свядома. Асабліва калі ў такога рашэння ёсць канкрэтная мэта, напрыклад дапамога бліжняму.
Святары ў TikTok
Ці не супярэчыць хрысціянскім каштоўнасцям тое, што каталіцкія святары танцуюць пад трэнды і здымаюць забаўныя відэа ў сацсетках?
На думку суразмоўцы, завесці акаўнт можа кожны, аднак важна разумець мэту сваёй прысутнасці ў медыяпрасторы.

«Галоўны пасыл — каб была евангелізацыя. Каб мы не проста танцавалі, а неслі веру Хрыста і паказвалі, што мы звычайныя людзі і выраслі ў такіх жа сем'ях», — звяртае ўвагу ён.
У самога ксяндза таксама ёсць акаўнт — праект «Пакс ТВ», вядзеннем якога займаецца цэлая каманда. Некаторыя відэа ў ім набіраюць мільёны праглядаў.
Поделитесь благословением с близкими людьми Подписывайтесь на @pax_tv_official, чтобы укреплять и развивать свою веру!
Дэтэктывы і Assassin's Creed
Стала цікава даведацца, як сучасныя святары ставяцца да папулярных масавых забаў.
Высветлілася, айцец Юрый таксама знаходзіць час для звыклага адпачынку — серыялаў і відэагульняў, — хоць і праз высокую занятасць адпачываць атрымліваецца рэдка.

«У мяне ёсць гульнявая кансоль, некалькі гульняў у тэлефоне. Часам, калі знаходжу час, гляджу серыялы — у асноўным гістарычныя або дэтэктывы», — кажа суразмоўца.
Сярод любімых гульняў святара на кансолі — папулярная Assassin's Creed, прысвечаная шматвяковаму супрацьстаянню дзвюх таемных арганізацый: асасінаў і тампліераў.
«Там ты можаш не плаціць пяць еўра, каб зайсці ва Фларэнтыйскі сабор», — дзеліцца лайфхакамі пробашч парафіі.
Пахрапвае — значыць, медытуе
Абмяркоўваем і кур'ёзныя сітуацыі, якія могуць здарыцца падчас набажэнства. Напрыклад, што рабіць, калі парафіянін раптоўна заснуў і храпе проста на імшы.

Айцец Юрый ставіцца да гэтага з разуменнем і гумарам, адзначаючы, што часцей за ўсё такое здараецца падчас казанні.
«Галоўнае не будзіць яго рэзка, каб не было стрэсу. Пахрапвае — значыць, медытуе. У маленькіх касцёлах, як мой, гэта бачна, бо там усё як на далоні», — каментуе ён.
Парафіянін мог прыйсці стомленым пасля працы, і касцёл стаў адзіным месцам, дзе ён змог супакоіцца і адпачыць. У жарт ксёндз Юрый дадае: па-сапраўднаму крыўдна будзе, калі сам святар засне падчас уласнай пропаведзі.
Існуе стэрэатып, што святары амаль бязгрэшныя і ніколі не адчуваюць злосці ці раздражнення. Ці могуць ксяндзы лаяцца ўголас або думкамі, калі не атрымліваецца даць рады эмоцыям?
Айцец Юрый прызнае, што святары — таксама людзі, аднак зрыў на чалавека лічыць самым страшным у служэнні. Кепскія думкі могуць з'явіцца ў кожнага, але галоўнае — своечасова іх спыніць, не дазваляючы спакусе перарасці ў грэх.
«Здараецца ўсялякае, і для гэтага, слава Богу, ёсць споведзь. Гэта найлепшая магчымасць, каб стаць у праўдзе, прызнацца і ўдасканальвацца», — разважае святар.
Віртуальная вера і язычніцтва са смакам хрысціянства
Сёння ў інтэрнэце можна знайсці трансляцыі набажэнстваў і нават паставіць свечкі ў анлайн-капліцах. Як айцец Юрый ставіцца да спроб беларусаў асвяціць куліч, ваду ці велікодны абед анлайн?
«Выкананне рытуалаў без духоўнасці — гэта проста язычніцтва са смакам хрысціянства. Для нас важней асвячэнне ці ўрачыстасць? Дзе любоў, дзе вера, дзе спачуванне і ўзаемаразуменне?» — задаецца рытарычнымі пытаннямі святар.
На думку нашага суразмоўцы, усе гэтыя дыстанцыйныя рытуалы — спроба спрасціць сабе жыццё і пазбегнуць паходу ў храм.
Але бяздумнае выкананне абрадаў ператварае веру ў звычайныя забабоны.
Зарок бясшлюбнасці
Наступнае пытанне закранула адну з найбольш вядомых тэм у каталіцтве — цэлібат.
Ксёндз тлумачыць, што гэта шматвяковая царкоўная традыцыя. Яна дазваляе святару цалкам прысвяціць сябе Богу і людзям, а таксама пазбаўляе ад складаных адміністрацыйных клопатаў па ўтрыманні сям'і пры пераездзе на новую парафію.
Але забарона на шлюб дзейнічае не ва ўсіх кірунках каталіцызму.
«Ёсць грэка-каталіцкая царква, дзе святарам можна жаніцца. Калі хлопец на старце разумее, што хоча жаніцца, ён выбірае гэты абрад, праходзіць навучанне і знаходзіць спадарожніцу жыцця», — расказвае ксёндз.
Споведзь ананімная?
Ці пазнае айцец Юрый сваіх парафіян па голасе на споведзі і як святарам удаецца абстрагавацца ад асабістага стаўлення да чалавека?
Ксёндз пацвердзіў, што ў святара сапраўды вельмі чуткі слых. Схаваць сваю асобу за шырмай спавядальні практычна немагчыма, бо ў невялікай парафіі ўсе адзін аднаго ведаюць, але гэта ніяк не ўплывае на зносіны.

«Святар не суддзя, і ён не мае права асуджаць, якімі б цяжкімі ні былі грахі. Яго роля палягае ў тым, каб падтрымаць чалавека на шляху ўсведамлення і блаславіць на далейшае ўдасканаленне», — звяртае ўвагу ксёндз-канонік.
Без сутаны таксама камфортна
Многім здаецца, што ксяндзы круглыя суткі ходзяць у строгім аблачэнні, таму іх вобраз у звычайных джынсах ці шортах часта ламае шаблоны ў галовах парафіян.
Айцец Юрый жа прызнаецца, што ён рэгулярна мяняе расу на свецкае адзенне. Паводле яго слоў, святары могуць насіць шорты або спартыўную форму, але варта заўсёды помніць пра свой статус — важней сачыць за словамі і паводзінамі, чым за адзеннем.

Людзі часта дзівяцца і захапляюцца, бачачы ксяндза ў цывільным адзенні, аднак сам айцец Юрый адчувае сябе ўпэўнена ў любым вобразе.
«Мне аднолькава камфортна і ў свецкіх рэчах, і ў сутане. Магу спакойна прайсці па горадзе ці праехаць у метро, пагуляць у футбол — чаго мне саромецца?» — тлумачыць ён.
Каментары