Я назірала яго працу ўжывую ў студэнцкія гады. Вось як гэта было, піша Наталка Бабіна.
У 1985 годзе я вучылася на другім курсе інжынерна-фізічнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (зараз БНТУ). Аднойчы Аня, дачка гаспадыні, у якой я здымала кватэру, вярнулася дадому вельмі ўзрушаная і распавяла, што ў іх у педагагічным тэхнікуме сёння выступаў гіпнатызёр і паказваў проста неверагодныя рэчы.
Гіпнатызёр раздаваў пасля выступу візітоўкі, адну з якіх Аня і паказала. Там значылася «Леўчанка Андрэй Іванавіч» і быў пазначаны нумар тэлефона.
Нядоўга думаючы, я вырашыла пазваніць яму і запрасіць выступіць і да нас у палітэх. Ён адразу ж пагадзіўся.
Цяпер з цікавасцю ўспамінаю, што ні з майго, ні з ягонага боку ані слова не прагучала пра грошы. Ён толькі папрасіў заехаць па яго на таксі, бо яму цяжка хадзіць, а таксама паклапаціцца, каб на сцэне стаяла некалькі крэслаў.
Тады я адправілася ў дэканат дамовіцца, каб нам далі залу. Там таксама праблем не ўзнікла. Мы з сяброўкай чарцёжным шрыфтам напісалі вялікую афішу і павесілі на дошцы аб’яў нашага 11А корпуса.
У вызначаны дзень мы з сяброўкай, Аняй Насаненка, злавілі таксоўку і адправіліся па гіпнатызёра. Ён жыў недалёка ад палітэха, на Ленінскім праспекце, 53 (цяпер праспект Незалежнасці), у тым доме, дзе доўгі час было вядомае кафэ «Бульбяная».
З пад’езда выйшаў вельмі невысокі, але каржакаваты на выгляд мужчына.
Ён з цяжкасцю накіраваўся да таксоўкі, моцна абапіраючыся на кульбу. Падобна было, ён перанёс калісьці ДЦП.
Тыя некалькі хвілін, пакуль таксі везла нас у палітэх, Леўчанка вёў звычайную размову, жартаваў, але мне падалося, што яго ў той вечар хвалявала нейкая праблема ці думка, не звязаная непасрэдна з будучым выступам. Мы распрануліся ў гардэробе і павольна, бо ісці яму было няпроста, падняліся ў залу.
Зала была ўжо перапоўненая. Помню, я адзначыла, што прыйшло ўсё наша факультэцкае начальства і выкладчыкі, а студэнты не толькі з нашага факультэта, але і з іншых.
Пачалася імпрэза.
Спачатку Леўчанка трохі распавёў пра гіпноз, а потым прыступіў да паказу яго магчымасцяў. Ён папрасіў прысутных сашчапіць рукі, заплюшчыць вочы, сказаў, што зараз ён палічыць да трох і тых, хто пасля гэтага не зможа расшчапіць рукі, папрасіў падняцца на сцэну. Наколькі я бачыла, усе ахвотна ўзяліся ўдзельнічаць у эксперыменце. На мяне гіпноз не падзейнічаў зусім, пасля слова «тры» я рукі з лёгкасцю расшчапіла.
Але з дзясятак чалавек з соцень трох прысутных выйшлі да гіпнатызёра на сцэну, бо зрабіць гэтага не змаглі.
Некаторых ён, расшчапіўшы ім рукі, адправіў назад у залу, а некаторых пакінуў, рассадзіўшы на крэслах на сцэне. Імгненна пагрузіўшы іх у гіпнатычны стан, ён стаў даваць ім розныя заданні.
«Гэтую сцэну залівае вада. Яна падбіраецца да вашых ног», — і людзі на сцэне ўскоквалі на крэслы, ратуючыся ад паводкі.
«Тут многа куранят. Яны разбягаюцца. Вам трэба іх злавіць», — і людзі насіліся па сцэне, збіраючы іх. Зала смяялася.
«Вы на ненаселеным востраве, вы тут даўно, ваша адзежа сатлела, і вы голыя. І вось на востраве з’яўляюцца маракі з карабля, якія вас выратуюць», — і людзі пачыналі рэагаваць: хто скакаў ад радасці, хто прыкрываўся (бо голыя), хто са слязьмі кідаўся да маракоў абдымацца…
Адной дзяўчыне Леўчанка давёў, што яна — дошка, цвёрдая дошка. Некалькі хлопцаў паклалі яе на спінкі крэслаў так, што яна абапіралася на іх толькі патыліцай і костачкамі ног, а гіпнатызёр усім целам наваліўся на яе, адарваўшы ногі ад падлогі. Яна не зварухнулася.
Гэты эпізод запомніўся мне яшчэ і таму, што гэтая дзяўчына потым выйшла замуж за сына аднаго з тагачасных кіраўнікоў БССР.
Я тады моцна сумавала па доме, таму запоўніўся такі нумар. Леўчанка патлумачыў зале, што можа зрабіць так, каб душы загіпнатызаваных зараз апынуліся дома і пабачылі, чым займаюцца ў гэты час іх родныя. І загіпнатызаваныя вельмі рэалістычна распавядалі: тата глядзіць тэлевізар, мама-настаўніца піша план урокаў…
Выступ доўжыўся каля дзвюх гадзін і скончыўся авацыямі залы. Пасля выступу людзі не хацелі разыходзіцца, у фае шчыльным колам акружылі гіпнатызёра, задавалі яму пытанні. Многія звярталіся з медыцынскімі праблемамі, хацелі трапіць да яго на лячэнне.
Я бачыла, што пасля выступу Андрэй Іванавіч моцна стомлены, ён быў проста мокры ад поту, як пасля цяжкай фізічнай работы.
Адчуваючы, як арганізатарка, пэўную адказнасць за ягоны стан, я паспрабавала неяк адмежаваць яго ад публікі, але ён сказаў, што гэта нічога, што ён тут якраз для таго, каб кантактаваць з людзьмі.
Потым хлопцы-аднагрупнікі зноў злавілі таксі, і мы з сяброўкай адвезлі гіпнатызёра дадому. Ён запрашаў нас на чай. Нам, канечне, і хацелася пагаварыць з ім даўжэй, але, з другога боку, не хацелася і стамляць, бо было відавочна, што яму патрабуецца адпачынак. Таму каля пад’езда мы развіталіся.
Рыхтуючы гэты тэкст, я спрабавала знайсці звесткі ў інтэрнэце пра гэтага сапраўды незвычайнага чалавека, але, на жаль, мне гэта не ўдалося. Ніякіх звестак пра ягоны далейшы лёс я не маю.
-
З'явіўся партал па гісторыі Беларусі з AI-асістэнтам і 3D-мадэлямі
-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
Каментары