«Не плаціць аліменты, а мяне спрабуе выставіць алкагалічкай!» Мадэль Вольга Нікіфарава судзіцца з шоуменам Рыбакіным
Новы скандал разгарэўся ў мінскай свецкай тусоўцы. Мадэль Вольга Нікіфарава расказала пра разборкі з былым мужам — шоўмэнам Арцёмам Рыбакіным. Вынесці ўсё на публіку яна вырашыла пасля таго, як той перайшоў усе межы: перастаў плаціць аліменты на дачку і паскардзіўся на яе ў органы апекі.
«Заявіў, што яго даход упаў, а сам лятаў адпачываць у Дамінікану і Тайланд»
Пра складаныя адносіны з былым мужам Вольга эмацыйна напісала ў сацсетках.
«Ён больш за год не плаціць аліменты. Па яго ініцыятыве мы заключылі шлюбную дамову, дзе ён сам прапісаў суму ў памеры $600 на ўтрыманне дачкі. Дарэчы, гэта сума была нашмат меншай за 25% ад яго сапраўдных даходаў (столькі па законе абавязаны выплачваць бацька на адно дзіця). Але са студзеня 2019 года ён гэтых грошай не заплаціў ні разу.
Я нейкі час чакала, што ён сам пачне выплачваць, але ён зрабіў ход канём і падаў у суд у снежні на змяншэнне сумы ў шлюбнай дамове.
Мы з адвакатам выйгралі ўсе два суды. Яго абавязалі выплачваць поўную суму аліментаў, нягледзячы на тое, што ён спецыяльна спрабаваў занізіць свой даход. Напрыклад, раптам закрыў ІП і чамусьці стаў працаваць вядучым праз ІП бацькі і ІП сваёй новай жонкі, а таксама падаў на банкруцтва свайго прадакшэна. А ў судзе заявіў, што яго агульны даход стаў нават ніжэйшы за $600.
А сам лятаў адпачываць у Дамінікану, Егіпет, Тайланд і, мяркуючы па інстаграме, вёў лад жыцця нябеднага чалавека», — піша Вольга Нікіфарава.
Прайграўшы суды, муж паскардзіўся на яе ў сацыяльныя службы.
«Мяне ён выстаўляе бамжыхай-алкагалічкай, якая вядзе амаральны лад жыцця, нібыта пакідае з незнаёмымі людзьмі Еву ды яшчэ схіляе дзіця да педафіліі, — расказвае абураная мадэль. — Але мне не трэба даказваць нікому той факт, што я добрая мама і раблю ўсё магчымае, каб Еве было добра».
У снежні да Вольгі прыходзіла міліцыя. Па яе словах, былы муж напісаў заяву, каб яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што назвала яго цяперашнюю жонку «бабай».
«Яны самі ў інстаграме называюць яе «баба Рыбакіна» і ганарацца гэтым», — адзначае Вольга.
Яна расказвае, што не забараняе бацьку бачыцца з дачкой, хоць раней той не надта прагнуў сустрэч. Так, ёсць абмежаванні ў сувязі з эпідэміяй. Яны могуць пагуляць разам у парку ці двары.
«Але яго гэта не задавальняе і ён прыдумвае усякую бязглуздзіцу пра тое, што я яго хачу вярнуць і каторы год трызню ім».
«Былую я не задавальняў па ўсіх франтах і яна сама мяне выгнала»
Арцём Рыбакін не стаў адмоўчвацца.
«Мая былая вось ужо два гады палівае мяне брудам, прадае мне агульнае дзіця, подла выкарыстоўваючы яго ў сваіх маніпуляцыях.
Былую я не задавальняў па ўсіх франтах, і яна сама мяне выгнала. Яшчэ падчас шлюбу на працягу доўгага часу нашы адносіны былі фіктыўнымі. Нас нічога не звязвала, апроч выгляду, які ёй патрэбны быў толькі для піяру. Я доўга спрабаваў захаваць сям’ю!» — адрэагаваў на абвінавачванні шоумен.
Ён расказаў «НН», што ніколі не адмаўляўся плаціць аліменты і дапамагаць дачцэ.
«Але пытанне стаяла рубам: або $600, або «не трэба мне твае падачкі».
$600 на месяц — гэта вялікія лічбы. У мяне такіх грошай няма! Калі мы заключалі шлюбную дамову, у мяне была іншая сітуацыя і працы было шмат. Да ўступлення дамовы ў сілу я год плаціў больш, чым трэба. Але цяпер працы менш, у мяне другая сям’я, якую таксама трэба забяспечваць. Я гадую 8-гадовае дзіця (дачку цяперашняй жонкі. — «НН») і ведаю, колькі грошай ідзе на сям’ю», — кажа шоумен.
Ён тлумачыць, што ў сацыяльныя службы звярнуўся пасля таго, як былая папрасіла прывезці дзіця ў гатэль, дзе была ў нецвярозым стане. А заяву ў міліцыю падаў не за слова «баба», а за абразы і паклёп у бок сваёй цяперашняй сям’і.
Рыбакін скардзіцца, што не можа нармальна бачыцца з дачкой. Раней ён мог заходзіць да яе пасля дзіцячага садка, цяпер, паколькі дзяўчынка ў садок не ходзіць, такой магчымасці няма.
«На мае просьбы ўзяць дачку дадому, пагуляць увечары адзін адказ: «не». Былая не хоча адпускаць Еву ў сям’ю, бо яна называла маю цяперашнюю жонку другой мамай, а яе дачку — сястрычкай. Гэта яе прыводзіла ў шаленства. Былая блакуе мяне ва ўсіх месенджарах, я ў чорным спісе!
Разам з жонкай Таіс
У гэты момант я зноў еду ў апеку, каб скласці графікі наведвання дзіця. Я гэта прапаноўваў былой жонцы шмат разоў, але атрымліваў адмову».
Каментары