Грамадства88

Алексіевіч — Лукашэнку: Сыдзі ў адстаўку, пакуль не позна

Выказаць сваё стаўленьне да цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі Радыё Свабода папрасіла пісьменьніцу, нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч.

— Што вы думаеце пра тое, што ў Беларусі адбываецца тры апошнія дні?

— Па-мойму, улада абвясьціла вайну ўласнаму народу. Я бачу, як на вачах грамадзтва радыкалізуецца. Тое, як паводзіць сябе АМАП, нават ніхто з нас ня мог уявіць. Мы бачылі, як гэта адбываецца ў іншых краінах, але ў нас страляюць у машыну, дзе маленькае дзіця, і яно ўсё ў крыві, цяжарную жанчыну б’юць, затрыманых душаць каленам — тое, супраць чаго паўстала чaрнаскурае насельніцтва Амэрыкі. Проста хапаюць людзей на вуліцы. Затрыманыя сядзяць у спартовых залях бязь ежы і вады. А самае галоўнае — людзі абсалютна мірныя. Сёньня паўстаў ланцуг жанчын, якія прасілі — мы хочам ведаць праўду пра выбары і не забівайце нашых мужчын. Яны несьлі кветкі, маліліся ля Вечнага агню. І калі яны пачалі разыходзіцца, на іх напаў АМАП. Я ўжо не кажу пра тое, што адбываецца ноччу. Гэта проста ваенныя дзеяньні.

— Паводле вашага адчуваньня — людзі ўпэўненыя, што Лукашэнка прайграў Ціханоўскай?

— Абсалютна ўпэўненыя. І я ведаю, адкуль гэта ідзе. Ніхто вакол сябе ня бачыць тых, хто любіць Лукашэнку, хто адстойваў яго так, як адстойваў раней. І як пасьля таго, як усё гэта адбываецца на нашых вуліцах, можна верыць у гэтага чалавека? Ходзяць чуткі, пра гэта заявіў Анатоль Лябедзька, напэўна, у яго правераныя дадзеныя, што вельмі шмат тут расейскага АМАПу. Хто гэта будзе і можа любіць? Беларусы ўвесь час падкрэсьліваюць, што мы мірныя людзі, мы ня будзем нікога біць і забіваць. Амаль нечалавечая, сатанінская лютасьць, зь якой дзейнічае АМАП — мне цяжка паверыць, што гэта беларускі АМАП. Мне здаецца, што беларускія хлопцы не маглі так біць сваіх маці і сясьцёр. У маленькіх гарадах, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, АМАП адмаўляецца біць людзей. Свае людзі ня хочуць біць сваіх людзей. А тут нешта нерэальнае адбываецца.

— Як вы ацэньвае адʼезд Сьвятланы Ціханоўскай?

— Я згодная зь меркаваньнем многіх людзей, што яна зрабіла сваю справу. Яна была і засталася сымбалем пераменаў, прагі новага жыцьця і сумленнасьці, самаахвярнасьці дзеля народу і свайго мужа. У рэшце рэшт чалавек не такі ўсясільны. Яна зрабіла тое, што магла. Я не магу пра яе нічога кепскага сказаць. Я мяркую, што зараз хай мужчыны выходзяць на авансцэну. Вось будзе Камітэт нацыянальнага ўратаваньня, павінна зьбірацца эліта, павінна ўступіць грамадзтва ў барацьбу, а ня толькі гэтыя тры маленькія жанчыны. Яны ўсе тры цудоўныя кожная па-свойму — і Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава. Марыя дагэтуль на пасту. Але калі трэба прынесьці ў ахвяру дзяцей, а ўжо як могуць дзейнічаць і палохаць нашыя органы — ня трэба зьдзіўляцца, што дзьве жанчыны — Сьвятлана і Вераніка — сышлі з дыстанцыі. Але я думаю, што яны вярнуцца.

— А вы маглі б узяць на сябе ролю пасярэдніка?

— Пасярэдніка якога?

— Паміж тымі, хто зараз уступіў у канфлікт.

— Калі б я была крыху маладзейшай і ня хворай, то напэўна. А цяпер я дапамагу ўсімі сіламі, якія ў мяне ёсьць, але ўзначаліць гэты рух у мяне ўжо няма ні фізычных, ні душэўных сілаў.

— Што б вы хацелі сказаць тым людзям, якія выходзілі на пратэсты і, магчыма, яшчэ выйдуць?

Я ўдзячная ім за тое, што яны ратуюць нашую годнасьць. Я проста ўлюбляюся ва ўласны народ у гэтыя апошнія тыдні. Гэта зусім іншыя людзі, зусім іншая моц у гэтых людзях. Раней у мяне было нейкае расчараваньне — цяпер няма. Нам трэба быць больш арганізаванымі. Барацьба знойдзе і лідэраў. Усе вырашылі, што ўсё зробяць гэтыя дзяўчаткі.

— І што б вы хацелі сказаць Лукашэнку?

— Вы мяне ўжо пыталіся аб гэтым. Хацела б сказаць тое, што выдатна сказала Сьвятлана Калінкіна — сыдзі прыгожа. Але ўжо не атрымаецца, ужо кроў. Сыдзі, пакуль ня позна, пакуль ты ня ўкінеш народ у страшную бездань, у бездань грамадзянскай вайны. Сыдзі.

Ніхто ня хоча Майдану, ніхто ня хоча крыві. Толькі ты хочаш улады. Менавіта тваё жаданьне патрабуе крыві.

Трэба, каб на ўсіх участках былі павешаныя пратаколы галасаваньня. Каб людзі бачылі, як яны прагаласавалі. Давайце гэта зробім. Хай людзі ўбачаць, колькі і за каго было галасоў. Я мяркую, што выйграла Сьвятлана, у мяне нават няма сумневаў. Людзі хочуць пераменаў.

Каментары8

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»17

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Усе навіны →
Усе навіны

У Чылі паліцыя знайшла скрадзеныя ў Лос-Анджэлесе гадзіннікі Кіяну Рыўза

Ігар Кулей правёў апошнюю перадачу на «Белсаце» і пайшоў з канала8

«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей2

Былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр памёр ва ўзросце 100 гадоў2

Казахстан адправіць чорныя скрыні з Azerbaijan Airlines у Бразілію

Гардон: Гарачая фаза вайны завершыцца ўжо заўтра27

У Жодзіне адкрылі краму з мерчам БелАЗа6

Некаторыя «заменнікі мяса» далёка не бясшкодныя для чалавека10

Бондараву абурылі слова Раство і зоркі НАТА на навагодняй елцы ў Мінску27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»17

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Галоўнае
Усе навіны →