Ідэя сенатара Сіўца — штрафаваць за кожны бел-чырвона-белы сцяг на 135 рублёў
Член Савета Рэспублікі Сяргей Сівец унёс прапанову па зменах у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Фактычна Сівец прапануе забараніць усю «незарэгістраваную» сімволіку. Пад забарону трапіць і бел-чырвона-белы сцяг.
Сівец асабліва і не хавае, што ягоныя ідэі звязаныя з «грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне». «Увядзенне такой нормы прадыктавана аб’ектыўнай неабходнасцю забеспячэння эфектыўнага абарончага механізму для супрацьдзеяння дэструктыўна настроеным асобам, якія маюць на мэце дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны», — гаворыцца ў прапанове Сіўца.
Ясна, што наўрад ці гэта закране якіх-небудзь фанатаў «Зорных войнаў» ці «Гары Потэра», якія захочуць выдумаць свой сцяг, ці фірмы, што побач з офісамі вывешваюць сцяг кампаніі. Гаворка вядзецца пра сцягі, якія выкарыстоўваюцца на палітычных мерапрыемствах.
Сівец лічыць неабходным караць вытворцаў незарэгістраваных сцягоў і людзей, якія імі карыстаюцца, на суму ад 5 да 20 базавых велічынь (135-540 рублёў). Кожны паўторны выпадак — 260-1080 рублёў.
Прычым «сенатар» хоча гэтым спыніць змяшчэнне незарэгістраванай сімволікі на адзенні і нават на чахлах тэлефона.
Юрыст Юрый Чавусаў кажа, што на сёння ў Беларусі забароненай з’яўляецца толькі нацысцкая сімволіка, а таксама звязаная з ёй. Бел-чырвона-белы сцяг пад забарону, натуральна, не трапляе.
«Паколькі бел-чырвона-белы сцяг стаў сцягам усеагульнага пратэсту, а не толькі нацыянальна арыентаваных палітычных сілаў, то ў праваахоўных органаў паўстала пытанне выкарыстання сцяга прыватнымі асобамі. Гэта не з’яўляецца забароненым і не падпадае ні пад якія артыкулы. Гэтаксама і людзі, якія прыдумляюць сцягі мікрараёнаў, не робяць нічога забароненага. Людзі маюць поўнае права вывешваць сцягі на балконах, змяшчаць іх на майках», — тлумачыць Чавусаў.
Адзіная забарона на выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі датычыць масавых акцый. У законе прапісана, што падчас такіх мерапрыемстваў можна карыстацца толькі зарэгістраванымі сімваламі. Але ніякіх дадатковых пратаколаў і дадатковай адказнасці быць не павінна, бо гэтыя дзеянні ўсё адно трапляюць пад сумнавядомы артыкул КаАП 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў».
«У нас дазволена ўсё, што не забаронена — таму выкарыстанне сцяга законнае. Валюнтарысцкі загад рэжыму здымаць бел-чырвоныя сцягі сутыкнуўся з прававым неабгрунтаваннем, няма закона, які забараняе выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя сцягі. Прававых механізмаў няма, хаця да людзей усё адно ўрываюцца ў кватэры, выклікаюць ратавальнікаў. Прапанова Сіўца не мае нічога агульнага са свабодай слова, меркаванняў — гэта там нават не ўлічваецца. Сур’ёзную прававую ініцыятыву я тут не бачу. Хоць у цяперашніх умовах не трэба здзіўляцца, калі такое будзе прынята», — лічыць Юрый Чавусаў.
Юрыст кажа, што ўжо доўгі час вядзецца грамадскае абмеркаванне новай рэдакцыі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, але пытанне незарэгістраванай сімволікі ніколі не ўздымалася: «Пытанне забароны сцягоў турбуе не грамадства, а асобных палітычных дзеячаў».
Сяргею Сіўцу 47 гадоў, ён родам з Мінска. Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. Працаваў выкладчыкам канстытуцыйнага права на юрфаку БДУ, намеснікам дырэктара Інстытута прававых даследаванняў.
У першыя дні пасля выбараў Сівец заклікаў моладзь не ісці за «палітычнымі інтрыганамі». «Нельга аддаваць ні секунды, ні хвіліны свайго жыцця ва ўгоду ім», — лічыць Сівец.
Пазней ён дадаваў яшчэ фарбаў: «Людзі выходзяць на мітынгі, плошчы не самастойна — гэта відавочна. Выходзяць зыходзячы з таго, што атрымана такая ўстаноўка выйсці і паспрабаваць разгайдаць нашу грамадскую згоду».
Апошнімі ж днямі Сівец заклапаціўся фальсіфікацыямі гісторый Беларусі і Расіі, «змяншэнню ролі савецкага народа ў перамозе над нацызмам».
У той час як многія калегі па Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі лічаць за лепшае ў такія дні прынамсі памаўчаць, Сівец прыцягвае да сябе ўвагу.
Каментары