У дзіцячы садок — з чамаданам выбухоўкі. Гісторыя першага беларускага тэрарыста
Як і чаму ў 1996 годзе былы сілавік з Ратамкі Аляксандр Зюлькоў рашыўся на дзікі ўчынак? Да чаго тут яго сястра, нераздзеленае каханне і мясцовы ўчастковы міліцыянер?

1996 год у Беларусі быў гарачым ва ўсіх сэнсах. У краіне палітычны крызіс. Аляксандр Лукашэнка ва ўладзе менш за два гады, але ўжо паспеў праз рэферэндум змяніць дзяржаўную сімволіку і надаць рускай мове статус дзяржаўнай.
Ён канфліктуе з Вярхоўным саветам і Канстытуцыйным судом. Тыя супрацьстаяць імкненню Лукашэнкі завалодаць абсалютнай уладай і весці Беларусь да інтэграцыі з Расіяй.

У сярэдзіне сакавіка пачынаюцца акцыі пратэсту. Піку яны дасягаюць у наступным месяцы, калі Лукашэнка і Ельцын падпісваюць дамову пра ўтварэнне «Супольнасці Расіі і Беларусі».
2 красавіка на вуліцы Мінска выходзяць каля 30 тысяч чалавек. 26 красавіка праходзіць традыцыйны «Чарнобыльскі шлях» — у ім удзельнічаюць ужо 60 тысяч.

Адбываюцца сутыкненні з сілавікамі, перакульваюцца міліцэйскія машыны. Гэта канчаецца першымі ў гісторыі незалежнай краіны масавымі затрыманнямі і канчатковым ад’ездам з краіны лідара апазіцыі Зянона Пазняка. Але ў выніку праект саюзнай дамовы скарэктавалі ў бок захавання суверэнітэту Беларусі.
На фоне палітычнай ліхаманкі, якая ахоплівае краіну, амаль незаўважанай праходзіць асабістая барацьба за справядлівасць маленькага чалавека.
Раніца аўторка 11 чэрвеня 1996 года. У Мінску стаіць рэкордная спёка, ад якой млосна і прытупляецца ўвага. Таму нядзіўна, што ніхто не звяртае ўвагу на дзіўнага мужчыну з чамаданам, які прыйшоў у 511-ы дзіцячы садок на вуліцы Чарвякова.

Так у закладніках 43-гадовага Аляксандра Зюлькова апынуліся 17 дзяцей і двое дарослых. Мужчына не выстаўляў касмічных патрабаванняў кшталту мільёна даляраў ці верталёта — ён прасіў прывезці ў садок сваю медыцынскую карту, адваката і здымачную групу папулярнай расійскай тэлепраграмы «Взгляд».
Гэта была кульмінацыя асабістай вайны Зюлькова, якая цягнулася цэлых 10 гадоў.

Аляксандр Зюлькоў вырас у сям’і вайскоўца і марыў пайсці па шляху бацькі. Той выхоўваў дзяцей у строгасці і з дзяцінства даводзіў сыну, што самае галоўнае — гэта трымаць слова і адстойваць свой гонар.
Жыццё хлопца развівалася па стандартным савецкім сцэнары: школа, армія і служба ў спецназе, шлюб і нараджэнне сына Руслана. Усё перакрэсліў фатальны выпадак.

У лістападзе 1986 года міліцыя выцягнула Зюлькова проста з ложка. Родныя знайшлі яго толькі праз некалькі дзён — Аляксандр апынуўся ў псіхіятрычнай бальніцы. Усяго ў «Навінках» мужчына правёў тры тыдні і выйшаў адтуль з дыягназам «хранічны алкагалізм і поўны разлад асобы».

Блізкія былі ў шоку — Зюлькоў піў толькі па святах у коле сям’і. А сястра Ларыса лічыла, што бяда з братам здарылася праз яе. Некалькі разоў яна адмаўляла аднаму кавалеру, насміхаючыся з яго. Той доўга трываў, пакуль каханне не ператварылася ў нянавісць. Адпомсціць ён вырашыў, выкарыстаўшы службовае становішча свайго брата, які быў участковым у Ратамцы. Там якраз і жылі Зюльковы. Да іх і прыйшоў той міліцыянер, але ахвярай помсты кавалера стала не Ларыса, а яе брат Аляксандр.

Страшны дыягназ паставіў кропку на вайсковай кар’еры будучага тэрарыста. Яго звольнілі са спецназа, а сябры і таварышы па службе адвярнуліся. Але самым пакутлівым для Аляксандра Зюлькова стала адчуванне несправядлівасці выраку.
З часам змаганне за праўду стала сэнсам яго існавання. Ён пісаў лісты чыноўнікам і ў газеты, але ніякага плёну гэта не дало. Мужчына аддаліўся ад сям’і, мала ўвагі надаваў выхаванню сына і, па словах жонкі Жанны, біў яго. У выніку ў 1990-м Зюльковы развяліся.

Аляксандр не мог знайсці сталай працы. Ён быў то кіроўцам, то правадніком на чыгунцы, але паўсюль яго звальнялі праз дыягназ. У выніку мужчына далучыўся да сямейнай справы — тры пакаленні ягонай сям’і выраблялі вясельныя ўпрыгожанні. Гэта прыносіла невялікі, але стабільны даход.
Паралельна Зюлькоў спрабаваў дабіцца справядлівасці праз суд. Але ўсе пасяджэнні аказваліся беспаспяховыя. Незадоўга да трагедыі мужчына прайграў апошні працэс, пасля чаго замкнуўся канчаткова. Блізкія разумелі, што ён да чагосьці рыхтуецца.

За дзень да захопу дзіцячага садка былыя сужэнцы сустракаліся апошні раз. Аляксандр Зюлькоў прыйшоў на працу, каб папрасіць Жанну забраць ягонага сабаку. На ўсе пытанні ён коратка адказваў: проста так трэба.
На наступны дзень мужчына з вялікай гаспадарчай сумкай прайшоў міма былой жонкі на чыгуначнай станцыі і нават не павітаўся. Яна адчула, што адбудзецца нешта страшнае. Праз некалькі гадзін Жанну Зюлькову будуць шукаць мужчыны ў цывільным і прасіць паехаць з імі да 511-га садка.

Пасля абвяшчэння пра захоп Аляксандр Зюлькоў сеў з чамаданам на столік пасярод групы на другім паверсе. Дыпламат ён паклаў перад сабой, засунуўшы палец у пятлю з дроту, іншы канец якога быў прымацаваны да выбухоўкі. Усіх дзяцей ён прымусіў сесці на падлогу, а выхавацелек адысці за іх спіны.
Праз 15 хвілін садок быў ужо ачэплены сілавікамі. Адразу з тэрарыстам пачаліся перамовы. Аднак яны ні да чаго не прывялі. Таму сілавікі пайшлі на хітрасць. Зюлькоў патрабаваў каб да яго прыехалі журналісты перадачы «Взгляд» з Масквы. Яму паабяцалі, што здымачная група будзе, але мясцовая. І пад выглядам рэпарцёраў «Взгляда» да Зюлькова адправілі міліцыянераў, схлусіўшы, што маскоўскія журналісты ў адпачынку.

Захопніка моцна раздражняў дзіцячы плач, таму ён адпусціў некалькіх малых, якія енчылі асабліва гучна. Бачачы дыскамфорт мужчыны, выхавацелькі ціхенька прасілі дзяцей плакаць.
Сілавікі з відэакамерамі зразумелі, што перад імі недасведчаны тэрарыст, таму паступова набліжаліся да Зюлькова. Атрымалася нават газааналізатарам праверыць ягоны чамадан — аказалася, што мужчына не блефаваў. Чамадан быў цалкам набіты трацілам.
Крыху супакоіўшыся, захопнік пачаў даваць «інтэрв’ю». Ён скардзіўся, што праз здзекі з сябе страціў усё.

Адцягнутай увагай Зюлькова скарысталіся выхавацелька Ларыса Сакалова. Яна пачала выводзіць дзяцей у туалет і перадаваць іх спецназаўцам у акно. Многія з малых так і не зразумелі, у якой небяспецы яны былі.
У выніку перад захопнікам засталіся толькі двое малых, лагапед і атлетычнага выгляду мужчыны, якія станавіліся ўсё менш падобныя да журналістаў. Іх перастала цікавіць драма Зюлькова, яны распытвалі пра выбухоўку ў чамадане.

Раптам тэрарыст усё зразумеў і запатрабаваў, каб да яго вярнулі ўсіх дзяцей.
Пасля Зюлькоў выцягнуў з чамадана дрот. Адбыўся хлапок, з дыпламата паваліў дым, але нейкім цудам выбухоўка не спрацавала. Апошняе, што паспеў сказаць Аляксандр Зюлькоў: «Ясна, я застаюся тут».
Сілавікі пачалі дзейнічаць. Прагучалі два стрэлы, пасля чаго адзін з амапаўцаў вырваў з рук смяротна параненага Зюлькова чамадан і выкінуў у акно. Ён прызямліўся за 40 метраў ад ачаплення. Выбух так і не адбыўся — аказалася, што тэрарыст перамудрыў з дэтанатарам.

Праз пяць гадзін Аляксандр Зюлькоў памрэ ў бальніцы, дапамога яго былой жонкі так і не спатрэбіцца. Калі яе прывязуць да дзіцячага садка, усё ўжо будзе скончана. У выніку будзе выкананае толькі адно з патрабаванняў першага беларускага тэрарыста — пра яго раскажуць у праграме «Взгляд».
У сюжэце захопнік будзе паказаны ахвярай абставінаў і сентыментальным чалавекам, а вядоўца Аляксандр Любімаў двойчы скажа, што беларусам і беларускаму КДБ пашанцавала.
Цынічная фраза расійскага журналіста звязаная з чачэнскай вайной і з тым, што ў адзін дзень з захопам дзіцячага садка ў Мінску, у маскоўскім метро здарыўся выбух. Прылада была ў некалькі разоў слабейшай за тую, што была ў чамадане Зюлькова, але забіла чатырох і параніла 16 чалавек.
Але вернемся ў Мінск. Пасля паспяховай спецаперацыі яе ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды. З дзецьмі працавалі псіхолагі, таксама малых з бацькамі звазілі на мора. А ў дзіцячым садку правялі капітальны рамонт.

Дом, дзе калісьці жыў Аляксандр Зюлькоў у выніку прадалі. Яго былая жонка не ўзяла адтуль ніводнай рэчы — каб нічога не нагадвала ёй пра мужа-тэрарыста. А ўсе іх агульныя здымкі яна знішчыла, не пашкадавала нават вясельныя.
Лічылася, што над мужчынамі ў сям'і Зюльковых вісіць нейкі праклён. Тры пакаленні не паміралі сваёй смерцю. Дзеда расстралялі ў 1939-м, дзядзьку забілі ў цягніку, бацька знік пры нявысветленых абставінах. А як памёр Аляксандр Зюлькоў — вы толькі што прачыталі.
Яго адзіны сын Руслан жывы і па сёння, аднак лёс мужчыны цяжка назваць шчаслівым. Ён працаваў то бармэнам, то рабочым, то грузчыкам і меў некалькі крыміналак.

На працягу 27 гадоў пасля захопу садка пра яго згадвалі хіба што на круглыя даты. Але пэўнымі легендамі гэта здарэнне паспела ўсё ж абрасці. У прыватнасці, некалькі гадоў таму дзяржаўная прэса напісала, што ўвесь ход спецаперацыі нібыта кантраляваў асабіста Аляксандр Лукашэнка.
Сёння дзецям, якіх некалі захапіў Аляксандр Зюлькоў, крыху больш за 30 гадоў. Амаль увесь гэты час у Беларусі не мянялася ўлада. Мянялася сама Беларусь і стаўленне да асобных рэчаў. Напрыклад, да таго ж тэрарызму. У 2020-я на фоне прававога бязладдзя ў тэрарысты сталі запісваць палітычных апанентаў Лукашэнкі.
Але і праз 30 гадоў не змянілася адно. Па-ранейшаму, чалавек у пагонах можа выцягнуць з ложка любога няўгоднага беларуса, зламаць яму жыццё і не панесці за гэта ніякай адказнасці. А спробы дамагчыся справядлівасці не прынясуць нічога, акрамя хіба што яшчэ большых праблем.
Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне
У спіс «тэрарыстаў» за каментары ўнеслі хлопца, якому толькі нядаўна споўнілася 18 год
Аднаго называлі беларускім Шаляпіным, а другога — залатым голасам Беларусі. Але жыцці абодвух артыстаў трагічна абарваліся
Ён быў першым беларусам на «Еўрабачанні» і зоркай, якую ведала ўся краіна — Міхаіл Фінберг
Каментары