Якую дошку для нарэзкі выбраць — драўляную ці пластыкавую? Што кажуць спецыялісты
Калі выбіраеце дошку для нарэзкі, важна ўлічваць не толькі зручнасць і даўгавечнасць, але і пытанні гігіены, бяспекі прадуктаў і нават магчымы ўплыў на здароўе. Журналісты The Washington Post распыталі экспертаў, каб разабрацца, якую дошку лепш выбраць для хатняй кухні. Адказ не такі просты.

Дошка для нарэзкі — адзін з самых запатрабаваных прадметаў на кухні. Яна кантактуе з сырым мясам, рыбай, гароднінай, садавіной, хлебам і ўжо прыгатаванымі прадуктамі. Таму пытанне, з якога матэрыялу яна зробленая, — не толькі пра зручнасць або даўгавечнасць, але і пра бяспеку ежы.
Доўгі час існавала меркаванне, што драўляныя дошкі больш небяспечныя, бо бактэрыі могуць пранікаць у іх поры і заставацца там надоўга. Аднак сучасныя даследаванні паказваюць, што гэтыя мікраарганізмы сапраўды могуць трапляць у дробныя расколіны драўніны, але там яны паступова гінуць, калі дошка высыхае. Таму сама па сабе драўляная паверхня не робіць дошку больш небяспечнай.
Разам з тым спецыялісты адзначаюць, што такія дошкі патрабуюць больш стараннага догляду. Іх нельга мыць у пасудамыйцы, бо высокая тэмпература можа сапсаваць драўніну. Пасля выкарыстання дошку трэба памыць уручную гарачай вадой з мыйным сродкам, добра высушыць і толькі пасля гэтага прыбраць.
Калі на дошцы разразалі сырое мяса, яе варта дадаткова прадэзынфікаваць. Для гэтага эксперты рэкамендуюць прыгатаваць слабы раствор — каля 15 мл бытавога адбельвальніка на 4 літры вады. Яго наносяць на паверхню дошкі, пакідаюць на некалькі хвілін, а затым змываюць чыстай вадой.
Акрамя таго, драўляныя дошкі трэба час ад часу апрацоўваць харчовым мінеральным алеем і пры неабходнасці шліфаваць, каб паверхня заставалася гладкай.
Галоўная перавага пластыкавых дошак — іх можна без праблем мыць у пасудамыйцы. Высокая тэмпература і мыйныя сродкі дазваляюць эфектыўна пазбавіцца ад большасці бактэрый.
Аднак пластык мае іншую праблему. На ім хутчэй утвараюцца глыбокія баразёнкі ад нажа, у якіх могуць размнажацца мікраарганізмы. Паколькі пластык не мае пор, вадкасць застаецца на яго паверхні і выпараецца павольней, чым на дрэве, у якое яна пранікае і размяркоўваецца па большай плошчы. Таму пластыкавыя дошкі неабходна часцей замяняць, каб падтрымліваць належны ўзровень бяспекі на кухні.
Ці варта баяцца мікрапластыку?
Яшчэ адна праблема, пра якую ўсё часцей гавораць даследчыкі, — мікрапластык.
Падчас нарэзкі ад пластыкавай дошкі могуць аддзяляцца драбнюткія часцінкі, якія трапляюць у ежу. Некалькі даследаванняў ужо паказалі, што пластыкавыя дошкі сапраўды могуць быць адной з крыніц мікрапластыку ў рацыёне чалавека. Аднак на гэтым дакладнасць высноў заканчваецца.
Навукоўцы пакуль не могуць упэўнена сказаць, якую колькасць такіх часцінак чалавек атрымлівае, ці ўсе яны пранікаюць у тканкі арганізма і наколькі гэта небяспечна для здароўя. Значэнне мае і памер часцінак: буйнейшыя, хутчэй за ўсё, проста выводзяцца з арганізма, а вось самыя дробныя могуць пранікаць праз клетачныя мембраны.
Акрамя самога пластыку, занепакоенасць выклікаюць і хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у яго склад, — напрыклад, пластыфікатары і фарбавальнікі. Даследаванні на жывёлах ужо паказвалі, што яны могуць уплываць на мікрабіём кішэчніка, але ці адбываецца тое самае ў людзей, пакуль невядома.
Эксперты падкрэсліваюць: рызыка, верагодна, залежыць ад таго, як часта чалавек карыстаецца пластыкавай дошкай, наколькі яна зношаная і колькі іншых крыніц мікрапластыку прысутнічае ў яго паўсядзённым жыцці.
Якую дошку ўсё ж выбраць?
На сёння спецыялісты не бачаць прычын тэрмінова адмаўляцца ад пластыкавых або драўляных дошак, калі яны знаходзяцца ў добрым стане.
Найлепшы варыянт — мець на кухні некалькі дошак. Асобную выкарыстоўваць для сырога мяса, а іншую — для гародніны, садавіны, хлеба і іншых прадуктаў. Гэта значна зніжае рызыку перакрыжаванага забруджвання, калі бактэрыі з сырога мяса трапляюць на ежу, якая не будзе праходзіць дастатковую тэрмічную апрацоўку.
Многія спецыялісты па бяспецы харчовых прадуктаў і прафесійныя кухары выкарыстоўваюць простую схему: пластыкавую дошку — для сырога мяса, бо яе лёгка прадэзынфікаваць у посудамыйнай машыне, а драўляную — для ўсіх астатніх прадуктаў.
Менавіта такое спалучэнне, на думку экспертаў, дазваляе найлепш выкарыстаць перавагі абодвух матэрыялаў.
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары
Але можа і лакальны фразеалагізм. Ужо не памятаю скуль, з якога раёна-рэгіёна пачуў.
Але начынне на кухні, прылада да наразання дакладна не дошка.