Улада

Лідар АГП Казлоў: Я не гатовы плаціць Балабу, каб ён ахоўваў Дзень Волі

На мінулым тыдні старшыня АГП Мікалай Казлоў быў прысуджаны да 15 сутак арышту за адмову даць падпіску аб неразгалошванні па допыце, што тычыўся дзейнасці Каардынацыйнай рады.

І хоць вырак быў вынесены, на Акрэсціна Казлоў пакуль не адправіўся. Палітык адказаў на некалькі пытанняў «НН».

Мікалай Казлоў. Фота Надзеі Бужан.

«Наша Ніва»: Як думаеце, чаму вас не пасадзілі адразу?

Мікалай Казлоў: Я не ведаю, шчыра. Ці ў іх задача пасадзіць у самы непадыходзячы момант, ці што. Мне цяжка сказаць. Мне здаецца, і суддзя да канца сябе не вельмі ўпэўнена адчувае ў прыняцці рашэння. У мяне і такая думка праскоквала ў галаве. Я не асабліва хачу пра гэта думаць, бо мне ўсё адно. Няхай забаўляюцца, пакуль у іх ёсць час — у мяне такая пазіцыя.

«НН»: Учора ўладныя тэлеграм-памыйніцы пісалі, што вам могуць яшчэ дадаць два разы па пятнаццаць сутак.

МК: Хай пішуць, што заўгодна. У мяне былі сітуацыі, калі затрымлівалі проста на вуліцы, абвінавачвалі ў дробным хуліганстве і адпраўлялі на суткі. Што тычыцца [памыйніц], то мне здаецца гэта накіравана на тое, каб людзі баяліся не даваць падпіску аб неразгалошванні. А я лічу, што падпісваць нельга. Асабліва ў такой сітуацыі, калі мы разумеем, што справа сфабрыкаваная. І яны не выконваюць сваіх абавязкаў як праваахоўнікі і следчыя, а абмяжоўваюць інфармацыю ўсялякімі падпіскамі. Гэта іх спосаб абароны — абкласціся падпіскамі. Але гэта ўсё каліф на гадзіну, не можа не наступіць часу, калі кожнаму прыйдзецца адказаць за здзейсненае.

«НН»: Можа, вас так да эміграцыі падштурхоўваюць? Вось не пасадзілі, хочуць, каб вы хутчэй манаткі сабралі і з’ехалі з краіны?

МК: Я не ведаю, што ў іх мазаічных галовах. Я нікуды не збіраюся з’язджаць, няхай не ломяць сабе галовы. Я ў сваім праве, я ў сваёй краіне, нічога не парушаю. З чаго б мне з’язджаць?

«НН»: Жывучы ў Беларусі, займацца палітыкай сёння рэальна?

МК: Гэта цяжка, але рэальна. Магчыма, палітыка атрымліваецца не вельмі публічнай, магчымасці вельмі скукожаныя. Тым не менш, кожны павінен рабіць, што можа. Назавіце гэта палітыкай, пратэстам, бурчаннем на вуліцах, як заўгодна. Але кожны павінен рабіць, што можа.

Мы жывём ва ўмовах акупацыі і мы павінны змагацца за сваю свабоду. Калі гэта не адбудзецца, то ўвесь гэты абсурд, прававое бясчынства, садызм, забойствы будуць працягвацца. Ад гэтага вельмі цяжка адмовіцца.

«НН»: Што думаеце пра паездку Лукашэнкі ў Расію?

МК: Мне здаецца, што рыхтуецца здача незалежнасці. І мы да гэтага павінны быць гатовыя. Трэба адстойваць свае ідэалы, інтарэсы, дабрабыт, у кожнага ёсць, што губляць. Акупанты могуць забраць уласнасць, свабоду, дзіця, што заўгодна. Мы павінны супраціўляцца гэтаму. Усё астатняе — другасна. Як чалавек, які меў дачыненне да праваахоўных органаў, я скажу, што важна збіраць факты, набрацца цярпення і ўрэшце рэшт кожны атрымае тое, чаго заслугоўвае. Кожны злачынца паўстане перад судом.

«НН»: АГП неяк будзе ўдзельнічаць у падаванні заяўкі на правядзення Дня Волі?

МК: Наўрад ці. Паўстае маральны выбар — мы ж не можам проста так заяўку ў Мінгарвыканкам занесці, мы павінны заключыць пагадненне з міліцыяй. Я не гатовы ўбачыць Балабу, сказаць яму: «Ты вось памардаваў усіх, а цяпер мы табе заплацім». Я не магу ставіцца да іх як да праваахоўных органаў, у мяне не атрымліваецца.

«НН»: Бел-чырвона-белы сцяг у выніку забароняць ці не?

МК: Я не ведаю, што ў іх у галовах. Нават у гэтым прававым абсурдзе я не думаў, што мяне асудзяць на 15 сутак за маё законнае права. Канечне, могуць забараніць, якія пытанні? Другая справа, што ён дэ-факта быў забаронены і раней. Яны падымаюць стаўкі, правакуюць людзей на нейкую рашучую рэакцыю.

«НН»: З перарэгістрацыямі партый АГП згубіць афіцыйны статус ці не?

МК: Канечне. Шанцаў на тое, што нейкія апазіцыйныя партыі пакінуць, амаль няма. Цяпер адбываецца наезд па ўсіх абласцях без выключэнняў. У тым ліку зачышчаюць і так зачышчанае палітычнае поле. Я заклікаю людзей уступаць у АГП, далучайцеся.

«НН»: Ланкін і Васкрасенскі будуць афіцыйнай апазіцыяй.

МК: Я нават не хачу пра іх гаварыць, тут няма прадмету для размовы.

Каментары

Цяпер чытаюць

А мы вам казалі: «не думайце, што гэта капейкі»! Сталі вядомыя звесткі, колькі падаходнага беларусы Літвы пералічылі розным грамадскім структурам17

А мы вам казалі: «не думайце, што гэта капейкі»! Сталі вядомыя звесткі, колькі падаходнага беларусы Літвы пералічылі розным грамадскім структурам

Усе навіны →
Усе навіны

Чыноўнікі палічылі слоган Гродзенскага мясакамбіната парушэннем закона2

У Беларусі маркетплэйсам забаранілі паказваць пакупнікам фалаімітатары і іншыя тавары для дарослых11

Уладзіміру Някляеву — 80 гадоў5

У Мінску развітваюцца з Мікалаем Чаргінцом ШМАТ ФОТА9

Беларуса прымусова дэпартавалі з Расіі. А ён палез назад праз 50 хвілін2

У Бабруйскім раёне пенсіянерка пілавала балгаркай дошкі, парэзала нагу і памерла3

Стала вядома новае месца працы экс-кіраўніка Гомеля, пра якога гаварылі, што ён у СІЗА

Чым займаецца Аліна Харысава пасля гучнага скандалу з КДБ і якія высновы зрабіла са сваёй прыкрай гісторыі?42

Дэмарш перад матчам ЛЧ: некаторыя гульцы румынскага клуба адмовіліся падаваць руку футбалістам «МЛ Віцебск»10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

А мы вам казалі: «не думайце, што гэта капейкі»! Сталі вядомыя звесткі, колькі падаходнага беларусы Літвы пералічылі розным грамадскім структурам17

А мы вам казалі: «не думайце, што гэта капейкі»! Сталі вядомыя звесткі, колькі падаходнага беларусы Літвы пералічылі розным грамадскім структурам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць