У Беларусi восем дзядуляў аформiлi дэкрэтны адпачынак па доглядзе ўнукаў. «Звязда» наведала ўнiкальных «нянькаў».

У Беларусi восем дзядуляў аформiлi дэкрэтны адпачынак па доглядзе ўнукаў. «Звязда» наведала ўнiкальных «нянькаў».
Высветлiлася, што два з васьмi дзядуляў‑героеў жывуць зусiм побач адзiн ад аднаго: у Пiнску i мястэчку Лагiшын пад Пiнскам. І абое ахвотна згадзiлiся паразмаўляць!
— Я Маша, а гэта — Саша, — сустракае мяне на ўваходзе ў дом мiлае дзеўчаня гадоў шасцi. За яе спiну хаваецца такая ж прыгожанькая, толькi маленькая.
— Як Маша нарадзiлася, дык нявестка Iра пасядзела пэўны час, а затым вырашылi на бабулю «дэкрэт» аформiць, — распавядае Мiхаiл Iосiфавiч Петруковiч. — Нiне Фёдараўне якраз год да пенсii заставаўся, вырашылi дзяцей выручыць, бо нявестка якраз у школе працу знайшла — настаўнiцай малодшых класаў. А як Сашанька нарадзiлася, i Iры трэба было iсцi працаваць, тады ўжо я пайшоў афармляцца. Бабуля не афармлялася другi раз, бо мы думалi, што толькi тым, хто працуе, можна ў «дэкрэт» iсцi. I толькi нядаўна даведалiся, што можна нават i пенсiянерам.
Цяпер Сашы два гады i чатыры месяцы, Машы — шэсць.
Але да апошняга часу дзеду давялося 8 месяцаў сядзець з дзвюма ўнучкамi, бо садок быў зачынены цэлых 8 месяцаў: будавалi аграгарадок i своечасова не скончылi…
— Але, ведаеце, гэта заканамерна, — кажа Нiна Фёдараўна. — Калi мы былi маладыя, дык нашых сыноў — Мiшу i Сашу — таксама гадаваў iх дзядуля, мой свёкар. Мы ж працавалi, Мiхаiл Iосiфавiч увогуле ў дзве змены. Але мы былi спакойныя: у хаце цёпла, дзецi пакормленыя… Вiдаць, недадаўшы тады ўвагi дзецям, дзед цяпер вырашыў кампенсаваць гэта з унучкамi!..
I дзядуля стараецца напоўнiцу! Саша сама навучылася есцi ў 1,5 гадочка, рана пачала хадзiць. Цяпер дзядуля вучыць унучку чытаць (старэйшая ўжо чытае поўным ходам!).
— Самае цяжкае, — кажа Мiхаiл Iосiфавiч, — гэта прыдумаць, чым забаўляць дзяцей цэлы дзень. Мы столькi гульняў перагулялi!
I ў хованкi, i ў рэгулiроўшчыка, i ў «Поле цудаў»… Але любiмая гульня ва ўнучак — гэта «Подыум». Апранаюць розныя сукенкi i ходзяць па хаце. А я — глядач — сяджу, хвалю i ў далонi пляскаю!.. Маша, напэўна, мадэллю будзе — так ладна ходзiць!..
— Не! — пярэчыць Маша. — Я буду альбо ў краме працаваць, альбо ў школе настаўнiцай, альбо ў садку выхавальнiцай…
— Саша, ты любiш плакаць? — пытаюся ў маленькай прыгажунi.
— Я харошая дзяўчынка!.. — пакрыўджана адказвае дзяўчынка i раптам дадае. — А Маша мяне шчыпае…
— Гэта яна мяне шчыпала!.. — тут жа рэагуе Маша. Сёстры пачынаюць спрачацца, а я распытваю ў Мiхаiла Iосiфавiча пра надзённае.
— Па доглядзе дзiцяцi атрымлiваю 189 тысяч… Кажу вам абсалютна адказна: на гэтыя грошы дзiця выгадаваць нельга!Добра, у нас гаспадарка ёсць, я вунь козачак набыў, каб унучкам малачко было свежае. Кажуць, вельмi карысна…
— Насу козацку завуць Лозацка! — паведамляе мне Саша. — А длугая ясцэ бадаеца!..
Цi цяжка было мужчыну засвоiць спрадвечна жаночую справу — гадаванне дзiцяцi, тым больш дзяўчынкi?
— Чаму? Я ж у школе працаваў, спачатку ваенрукам, затым выкладчыкам фiзкультуры, нават ордэн Працоўнай Славы атрымаў, — адказвае дзядуля. — Заняткi вёў ад чацвёртага па адзiнаццаты клас. Дзяцей не баюся i люблю.
Тым больш, вы ведаеце, жанчыны больш стамляюцца, бо сваiх дзяцей гадавалi… А мужчыны больш цярплiвыя, таму нiякiх праблем у мяне не было. Гэта вялiкае шчасце — дажыць да ўнукаў…
Пакуль размаўляем, Саша пачынае ёрзаць на лаўцы. Бабуля вядзе ўнучку ў суседнi пакой i кажа адтуль:
— Дзед, табе незалiк, ты чаму Сашы трусiкi не надзеў?
— Дык яна сама апраналася, дарослая ж дзяўчынка!.. — апраўдваецца дзядуля i лагодна ўсмiхаецца.
«Гэта здзек — на 180 тысяч дзiця нават не пракормiш…»
У сям’ю Мiкалая Паўлавiча Малашчыцкага я патрапiў у самае свята: якраз 14 чэрвеня ягонаму ўнуку Мiкiту споўнiлася 3 гады!
Дзядуля пайшоў у дэкрэтны водпуск 22 студзеня 2008 года, калi ўнуку споўнiлася 1,5 года. Пайшоў з боем.
Калi паведамiў начальству аб сваiм жаданнi, усе разгубiлiся — бо першы раз такое, каб дзядуля iшоў даглядаць унука! Але, сказалi, раз у законе ёсць, аформiм.А вось у матулi Мiкiты, якая працуе бухгалтарам, усё было складаней.
— Не хацелi мяне пераафармляць, — кажа Вольга. — Пужалi, што грошы на дзiця даваць не будуць… Я плакала… А затым мы набылi Кодэкс, прачыталi яго ўсёй сям’ёй — i другi раз пайшлi ўжо ўзброеныя канкрэтнымi пунктамi. Выбачалiся перад намi пасля…
Сябры i знаёмыя вельмi здзiўлялiся дзеду‑няньку. Але Мiхаiл Паўлавiч хутка перазнаёмiў унука з усiмi сябрамi ў двары. Цяпер усе здароўкаюцца з малым Мiкiтам за руку. А хлопцу прыемна!..
— Пару разоў, бывала, Мiкiта бег у двор наперад, а я кульгаю следам, не паспяваю. Дык увесь двор дапамагаў лавiць, бо ведаюць чый.
— А памперсы навучылiся мяняць? — пытаюся ў дзеда.
— Навучыўся! Але памперсы — гэта шкодна, цела ў iх не дыша. Ён у мяне ўжо ў паўтара года на гаршчок хадзiў!
Мiкiта ўмее чытаць, расказвае на памяць шмат вершаў. Гуляюць з дзядулем у футбол, будуюць пiрамiды, катаюцца на веласiпедзе.
— Навучыўся я i манную кашу варыць, i аўсяную, i супчыкi, i дранiкi, i блiнчыкi, i розныя прысмакi ўнуку гатаваць… I нiколi яшчэ не было, каб нешта падгарэла!.. — хвалiцца дзед.
— З чым блiнчыкi любiш? — пытаюся ў Мiкiты.
— З варэннем з ягадкамi! — адказвае хлапец.
У дзень народзiнаў не хочацца доўга затрымлiваць сям’ю, таму пытаюся на развiтанне:
— А другiм дзядулям параiлi б iсцi ў «дэкрэт»?
— Скажу вам шчыра, дзiця павiнны глядзець бацькi…
Іншая справа, калi складаецца такая сiтуацыя, то нiчога страшэннага ў гэтым няма. Калi любiш унука, навучышся ўсё рабiць. Мой Мiкiта — цудоўны хлопец!..

Каментары