Грамадства

«Наш сцяг тапталі і нішчылі, а ён жыве». Апошняе інтэрв'ю гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага

Уладзімер Ляхоўскі

Сёньня ў Менску разьвітваюцца з гісторыкам Уладзімерам Ляхоўскім. Дасьледчык беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагодзьдзя памёр 7 верасьня на 58 годзе жыцьця.

Гэтае інтэрвію мы запісалі некалькі месяцаў таму і дамовіліся апублікаваць пры нагодзе чарговай атакі на бел-чырвона-белы сьцяг.

Як зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. 7 фактаў

  • Эскіз белага сьцяга з чырвонай стужкай Дуж-Душэўскі намаляваў у пачатку 1917 году. За аснову ён узяў колеры «Пагоні».
  • Яшчэ ўзімку сьцяг выкарыстоўвалі толькі беларускія студэнты ў Пецярбургу.
  • У сакавіку ён стаў галоўным элемэнтам падчас «Дня беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сьцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Менску.
  • Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Кляўдыюша Дуж-Душэўскага, разаслалі ў мясцовыя арганізацыі.
  • У жніўні на 1-й сэсіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня.
  • У сьнежні ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі пачаў працу Першы Ўсебеларускі зьезд.
  • 1918 год — афіцыйны сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі.
  • Выява бел-чырвона-белага сьцяга на шэрым кардоне, знойдзеная падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатру ў 2013 годзе. Адмыслоўцы не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасаваньня дэлегаты Першага Ўсебеларускага зьезду ў сьнежні 1917-га.

«Кампанія супраць нацыянальных сымбаляў пачалася задоўга да вайны»

«У 1922 годзе ў Бэрліне, за грошы Наркамасьветы БССР, быў надрукаваны «Лірнік», гэта збор сьпеваў Уладзімера Тэраўскага. У Менску тады не было друкарскіх магчымасьцяў, таму яго надрукавалі ў Бэрліне. І там была песьня «Ваяцкі марш» на словы Макара Краўцова, які тады яшчэ ня быў пэрсонай нон-грата ў беларускай савецкай культурнай прасторы. У яго былі такія радкі: «Штандар наш бел-чырвона-белы, Пакрыў сабой народны рух!». І вось у тэксьце гэтыя радкі пасьпелі паправіць на чырвоны штандар. Але ўжо самі ноты не змаглі перайначыць. Там згадка пра бел-чырвона-белы сьцяг была замазаная чорнай фарбай. Такіх фактаў вельмі шмат. Гэта было табу, каб нідзе не выказвацца пра нацыянальны сьцяг».

«Афіцыйныя гісторыкі заклікаюць абапірацца на факты. Але спачатку іх трэба вывучыць»

«У нас існуюць клішэ і стэрэатыпы па гісторыі беларускага калябарацыянізму пэрыяду ІІ сусьветнай вайны. Яны сфармаваліся ў савецкі час. А пытаньні сымболікі ўвогуле не дасьледаваліся ў савецкія і пасьлясавецкія часы. Гэта спрабаваў зрабіць Аляксей Літвін у сваёй манаграфіі. І ведаеце, што атрымалася? Амаль 2 гады яму не зацьвярджалі доктарскую дысэртацыю. Для іншых гісторыкаў гэта быў урок, што да гэтай тэмы лепш не дакранацца, бо яна не дысэртабэльная. Афіцыйна гэтая тэма была забароненая. Цяпер афіцыйныя гісторыкі заклікаюць абапірацца на факты. Але спачатку іх трэба вывучыць, каб так сьмела казаць, што пад гэтым сьцягам рабіліся экзэкуцыі мірнага насельніцтва.

У 1989 годзе ў газэце «Звязда» адбыўся круглы стол наконт пытаньня нацыянальнай сымболікі, які вёў Валянцін Жданко. Там самым дасьведчаным чалавекам у гэтым пытаньні быў геральдыст Анатоль Цітоў, які ня так даўно пакінуў нас. Пра 1920-я і пазьнейшыя гады, пра выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі ён ведаў больш, чым і Літвін, і Сташкевіч, і іншыя больш масьцітыя па сваіх званьнях гісторыкі. Бо толькі зараз пачынаецца сур’ёзнае вывучэньне тэмы вайны. Толькі цяпер нешта робіцца па гэтай праблематыцы незалежнымі і неангажаванымі гісторыкамі. Але той круглы стол даказваў, што нават нашая прафэсура не валодала гэтай тэмай. А тыя, хто валодаў, як Літвін, уключалі ўнутранага цэнзара.

У 2000-х гадах у Інстытуце гісторыі спрабаваў аднавіцца Станіслаў Рудовіч. Гэта адзін з аўтарытэтных дасьледчыкаў нашай дзяржаўнасьці пачатку 1917 году і БНР. Той жа Даніловіч адмовіў яму. Ён сказаў, што ягоная тэма неактуальная для Інстытуту гісторыі. Нядаўна ў Інстытуце гісторыі ліквідавалі геральдычны сэктар і звольнілі аднаго з найаўтарытэтнейшых геральдыстаў Аляксея Шаланду. А цяпер прапагандысты заклікаюць абапірацца на факты».

«Узровень аргумэнтацыі супраць нацыянальнай сымболікі выклікае ў мяне пачуцьцё сораму за нашу навуку»

«Дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк, які пастаянна выказваецца супраць бел-чырвона-белага сьцяга, не спэцыяліст у гэтай справе. Ані ў пытаньні сымболікі, ані ў гісторыі калябарацыянізму ў гады ІІ сусьветнай вайны. Яго сфэра зацікаўленьня як гісторыка — пэрыяд Сярэднявечча. Таму тут ён выступае як прапагандыст таварыства «Веды». Казаць пра тое, што ён глыбока ведае тэму, абсалютна не прыходзіцца. Калі ён як мэдыявіст выказваецца па гэтай тэме, то ён толькі паказвае сваю прафэсійную непрыдатнасьць і палітычную ангажаванасьць.

Або возьмем Даніловіча (былы дырэктар Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. — РС). Ён абараняў дысэртацыю па тэме Заходняй Беларусі, і мушу сказаць, што яна была някепская. Але тое, што ён кажа на цяперашняй пасадзе, яго ўзровень аргумэнтацыі, — гэта выклікае ў мяне пачуцьцё сораму за нашу навуку.

Гісторык Павал Церашковіч згадаў калісьці гістарычны факт зь нямецкай гісторыі, калі ў адной фэдэральнай зямлі кароль забараніў Канстытуцыю. Сем прафэсараў мясцовага ўнівэрсытэту выступілі супраць гэтага. Кароль тады пазбавіў іх працы і выслаў за межы дзяржавы. Частка ж прафэсуры падтрымала тады свайго сувэрэна. І што мы бачым? Пра іх ніхто нічога ня ведае. А ў гонар сямёх герояў, якія выказаліся супраць аўтарытарнага рашэньня, стаіць помнік.

Вельмі хутка стане зразумела, хто лузэр. Ход гісторыі паказвае, што лузэрамі становяцца тыя, хто на баку няпраўды і несправядлівасьці. Так было заўсёды. Праўда ўсё адно пераможа. Ня самыя горшыя гісторыкі паказалі сваю несумленнасьць і недальнабачнасьць. Нават чыста рацыянальна яны зрабілі ня тое каб памылку, яны паставілі крыж на сваёй навуковай кар’еры».

«Да лета 1944 году нацысты забаранялі выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сьцяг»

Прапагандысты кажуць, што бел-чырвона-белая сымболіка шырока выкарыстоўвалася нацыяналістамі ў гады акупацыі. Слухайце, яна да лета 1944 году была ўвогуле не прызнаная нацысцкім рэжымам. Ёсьць у нямецкіх архівах дакумэнты, а ў нашым Нацыянальным архіве ёсьць копіі тых дакумэнтаў, і там выразна паказана, што ані адміністрацыя Остлянду, ані ведамства Розэнбэрга не дазвалялі афіцыйна выкарыстоўваць гэтую сымболіку ў Беларусі. Тое, што бел-чырвона-белыя сьцягі і герб «Пагоня» выкарыстоўваліся падчас сьвятаў, прычым такіх сьвятаў, якія і сёньня застаюцца «чырвонымі днямі» ў календары, як «Дажынкі» і 1 мая, — гэта ініцыятыва Вільгельма Кубэ, які гэта дазволіў. Але потым была рэзкая рэакцыя з Рыгі і Бэрліна. Тым ня менш сымболіка гэтая выкарыстоўвалася толькі падчас гэтых сьвятаў.

«Заявы, што пад гэтым сьцягам паліліся вёскі, зьнішчаліся мірныя жыхары, абсалютна не вытрымліваюць ніякай крытыкі»

«Заявы, што пад гэтым сьцягам паліліся вёскі, зьнішчаліся мірныя жыхары, абсалютна не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Ідзе падмена паняцьцяў, нібыта на Віцебшчыне, усходняй Смаленшчыне паліцэйскія фармаваньні выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці. Там дзейнічала брыгада Камінскага, і яны выконвалі свае карныя апэрацыі пад расейскім трыкалёрам.

Да агульнай мабілізацыі ў чэрвені 1944 году і пачатку фармаваньня вайсковых частак Беларускай Краёвай Абароны бел-чырвона-белая сымболіка не выкарыстоўвалася ў карных апэрацыях паліцэйскіх батальёнаў. Сьцьвярджаць, што дапаможная паліцыя, якая дзейнічала пры чыгунцы або пры паліцыі, што яна, маўляў, мела нарукаўнікі зь бел-чырвона-белымі колерамі, таксама нельга. Гэтая тэма проста не дасьледаваная».

«У савецкі час нацыянальная сымболіка адусюль вытраўлялася»

«Падчас акупацыі бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» карысталіся попытам у моладзі. І ўжо пасьля вайны савецкая ўлада была вымушаная на гэта рэагаваць. Таму на плякатах у 1944—1945 гадах ужо пачаў зьяўляцца беларускі арнамэнт. Бо ў моладзі ўжо было засьведчана, што Беларусь — гэта не Расея. Яны забаранялі сьцяг і герб, але былі вымушаныя дазваляць іншую сымболіку, у выглядзе арнамэнту, які потым выкарысталі і на сьцягу БССР.

Нацыянальная сымболіка ў савецкі час адусюль вытраўлялася. Нельга было публічна ўзгадваць пра бел-чырвона-белы сьцяг. Быў такі Сьцяпан Пачанін, намесьнік дырэктара Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У сваёй манаграфіі 1977 году «Историей обречённые» ён напісаў, што бел-чырвона-белага сьцяга на Ўсебеларускім зьезьдзе 1917 году не было. Ён спасылаўся на тагачасную бальшавіцкую газэту і сфальсыфікаваў факты. Ён напісаў, што там выкарыстоўваўся пунсова-блакітны сьцяг нявысьветленай канфігурацыі. І гэта гуляла амаль да 1990-х гадоў, маўляў, на Ўсебеларускім зьезьдзе не было бчб-сьцяга. Але тое, што ён там быў, — гістарычны факт. І тое, як яны зь ім змагаліся нават праз 60 год пасьля зьезду, шмат пра што сьведчыць.

«Пра нейкі новы сьцяг ня можа быць і гаворкі»

Традыцыі бел-чырвона-белага сьцяга больш за 100 гадоў. Ён на 40 гадоў старэйшы за чырвона-зялёны, які зацьвердзілі ў 1952 годзе. Пра нейкі новы сьцяг ня можа быць і гаворкі.

У 1991 годзе, калі прымалася рашэньне пра сымболіку, нехта прапаноўваў выкарыстоўваць выяву зубра, маўляў, «Пагоня» ваяўнічая, а мы міралюбівыя.

Але ёсьць традыцыя, гэтыя сымбалі нішчылі, тапталі, палілі, аблівалі брудам, хацелі запляміць, а яны жывуць і лунаюць у небе. І з гэтым ужо нічога ня зробіш. Народ ужо ня прыме іншы сьцяг. Вяртаць нашыя сымбалі трэба не праз рэфэрэндум, а праз галасаваньне ў парлямэнце. Гэтае рашэньне павінна быць зацьверджана моцным легітымным сродкам.

«Усё найлепшае ў нашай гісторыі зьвязанае зь незалежнасьцю. А яна ўзьнікла пад бел-чырвона-белым сьцягам»

«Гэта сымбаль незалежнасьці Беларусі. Гэтая ідэя была не рэалізаваная ў 1918 годзе, але тыя, хто гуртаваўся каля бел-чырвона-белага сьцяга, атаясамлівалі Беларусь зь незалежнасьцю. Ніхто ня скажа, што людзі пад гербам і сьцягам БССР шчыра думалі, што яны жывуць у вольнай краіне.

Пад бел-чырвона-белым сьцягам сфармавалася ідэалёгія незалежнай беларускай рэспублікі. Па-другое, сфармаваная традыцыя, што Беларусь павінна быць дэмакратычнай краінай, зь незалежнымі інстытутамі дзяржаўнай улады, у клясычным эўрапейскім кантэксьце. Беларусь прызналі ў сьвеце сувэрэннай пад гэтым сьцягам і гербам «Пагоня». Пад гэтым сьцягам мы ўпершыню выступілі на зімовай Алімпіядзе ў 1992 годзе. Пад гэтым сьцягам сфармавалася беларускамоўная адукацыя, якая павінна была за 10 год зрабіць нашу краіну ў большасьці беларускамоўнай. Была праграма паэтапнай беларусізацыі. Але потым усё было зламана, каб дагадзіць рэваншысцкім сілам. А зьмена сымболікі ў 1995 годзе была спробай зьнішчыць наш сувэрэнітэт, зрабіць зь Беларусі падмурак савецкай мэнтальнасьці, дзеля таго каб прывесьці да ўлады ў новай саюзнай дзяржаве таго, хто імкнуўся павярнуць гадзіньнік назад. Усё, што ў нас ёсьць пазытыўнага, зьвязанае зь незалежнасьцю. А яна ня можа ўспрымацца без такіх нацыянальных сымбаляў, як бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня».

«Я шчасьлівы, што людзі выйшлі пад бел-чырвона-белым сьцягам»

«Сьцяг Дуж-Душэўскага пасьля 1917 году за лічаныя месяцы разьляцеўся паміж беларусамі. Бчб-стужкі былі знакам беларускіх вайскоўцаў ад Балтыйскага флёту да Румынскага фронту. Без загадаў, без дырэктываў. Усе, хто атаясамліваў сябе зь беларусамі, мелі за гонар насіць такія стужкі. Гэта паказьнік таго, што гэтая сымболіка стала народнай.

Ёсьць глыбокі сэнс у тым, што сёньняшнія нашыя людзі, якія выступаюць за сумленныя выбары, узялі за свае сымбалі «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг. Для кагосьці гэта было нечакана, але гэта абсалютна справядліва, і я абсалютна шчасьлівы. Нават не як гісторык, а як грамадзянін сваёй краіны. Да гэтага нацыянальная сымболіка не была шырока папулярнай, ёю цікавілася збольшага моладзь. Але пара жнівеньскіх дзён перавярнулі абсалютна ўсё. Я ўжо ўпэўнены, што нічога з гэтым ня зробіш. Яна ўжо ўсталявалася.

Мы зь Віктарам Бабарыкам вырасьлі на адной вуліцы і зь дзяцінства ведаем адзін аднаго. Калі пачыналася выбарчая кампанія, то ён казаў, што час яшчэ не прыйшоў, што трэба цэлы прэзыдэнцкі тэрмін, каб потым вынесьці пытаньне сымболікі на ўсеагульнае абмеркаваньне. Але падзеі паказалі, якія нацыянальныя сымбалі падтрымлівае народ. Ходу назад ужо ня будзе».

Каментары

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?2

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Усе навіны →
Усе навіны

Кіраўніка школы Streamline абвінавачваюць у незаконным карыстанні падатковымі льготамі3

У Іране адбыўся першы рэйс самалёта, на борце якога былі толькі жанчыны. Уключна з экіпажам1

Кадыраў узнагародзіў свайго пляменніка, адказнага за збіццё дронаў над Грозным1

Пуцін назваў Славакію магчымай пляцоўкай для мірных перамоў2

«Рознакаляровае пер'е ў дупах». «Купалаўцы» хочуць паставіць спектакль на аснове злітых даносаў у КДБ1

Расійскія дыпламаты ў Аргенціне былі заспеты п'янымі і хаваліся ў машынах ад паліцыі і прэсы. Гэта трапіла ў жывы эфір2

Стала вядомая прычына смерці мужчыны на катку ў Мінску7

Прафесара Кіеўскага ўніверсітэта звальняюць за абразлівыя словы пра «галодных украінак» і еўрапейскіх «мужыкоў з грашыма»1

10% беларускіх дзяцей пачынаюць вэйпіць ужо ў пачатковых класах5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?2

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Галоўнае
Усе навіны →