Гісторыя99

«Паламаны, паламаны, зусім паламаны». Але ці сапраўды паламаны? Уладзімір Дубоўка пасля 28 гадоў няволі

«Мы не апускаліся і маральна не раскладаліся». Як Уладзімір Дубоўка ў турмах і ссылках выпрацаваў імунітэт, каб супрацьстаяць тлятворнаму ўплыву навакольнага асяроддзя.

Пісьменнікі «Узвышша». Госць з Масквы Уладзімір Дубоўка апрануты ў самы дарагі касцюм, з добрай тканіны, і сядзіць у цэнтры. Разам з Адамам Бабарэкам ён быў нефармальным інтэлектуальным лідарам гэтай суполкі. Фота Wikimedia Commons

Ларыса Геніюш, прачытаўшы ягоныя паслялагерныя пераклады Шэкспіра, кінула: «Чаму ў Дубоўкі няма змагання, а адзін толькі жаль? У мужчыны гэта нецікава».

Гэтую думку падзяляла і моладзь.

Скрушныя думкі пра «паламанага Дубоўку» выказвалі яшчэ Рыгор Барадулін і Янка Брыль: «Паламаны, паламаны, зусім паламаны». Для іх было дзіўна і крыўдна, што двухметровы волат, паэтычны кумір, легенды пра якога шэптам перадаваліся ў філфакаўскіх калідорах, цяпер быў барадатым усмешлівым дзедам, надзвычай асцярожным у гутарках. Ён ухіляўся ад пытанняў, прамаўляў тосты за Камуністычную партыю (Быкаў, Барадулін, Брыль і Караткевіч у партыю так і не ўступяць, а Геніюш і пры Брэжневе не будзе хаваць свайго антыкамунізму) — і закрываў падушкамі разеткі ў пакоях, дзе спыняўся.

Рыгор Барадулін і Уладзімір Дубоўка. 1961 год. Фота Wikimedia Commons

Паваенныя хлопчыкі, якія самі спраўна друкавалі ў газетах бадзёрыя камсамольскія вершы, не разумелі, што Дубоўка пасля таго, што прайшоў, проста не давяраў ім, як і наогул — усім. 

Ларыса Геніюш правяла ў ГУЛАГу восем гадоў і, калі выйшла, пасялілася ў Беларусі, і сын яе быў жывы.

Дубоўка праседзеў дваццаць восем гадоў і адзінага сына свайго страціў. Можа быць, таму сваёй «Споведзі» Дубоўка так і не напісаў. Але ён нідзе і ні ў чым не здрадзіў сабе і не зламаўся.

Краявід у Агародніках, дзе нарадзіўся Уладзімір Дубоўка

Уладзімір Дубоўка — паэт і дзяржаўны службовец

Уладзімір Дубоўка (1901—1976), літаратар, у 1920-я гады дзяржаўны службовец, нарадзіўся ў вёсцы Агароднікі цяперашняга Пастаўскага раёна, але ў 1915 годзе сям’я перад наступленнем нямецкіх войскаў была эвакуяваная ў Маскву. Там Дубоўка скончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя Валерыя Брусава, працаваў, там ажаніўся, туды вярнуўся пасля 28 год высылак і лагера і пражыў усё астатняе жыццё.

Праца, аднак, заўсёды была звязаная з Беларуссю: Дубоўка быў рэдактарам беларускага выдання «Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», адказным сакратаром прадстаўніцтва БССР пры Урадзе СССР, выкладчыкам беларускай мовы ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду, рэдактарам «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўрада Саюза ССР».

Першы верш напісаў, калі яму не было яшчэ і чатырох гадоў, а ўпершыню надрукаваўся ў 1921 годзе. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а ў 1926- м стаў адным з заснавальнікаў аб’яднання «Узвышша». Выдаў некалькі зборнікаў вершаў, аўтар паэмаў «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Кругі» (1927), «І пурпуровых ветразей узвівы» (1929), «Штурмуйце будучыні аванпосты!» (1929).

У 1930 годзе ўпершыню арыштаваны па сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», пасля чаго 28 гадоў правёў у зняволенні і ссылках. 

Рэабілітаваны ў 1957 годзе. У апошнія гады жыцця пісаў у асноўным творы для дзяцей, дыдактычную прозу, шмат перакладаў. Сярод іншага яму належаць бліскучыя пераклады з англійскай мовы твораў Шэкспіра і Байрана.

«Ці мог?»

«Ці мог Дубоўка ўратавацца ад арышту, калі быў бы болей асцярожным у 1920- я?» — такое пытанне жонка геніяльнага беларускага паэта задала даследчыку Дзмітрыю Бугаёву, аднаму з тых гераічных навукоўцаў савецкага часу, што вяртаў імя Дубоўкі ў літаратуру. Бугаёў тады адказаў катэгарычна: «Не, ні пры якіх абставінах», — чым нават пакрыўдзіў Марылю Пятроўну.

«Грамадзяне Каляда і Дубоўка ў стане пасля шашлыкоў. 1927 год». ЦНБ НАН Беларусі

Я трымаюся той жа думкі: не мог, ніякім чынам. Калі б нават нейкім неймаверным збегам абставінаў яго абмінуў арышт і высылка ў 1930-м, у 1937- м яго б дакладна расстралялі 29 кастрычніка, калі падграбалі апошніх заўважных прадстаўнікоў яго пакалення. Беларускія эліты ў 1930-я зачышчалі настолькі метадычна, што не ўратаваліся і менш яркія творцы, засталіся толькі тыя, хто быў гатовы падпарадкавацца рэжыму па двух пытаннях: па пытанні дэмакратычных свабод і па пытанні беларускай самабытнасці. 

Але галоўнае нават не ў гэтым. Не магу сабе ўявіць удзел Дубоўкі ў складанні русіфікаванага слоўніка побач з Кандратам Крапівой альбо ў пашырэнні дэкаратыўнай этнаграфіі побач з Пятром Глебкам.

Надламаная «р»

Значэнне верша «За ўсе краі, за ўсе народы свету…» у крымінальнай справе Дубоўкі не такое ўжо і вялікае. Нават калі б паэт яго не перадаў за мяжу, у Вільню, для друку, ён быў бы арыштаваны па справе СВБ проста «па сукупнасці дасягненняў».

Але раз верш існаваў, то НКВД за яго зачапіўся: у Менск (тады сталіца Беларусі афіцыйна, па Канстытуцыі, па-беларуску называлася Менск, а не Мінск) быў дастаўлены машынапіс. Агент здабыў яго з віленскай рэдакцыі (хто быў той агент — пакуль невядома). Калі праверылі «почырк» машынкі (а ў кожнай з іх свой «почырк», канкрэтна ў гэтай была крыху надламаная літара «р»), выявілася, што машынка належыць Дубоўку.

Друкарка Уладзіміра Дубоўкі

«Нa нaшым кapкy тopг cпpaўляe cмeлa Мacквa з Bapшaвaй, з Рыгaй i Лiтвoй», — пісаў у тым вершы Дубоўка. Гэта быў час, калі краіна была падзеленая па Рыжскай дамове.

Верш быў маніфестам — заклікам да змагання за незалежнасць: «сaмoxaць» не «пpыйдзe лeпшы чac». 

Чаму ўратаваўся?

Усім, хто ў 1930-м праходзіў па справе Саюза вызвалення Беларусі — а гэта была эліта эліт нацыі, самыя дзейныя і адукаваныя, патэнцыйна здольныя ўзначаліць краіну, — у 1935-м падоўжылі тэрмін высылкі на два гады, у 1937-м усіх асудзілі на дзесяць год лагернага тэрміну. А ў 1938-м кагосьці расстралялі, а кагосьці не.

Чаму Дубоўку ў 1937—1938- м не расстралялі, у адрозненне ад Аркадзя Смоліча, Змітра Прышчэпава, Вацлава Ластоўскага, Алеся Дудара?

Пакуль ніхто з навукоўцаў не здолеў разабрацца ў гэтай пачварнай логіцы — калі яна была, — якім чынам «размяркоўваліся» прысуды беларускай інтэлігенцыі?

Праект Уладзіміра Дубоўкі па напісанні літараў «дж» і «дз» у беларускім алфавіце (1928). Фота Wikimedia Commons

Нехта «выпаў» з гэтага працэсу, бо быў завербаваны — напрыклад, Антон Адамовіч, які ў 1938- м вызваліўся і нават вярнуўся ў Менск.

Язэпа Пушчу, мне падаецца, проста «забыліся» ў заўральскім Шадрынску, бо ў 1935-м ён быў вызвалены, тэрмін высылкі яму не працягвалі, але ў Менск ён не паехаў, пасяліўся пад Мурамам ва Уладзімірскай вобласці і нават у 1937-м стаў дырэктарам школы.

Дубоўка «абышоўся» турмой. Іншы лідар інтэлігенцыі 1920- х, Адам Бабарэка, у ГУЛАГу сканаў амаль адразу: у яго было хворае сэрца. Дубоўка ж выжыў дзякуючы сваёй фізічнай сіле і надзвычайнай трываласці. 

Хоць і яго жыццё вісела на валаску. Рукі і спіна ягоныя да канца захоўвалі на сабе сляды трафічных язваў, атрыманых у БАМЛАГу. Абедзве нагі былі перабітыя бярвеннем (пасля лагера Дубоўка заўважна кульгаў). За 28 гадоў ён перанёс на нагах два інфаркты, паўтара года хварэў на пелагру — цяжкая хвароба лагернікаў, што развіваецца ад голаду і недахопу вітамінаў. Але жартаваў потым, што вытрываў, бо меў з дзяцінства асаблівую беларускую загартоўку.

Вялікая паўза

Вымушанае 28-гадовае маўчанне паэта гісторыкі літаратуры называюць «вялікай паўзай Дубоўкі», каб падкрэсліць ягоны феномен: гэта, можа, адзіны паэт у свеце, які пасля такой працяглай паўзы вярнуўся ў літаратурны працэс не проста аўтарам выбраных твораў сваёй маладосці. 

У маладосці Дубоўка быў больш чым проста паэтам. Ён сістэматызаваў беларускую юрыдычную лексіку. Ён быў пачынальнікам дзіцячай і настаўніцкай перыёдыкі. Ён увёў у беларускі лексікон некалькі дзясяткаў слоў, якія да яго ў пісьмовай мове не ўжываліся і без якіх цяпер мовы не ўявіць: «нелюдзь», «водар», «знічка»…

У яго былі прапановы зменаў у алфавіт (ён прапаноўваў «дз» і «дж» пісаць новымі знакамі). Гэта быў сапраўдны дэміург, стваральнік і першапачынальнік. 

Па сваёй сіле паслялагерныя творы Дубоўкі моцна саступаюць далагерным. Ягоны талент не перажыў замарозкі на 28 гадоў, ён страціў багацце мовы, яна стала механічнай — і гэта ў ранейшага моўнага наватара і віртуоза.

Чаму Дубоўка не пісаў з 1930- га па 1956-ы? Ці не была гэта яго памылка, якая загубіла яго як творцу?

«Быў мулярам, водаправодчыкам, тынкоўшчыкам, маляром, але больш за ўсё — сталяром». З ліста да Язэпа Дылы

Сам ён казаў, што пісаць у лагеры папросту не мог. Дакладна вядома, што ў высылцы, з 1931 па 1937 год, ён яшчэ нешта спрабаваў рабіць, перакладаў «Чайльд-Гарольда» Байрана. Аднак пад пагрозай арышту паэту даводзілася тройчы паліць свае паперы, а тыя паперы, што былі ў яго адабраныя ў Чэбаксарах у 1937 годзе, у архівах не захаваліся. 

«Выпрацаваць імунітэт»

Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, нават пасля лагера Дубоўка быў якім заўгодна, толькі не паламаным. Ягоны ўнутраны супраціў сістэме ператварыўся ў цалкам асабістую барацьбу супраць расчалавечвання, для якой непатрэбныя ні паплечнікі, ні трыбуна, ні воплескі. 

Пра гэта захаваліся сведчанні людзей, якім давялося быць побач з Дубоўкам у высылках і лагеры.

Рыгор Галакціёнаў, вязень 13-га аддзялення БАМЛАГа, успамінаў: «Шырыня кругагляду У. М., яго абагульненні, яго перакананасць у тым, што здзек з мільёнаў людзей — гістарычна асуджаная справа, і як выснова — неабходнасць выпрацаваць у сабе такія патрэбныя элементы мужнасці, свайго роду імунітэт, каб супрацьстаяць тлятворнаму ўплыву навакольнага асяроддзя, уразіла мяне і, трэба праўду сказаць, аказала вырашальны ўплыў на мае далейшыя паводзіны ў лагеры. Мы пастаянна вечарамі сустракаліся, дзяліліся ўражаннямі, маральна падтрымлівалі адзін аднаго. Пазбягалі ўсялякай камунікацыі з крымінальнікамі, і гэта галоўным чынам садзейнічала таму, што мы не апускаліся і маральна не раскладаліся. У нас паступова выпрацоўваўся супрацьлагерны імунітэт. Па магчымасці аднаўляліся культурныя звычкі, пачынаючы з чысткі зубоў. Кніг у лагеры не было, а газеты былі рэдкімі і паўлегальнымі госцямі, так што ўвесь культурны ўзровень падтрымліваўся толькі ў камунікацыі адзін з адным».

Уладзімір Дубоўка з жонкай Марыяй Пятроўнай каля сваёй хаты ў пасёлку Почат Абанскага раёна Краснаярскага края. 1958 год, рэабілітаваны, вось-вось можна будзе вярнуцца. Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва

Марыля Дубоўка, жонка: «Падчас знаходжання ў лазарэце ён заўжды стараўся рухацца, дапамагаў даглядаць суседзяў-хворых. Потым звярнуўся да лекара: «Доктар, выпішыце мяне, калі ласка, на працу». Лекар здзівіўся: «Ты што гэта, дзетачка, не напрацаваўся яшчэ, папраўляйся, адпачывай». — «Не, доктар, я так памру, дайце мне якую-небудзь працу». І ён стаў у лазарэце выконваць невялікія пасільныя работы: дзе падтынкаваць, дзе падфарбаваць, што можа. Ён казаў, што таму і выжыў тады, а іншыя ляжалі, залежваліся і многія паміралі».

На яго прыязнасць і сумленнасць тым жа адказвалі і людзі, з якімі зводзіла яго жыццё.

У высылцы ў Яранску Кіраўскай вобласці Дубоўка аказаўся самым кваліфікаваным з усіх жыхароў горада: адзіны — з вышэйшай адукацыяй, адзіны — з веданнем англійскай мовы, адзіны — з беларускай, а па сутнасці, еўрапейскай настроенасцю на паляпшэнне жыцця нават у самых складаных умовах. Пры Дубоўку ў тамтэйшым райспажыўсаюзе паставілі парнікі, наладзілі вытворчасць каламазі і пачалі вывучэнне англійскай мовы. 

З жонкай і сынам Альгердам. 1933 год.Фота Wikimedia Commons

У чувашскіх Чэбаксарах Дубоўка побач з хлявом, дзе пасялілі ссыльных, развёў агародзік, каб малому сыну была зеляніна. 

У 1949 годзе, пасля сканчэння лагернага тэрміну, Дубоўку адправілі на пасяленне ў Наразені — вёску ў Грузіі. Тут яго і арыштавалі чацвёрты раз. Забіраць прыехаў маёр НКВД. Наразенцы ўпрасілі яго даць магчымасць вёсцы праводзіць шаноўнага Дубоўку: накрылі стол, прынеслі віна, напаілі маёра і прапанавалі Дубоўку бегчы, пакуль маёр спіць. Але Дубоўка адмовіўся, падхапіў непрытомнага маёра пад пахі — і пацягнуў у Зугдзідзі ў пастарунак, дзе і здаўся міліцыі. 

У сібірскай вёсачцы Почат (Краснаярскі край), дзе Дубоўкам было прызначана вечнае пасяленне, Уладзімір Мікалаевіч сам раскарчаваў тайгу, каб вызваліць участак пад дом і агарод, сам збудаваў і дамок. Яшчэ і па сёння ў мясцовых жыхароў стаяць мэблевыя гарнітуры, зробленыя беларускім паэтам. Цэлы і дамок, у ім жыве школьная бібліятэкарка. Почацкія дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў раз на год ладзяць вечарыну памяці Дубоўкі — ён для іх цалкам свой, бо жывыя яшчэ людзі, якіх калісьці вучыла Марыля Пятроўна і чыім дзецям Дубоўкі дапамаглі вывучыцца ў Маскве.

Альгерд, Радаслаў, Радаміра…

Дубоўка назваў свайго сына Альгердам. Але ён быў не адзіны з таго пакалення, хто даў сваім дзецям гістарычнае беларускае імя. Андрэй Александровіч назваў свайго сына Радаславам, Кузьма Чорны дачку — Рагнедай, сыны Гаўрылы Гарэцкага — Усяслаў і Радзім, дзеці Міхася Зарэцкага — Радаслаў і Радаміра. Гэта быў не проста беларусацэнтрызм, гэта яшчэ і эстэтычны супраціў розным «Владленам», «Кімам» і «Нінэлям», утвораным ад «рэвалюцыйнай» лексікі.

Вера ці мімікрыя?

У маладосці Дубоўка безумоўна верыў у камунізм, як і пераважная большасць тагачаснай беларускай моладзі — у адрозненне ад старэйшых людзей, якія былі больш насцярожанымі. Расчароўвацца ён пачаў недзе ад 1926 года, як і большасць тагачасных літаратараў, — не столькі ў ідэях, колькі ў іх увасабленні. Гэтае расчараванне не прабіваецца — яно плешча са старонак зборнікаў, выдадзеных у 1926-м, са старонак часопісаў за гэты год. Ну, а пасля ГУЛАГа мімікраваў. 

Жонка хварэла, а Дубоўка лічыў, што паламаў ёй жыццё. Ягоны адзіны сын Альгерд загінуў 14-гадовым, калі Дубоўка быў у лагеры: у падмаскоўным лесе знайшлі з сябрамі снарад і кінулі яго ў вогнішча.

У сям’і было толькі адно дзіця: больш проста не паспелі. Альгерд Дубоўка нарадзіўся ў 1928 годзе, а ў 1930-м Уладзіміра Дубоўку ўжо забралі, і дваццаць восем гадоў ён бадзяўся па высылках і лагерах. Дзе тут заводзіць дзяцей? Смерць Аліка ён моцна перажываў і плакаў па сыне нават старым. Пісаў жонцы сярод нейкай прыгожай камандзіроўкі па Полаччыне пры канцы 1960- х: «Прысніўся Алік, прачнуўся я ў слязах».

Пахаваны Альгерд Дубоўка на могілках у падмаскоўным Талдаме.

«Як бы я перадачы перадавала?»

З Марыляй Пятроўнай яны ажаніліся ў 1928 годзе, прычым на афіцыйным шлюбе настойваў менавіта Уладзімір: Марыля прытрымлівалася прагрэсіўных поглядаў і лічыла, што не ў ЗАГСе шчасце. Потым яна прызнала, што Уладзімір Мікалаевіч усё ж меў рацыю, бо як бы яна тады перадавала яму перадачы ў турму. 

Марыля была з ім побач усё жыццё, зазнаўшы ўсе нягоды жонкі ворага народа: збірала перадачы ў галодныя 1930-я, жыла ў высылках, ездзіла на сустрэчы на этапы. 

Дом у Маскве, у якім жылі Дубоўкі, стаіць проста за каталіцкай катэдрай. Фота Wikimapia.org

Пасля смерці сына Марыля літаральна выплакала вочы: усё жыццё потым пакутавала на зрок. Дубоўка, вярнуўшыся пасля рэабілітацыі і аднавіўшыся ў Саюзе пісьменнікаў, выбіваў для яе санаторыі і дэфіцытныя лекі. Часцяком прызнаваўся, што адчувае сваю віну перад ёю за паламанае жыццё — і быў асабліва асцярожным у апошнія гады не дзеля сябе, а дзеля яе. 

У лютым 1976 года Уладзімір Мікалаевіч выйшаў з дома ў аптэку па лекі для Марылі Пятроўны, паслізнуўся на дзіцячай пляцоўцы, паваліўся на лёд з усяго свайго гіганцкага росту і зламаў шыйку сцягна. Памёр ён 20 сакавіка, не перажыўшы аперацыі, а ягоная Марыля — праз чатыры гады, у адзіноце ў іх маленькай кватэрцы ў маскоўскіх Чаромушках. Яе спрабавалі забраць да сябе сябры, але яна адмаўлялася: хачу дажыць жыццё тут, дзе мы жылі разам з Валодзем.

Калі б ён не мімікраваў, да яго маглі б быць пытанні, а так — няма.

Самаадчуванне пераможцы

Калі заходзіла гутарка пра лагерныя ўспаміны, Дубоўка заўсёды казаў, што як будзе іх пісаць — то напіша не пра тое, як ён пакутаваў, а пра тое, якіх выдатных людзей там сустрэў. Яму хацелася апісаць гэты досвед не як досвед паразы і прыніжэння, а як досвед перамогі чалавека над абставінамі.

Сярод папер у ягоным архіве ёсць накіды такіх успамінаў, невялічкія занатоўкі пра агарод, які ён разбіваў ля барака, пра лесапавал. Некаторыя з іх былі перапрацаваныя ў апавяданні для зборніка «Пялёсткі», некаторыя ўвайшлі ў аўтабіяграфію для кнігі «Пяцьдзясят чатыры дарогі», нешта ён расказваў падчас інтэрв’ю Аляксею Гардзіцкаму, Юльяну Пшыркову, Дзмітрыю Бугаёву (Пшыркоў і Бугаёў біліся за яго творчую рэабілітацыю).

Дзяўчына слухае вершы ў выкананні Уладзіміра Дубоўкі. З архіва Таццяны Пшырковай

Пра пакуты ў высылцы і ў лагеры мы ведаем са словаў Марылі Пятроўны. Дубоўка ж ніколі не рабіў з сябе пакутніка, наадварот, імкнуўся расказваць пра тыя дваццаць восем (дваццаць восем!) гадоў як пра цяжкія, але ж прыгоды. Мне моцна падабаецца такая ягоная пазіцыя: яна не страхам прадыктаваная.

Крапіва, Броўка, Глебка — аб’ектыўна менш адораныя, чым Дубоўка — сталі «народнымі», а Дубоўка не атрымаў такога звання. Канечне, ён шкадаваў пра страчаны час, пра змарнаваны талент. І дараваць не мог. Гэта прабіваецца ў ягоных запісах, не дзённікавых — дзённікаў ён не пакінуў, — але ў блакнотных нататках, у лістах да жонкі. Пры гэтым увесь час унутры сябе ён змагаўся з самаадчуваннем ахвяры. Ён хацеў быць пераможцам — і ён ім быў. 

Мера правільнасці

Ці правільна рабіў Дубоўка, калі пасля вызвалення не спрабаваў засноўваць нацыянальна-вызваленчыя, дысідэнцкія суполкі, а выбраў тактыку супрацоўніцтва з уладамі, ужывання ў савецкі рэжым?

Напэўна, іншае проста не было магчыма ў той Беларусі. Ва Украіне і краінах Балтыі некаторыя з былых вязняў далучаліся да дысідэнцкага руху або самі стваралі падпольныя групы. У БССР такога не здарылася. 

Галоўным у яго біяграфіі, мне падаецца, было тое, што ён ні разу не пайшоў насуперак сваім маральным перакананням. Да біяграфій такіх творцаў цалкам прыкладаецца тэрмін «жыццятворчасць» — калі чалавек жыве жыццё так, нібыта піша сваю кнігу і не мае права схлусіць ані ў воднай дэталі. Жыццятворцы ў сусветнай літаратуры — гэта Джон Дон, Джэк Лондан, Аляксандр Блок, Варлам Шаламаў. Розныя людзі, розныя ў іх біяграфіі, розныя ўстаноўкі, але ніхто з іх не хлус. Таму, безумоўна, усё, што ні рабіў Дубоўка ў сваім жыцці, усё ён рабіў правільна, бо кожны чалавек — сам сабе мера правільнасці альбо няправільнасці.

Козы ў Манькавічах, дзе прайшло дзяцінства Уладзіміра Дубоўкі

Каментары9

  • Ольга
    10.03.2024
    Мне понравилось то, что несмотря ни на что Дубовка из Москвы не уехал. Предпочел всю жизнь прожить в столице. А статья эта уже несколько раз периодически публикуется, и даже без указания на оригинал.
  • Кажадуб
    10.03.2024
    Ольга, Дубовка любил Москву, балдел от красоты и динамики Москвы. Об этом однажды был доклад на собрании белорусов Москвы. Это отразилось и в его поэзии:
    Праменне зор Крамля сивога
    Дужэй мячоу, мацней гармат.
    Яго бясконцая дорога-
    Увесь бясконцы далягляд.

    Каля калыски кожнай маци
    Згадае их не раз, не два
    I скажа да свайго дзицяци:
    - Жадае шчасця нам Москва!
  • Ашмянец
    10.03.2024
    >>>>>>> Дубоўка назваў свайго сына Альгердам. Але ён быў не адзіны з таго пакалення, хто даў сваім дзецям гістарычнае беларускае імя. Андрэй Александровіч назваў свайго сына Радаславам, Кузьма Чорны дачку — Рагнедай, сыны Гаўрылы Гарэцкага — Усяслаў і Радзім, дзеці Міхася Зарэцкага — Радаслаў і Радаміра. <<<<<<<<<<<

    Радаслаў і Радаміра - гістарычныя беларускія імёны??? Ахахаха. Чэшскія імёны. Альгерд - добрае літоўскае імя. Рагнеда - гэта скандынавы. З міру па нітцы набяром сабе на парадавацца! )))

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Віцэ-прэзідэнта ЗША і амерыканскую дэлегацыю асвісталі падчас адкрыцця Алімпіяды ў Мілане14

Белы дом выдаліў відэа Трампа з Абамамі ў выглядзе малпаў, але прэзідэнт ЗША адмовіўся выбачацца25

Сапраўдны палац за 90 рублёў. У Беларусі шукаюць гаспадара для пабудовы 1751 года6

Гэтай ноччу тэмпература не апускалася ніжэй за 10 градусаў

Францыя і Канада адкрылі консульствы ў Грэнландыі

Адстаўны падпалкоўнік міліцыі адсудзіў кватэру ў сваёй дачкі. Гучная сямейная гісторыя з Брэста14

Галоўнага судмедэксперта Мазыра асудзілі па справе Гаюна7

Дзяржаўныя СМІ паведамілі пра аднаўленне чыгуначнага злучэння з Польшчай. Ці праўда?11

«Ён яшчэ сваё слова скажа». Ціханоўская — пра Ціханоўскага11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць