Культура

Як Мальдзіс выратаваў архіў Ларысы Геніюш ад чыноўнікаў, што ўчынілі ў яе дома ператрус у пошуках антысавеччыны

У панядзелак, 3 студзеня, пайшоў з жыцця літаратуразнаўца, гісторык і пісьменнік Адам Мальдзіс. Пра яго ролю ў выратаванні спадчыны Геніюш піша паэт, перакладчык Міхась Скобла. 

За савецкім часам у Саюзе пісьменнікаў дзейнічала цвёрдае правіла: пасля смерці літаратара стваралася адмысловая камісія па ягонай творчай спадчыне. Сябры тае камісіі пераглядалі архіў калегі, рыхтавалі да публікацыі нявыдадзеныя творы. Пасля смерці Ларысы Геніюш, якая хоць і не ўваходзіла ў пісьменніцкі саюз, але сябравала з ягоным старшынёй Максімам Танкам, камісію па спадчыне стварыць не паспелі.

Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 года, а ўжо 11 красавіка ў апусцелай хаце Геніюшаў быў учынены — сіламі мясцовых уладаў — ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не паспеў апрытомнець пасля смерці маці, не спынілі старшыню пасялковага савета і яго памагатых, якіх прыслалі «даследаваць» архіў паэткі, каб знойдзеную там (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць куды трэба.

Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Мінск Адаму Мальдзісу — на той час супрацоўніку Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Той звязаўся з Алесем Адамовічам, які сябраваў з сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандрам Кузьміным. Заручыўшыся яго падтрымкай, Адамовіч з Мальдзісам імгненна арганізавалі выратавальную экспедыцыю ў Зэльву, дзе Адаму Восіпавічу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых «геніюшазнаўцаў». Тыя не спяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое звязвалася з Мінскам… Нарэшце старшыня пассавета быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: «Товарищ Мальдис — тоже исследователь, но с бóльшими, чем у нас, полномочиями».

Мальдзіс з партрэтам Геніюш

Надвячоркам таго ж дня ад Геніюшаўскага дома па вуліцы Савецкай у Зэльве ад’ехаў рафік, пад завязку наладаваны пакаўнымі мяхамі. Валюхаючыся на брукаванцы яшчэ польскіх часоў, няспешна прамінуў старыя могілкі, аўтастанцыю і схаваўся, як за брустверам, за высокай насыпной дамбай, што мелася неўзабаве запыніць хуткаплынную Зальвянку.

На слонімскай шашы сталічную экспедыцыю як бы «выпадкова» спыніла ДАІ. Прымусіла з’ехаць з дарогі ў лес, дзе людзі ў цывільным доўга распытвалі пра характар грузу, правяралі дакументы. Паспрабавалі зазірнуць у мяхі, але яны нечакана аказаліся апячатанымі. Старэйшы па званні міліцыянт доўга круціў у руках прад’яўленае яму чырвонае пасведчанне з надпісам «Саюз пісьменнікаў СССР», размаўляў з кімсьці па рацыі. Нарэшце атрымаў каманду адпусціць затрыманых.

Так быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш, які яшчэ пры жыцці паэткі не даваў сяму-таму спакою. Сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Мінск і здадзеныя ў Акадэмічную бібліятэку. Сёння Геніюшаўскі фонд 31 — адзін з самых багатых пісьменніцкіх архіваў у Беларусі. Праўда, доступ да яго з нядаўняга часу абмежаваны, што вельмі засмучала Адама Восіпавіча.

За выратаванне архіва Адам Мальдзіс у 2010 годзе быў узнагароджаны памятным Геніюшаўскім медалём.

Чытайце таксама: Стала вядома, дзе і калі адбудзецца развітанне з Адамам Мальдзісам

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Усе навіны →
Усе навіны

Каб захаваць першы радок у сусветным тэнісе, Арыне Сабаленцы трэба толькі перамагаць на US Open10

ЗША зноў не далучыліся да сумеснай заявы з асуджэннем Расіі ў ААН10

Расія знішчыла склад Чырвонага Крыжа ў Херсоне

Расійская спявачка Вікторыя Дайнека мала таго што пракацілася з канцэртамі па акупаваных тэрыторыях, дык яшчэ і пастраляла19

Статкевіч: Зараз толькі фармальная незалежнасць пакуль ратуе нас ад наўпроставага ўцягвання ў расійска-ўкраінскую вайну13

Завяршыць рамонт моста цераз Свіслач у Мінску плануюць да пачатку верасня

35 гадоў таму Беларусь стала незалежнай28

Аперацыя на сэрцы нечакана вылечыла мужчыну ад раку, але выклікала алергію на пчол

Дзяўчына парвала пашпарт хлопца, каб ён не паехаў без яе за мяжу. Цяпер будзе суд5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць