Эканоміка

Мігранты ўсё радзей едуць у багатыя краіны. І гэта можа стаць праблемай для тых краін

Пасля некалькіх гадоў міграцыйнага буму ў развітых краінах назіраецца рэзкае скарачэнне прытоку мігрантаў. Чаму так адбываецца і да якіх наступстваў можа прывесці, тлумачыць Financial Times.

Паліцэйскія назіраюць за мігрантамі, якія сядаюць у невялікую лодку, каб паспрабаваць дабрацца да Вялікабрытаніі. Мала-ле-Бэн, поўнач Францыі, 8 красавіка 2026 года. Фота: Jean-Francois Badias / AP

Яшчэ нядаўна міграцыя ў багатыя краіны дасягала рэкордных маштабаў. Пасля пандэміі туды масава ехалі замежныя работнікі і студэнты, а колькасць ахвотных перасяліцца працягвала расці. Аднак за апошнія два гады сітуацыя рэзка змянілася: прыток мігрантаў пачаў скарачацца, прычым нават у краінах, якія традыцыйна былі найбольш прывабнымі для пераезду.

Маштаб перамен паказваюць свежыя даныя Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). У 2025 годзе прыток замежнікаў на пастаяннае жыхарства скараціўся ў 25 з 37 краін арганізацыі. У цэлым ён зменшыўся на 1,6% пасля падзення амаль на 5% годам раней. Калі ж не ўлічваць Іспанію, Партугалію і Італію, дзе міграцыя працягвала расці, скарачэнне ў 2025 годзе дасягнула 8%.

Асабліва прыкметна колькасць новых мігрантаў зменшылася ў Вялікабрытаніі, Германіі і Канадзе — краінах, якія доўгі час былі аднымі з галоўных кірункаў пераезду. Зніжаецца і колькасць замежных студэнтаў: пасля піка ў 2,1 мільёна чалавек у 2023 годзе іх прыток у краіны АЭСР скараціўся да 1,6 мільёна.

Праўда, гэта яшчэ не азначае, што свет надоўга ўвайшоў у эпоху нізкай міграцыі. У многіх краінах прыезд замежнікаў па-ранейшаму перавышае дапандэмійны ўзровень. Частка эканамістаў лічыць, што цяпер адбываецца вяртанне да больш звычайных паказчыкаў пасля выключнага пасляпандэмійнага буму. Але палітычныя рашэнні могуць зрабіць спад значна больш працяглым.

Чаму краіны пачалі зачыняць дзверы

Прыток мігрантаў дапамог многім эканомікам пераадолець недахоп працоўных рук, але адначасова абвастрыў праблемы, да якіх краіны аказаліся не гатовыя. У асобных гарадах стала цяжэй знайсці даступнае жыллё, вырасла нагрузка на медыцыну і грамадскія паслугі. Гэта ўзмацніла незадаволенасць выбаршчыкаў і падштурхнула ўрады да больш жорсткай міграцыйнай палітыкі.

Паказальны прыклад — Канада, якая пасля пандэміі рэзка павялічыла прыём замежных работнікаў і студэнтаў. Насельніцтва хутка расло, але эканамічныя паказчыкі не азначалі такога ж хуткага паляпшэння дабрабыту. З 2019 па 2026 год канадскі ВУП павялічыўся амаль на 13%, тады як у разліку на аднаго жыхара — толькі на 2,3%. Адначасова ўзмацніўся ціск на рынак жылля і сістэму аховы здароўя.

У выніку канадскія ўлады пачалі скарачаць міграцыйныя квоты і абмяжоўваць прыём замежных студэнтаў. Падобныя меры прымае Аўстралія, а Вялікабрытанія значна ўскладніла атрыманне некаторых працоўных віз і права на сталае жыхарства. У еўрапейскіх краінах таксама ўзмацняюцца патрабаванні да тых, хто просіць прытулку, і пашыраецца практыка вяртання людзей, якім у ім адмовілі.

Узмацненне абмежаванняў, відаць, уплывае і на міграцыю па нелегальных маршрутах. Паводле АЭСР, у 2025 годзе колькасць заяў на прытулак па-за ЗША скарацілася больш чым на пятую частку, а ў Еўрасаюзе зафіксавалі прыкладна на траціну менш выпадкаў незаконнага перасячэння межаў.

Чаму скарачэнне міграцыі можа дорага абысціся

Аднак у жорсткай міграцыйнай палітыкі ёсць і адваротны бок. Насельніцтва большасці багатых краін імкліва старэе: людзей пенсійнага ўзросту становіцца больш, а тых, хто працуе і плаціць падаткі, — адносна менш. У такіх умовах міграцыя ўжо стала адной з галоўных крыніц папаўнення працоўнай сілы.

Маштаб залежнасці паказваюць дэмаграфічныя прагнозы ААН. Калі б міграцыя цалкам спынілася, да 2060 года колькасць людзей працаздольнага ўзросту ў Германіі, Францыі і Іспаніі была б больш чым на 10% меншай, чым у базавым прагнозе. У Вялікабрытаніі і ЗША розніца складала б каля 20%, а ў Канадзе — больш за 30%.

Гэта азначае не толькі недахоп супрацоўнікаў у кампаніях. Скарачэнне колькасці працаздольных людзей абмяжоўвае падатковыя паступленні, за кошт якіх дзяржавы фінансуюць пенсіі, медыцыну і іншыя паслугі. Пры гэтым выдаткі на падтрымку старэйшага насельніцтва будуць расці. Таму ўрадам давядзецца хутчэй праводзіць пенсійныя рэформы, павышаць прадукцыйнасць працы або шукаць дадатковыя крыніцы даходаў.

Міграцыя можа палегчыць гэтую нагрузку, але не вырашыць праблему назаўсёды. Прыезджыя таксама старэюць і з часам атрымліваюць пенсіі. Аднак паколькі людзі звычайна пераязджаюць у працаздольным узросце, на працягу пэўнага часу яны, як правіла, плацяць у бюджэт больш, чым атрымліваюць з яго. Гэта дае дзяржавам час на неабходныя рэформы.

Але рост колькасці работнікаў і падатковых паступленняў яшчэ не азначае, што жыхары краіны абавязкова стануць багацейшымі. Міграцыя звычайна дапамагае павялічваць агульны ВУП, аднак яе ўплыў на ВУП у разліку на аднаго чалавека, які лепш адлюстроўвае сярэдні ўзровень эканамічнага дабрабыту, значна менш адназначны.

Шмат што залежыць ад таго, якую працу выконваюць прыезджыя. Кваліфікаваныя спецыялісты дапамагаюць запаўняць вакансіі ў медыцыне, інжынерыі і тэхналагічных кампаніях. А мігранты, якія працуюць у сферы догляду за дзецьмі і пажылымі людзьмі, дазваляюць іншым, у тым ліку высокакваліфікаваным жанчынам, працягваць прафесійную дзейнасць.

Разам з тым хуткі прыток людзей можа ствараць дадатковыя цяжкасці. Калі будаўніцтва жылля, развіццё транспарту і грамадскіх паслуг не паспяваюць за ростам насельніцтва, якасць жыцця пагаршаецца. Да таго ж мігранты нярэдка працуюць на пасадах ніжэйшых за сваю кваліфікацыю, а візавыя правілы могуць перашкаджаць ім знаходзіць лепшую працу.

Ёсць і менш відавочны эфект. Калі прадпрыемствы могуць лёгка наймаць нізкааплатных работнікаў, у іх можа слабець стымул інвеставаць у аўтаматызацыю. У выніку эканоміка расце пераважна за кошт павелічэння колькасці занятых, а не таго, што кожны работнік вырабляе больш.

Дзверы зачыняюць не для ўсіх

На гэтым фоне міграцыйная палітыка становіцца ўсё больш выбарачнай. Урады імкнуцца абмежаваць прыезд нізкакваліфікаваных работнікаў і людзей без неабходных дазволаў, але адначасова спрабуюць прыцягваць інжынераў, навукоўцаў, IT-спецыялістаў і іншых высокакваліфікаваных прафесіяналаў. Для іх ствараюць асобныя візавыя праграмы і спрашчаюць працэдуры пераезду.

Асабліва прыкметнае супярэчанне ўзнікае ў ЗША. Амерыканская тэхналагічная індустрыя ў значнай ступені развівалася дзякуючы спецыялістам з іншых краін, але цяпер улады прапануюць ускладніць атрыманне папулярных сярод іх працоўных віз H-1B і абмяжоўваюць магчымасці працаўладкавання для замежных выпускнікоў. Між тым прыкладна траціна людзей з доктарскай ступенню ў прыродазнаўчых і тэхнічных навуках у ЗША — ураджэнцы іншых краін, якія атрымалі адукацыю ў саміх Штатах.

Ад больш жорсткіх амерыканскіх правілаў могуць выйграць іншыя дзяржавы. Універсітэты Германіі, Ірландыі і Італіі ўжо адзначаюць рост колькасці замежных студэнтаў на фоне абмежаванняў у традыцыйна папулярных англамоўных краінах. Для еўрапейскіх эканомік гэта магчымасць прыцягнуць маладых спецыялістаў, якія пасля вучобы могуць застацца працаваць.

А для некаторых краін узмацненне міграцыйных абмежаванняў можа азначаць вяртанне ўласных работнікаў або прыезд тых, хто раней планаваў пераехаць далей. Так, у Мексіцы частка мігрантаў, якія збіраліся трапіць у ЗША, цяпер вырашае застацца, а некаторыя вяртаюцца з Амерыкі. Яны могуць выкарыстоўваць набыты працоўны досвед, уладкоўвацца на мясцовыя прадпрыемствы або адкрываць уласную справу.

Для Мексікі, насельніцтва якой таксама старэе, гэта можа стаць дадатковай падтрымкай эканомікі. Паводле даследавання Банка Іспаніі, прысвечанага эканоміцы Лацінскай Амерыкі, вяртанне мігрантаў можа забяспечыць да двух дадатковых працэнтных пунктаў росту ВУП Мексікі на душу насельніцтва да 2028 года.

Каментары

Цяпер чытаюць

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?14

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Усе навіны →
Усе навіны

Як у кіно. У цэнтры Гродна 19‑гадовы хлопец з аднаго ўдару паваліў слуп13

Свет на парозе фінансавага абвалу, яшчэ больш агрэсіўны Трамп і небяспека для Тайваня. The Economist даў прагноз на 2027 год13

Жанчыне, якая арганізавала ў Мінску незалежную культурную прастору, далі пяць гадоў калоніі18

Самая танная кватэра — 222 тысячы рублёў. МАПІД прапанаваў кватэры ў «Сонечным» для ўсіх ахвотных5

46‑гадовага мінскага псіхолага і бізнэс-трэнера пасадзілі па палітычнай справе2

Прэзідэнт Манголіі, які тры тыдні таму сустракаўся з Лукашэнкам, падаў у адстаўку, абвінавачаны ў карупцыі1

У Германіі малады беларус ушчэнт раскалаціў фуру аб аўтадом пенсіянераў. Кіроўцаў ратавалі з дапамогай верталётаў

Расійскія і лукашэнкаўскія СМІ дагэтуль не паведамілі пра руйнаванне Крымскага моста7

Цэны на нерухомасць пайшлі ўніз. Прычым не толькі ў Мінску13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?14

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць