Эканоміка

Дырэктар-манах і калгас з асуджанымі. Расказваем пра «Атлант», які калісьці грымеў, а цяпер штогод прадукуе мільённыя страты

«Атлант» называюць брэндам краіны. Але за прыгожай карцінкай адпаліраваных новых халадзільнікаў — прадпрыемства са стратамі ў мільёны даляраў. Расказваем, чым славіўся завод за савецкім часам, як на яго павесілі стратны калгас і як палякі хацелі выкупіць вытворчасць, але ім не прадалі. 

Першыя савецкія лядоўні

Першы халадзільнік на заводзе выпусцілі 60 год таму. Невысокі «Мінск-1» убудоўваўся ў кухонны стол і апроч халадзільнай камеры меў шафу для посуду. Для беларусаў гэта быў прэміум-тавар. У той час толькі 5% насельніцтва мела магчымасць яго набыць.

Першыя савецкія двухкамерныя халадзільнікі і лядоўні выпусцілі менавіта ў Беларусі. Гэта было ў 1970-х.

А самай папулярнай мадэллю за савецкім часам быў «Мінск-15». Яна разышлася ў колькасці чатырох мільёнаў экземпляраў. І не толькі па Саюзе — халадзільнікі пастаўляліся ў Грэцыю, Італію, Францыю, Бельгію.

Тады прадпрыемства аб’ядноўвала некалькі заводаў у Расіі і Літве — Смаленскі, Алітускі, Мажэйкяйскі. На апошнім вырабляліся кампрэсары. Калі Саюз распаўся, кампрэсары для беларускіх халадзільнікаў пачалі выпускаць у Баранавічах на станкабудаўнічым заводзе. Пасля Мінск заказваў там не толькі кампрэсары, але і пераўзбраенне для завода халадзільнікаў. На прадпрыемства ішлі самыя кваліфікаваныя баранавіцкія работнікі.

Пральныя машыны «Атлант» стаў вырабляць з 2003 года. Пазней дадаліся і кухонныя пліты.

Большасць сваёй прадукцыі завод адпраўляе на экспарт (у Расію ў асноўным). За мяжу прадаецца 85% халадзільнікаў. 

Фота: «Атлант»

Дырэктар, які хацеў стаць прэзідэнтам, а сышоў у манахі

Цяпер нерэальна, каб дырэктар буйнога дзяржаўнага прадпрыемства пайшоў у прэзідэнты. Але ў 2001 было менавіта так. «Атлант» на той момант узначальваў Леанід Калугін (ён быў адначасова і членам Савета Рэспублікі).

Да галасавання яго кандыдатуру не пусцілі — не сабраў неабходныя 100 тысяч галасоў. Але і да ранейшага жыцця вярнуцца Калугін не змог. 

Дырэктара абвінавацілі ў тым, што ён не вярнуў своечасова крэдыт ад Японіі і заніжаў колькасць валюты на прадпрыемстве, якая падлягала абавязковаму продажу. За прыхаваную валюту, па версіі следства, ён набываў прадметы царкоўнага культу. 

Пра праваслаўнасць Калугіна ведалі ўсе — ён пабудаваў царкву на тэрыторыі завода і перадаў ёй некалькі сот кілаграмаў срэбра і сусальнага золата. Гэты факт падалі ў крымінальнай справе як незаконныя дзеянні з каштоўнымі металамі. Справа ў тым, што «Атлант» атрымліваў каштоўны метал для вырабу прыпояў у халадзільніках. Следства палічыла, што частка яго пайшла не на тыя мэты.

Праз два гады крымінальны пераслед спынілі за адсутнасцю складу злачынства і Калугіна адпусцілі.

Некалькі год ён жыў у прыходзе адной з цэркваў пад Мінскам. А пасля стаў манахам Ніканам і перабраўся ў родную вёску Галовічы Дрыбінскага раёна, працаваць у Свята-Траецкай царкве.

Як заводу аддалі калгас з асуджанымі

«Атлант» не абмінуў лёс многіх буйных прадпрыемстваў. У 2004 годзе на яго павесілі стратны калгас «Шапчыцы-Агра» — у рамках праграмы фінансавага аздараўлення сельгасарганізацый.

Каб апісаць стан гэтай гаспадаркі ў Старадарожскім раёне, дастаткова прывесці два факты: яе рэнтабельнасць была мінус 13%, а на працу прыцягвалі людзей, асуджаных да абмежавання волі.

Узнагароджанне прадпрыемства на абласных «Дажынках». Фота: minprom.gov.by

За 15 год сітуацыю там удалося выправіць і вывесці гаспадарку ў плюс. Ад «хімікаў» адмовіліся, свінагадоўлю і развядзенне трусоў на старых фермах прыкрылі. Пакінулі толькі малако і ялавічыну. Уклалі заводскія грошы, каб купіць новыя трактары. «Атлант» па зніжаных цэнах пастаўляе ў гаспадарку тэхніку, а тая — ялавічыну ў заводскія сталовыя і на продаж у кулінарыю.

Крызісы і канкурэнты

Сам «Атлант» апошнія дзесяць год працуе ў мінус (выключэннем стаў толькі 2016-ы). У 2014-м ён стаў самым стратным беларускім прадпрыемствам.

На самім заводзе тлумачылі так: і ў нас, і ў СНД попыт знізіўся праз дэвальвацыю і падзенне заробкаў. У той год рынак буйной бытавой тэхнікі ў Беларусі і Расіі прасеў на 40%, а ва Украіне — на 80-90%.

Вытворчасць нашых халадзільнікаў у Смаленску давялося закрыць, бо раней 40% вырабленага там пастаўлялася ўкраінцам. Склады былі забітыя.

Тэхнікі аказалася болей, чым людзей, гатовых яе купляць.

«Мы — мільённік, LG — мільённік, Indesit — мільённік, на паўмільёна выходзіць Bosch… У Расіі ўсе буйныя сусветныя брэнды ўжо пабудавалі вытворчасці, мы канкуруем ужо не з расійскімі, а з сусветнымі вытворцамі», — апраўдваўся ў інтэрв’ю Віктар Шуміла, які тады быў дырэктарам.

Пра рызыку прайграць рынак міжнародным брэндам расійскай зборкі аналітыкі казалі і раней. У нулявыя ліпецкі Indesit каштаваў на 50-100 даляраў танней за беларускі аналаг. LG, выпушчаны ў Маскоўскай вобласці, быў прэміяльным сегментам. Сярод беларусаў былі тыя, хто гатовы купляць наварочаныя халадзільнікі амаль за тысячу даляраў, а «Атлант» і блізка такое не выпускаў. 

Але вернемся ў крызісны 2014-ы. Праз дэвальвацыю завод тады страціў 110 мільёнаў рублёў. Аднавіцца пры добрым раскладзе разлічваў да 2020-га. Шуміла ганарыўся, што яны не атрымлівалі дзяржаўнай падтрымкі, а самастойна спрабавалі выстаяць.

«Нам трэба паверыць сабе, палюбіць і пачаць паважаць сябе. А мы пачынаем: «Вой, немцы», — заклікаў ён.

Адваяваць беларускага спажыўца не ўдалося. Нават нягледзячы на новыя мадэлі і эксперыменты з дызайнам.

За апошнія пяць год продажы атлантаўскай тэхнікі на ўнутраным рынку упалі. Калі ў 2016-м сярод купленых беларусамі халадзільнікаў доля айчынных была 64%, то летась — толькі 35%. Тое ж і з пральнымі машынамі — доля беларускіх сярод прададзеных знізілася з 30% да 15%.

Такія лічбы прыводзіць Белстат. Гэта пры тым, што агулам тэхнікі людзі сталі купляць больш.

Камандзіроўкі ў Францыю і інфляцыя

Тыя, хто заспеў на заводзе крызісныя гады, памятаюць, як інфляцыя з’ядала рост заробку ў рублях. Калі ў 2009-м слесар-зборшчык тэхнікі атрымліваў 520 даляраў па курсе (і гэта было вышэй за сярэдні заробак па краіне), то ў 2015-м — 320 даляраў.

Зміцер якраз працаваў на канвееры ў тыя гады.

«Праца там манатонная і дастаткова цяжкая, — кажа ён. — Калі я прыйшоў, на лініі зборкі было 80% мужчын, калі звальняўся — 50% мужчын і 50% жанчын.

Недзе ў 2013-м нам прыбралі даплату за шкоднасць. Шкоднасць была шумавая, але пры гэтым ніякіх мер не было прынята па скарачэнні шуму на вытворчасці. Сказалі: «Вы не страціце ў грошах», — і ўсё.

Пасля пачалі мадэрнізацыю ліній, але па факце аказалася, што лінію проста падоўжылі, каб выпускаць больш прадукцыі. Пры гэтым тэхналогіі зборкі засталіся старыя», — расказвае былы зборшчык мэблі пра ўмовы сем год таму.

З яго сям’і на «Атланце» працавалі таксама дзед і цётка.

«Мой дзед ездзіў у Францыю на пяць год у канцы 1980-х па абмене вопытам, быў вядучым інжынерам. Апошняя яго пасада — начальнік цэха.

Раней завод быў неблагі. Нават знаходзячыся цяпер у Польшчы, пытаюся ў старэйшага пакалення пра халадзільнікі «Мінск», і яны кажуць, што гэта былі лепшыя халадзільнікі па цане-якасці ў той час. У гады, калі я працаваў, камплектуючыя былі еўрапейскія, але часам закуплялі не якасныя дэталі, а танную пластмасу», — дзеліцца ён.

Як «Атлант» хацелі купіць замежнікі

У 2017 годзе «Атлант» спрабавалі купіць палякі. 

«Іх цікавасць была ў тым, каб увайсці на рынак Еўразійскай эканамічнай прасторы. Падрыхтаваная пляцоўка, неблагі дасведчаны персанал, добрая лагістыка… Палякі палічылі, што варта ўкласці пэўныя інвестыцыі ў прадпрыемства, дзе можна павысіць прадукцыйную моц у 2-2,5 разы ў параўнанні з тым, што выпускаў «Атлант» у той час. І зрабілі даволі слушную прапанову», — згадвае гісторыю Анатоль Котаў, які калісьці працаваў у МЗС.

Аднак бакі не сышліся ва ўмовах і цане. Польшча хацела скараціць штат прадпрыемства, беларускія ўлады былі катэгарычна супраць. 

«Я не памятаю дакладных лічбаў, але «Атлант» прапанавалі набыць ў паўтара-два разы даражэй, чым ацаніў інвестар. Завод хацелі прадаць разам з даўгамі.

Беларускі бок заўсёды разглядаў замежныя інвестыцыі як магчымасць кіраваць імі як сваімі грашыма. Маўляў, вы дайце грошай, а мы ведаем, як іх укласці, у якой колькасці што прадукаваць і колькі людзей на вас будзе працаваць. Такія падыходы інвестара зусім не зацікавілі.

Палітыка сярод прычын адмовы, мабыць, напрыканцы толькі з’явілася. Гэта была адна з найбольш бяспечных палітычных інвестыцый. Бо былі розныя захады з польскага боку — і Белдзяржстрах набыць, і ў банкаўскую сферу больш сур’ёзна ўвайсці, чым невялікі прыватны «Ідэя Банк». Вось гэта разглядалася як інвестыцыі, якія за сабой цягнуць пэўны палітычны ўплыў.

Хаця прапановы гучалі неблагія. І беларусі бок выкарыстоўваў іх на сваю карысць: цікавяцца нашымі актывамі на Захадзе, таму можна спрабаваць павысіць цану, калі мы будзем гандляваць імі на Усходзе», — мяркуе Анатоль Котаў.

Па яго словах, страты «Атланта» палякаў не пужалі. Галоўнае для іх было — дамовіцца па цане.

Фота: «Атлант»

Купіць завод хацелі і кітайцы. Зацікаўленасць праяўляла кампанія бытавой тэхнікі Midea Group. У 2017-м яе прэзідэнт сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтая ж карпарацыя раней стварыла сумеснае прадпрыемства з «Гарызонтам».

Штат «Атланта», дарэчы, усё ж пакрыху скарачаюць. З 2018 па 2020 з прадпрыемства звольнілі амаль тысячу работнікаў. За мінулы год штат збіраліся сціснуць яшчэ на 5% — да 6,4 тысячы чалавек.

Цяпер на заводзе адкрыта амаль 400 вакансій. З іх заробак па пяцьсот і больш прапануюць толькі 13%. Майстру і электраманцёру гатовы плаціць 1100 — 1300 рублёў, наладчыку абсталявання — да 1450, інжынеру-канструктару — 900 — 1150.

Грошы, змытыя ва ўнітаз

Летась прадпрыемства (а дакладней, філіял у Баранавічах) трапіла ў карупцыйны скандал. Дырэктара станкабудаўнічага завода і начальніка бюро камерцыйнага аддзела ўзялі за хабар. Ад міліцыі дырэктар спрабаваў схавацца ў прыбіральні свайго кабінета і змыць грошы ва ўнітаз. 

Баранавіцкі станкабудаўнічы завод. Фота: «Атлант»

Тыя рублі ён атрымаў ад чэлябінскай фірмы. Па інфармацыі міліцыі, гэта быў адкат за тое, што фірме дасталіся дагаворы на пастаўку металавырабаў. На судзе дырэктар віну адмаўляў, Казаў, што грошы ён пазычыў — на помнік.

Суд палічыў дырэктара вінаватым і даў 12 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго змоўшчык атрымаў 9 гадоў калоніі.

Бягучых даўгоў больш, чым актываў

У сакавіку 2020-га гендырэктар завода «Атланта» Дзмітрый Сакалоўскі хваліўся, што за месяц яны адгрузілі рэкордную колькасць прадукцыі — 90 тысяч халадзільнікаў. Пакуль канкурэнты ў Расіі, Еўропе і Кітаі замарожвалі вытворчасць з-за кавіду, «Атлант» распрадаваў запасы. Але так і не выйшаў у плюс.

Чыстыя страты завода за 2020 год — 13 мільёнаў рублёў. У папярэднія гады яны былі яшчэ большымі, напрыклад, у 2017-м гэта страты ў 64 мільёны.

У цэлым фінансавыя паказчыкі палепшыліся — прыбытак ад аперацыйнай дзейнасці і валавы прыбытак ад выручкі вырас.

Пры гэтым выраслі кароткатэрміновыя крэдыты і пазыкі — да 432 мільёнаў рублёў. У «Атланта» не хапае сродкаў, каб разлічыцца з імі: бягучых даўгоў больш, чым актываў, на 191 мільён рублёў. Пагасіць разрыў завод плануе за кошт новых крэдытаў.

«Гэта ўказвае на наяўнасць істотнай нявызначанасці, якая можа выклікаць значныя сумневы ў здольнасці прадпрыемства працягваць бесперапынна сваю дзейнасць, і, адпаведна, што яно можа аказацца не ў стане выканаць свае абавязкі ў ходзе звычайнай дзейнасці», — сказана ў аўдытарскай справаздачы.

Адной з прычынаў бязрадаснага становішча называюць ваганне курса даляра і ЗША да беларускага рубля, што абумоўлена высокай доляй імпарту. Агульная сума панесеных стратаў па курсавых розніцах па падліках завода склала 46 мільёнаў рублёў. Наракаюць таксама на рэзкае абвастрэння цанавой канкурэнцыі і пандэмію каранавіруса.

Гэтыя ж прычыны стратнасці (за выключэннем кавіду) фігуруюць у справаздачах з года ў год. 

Крокі па выйсці з крызісу таксама дублююцца: знізіць выдаткі з дапамогай мадэрнізацыі вытворчасці, аптымізаваць персанал, павялічыць тэрміны крэдытаў, дамовіцца з пастаўшчыкамі, каб аплаціць матэрыялы пазней.

Пакуль «Атлант» спраўна плаціў па старых крэдытах. Але ў справаздачы ёсць важнае ўдакладненне: у выпадку неплацежаздольнасці фінансавую падтрымку «Атланту» гатовы аказаць асноўны акцыянер. Гэта Дзяржкамітэт па маёмасці — яму належыць 62% акцый. Трэба адзначыць, што за апошнія пяць год дзяржаўная доля ва ўстаўным капітале прадпрыемства вырасла на 20%.

Чытайце таксама: «Калі прыйшоў, атрымліваў 2000 даляраў. А летась толькі 500». Гісторыя МТЗ: ад прамысловага гіганта да гіганцкага даўжніка

Мільярдная мадэрнізацыя і крэдыты на заробкі. Як Беларусь набыла і згубіла БМЗ — перліну сваёй эканомікі

Каментары

«Цябе б бацька пракляў»: маці фігуранта «малочнай справы» прабілася на спатканне з ім, каб слёзна папрасіць не супрацоўнічаць са следствам3

«Цябе б бацька пракляў»: маці фігуранта «малочнай справы» прабілася на спатканне з ім, каб слёзна папрасіць не супрацоўнічаць са следствам

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Баранавічамі заўважылі незвычайную жывёлінку1

«Цяпер яна з гумовага сала, гэта жах!» Жанчына купіла любімую каўбасу і абурылася11

Гайдукевіча трымаюць на апошнім месцы па колькасці намаляваных подпісаў11

Грамадзяніна Узбекістана падазраюць у забойстве ў Маскве генерала Кірылава3

Затрымалі маладзёна, які скраў ногі Дзеда Мароза ў Гродне2

Затрымалі падазраваных у забойстве генерала Кірылава ў Маскве

Сям'я беларусаў у Латвіі не можа аформіць пашпарт для нованароджанай дачкі. Ехаць за ім на радзіму — не варыянт праз пагрозу турмы8

Украіна заявіла аб стварэнні лазернай зброі «Трызуб». Што гэта можа быць?5

Ідэолаг Мінабароны Беларусі распаўсюджвае старыя фэйкі пра паходжанне еўрапейскіх чыноўнікаў ад гітлераўцаў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Цябе б бацька пракляў»: маці фігуранта «малочнай справы» прабілася на спатканне з ім, каб слёзна папрасіць не супрацоўнічаць са следствам3

«Цябе б бацька пракляў»: маці фігуранта «малочнай справы» прабілася на спатканне з ім, каб слёзна папрасіць не супрацоўнічаць са следствам

Галоўнае
Усе навіны →