«Крычым вам: Ідзіце вон!» Вайна Расіі з Украінай — у моцных вершах беларускіх паэтаў
Сёння першы дзень вясны і шосты — вайны ва Украіне. Пакуль з тэрыторыі Беларусі працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, многія абмяркоўваюць «калектыўную адказнасць». Але ж душа народа ў яго паэзіі! «Наша Ніва» зрабіла падборку беларускіх вершаў апошніх дзён, якія выдатна ілюструюць пануючы настрой у нашым грамадстве.
Пачынаем падборку з верша, які напісаны за два дні да пачатку ваенных дзеянняў:
Наста Кудасава
***
Проста набыцца, нагаварыцца
з полем юлёвым, пакуль
конік зялёны грае на скрыпцы
сола замовы ад куль…
Тут, дзе нянавісць бліскае джалам,
дзе раскашуе імгла,
памятай, я да скону крычала
ім пра любоў, як магла!
…Проста набыцца тут, нашаптацца
з верасам, мохам, сасной,
кінуцца ў ногі блазанцы-пташцы
нотай апошняй — скразной…
Тут, дзе ўчарнелі ў гразкім раздраі
сонечных промняў ліні,
Госпадзе, толькі розуму дай ім!
І цеплыні, цеплыні…
Надзея Гарэцкая
«Так атрымалася, што ў апошні мірны дзень я напісала верш пра вайну, думаючы, што яна малаверагодная»:
Вайной напрадвесні пупышкі страляюць,
Ірвуцца шынелі зімовага сну.
Застылую глебу знутры працінаюць
Паросткі нацятага мжой мурагу.
Збіраюцца войскі птушыных чародаў,
І зверы мяняюць стары камуфляж.
Крычыць няўмольна глеба ў родах,
Бруямі крывіць яе рэзаны цяж.
Грукочуць раскатамі крыгі на рэках,
І плачуць ліпкай жывіцай бары.
Чувайце! Вясна з мячом, у даспехах
Рушыць! Нясе пераможны нам Крык.
Вучаніца старэйшых класаў з Мінска (ананімна)
Вы чуеце нашай краіны
Далёка не першы стогн.
У вочы народ заяўляе:
Ідзіце вон!
Крычыць вам простыя рэчы
Брэст, Віцебск, Расоны і Пінск —
Не кінулі людзі пярэчыць!
Не згас яшчэ сонейка дыск.
І Беларусь не маўчыць —
Паўстане супраць вайны,
Бо нас не заткнуць, не спыніць.
Мы — мірнай краіны сыны.
Мы марым кахаць і вучыцца,
Летам бегчы кудысь на пагон.
Ад вёскі і да сталіцы
Крычым вам: Ідзіце вон!
27.02.2022
Алесь Мінаў
праўда — ня бусел у аблоках
ня слова з тысячы слоў
праўда — ня ціша навокал
маўклівае згоды рабоў
праўда — то годнасьць і воля
насуперак цемры начы
праўда — то ўкраінская зброя
наканаваная перамагчы
27.02.2022
Ніна Лістота
Калі ляцелі ракеты,
Мы мацней абдымалі сваіх каханых,
У думках не адпускалі іх на прызывы,
Варылі баршчы і спявалі песні ім.
Калі ляцелі ракеты,
Мы думалі, што гэта метэарытны дождж,
Прыціскаліся да зямлі, закрывалі галовы і вушы
І вуснамі шырока глыталі паветра зорнае.
Мы самі былі як балістычныя ракеты,
Як свінцовыя кулі, як напятыя лукі продкаў.
Мы зараджаныя былі слязьмі і горам,
Мы нямелі ад жаху, у нас млелі пальцы.
І чайкі белыя здаваліся выпадковымі стрэламі.
Але насамрэч стралялі
за тым вакном,
ля якога стаяла
калыска дзіцяці.
І па брукаванцы старога горада
З рыканнем ехалі танкі.
І ўсе Макдональдсы зачыніліся
Ў цэлай краіне…
Добра, што гэта толькі сон!..
А не. Не сон.
25.02.2022
Дзяніс Шпіронак
Мераю час цыгарэтамі —
5 хвілін на балконе,
10 хвілін на вуліцы:
Перадышка, мера бяспекі на свежым паветры,
Думкі захраслі ў палоне,
Рэчаіснасцю стала бязглуздзіца.
Мераю час навінамі —
Прабегчы вачыма — 10 хвілін,
А ўчытваюся гадзінамі,
Хацеў бы застацца бязвінным
І адчуваць, што такі не адзін…
Хто бязвінны, то плюньце ў спіну мне.
Час адмяраю сорамам,
За «сваіх» было тыднямі сорамна,
Не за сваіх гадамі
Толькі б каб меў кроплю гонару
То дарабіў бы, дабіў, а не пакорліва
Сам апусціўшы вочы, разводзіў рукамі
Мераю час маўчаннем —
Секунда жывым,
Хвіліна маўчання загінулым
Болей маўчаць не ў стане,
Я гавару, я крычу і не спынюся ні перад чым
Ні перад бояззю кратаў, ні перад магілаю.
26.02.2022
Усевалад Сцебурака
Выклаў у Фэйсбуку свой стары верш 2020 года з подпісам «прысьвячаецца героям нашых дзён»:
***
Рабоў не чакаюць у раі
Рабоў чакаюць пакуты.
Не рабству той вас вучыў,
хто быў да крыжа прыкуты.
Рабоў не ўшануюць у раі.
У рабстве няма геройства.
Там роспачы па краі
і лёзы згрызотаў гойстрыя.
Рабоў не ўспомняць пасьля
на трызьне ўзгадаюць сьмелых
ім будзе лягчэй зямля
ад пёраў анёльскіх белых.
Рабы не пакінуць сьлед
на гэтых шляхах адвечных.
Ім не адгукнецца сусьвет
і зоры на шляху млечным.
Дар'я Бялькевіч
Таксама прыгадвае свой стары, але актуальны верш:
Радзіму не абіраюць,
In God and bulba we trust.
Радзіму не адбіраюць,
Another one bites the dust.
Where there is life there is hope,
Інтэграцыя есць захоп.
Can you make
беларускі ген
great again?
Ваш «саюз»
накрыeцца тазам
альбо карытам:
London is the capital
of Great Britain.
Не ператворыцца
мой народ у «толпу»:
Tin — проста бляшанка
з прыстаўкай «рoo».
Андрэй Хадановіч
Публікуе свой пераклад верша ўкраінца Сяргея Жадана яшчэ 2014 года:
Пакуль у табе жыве твая прага,
пакуль цябе трымаецца вера,
і сонца плыве з дакладнасцю птаха,
і час крадзецца з пільнасцю звера.
Край ліхаманіць вакзальнай аблавай.
Цёплыя рукі і ў снежань дарогі.
Радзіма баліць перабітаю лапай
шчаняці, што рвецца з начное аблогі.
Ірвіся, ірвіся з ночы й туману,
выгрызай роспач, шукай надзею.
Я пасля буду лекаваць тваю рану,
наколькі змагу, наколькі паспею.
Я потым усё зразумею і ўбачу,
як толькі вырвуся разам з табою, —
усю тваю беспрытульнасць сабачую,
дзіцячую веру з дарослай журбою.
Пакінь ні з чым іх подлую варту,
абмінай іх падступныя пасткі.
Варта біцца і ўставаць варта,
нават калі зноў прыйдзецца ўпасці.
Зоркі маюць вісець над табою
ці разрывацца пад небасхілам.
Сэрца павінна разам крывёю
несці жыццё капілярам і жылам.
Косткі маюць моцна зрастацца.
Шнары павінны дадаць нам злосці.
Штосьці з табою павінна стацца.
Штосьці ўжо сталася й станецца штосьці.
Пакуль ты ўсім гэтым жывеш і марыш.
Пакуль ты прагнеш. Пакуль палюеш.
Пакуль ты ўсё гэта ў сабе трымаеш.
Пакуль ненавідзіш. Пакуль ты любіш.
Каментары