СК завёў новую крымінальную справу на Андрэя Стрыжака. Гэтым разам за фінансаванне «ўзброенага канфлікту» за мяжой
Следчы камітэт завёў новую крымінальную справу на актывіста Андрэя Стрыжака, кіраўніка прызнанага экстрэмісцкім фармаваннем фонду «Байсол». Гэтым разам яму выстаўленыя прэтэнзіі за «фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне ўзброенага канфлікту і ваенных дзеянняў на тэрыторыі сумежнай дзяржавы».
Так у Следчым камітэце расцанілі збор сродкаў на падтрымку Украіны і беларускіх добраахвотнікаў.
«Праз сацыяльныя сеткі А. Стрыжак сумесна з іншымі асобамі займаўся дзейнасцю, звязанай з вярбоўкай, навучаннем, іншай падрыхтоўкай і фінансаваннем грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ў далейшым накіроўваліся для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе ўзброеных фармаванняў і нацыяналістычных батальёнаў названай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленні СК.
Следчыя зазначаюць, што зафіксавалі факты пералічэння грошай грамадзянамі Беларусі «для матэрыяльнага забеспячэння наёмнікаў». Сцвярджаецца, што асобныя такія грамадзяне ўжо ўстаноўленыя.
«Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі ў дачыненні да А. Стрыжака дадаткова распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса за фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, узброеным канфлікце, ваенных дзеяннях», — паведамляе СК.
У Беларусі на Стрыжака ўжо заведзена некалькі крымінальных спраў, у тым ліку за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці.
Каментары