«Беларускі батальён б'ецца годна!» Эксклюзіўная гутарка з рэперкай Alyona Alyona
Самая шчырая рэп-выканаўца Украіны расказала пра супярэчлівыя высновы з супольнага праекта з «Кастай», выказалася на беларуска-ўкраінскую тэматыку і пра ўнікальнасць новай генерацыі дзяцей на радзіме.
«Наша Ніва»: Ты размаўляеш з юнакамі адною мовай. Як растлумачыць пакаленню зумераў тое, што адбываецца апошнімі месяцамі — і чаму ўвогуле гэта здараецца?
Alyona Alyona: Разам з камандай спрабуем дагрукацца да моладзі праз Тыкток і там візуальна пацвердзіць усё тое, што даносім тэкстамі. Да таго ж ва Украіне актывізаваліся некалькі выканаўцаў, што раней рабілі нешта кшталту «моргенштэрнавага» рэпчыку, але зараз звярнуліся да роднай мовы. Яны запісалі два трэкі паводле актуальных для краіны тэм, толькі розныя формай ды музычным малюнкам. Аднагодкі ж гэтыя песні ўпадабалі ды пачалі прасоўваць на розных платформах. Што, адпаведна, спрасціла і нашую місію.
Таксама варта не забывацца на гумар: юнакі любяць пасмяяцца — з мемаў, годнай гульні слоў, трапных выразаў. Да месца будуць і гістарычныя паралелі: маўляў, гэта ўжо здаралася і не раз. Аднак абавязкова ўсё трэба даносіць простай мовай, распавядаць пра падзеі так, як ёсць насамрэч. Не імкнуцца нешта завуаляваць, каб знізіць стрэс альбо зменшыць псіхалагічны ўдар — падлеткі вельмі тонка адчуваюць фальш…
Пагаджуся, гэта складаны этап. Але праз яго павінны прайсці ўсе, незалежна ад узросту. На жаль, гэта не той выпадак, калі можна ўзяць школьную праграму ды падтрыхтаваць урок па тэме, пасля якога вучні ўстануць і скажуць: «Ну, дзякуй, зразумела». Сітуацыя мяняецца на іх вачах — фактычна сталенне адбываецца тут і зараз. Таму варта размаўляць з юнакамі, як з дарослымі.
«НН»: Але яны ўжо не будуць такімі, як мы?
АА: Не будуць, сто адсоткаў. Вось табе гісторыя. Колькі гадоў таму ўпершыню выступала за мяжой, у Эстоніі. Нас сустракалі валанцёры фестывалю, хлапцы ды дзяўчаты па 16-17 год. Яны крышачку разумелі па-руску, але камунікаваць ужо не маглі. Крыху здзівілася, бо, наколькі ведала, у Прыбалтыцы людзі ў побыце часта карысталіся менавіта рускай мовай. Пытаюся, чаму ж тады моладзь прамаўляе інакш — і чую ў адказ: «Дык нам нецікава!» Яны ведаюць родную мову, вучаць ангельскую, бо гэта міжнародны сродак зносінаў, а таксама якую-небудзь еўрапейскую мову для душы. Расійскую ж увогуле не разглядаюць як нешта вабнае…
Ваў, думаю, маю краіну праз нейкі час чакае тое ж самае! Бо нашыя дзеці будуць расці і вольна абіраць, якую мову вывучаць. Ніхто не возьмецца нікому нічога навязваць, не стане прымушаць. І, як вынік, з кожнага праса ды з кожнага радыё расійская мова больш не будзе несціся і ўспрымацца як нешта неаддзельнае ад Украіны…
Ведаеш, тое, што адбываецца зараз на нашай зямлі, адначасова спрыяе і ментальнаму вызваленню.
Новае пакаленне будзе інакшым — больш вольным, больш незалежным, не абмежаваным і не закамплексаваным. Яно само абярэ, што яно хоча, кім стане, якой мовай возьмецца гутарыць з сусветам, куды рушыць падарожнічаць. З гэтага і пачынаецца сапраўдная свабода.
Мая генерацыя такой свабоды не мела — нам шмат што навязвалася. І, напрыклад, я адчуваю на сабе гэты ўплыў нават зараз. Скажам, калі ўсе ў атачэнні глядзяць на Ютубе інтэрв'ю пэўнага журналіста, таксама клікну на ролік, каб надалей абмеркаваць пабачанае. Бо такім чынам у нас з'явіцца агульная тэма для дыскусіі. Але новыя людзі Украіны не будуць ціснуць play, калі ім не цікава, а проста «так трэба» — гэта іх прынцыповая пазіцыя. Яны возьмуцца шукаць альтэрнатыву і, упэўнена, вельмі хутка яе знойдуць.
«НН»: Ты доўгі час працавала ў дзіцячых садках. Скажы, ці ёсць шанец у дарослых хаця б крышку загаіць тыя душэўныя раны, што застануцца ў сённяшніх дзяцей пасля вайны?
АА: Калісьці думала, што ты і я — нашае пакаленне, маю на ўвазе — апошнія, хто бачыў ветэранаў Другой сусветнай вайны. Да нас у школу маглі прывесці дзядулю, які змагаўся на фронце, і ён нешта пра тыя часы распавядаў. Калі ж працавала ў садку, такія людзі дзетак ужо не наведвалі, бо з-за старасці ім было цяжка перасоўвацца. «Ну вось, — думалася тады, — цяпер ужо дакладна дзеці не даведаюцца, што такое «ветэран». Сёння ж гэтыя дзеці самі сталі ветэранамі. Яны пабачылі жахі сапраўднай вайны, прапусцілі праз сябе і назаўсёды захавалі аскепкамі ў целе, у галаве, у сэрцы.
Думаю, шмат што з гэтых адчуванняў выльецца ў творчасць. Хтосьці будзе маляваць, іншы напіша кнігу, пойдуць тэатральныя пастаноўкі, кіно… Гэта выльецца ў вялікі культурны бум, бо людзі не здольныя столькі горычу ды болю трымаць у сабе.
«НН»: Жанр, у якім ты праяўляешся музычна, лічыцца самым шчырым ды сумленным. Як мяркуеш, ці павінны такія гісторыі, як у Бучы, Барадзянцы, Марыупалі адлюстроўвацца ў творчасці? І ці не прывядуць яны да вар'яцтва творцы?
АА: Разумею, што не магу павярнуць час назад, нешта змяніць у гісторыі, уваскрасіць людзей. Таму каб не ашалець, выпускаю эмоцыі — плачу ды працую фізічна. Не сяджу, зноў і зноў пракручваючы ўнутры гэтыя жудасці, а выпраўляюся дапамагаць тым, хто яшчэ жывы, тым, хто ў бядзе. Можа, мае высілкі зробяць так, што нехта ўратуецца, не загіне.
Што да творчасці, то адкажу так. Раней у маёй натуры ўвогуле не было агрэсіі. Але кожны раз, калі сутыкаюся з гісторыямі пра катаванні, гэтая лютасць нарастае. Хочацца зямлю пазногцямі ірваць, абы вайну спыніць як мага хутчэй, любым коштам. Адначасова патрабуеш больш рашучых рашэнняў ад палітыкаў, выходзіш на акцыі пратэсту. То-бок, шукаеш не шляхі сублімацыі ці асэнсавання трагедыі, а сродкі змяніць сітуацыю. Уплываеш ужо не словамі, а дзеямі.
«НН»: Ці пагодзішся з тым, што пасля вайны ўкраінцам куды складаней будзе аднавіць адносіны між людзьмі (напрыклад, з той жа Беларусі), чым інфраструктуру?
АА: Складанасці будуць у любым выпадку. З інфраструктурай насамрэч прасцей: закасаў рукавы ды пайшоў працаваць. Стасункі ж між людзьмі наладзіць пасля такога разрыву — справа не аднаго года.
Мы не чакалі, што сапраўднымі братамі для ўкраінцаў стануць людзі Польшы. Якой неспадзеўкай аказалася падтрымка з боку Брытаніі — раней мы шчыльна не сябравалі. З іншага боку, ніхто не чакаў, што з'явіцца беларускі батальён, які пойдзе на фронт і стане змагацца ў пекле. Але ж ён б'ецца і б'ецца годна!
Не думаю, што з народам Беларусі будзе складана нешта адбудаваць, бо ад яго не так багата чаго і чакалі. Краіна не ўступіла ў вайну як самастойная дзяржава, не актывавала войска. Так, яе тэрыторыя стала месцам, адкуль Расія пускала па маёй радзіме ракеты. Але ў той жа час беларусы праз партызанства паказалі свой пратэст. Як маглі — у тых умовах, калі ўласны народ знішчае кіраўнік-дыктатар, гэта ўжо нямала.
Да таго ж вы істотна пацярпелі два гады таму, калі змагаліся за свабоду праз пратэсты. У беларусаў пэўна таксама былі чаканні ад Украіны — і не факт, што ўсе яны спраўдзіліся. І не факт, што ўвогуле краіны-суседкі тымі часамі падтрымалі Беларусь так, як патрабавалася народу, як ён гэтага прагнуў.
Таму адносіны, пра якія ты запытаў, гэта не толькі «Украіна — Беларусь», але і «Беларусь — Украіна». Гэта два бакі, у якіх ёсць свае аргументы, досвед і інтарэсы.
Тым не менш упэўнена, што ў будучым стасункі нармалізуюцца. У адрозненні ад стасункаў з расіянамі.
«НН»: Дарэчы, пра расіян. У 2020 годзе ты запісала дуэт з «Кастай». Ці з'явіўся за апошнія месяцы хаця б хто-небудзь з таго боку, хто выказаў падтрымку, прапанаваў дапамогу ці адгукнуўся на кліч украінскіх музыкаў не маўчаць пра вайну?
АА: Калі рабіла трэк з «Кастаю», падавалася, што ў Расіі існуе апазіцыя. То-бок, праз людзей, якія ладзяць пратэсты, так ці інакш можна будзе дастукацца да астатніх — больш лаяльных да ўлады. Але калі выйшаў альбом, пабачыла, што акрамя нашай супрацы ў «Касты» тамсама ёсць фіт з Рэм Дзігаю, які ездзіў на Данбас і выказваўся супраць Украіны. Тады і зразумела, што там няма глыбіннага разумення геапалітычнай сітуацыі, розніцы між нашымі краінамі. Ды і ўвогуле апазіцыі там няма — і сёння гэта яшчэ больш відавочна.
Сваю пазіцыю агучыла ўжо даўно: з расійскімі артыстамі ўвогуле не супрацоўнічаю. Калісьці рабіла выключэнні для таго, хто атрымліваў дазвол СБУ на выступ ва Украіне. А зараз цалкам адмовілася ад кааперацый з тамтэйшымі творцамі. Як вынік, ад мяне адпісалася ўся расійскамоўная аўдыторыя.
Таму калі пачалася вайна, ні да каго не звярталася праз Сеціва, бо не бачыла сэнсу. На мітынг калі і выйдзе, то купка людзей, якіх паб'юць, пакідаюць у аўтазакі, а пасля яшчэ і турэмныя прысуды выпішуць. Канешне, хацела, каб уся расійская грамада выйшла, гукнула «Ім-піч-мент!» — і ўлада змянілася. Але, на жаль, такога не будзе.
Шматлікія ўкраінскія артысты, у каго ёсць расійскамоўныя слухачы, здымалі відэа для людзей, як ты казаў, з таго боку. Мелася надзея, што заклікі пачуюць, што будзе прадэманстраваная нейкая пазіцыя. Але плёну гэта не прынесла. Таму зараз ніхто нічога не просіць — мы ўсё зразумелі.
«НН»: Пасля ўсяго таго, што адбылося з 24 лютага, як не згубіць веру ў людзей? І ці жывая гэтая вера ўнутры цябе?
АА: Пасля 24 лютага пабачыла, як уся мая краіна яднаецца. Людзі з розных куткоў, дыяспар, кантынентаў сталі адзіным цэлым для дасягнення мэты агульнай і блізкай для ўсіх. Гэта неверагодна натхняе. Як пасля такога можна не верыць у людзей?
Дабра болей за зло, што ні кажы. Глядзі, колькі дапамогі атрымала Украіна ад незнаёмцаў з аддаленых куткоў планеты. Колькі неабыякавых мужчын ды жанчын далі прытулак тым, хто вымушана пакінуў радзіму.
Гэта выбар кожнага: ісці за злымі людзьмі ды жыць хэйтам альбо яднацца з добрымі ды жыць шчасліва, кіруючыся да перамогі. Шчыра кажу, не ведаю, што павінна здарыцца, каб я страціла веру ў людзей. Упэўнена, што дабро пераможа зло — і там, дзе сёння цемра, запануе святло.
«НН»: Кажуць, што ў любой крызіснай сітуацыі пры пошуку вінаватых варта пачынаць з сябе. Што Alyona Alyona не зрабіла падчас вайны? І чым яна будзе займацца пасля перамогі Украіны?
АА: Магла б больш хутка напісаць некаторыя песні. Доўга не атрымлівалася, хаця я артыст — павінна была сесці ды зрабіць гэта. Аднак «народзіны» трэкаў ішлі вельмі складана, нават не ведаю, чаму.
Акрамя таго, вялікая колькасць артыстаў адразу адкрыла нейкія рахункі ды распачала дабрачынныя зборы. Можа, і мне трэба было неяк агітаваць, заклікаць данаціць? Але пабаялася з грашыма звязвацца: не разумела, дзе што шукаць, як што афармляць. Таму вырашыла ад гэтага ўстрымацца. Замест таго пайшла працаваць валанцёркай. Праз некаторы час, праўда, знайшла фундацыі, якім давяраю. І зараз, калі хто запытвае адрасы для пераводаў, з упэўненасцю рэкамендую тыя ці іншыя рахункі.
Магла б яшчэ больш хутка паехаць у Еўропу і там праз канцэрты здабываць сродкі на дапамогу Украіне. Але не хацела гэтага рабіць. Прагнула застацца і дапамагаць дома, уласнымі рукамі. Не шкадую пра выбар, хаця разумею, што за кошт выступаў, магчыма, зарабіла б большыя грошы.
Адносна перамогі… Ведаеш, да ўварвання мы з камандаю рабілі экапікнікі: збіралі разам падпісчыкаў, абіралі мясцовасць і ішлі яе прыбіраць. Таму зараз візуалізую велізарную грамаду, якая адгукнецца на мой покліч пасля вайны. Разам з ёю вырушым у пэўны горад ці мястэчка ды возьмемся яго аднаўляць. Можа, тэрыторыя ўжо будзе наноў адбудаваная. Але мы яе ўпрыгожым, размалюем, дадамо яркіх ды вабных фарбаў, каб кожнаму чалавеку на планеце захацелася жыць менавіта тут!
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары