Каля рэдакцыі «Нашай Нівы» ў Вільні

Каля рэдакцыі «Нашай Нівы» ў Вільні

«Наша Ніва» выходзіла ў Вільні з лістапада 1906-га па жнівень 1915 года. Гэта амаль 10 гадоў ва ўмовах Расійскай імперыі апошняга этапу яе існавання, пасля рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. Рэвалюцыйны выбух прынёс адмену многіх ранейшых абмежаванняў у сферы грамадска-палітычнага і культурна-нацыянальнага жыцця ды зрабіў магчымым легальнае выданне газеты на беларускай мове.

Перыяд рэакцыі, які змяніў рэвалюцыйны ўздым, некаторыя ранейшыя дасягненні абмежаваў, але да канца не абнуліў. І, як гэта ні дзіўна, хоць тагачасная «Наша Ніва», бывала, ледзь зводзіла канцы з канцамі матэрыяльна і бясконца падвяргалася нападкам з боку ідэйных апанентаў, непасрэдных рэпрэсій з боку дзяржавы за гэтае амаль дзесяцігоддзе было не так шмат. Самы значны і вядомы выпадак — гэта арышт галоўнага рэдактара газеты Аляксандра Уласава ў 1910 годзе на 2 месяцы.

Прытым ніякіх цёплых пачуццяў расійскія ўлады да «нашаніўцаў», натуральна, не мелі. Яны адназначна ўспрымалі «Нашу Ніву» як выданне сабе варожае. Як адзначалася ў афіцыйнай перапісцы:

«Галоўныя задачы, якія пераследуюцца газетай і названым кнігавыдавецтвам, зводзяцца часткова да стварэння беларускага сепаратызму, часткова да зліцця беларусаў з палякамі, у мэтах адарвання ад Расіі. Для правядзення ж у жыццё гэтых палітыка-нацыяналістычных памкненняў і вырашана даць беларускаму насельніцтву нацыянальную літаратуру, але з заменай рускага шрыфту лацінскім».

Ці не праўда, вельмі падобна на рыторыку, якой сёння трымаюцца расійская і лукашэнкаўская прапаганда?

 У Расійскай імперыі было «да законаў»

Тым не менш, выданне існавала і выходзіла рэгулярна, хоць за ім пільна сачыла цэнзура, якая была ў Расійскай імперыі адным з асноўных сродкаў змагання з ідэйнымі апанентамі. Аднак цэнзары пасля 1905 года таксама былі не ўсясільнымі і мусілі падпарадкоўвацца пэўным правілам ды абмежаванням.

Так, паводле цэнзурных «Часовых правіл», прынятых 26 лістапада 1905 года, была адмененая папярэдняя цэнзура, а забарона любых выданняў была магчымая толькі ў судовым парадку. Камітэты па друку праглядалі выданні адразу пасля іх выхаду і калі лічылі, што газета сваімі публікацыямі парушыла законы, на яе накладаліся санкцыі. Звычайным элементам гэтых санкцый быў арышт ужо выдадзенага накладу нумара. Гэта біла па выданнях у тым ліку і матэрыяльна, бо яны ўжо неслі выдаткі на друк нумара, які ўрэшце мог і не дайсці да чытачоў.

Але пры гэтым існавалі нюансы, якія стрымлівалі ўлады ад таго, каб размахваць гэтым, здавалася б, вельмі зручным інструментам направа і налева. Галоўным з іх было тое, што рашэнне цэнзараў абавязкова мусіла быць праведзенае праз суд.

У гэтым месцы цяперашні беларускі чытач, відаць, толькі з’едліва пасміхнецца. І гэта не дзіўна, бо пры лукашэнкаўскім рэжыме, і не толькі ў апошнія два гады, суды цалкам падкантрольныя выканаўчай уладзе, таму па палітыка-ідэалагічных справах праўды дабіцца ў іх немагчыма ў прынцыпе. Мы ўсе добра ведаем і ні на каліва не сумняваемся, што калі ўжо справа закруцілася і дайшла да суда — то прысуд будзе абвінаваўчым, пытанне толькі ў яго суровасці. Прытым і суровасць прысуду вызначае насамрэч не суддзя, ён фігура толькі фармальная.

Але пераносіць нашу сённяшнюю рэчаіснасць на Расійскую імперыю пачатку ХХ стагоддзя, як ні дзіўна, ніяк не выпадае. Вядома, тагачасную Расію нельга назваць дэмакратычнай краінай нават пасля рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, якая адкрыла многія шлюзы. Аднак жа і ўяўленні пра гэтую дзяржаву як пра жорстка рэпрэсіўную, пры якой ніхто не мог і піскнуць без неадкладных суровых наступстваў, грунтуецца больш на тых не такіх ужо і частых перыядах, калі, сутыкнуўшыся з нейкімі ўнутранымі хваляваннямі, дзяржава ўводзіла надзвычайны рэжым з ваенна-палявымі судамі і ўсім тым, што з гэтым звязана. Таксама ў стварэнні такога вобразу Расійскай імперыі мела немалое значэнне свядомая дэманізацыя тагачасных парадкаў, асабліва папулярная ў савецкі час.

На самай жа справе, усё было, калі казаць пра «мірныя», больш-менш стабільныя часы, не так адназначна.

Хоць Расійская імперыя, вядома, зусім не была дэмакратычнай «краінай для жыцця», у той жа час яна прынамсі на заключным этапе свайго існавання і не была зусім беззаконнай.

Гэта ні ў якім выпадку не значыць, што законы ў ёй былі добрыя і справядлівыя. Якраз наадварот, часта яны былі архаічныя, заблытаныя, супярэчлівыя, беспадстаўна суровыя ці проста дурныя і абсурдныя. І іх парушэнняў, асабліва на нізавым узроўні, хапала таксама, тым больш што большасць насельніцтва юрыдычнай пісьменнасцю зусім не адзначалася і свае правы абараняць не была гатовая ні маральна, ні матэрыяльна. Трэба памятаць таксама пра характэрную для ўсіх часоў усюдыісную расійскую карупцыю ды прадажнасць.

Але пры гэтым законы ў Расійскай імперыі і не былі пустой фармальнасцю. Прынамсі тады, калі чалавек ведаў свае правы і гатовы быў іх адстойваць,

у той сістэме не было паліцэйска-судовага канвеера, пры якім тагачасныя сілавікі маглі нешта прыдумаць з галавы, абы як скласці пратакол, а ў судзе на гэта ніхто б не паглядзеў і проста вынес загадзя напісаны прысуд, нават не спрабуючы ў чымсьці разбірацца і ўдавацца ў дэталі. Зрэшты, калі «кліентамі» судоў былі людзі цёмныя і пакорлівыя лёсу, то магло быць усяляк — нават так, як у сюжэце «Пінскай шляхты». Але

калі грамадзянін цвёрда вырашыў судзіцца ды меў грошы на талковага адваката, то шанцы нечага дабіцца ў судзе ў яго былі далёка не нулявыя.

Існавалі працэдуры, якіх хоцькі-няхоцькі ўсе ўдзельнікі тагачаснага грамадска-палітычнага жыцця мусілі трымацца, былі канкурэнтныя судовыя працэсы, на якіх важнымі фігурамі былі адвакаты. Добрыя адвакаты тады вельмі цаніліся, былі паважанымі фігурамі ў грамадстве і добра зараблялі. Характэрна, што ў тагачаснай прэсе, калі згадвалася прозвішча юрыста, пры ім часта пазначалася яго прафесія, нават калі ў тэксце ішла гаворка пра тэмы, зусім не звязаныя з выкананнем ім прафесійных абавязкаў. Нешта накшталт арыстакратычнага тытула, што сведчыць пра высокі прэстыж прафесіі. Бо гэтыя людзі тады не адбывалі нумар і не былі зусім бяссільнымі: яны маглі рэальна выйграць справу, шытую белымі ніткамі, нават калі ў яе адваротным выніку была зацікаўленая сама дзяржава.

Дзеля таго, ініцыюючы арышт накладу нумара таго ці іншага выдання, наглядныя органы не вырашалі імгненна праблему, але здабывалі сабе лішні клопат. Бо выданне абавязкова звярталася ў суд, пісала скаргі ў розныя інстанцыі, у выніку чаго і

чыноўнікі, што ініцыявалі справу, мусілі рыхтаваць шмат папер, даказваючы правільнасць сваіх дзеянняў, прытым з зусім не гарантаваным вынікам на сваю карысць. Таму яны гэтым асабліва не злоўжывалі, звычайна перад тым, як нешта падобнае зрабіць, думалі, ці варта гэта таго.

І калі рэдакцыя выдання ўключала самацэнзуру ды свядома абыходзіла ў сваіх публікацыях пытанні, абмеркаванне якіх яўна супярэчыла патрабаванням законаў, ці пісала пра гэтыя пытанні максімальна лагодна і абцякальна, то можна было спадзявацца, што хоць на газету і будуць крыва глядзець, але і да брутальнага яе задушэння без дай прычыны справа не дойдзе.

«Возбуждающей к учинению бунтовщического или изменческого деяния»

Як мы памятаем з гісторыі, першая беларуская газета «Наша доля», якую пачалі друкаваць у верасні 1906 года, зразу прыняла вельмі баявіты кірунак, з-за чаго наклады пераважнай большасці яе нумароў (5 з 6) трапілі пад арышт. Урэшце выданне мусіла ўвогуле закрыцца. А вось «Наша Ніва» свядома стала на больш памяркоўныя пазіцыі, і таму рэгулярна выдавалася амаль 10 гадоў. Наклады яе нумароў арыштоўваліся за ўвесь час толькі некалькі разоў, тры з якіх былі ў 1907 годзе. І тое суд з гэтых арыштаў зацвердзіў толькі два — адзін у 1907-м, а другі — у 1915-м.

Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу той дастаткова дзіўны факт, што ў прынцыпе не такое ўжо страшэннае парушэнне, за якое асудзілі Аляксандра Уласава ў лютым 1910 года, было зробленае ў 1907 годзе (канфіскаваны №8 «Нашай Нівы» за 24 лютага), а суд адбыўся толькі праз тры гады. З чым гэта можа быць звязана? Перадусім, відаць, з грувасткай судовай сістэмай Расійскай імперыі, пры якой будзённасцю была вялікая цяганіна. Асобнае следства па справах праводзілі не толькі паліцэйскія органы, але і суды, і гэта не было фармальным. Да таго ж існавала шмат касацыйных органаў, у якія накіроўваліся скаргі на вынесеныя рашэнні, у кожным з іх утвараліся чэргі. Некаторыя органы знаходзіліся ў Пецярбургу, і туды сцякаліся шматлікія справы з усёй імперыі. Хутка пры такой сістэме нічога не рабілася.

З-за гэтага разгляды нават дастаткова простых спраў расцягваліся не на месяцы, а нават на гады. Прыгадаем, напрыклад, іншы вядомы эпізод з нашай нацыянальнай гісторыі: народны паэт Якуб Колас удзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў 1906 годзе, а быў ўзяты пад варту і асуджаны на тры гады астрогу толькі ў 1908-м, то-бок толькі праз два гады. Раней, відаць, у чыноўнікаў проста не даходзілі да разгляду справы рукі. А часам, напрыклад, па заблытаных зямельных і маёмасных пытаннях бясконцыя судовыя спрэчкі маглі весці і некалькі пакаленняў роду, ды так да канца іх і не даводзілі.

Аляксандр Уласаў

Аляксандр Уласаў

Справу Уласава ў 1910 годзе разглядалі па частцы 1 артыкула 132 Крымінальнага ўлажэння, па якім судзіліся «виновные в составлении сочинения или изображения, статьями 128 или 129 указанных, с целью распространения или публичного их выставления, если распространение или публичное выставление оных не последовало». Паколькі №8 «Нашай Нівы» за 1907 год быў арыштаваны адразу пасля выхаду і, адпаведна, да чытачоў не дайшоў, то ён і падпадаў менавіта пад гэты артыкул.

Артыкулы ж 128 і 129, да якіх рабілася адсылка, прадугледжвалі пакаранне за чытанне ці распаўсюджванне твораў або выяваў, «возбуждающих к учинению бунтовщического или изменнического деяния», «к ниспровержению существующего в государстве общественного строя», або якія ўтрымлівалі «порицание установленных Законами Основными образа правления или порядка наследия Престола». За гэтыя грахі тагачасныя законы прадугледжвалі ў якасці максімальнага пакарання зняволенне ў астрозе на тэрмін не больш за тры гады.

Наколькі адпавядаў гэтым фармулёўкам змест таго артыкула, які закідаўся Уласаву? Скажам так, гэта ўсё выглядае вельмі нацягнутым, асабліва з пазіцыі сённяшняга дня. Незадавальненне ўладаў выклікаў размешчаны ў газеце артыкул «Дума і народ» і, як можна пабачыць з матывацыйнай часткі прысуду, Уласаў судзіўся за публікацыю,

«в которой говорится о том, что для народа необходим полновластный народный совет, долженствующий завести в России новые порядки и новые законы, но это сделается не прежде, чем народ заставит сделать это «одною численностью своею»; что Дума только тогда будет сильна, когда поддержит ее народ, а поддержка его будет знаком, что «не успокоилось движение для разрушения старого строя, что опускается на него топор и что в скором времени останется от него только мокрый след»; что Дума потому земли не дала, что народ не успел восстать; что «слишком долго народу придется ожидать от Думы свободы и земли, потому что она одна этого не сделает разве только народ, по указаниям Думы на равных правах и прямыми выборами соберет депутатов для установления в стране всех свобод и передачи народу всей власти», каковая статья заведомо для него, Власова, является возбуждающей к учинению бунтовщического или изменческого деяния и к ниспровержению существующего в государстве общественного строя».

Той самы артыкул «Дума і народ», за які Аляксандр Уласаў заплаціў двума месяцамі зняволення ў астрогу

Той самы артыкул «Дума і народ», за які Аляксандр Уласаў заплаціў двума месяцамі зняволення ў астрогу

Ва ўмовах тагачаснай Расійскай імперыі, відаць, гэта не ўспрымалася зусім бяскрыўдна, калі справа, няглядзячы на цяганіну, прабілася праз усе бар’еры і хоць з вялікім спазненнем, але такі дайшла да суда. Тым больш, што папярэдні разгляд судом 27 чэрвеня 1907 года, які зацвердзіў папярэдні арышт нумара з «крамольным» артыкулам, быў не фармальным. Пра гэта сведчыць перадусім тое, што два другія нумары «Нашай Нівы» (9-ы і 12-ы за 1907 год), якія таксама былі папярэдне арыштаваныя, на тым жа пасяджэнні былі «рэабілітаваныя»: суд падставы для іх арышту прызнаў няслушнымі. Значыць, не проста праштампавалі, а сапраўды разбіраліся і абмяркоўвалі.

Апраўданы на судзе Уласаў не быў, але пакаранне было адносна мяккім: «усяго» 2 месяцы астрогу, хоць паводле гэтага артыкула маглі даць і 3 гады.

Прытым, што для сучаснай Беларусі таксама выглядае неймаверным, было прынятае рашэнне «судовыя па справе выдаткі ўскласці на асуджанага, а пры ягонай няздатнасці — выдаткі гэтыя прыняць на кошт казны». Уласаў, відаць, не быў настолькі незаможным, каб не здолець гэтыя выдаткі аплаціць самастойна, але сам падыход вельмі кантрастуе з той практыкай, якая існуе ў сённяшнім лукашэнкаўскім «правасуддзі»: калі мала таго, што чалавеку абсалютна ні за што даюць драконаўскія турэмныя тэрміны, дык на яго яшчэ накладаюць на высмактаных з пальца падставах аграмадныя штрафы, вешаюць на яго ж усе судовыя выдаткі ды яшчэ і блакуюць спробы дапамагчы ў іх сплаце з боку грамадства. А матэрыяльны стан чалавека пад увагу ўвогуле не бярэцца.

У кожным разе, адсядзеўшы два месяцы (пра суд над галоўным рэдактарам у «Нашай Ніве» чамусьці, дарэчы, увогуле не пісалі — магчыма, не хацелі адпужваць падпісчыкаў), Уласаў працягнуў выконваць абавязкі галоўнага рэдактара. Праўда, гэтая справа адгукнулася рэхам праз 2 гады. У 1912 годзе, калі газета ўзбілася на больш цвёрды грунт і пачала аказваць усё больш уплыву на грамадскае жыццё ў краі, ёй зацікавіліся ў самім Пецярбургу і прадпісалі віленскім чыноўнікам паставіць выданне пад больш строгае назіранне. Уласава ж намерваліся пазбавіць права на рэдактарства акурат на падставе таго, што ён нібыта быў асуджаны па артыкуле, пасля якога ўжо не меў права кіраваць газетай.

Аднак атаку і гэтым разам атрымалася адбіць, бо Уласаву ўдалося даказаць, што чыноўнікі проста пераблыталі артыкулы Крымінальнага ўлажэння: насамрэч, ён судзіўся па тым, які не прадугледжваў забароны на рэдактарства. Што лішні раз падкрэслівае, з аднаго боку, расійскае бязладдзе, але з другога — што законы тады ўсё ж не былі фікцыяй.

«Заведомо ложные сведения о деятельности правительственных учреждений»

Зрэшты, у 1914 годзе Уласаў пакінуў пасаду сам і перадаў рэдактарскія паўнамоцтвы Івану Луцэвічу, больш вядомаму беларускаму грамадству як паэт Янка Купала. І ў тым жа годзе пачалася Першая сусветная вайна, якая для прэсы многае змяніла. Перш за ўсё стала дзейнічаць папярэдняя вайсковая цэнзура, у сувязі з чым газеты сталі рэгулярна выходзіць з белымі плямамі. І «Наша Ніва» тут не была выключэннем.

А на пачатку 1915-га газеце зноў «прыляцела» і па цывільнай лініі. Справа была знешне падобная да колішняй уласаўскай. Віленскі часовы камітэт па справах друку, атрымаўшы №2 «Нашай Нівы» за 1915 год, угледзеў у змешчаным у ім пад псеўданімам А. Язмен артыкуле «Думкі» крамольны змест і прыняў рашэнне арыштаваць наклад нумара. 3 лютага арышт зацвердзіў і суд, а супраць Янкі Купалы была ініцыяваная крымінальная справа.

Купалу прапаноўвалася судзіць паводле п. 3 п. арт. 10344 Улажэння аб пакараннях за «распространение посредством печати заведомо ложных о деятельности правительственного установления или должностного лица, войска или воинской части сведений, возбуждающих в населении враждебное к ним отношение». Па гэтым артыкуле яму магло пагражаць зняволенне ў турме на тэрмін ад 2 да 8 месяцаў, арышт на 3 месяцы ці штраф, не большы за 300 рублёў.

Сутнасць абвінавачвання чымсьці падобная на пашыранае ўжо ў сённяшняй Расіі абвінавачанне ў «фэйках». Як дакладвалі на паседжанні Віленскага часовага камітэта па справах друку:

«В статье высказывается мысль, что низшие классы в России находятся в совершенно бесправном беспомощном положении и не могут ожидать справедливого и заботливого к себе отношения от правительственной власти.

Так, раненые на войне солдаты, несмотря даже на полную потерю трудоспособности /без ног и без рук/, вряд ли могут по мнению автора статьи рассчитывать на получение «пособия», т. к. для этого необходимы особые хлопоты. Так, дескать, было и после японской войны. Кто поумнее, тот выхлопотал себе пособие, а «многие калеки остались без гроша и пропадают как собаки в сырых и холодных углах».

Затем, и в отношении крестьян, говорит автор, у нас вообще нет справедливости. Если крестьянин окончит даже высшее учебное заведение, то и такому трудно получить хорошее место, тогда как сын чиновника или офицера, хотя бы и недоучка, место получит.

Наконец и в отношении налогов у нас такое же отсутствие справедливости. Ни чиновник, ни офицер никаких налогов не платит. Вообще в России полная противоположность заграничным порядкам: состоятельные классы никаких налогов не несут.

В заключение автор говорит: если бы у нас были такие порядки, как за границей, не пропадали бы мы так.

Таким образом в означенной статье сообщаются заведомо ложные сведения о деятельности правительственных учреждений, возбуждающие враждебное к ним отношение крестьянских масс и нижних воинских чинов».

Артыкул «Думкі», за які здабыў праблемы Янка Купала 

Артыкул «Думкі», за які здабыў праблемы Янка Купала 

Чым скончылася гэтая справа — дакладна не вядома. Хутчэй за ўсё, нічым. Беручы пад увагу няспешнасць расійскай судовай сістэмы, яна наўрад ці магла справіцца з разглядам справы да восені 1915 года, калі ў Вільню прыйшла ўжо новая ўлада — нямецкая. «Наша Ніва» ў сувязі з гэтым вымушана спыніла існаванне, многія яе супрацоўнікі, у тым ліку і галоўны рэдактар, выехалі з Вільні на ўсход. А Расійскай імперыі заставалася існаваць усяго толькі паўтара года.

Клас
66
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
9