Навуковец з Гомеля выкрыў маштабную фальсіфікацыю вынікаў перапісу ў Беларусі. Але ёсць нюанс
Да крамольных высноў прыхільніка «рускага свету» прывёў пошук доказаў прыгнёту рускамоўных у краіне.

Аляксандр Сакалоў, які скончыў ГДУ імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці «экалогія», з 2008 года выкладае на кафедры экалогіі альма-матар.
Сярод яго навуковых інтарэсаў экалагічнае картаграфаванне, геаінфармацыйныя тэхналогіі, дэмаграфія, сацыялінгвістыка, паліталогія і нават тэрор у час паўстання 1863—1864 гадоў — па кожнай з гэтых тэм Сакалоў публікаваў свае навуковыя артыкулы.
Моўнай сітуацыі і дэмаграфіі нацыянальных груп у Беларусі гомельскі эколаг прысвяціў нямала артыкулаў за апошнія гады. Асабліва плённымі аказаліся яго даследаванні, заснаваныя на перапісе насельніцтва, праведзеным у Беларусі ў 2019 годзе.
Ад «супярэчлівых вынікаў» да «фальсіфікацый»
Упершыню пра тое, што «некаторыя вынікі перапісу кардынальна супярэчаць іншым аб’ектыўным даным і вынікам даследаванняў» навуковец заявіў у сваім артыкуле «Моўная сітуацыя ў Беларусі і тэндэнцыі яе развіцця», апублікаваным у 2021 годзе ў навуковым зборніку БДУ.
Сакалоў палічыў парадаксальным тое, што паводле перапісу 2009 года доля насельніцтва Мінска, якая назвала беларускую мову мовай побытавых зносін, была найменшай сярод гарадскога насельніцтва ў Беларусі — усяго 5,8%, а паводле перапісу 2019 года гэтая доля стала самай вялікай — ужо 34,1%. Акрамя Мінска, больш чым на 10% гэта доля вырасла ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.


«Якія-небудзь аб'ектыўныя перадумовы і даныя, якія пацвярджаюць такое значнае павелічэнне долі тых, хто выкарыстоўвае беларускую мову ў якасці мовы дамашніх зносін, адсутнічаюць».
Як доказ «незапатрабаванасці» беларускай мовы ён прыводзіць даныя аб скарачэнні колькасці школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску (насамрэч цалкам залежыць ад палітыкі ўладаў, а не ад жадання насельніцтва) і сацапытанні. На яго думку, рэспандэнты называлі ў час перапісу беларускую мову дамашняй, бо не было варыянта «трасянка».
Скажэнне вынікаў перапісаў сярод гарадскога насельніцтва Сакалоў прыпісаў моладзі, якая мае большую палітызацыю, апазіцыйнасць, у якой рамантызм пераважае над прагматызмам, а таму высокі поспех маюць «інфармацыйна-агітацыйныя кампаніі па «абароне беларускай мовы» сярод гэтай аўдыторыі».


Пакуль вінаваты народ, але пасля навуковец зойдзе далей. У сваіх публікацыях у расійскіх навуковых зборніках, звычайна выдадзеных Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам, Сакалоў менш стрымлівае сябе ў фармулёўках і паслядоўна выкарыстоўвае слова «Белоруссия» замест «Беларусь».
Артыкул «Статыстычны аналіз вынікаў перапісу насельніцтва 2019 года ў Брэсцкай вобласці Беларусі па моўных пытаннях» пачынаецца ўводзінамі, дзе наўпрост гаворыцца пра «канструяванне гістарычнай суб'ектнасці Беларусі, якой ніколі не існавала, з мэтай легітымізацыі сучаснай беларускай незалежнасці». Як кажуць, далей можна і не чытаць.
Сакалоў выявіў, што вынікі перапісу па пытанні роднай мовы ў Брэсцкай вобласці кардынальна адрозніваюцца як ад даных па іншых абласцях, так і ад вынікаў папярэдняга перапісу 2009 года. Тут у 94% раёнаў скарацілася доля насельніцтва, якое называла рускую родную, у той час як па Беларусі ў цэлым такое назіралася толькі ў 11% раёнаў.
Тут ужо ў высновах Сакалоў вінаваціць у скажэннях «адміністрацыйны фактар», то-бок улады, але не адказвае на пытанне, навошта яны гэта робяць.
У 2022 годзе выйшла вялікае даследаванне Сакалова «Ацэнка дакладнасці вынікаў перапісу насельніцтва 2019 года ў Беларусі на аснове аналізу змяненняў у этналінгвістычным складзе насельніцтва», апублікаванае расійскай Вышэйшай школай эканомікі.

Гомельскі навуковец заўважыў, што колькасць рускіх у Брэсцкай вобласці, якія назвалі беларускую мову дамашняй, узрасла за дзесяць гадоў на 573%, а ў Віцебскай вобласці, напрыклад, скарацілася на 61%.
Прыкметна вырасла і колькасць палякаў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях. На Гомельшчыне польскага насельніцтва, маладзейшага за працаздольны ўзрост, аказалася на 510,5% больш, чым па пярэднім перапісе, пры тым што ў памежнай Гродзенскай вобласці, дзе пражывае большасць беларускіх палякаў, наадварот, назіраецца змяншэнне. Пры гэтым ніякай міграцыі з Польшчы ці Гродзеншчыны на Гомельшчыну не зафіксавана.

Вырасла і колькасць літоўцаў у Віцебскай і Гомельскай абласцях. Пры гэтым ніякай міграцыі з Літвы таксама не зафіксавана.
Як і міграцыі яўрэяў у Беларусі. Але ў Мінскай вобласці колькасць маладых яўрэяў раптам вырасла ў дзесяць разоў, а доля іўрыта як роднай мовы ў Брэсцкай вобласці павялічылася ў 13 разоў. У 12 з 16 раёнаў вобласці зафіксавана валоданне іўрытам як роднай мовай сярод сельскага насельніцтва, хоць у 2009 годзе на ўсю Беларусі гэтым маглі пахваліцца толькі два раёны.


Вельмі значна павялічылася доля ўкраінцаў з роднай украінскай мовай у Магілёўскай вобласці (+40,1%), што забяспечыла захаванне сярод усяго ўкраінскага насельніцтва Беларусі гэтага паказчыка амаль на ранейшым узроўні.
Заходзячы з гэтага Сакалоў прыйшоў да высновы, што колькасць насельніцтва Беларусі была штучна завышана, а долю беларускай мовы як роднай і дамашняй павялічвалі за кошт нацыянальных меншасцяў. Перапіс 2019 года, такім чынам, «з'яўляецца вынікам скажэнняў, накіраваных на атрыманне палітычна жаданага выніку».

У 2023 годзе Сакалоў зусім асмялеў і вынес слова «фальсіфікацыя» наўпрост у загаловак свайго новага артыкула, які, натуральна, ён змог апублікаваць толькі ў Маскве.
У артыкуле «Да вызначэння колькасных паказчыкаў фальсіфікацыі вынікаў перапісу насельніцтва Беларусі 2019 года» ён заяўляе, што беларускія ўлады ставілі за мэту не дапусціць, каб беларуская мова аказалася роднай мовай для меншасці насельніцтва.
Пры тым, каб не дапусціць зніжэння і долі рускай мовы, тыя ж маніпуляцыі з анамальным прыростам насельніцтва, што зрабілі з беларускай мовай у Брэсцкай вобласці, як лічыць Сакалоў, правялі з рускай у Віцебскай.
Спецыяліст шырокага профілю
Як мы ўжо адзначалі, дэмаграфія і сацыялінгвістыка не адзіныя галіны навукі, у якіх адзначыўся эколаг Сакалоў. У 2022 годзе ён выступаў на канферэнцыі з дакладам на тэму «Фарміраванне ўяўленняў пра каляровыя рэвалюцыі як тэхналогію кіраваных дзяржаўных пераваротаў», у якім выкрываў прыёмы заходніх прапагандыстаў, праз год — з дакладам «Палітыка двайных стандартаў і яе выкарыстанне ў інфармацыйнай вайне супраць Беларусі».

На расійскіх канферэнцыях ён таксама выступае з прарасійскім поглядам на вызвольнае паўстанне 1863—1864 гадоў. У артыкуле «Польская прапагандысцкая публіцыстыка на тэрыторыі Беларусі ў 1860-я гады» Сакалоў даводзіць, што гэтая публіцыстыка, у прыватнасці, «Мужыцкая праўда», разглядала беларусаў як неад'емную частку польскага грамадства ў будучай адзінай польскай дзяржаве і не прызнавала за імі якіх-небудзь асобных нацыянальных правоў.
Ці можна верыць?
Чаму Аляксандр Сакалоў так актыўна займаецца даследаваннямі ў сферах, якія не з’яўляюцца яго прафесійнай спецыялізацыяй, — моўнай сітуацыі і дэмаграфіі нацыянальных груп? Адказ на гэтае пытанне даволі відавочны. Як і ў іншых прарасійскіх дзеячаў у Беларусі, яго галоўная мэта — знішчэнне беларускай адметнасці, а найлепшым сродкам для гэтага з’яўляецца атака на беларускую мову. Калі беларуская мова перастане існаваць як жывая, натуральная з’ява, то і беларусаў будзе прасцей зліць з расіянамі ў адзін народ.

Аднак статыстыка — гэта не ідэалогія, і лічбы не так проста аспрэчыць, у адрозненне ад іх інтэрпрэтацыі. Факт застаецца фактам: у выніках перапісу выразна праглядаюцца анамаліі.
Агулам жа лукашэнкаўцы вырашылі паказаць невялікі, але рост долі беларускай мовы як роднай і дамашняй. Паводле перапісу насельніцтва 2009 года, 53,2% жыхароў Беларусі назвалі беларускую мову роднай, але толькі 23% выкарыстоўвалі яе ў паўсядзённым жыцці, а ў 2019 годзе 54,1% і 26% адпаведна.
Але зрабіць гэта давялося так, каб не паказаць скарачэнне ўжывання рускай мовы — гэта б падліла алеі ў агонь тых прарасійскіх сіл, якія крычаць пра прыцясненне рускай мовы ў Беларусі і ўяўную «прымусовую беларусізацыю».
Седзячы адразу на двух гэтых крэслах, беларускі рэжым прыняў Саламонава рашэнне — доля абедзвюх моваў як дамашніх нязначна падрасла. У 2009 годзе 70,2% выкарыстоўвалі рускую мову ў паўсядзённым жыцці, а ў 2019 годзе ўжо 71,4%. Але як родная руская трохі здала — з 42,9% да 41,5%.
Тым не менш за гады, што мінулі з апошняга перапісу, для падтрымкі беларускай мовы ў Беларусі не зроблена нічога. Навошта — па лічбах жа ўсё выдатна, ёсць рост! Аднак рэальнасць кажа іншае: сёння ў краіне ёсць раёны, дзе па-беларуску навучаецца толькі 1,44% школьнікаў, працягваецца знішчэнне беларускамоўных праектаў, закрываюцца незалежныя выдавецтвы і медыя, а актывістаў пераследуюць за любую спробу культурніцкай дзейнасці.
Фальсіфікацыя вынікаў перапісу насельніцтва 2019 года з'яўляецца натуральным працягам палітыкі русіфікацыі, калі рэальная моўная сітуацыя маскіруецца за статыстычнымі данымі, якія ствараюць ілюзію стабільнасці і дабрабыту.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары