Тэнісіст Роджэр Федэрэр, 20-разовы чэмпіён турніраў «Вялікага шлема», абвясціў аб завяршэнні кар'еры. Апошнім турнірам для 41-гадовага швейцарца стане выставачны Кубак Лэйвера, які пройдзе на наступным тыдні ў Лондане.
Федэрэр — самы тытулаваны чэмпіён «Уімблдона» (8 перамог) і US Open (5 перамог). Усяго ж на рахунку спартсмена 103 тытулы, больш (109) у гісторыі мужчынскага тэніса было толькі ў амерыканца Джымі Конарса.
Федэрэр быў першай ракеткай свету 310 тыдняў. Да сакавіка 2021-га гэты вынік быў найлепшым у гісторыі, пакуль яго не перасягнуў серб Новак Джокавіч. Федэрэру, аднак, па-ранейшаму належыць рэкорд па бесперапынным знаходжанні на першым месцы — 237 тыдняў запар.
Акрамя таго, у актыве Федэрэра ёсць перамога ў Кубку Дэвіса і залаты медаль Алімпіяды-2008 у Пекіне ў пары.
Каментары