«Кумулятыўна мацней за санкцыі». Застрашанае рэпрэсіямі, з Беларусі ўцякае эканамічна актыўнае насельніцтва
Колькасць людзей, якія пакінулі Беларусь пасля жніўня 2020-га па палітычных прычынах, па розных ацэнках складае ад 50 да 150 тысяч чалавек. Пераважна гэта эканамічна актыўныя людзі з даходамі вышэйшымі за сярэднія. «Наша Ніва» даведалася, як эміграцыя апошніх двух гадоў адбілася на беларускай эканоміцы.
Святлана Алексіевіч была табу для дзяржаўных СМІ Беларусі ад моманту атрымання ёю Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 2015 годзе. Тым не менш, яна заставалася жыць у Беларусі. Да 2020 года, калі супраць Каардынацыйнай рады — рада была асцярожнай спробай аб’яднаць праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі пад адным парасонам, і Алексіевіч падтрымала яе сваім маральным аўтарытэтам, — была заведзеная крымінальная справа. Дзясяткі членаў Каардынацыйнай рады апынуліся ў турмах, Алексіевіч улады дазволілі выехаць.
Мала хто задумваўся пра іншы бок справы: Алексіевіч, якую перакладалі на дзясяткі моў і прадаюць вялізнымі накладамі, сярод іншага, у Кітаі і Нямеччыне, плаціла ў беларускі бюджэт столькі ж падаткаў, колькі ўсе астатнія беларускія пісьменнікі разам узятыя. Цяпер яна плаціць іх у краіне свайго знаходжання.
Гэта тыповы выпадак. У эміграцыі апынуўся цвет беларускага ІТ-сектара, многія прадстаўнікі навукі, журналістыкі, бізнэсу. І нават медыцыны.
Падлічыць агульную колькасць эмігрантаў — ці рэлакантаў, як многія з іх працягваюць сябе называць у спадзяванні на хуткае вяртанне — няпроста. Вядома, што ў 2020 годзе дазволы на жыхарства краінах ЕС атрымалі 63,5 тысячы беларусаў, у 2021-м — 149 тысяч. Не ўсе з іх выехалі, ратуючыся ад рэпрэсій. Але значная частка — калі не большасць, і менавіта з гэтым звязаны такі рост гэтай лічбы.
Узяць Літву: за апошнія 5 гадоў колькасць замежнікаў у гэтай краіне падвоілася з 46—49 тысяч чалавек да больш чым 100 тысяч, і сярод гэтых новых замежнікаў больш за ўсё беларусаў.
Прыезд высокакваліфікаваных спецыялістаў і дысцыплінаваных працоўных настолькі выгадны для эканомікі, што многія краіны, найперш Польшча, спрасцілі працэдуры, і актыўна выдаюць гуманітарныя візы.
Паток беларусаў скіраваўся нават у бок раней непапулярных Казахстана і Грузіі.
Па неафіцыйных ацэнках, яшчэ да пачатку вайны ва Украіне ў Грузію перабраліся некалькі тысяч беларусаў. За першыя тры тыдні пасля пачатку нападу нашых суайчыннікаў у Грузіі паболела яшчэ на 16 тысяч — многія з іх бралі білеты ў адзін бок.
Ёсць і іншыя краіны, куды пераязджалі беларусы.
«Гэта шкода, якая застанецца назаўсёды»
Дзясяткі і сотні тысяч палітычных мігрантаў — значная страта для краіны і яе эканомікі. Акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова адзначае, што ў Беларусі засталося крыху больш чым 4 мільёны працаздольнага насельніцтва, занятага ў эканоміцы. Большасць палітычных эмігрантаў — якраз прадстаўнікі працаздольнага насельніцтва, таму
можна казаць пра тое, што з краіны з’ехала 1-3% занятага насельніцтва, і гэта ўжо даволі значныя лічбы.
Экспертка звяртае ўвагу на тое, што беларускае насельніцтва старэе, у краіне ўсё больш людзей пажылога ўзросту, на змену якім прыходзіць усё менш маладых, і нараджальнасць працягвае зніжацца. Ад'езд людзей дзетароднага і працаздольнага ўзросту будзе мець уздзеянне і на дэмаграфію.
Кацярына тлумачыць, што наступствы міграцыі краіна асабліва адчуе пасля праходжання піку крызісу: «Цяпер ад’езд часткі людзей здымае напружанасць на працоўным рынку, якая існавала б праз наяўнасць санкцый і дрэннае становішча ў эканоміцы. Але ў доўгатэрміновым плане яна будзе даволі моцна ўплываць як на рост ВУП, бо не будзе каму вырабляць гэты ВУП, так і на пенсійную сістэму, бо актыўна з’язджаюць людзі, з узносаў якіх плаціліся пенсіі».
Эканамістка падкрэслівае, што толькі з лютага за мяжу выехала не менш за 12 тысяч айцішнікаў, бо па афіцыйных даных на гэтую лічбу скарацілася з лютага занятасць на буйных і сярэдніх айці-прадпрыемствах, пры тым што ўся занятасць у гэтай галіне складае каля 100 тысяч чалавек. Такое скарачэнне — вельмі балючы ўдар па галіне, праз які яна губляе сваю ролю драйвера эканамічнага росту.
Існуюць, расказвае экспертка, вельмі грубыя метады падліку таго, як эміграцыя ўплывае на ВУП. Згодна з імі,
калі краіну пакідае 1% эканамічна актыўнага насельніцтва, ВУП падае прыкладна на 0,6%, але ж трэба ўлічваць і характарыстыкі людзей, якія з’язджаюць. Напрыклад, тыя ж айцішнікі прыносілі шмат ВУП, таму важнасць іх страты для краіны большая.
Эканамістка папярэджвае: «Гэта шкода, якая застанецца назаўсёды, тое, што пакідае эфект на ВУП на шмат гадоў наперад, тым больш што не ўсе, хто з’ехаў, вярнуцца. У выніку мы будзем губляць гэтую долю ВУП кожны год, і з цягам часу гэта назапашваецца».
Зараз, тлумачыць экспертка, эфект эміграцыі не надта заўважны праз санкцыі, але можна паглядзець на айці-сектар: калі раней ён даваў рост ВУП, то цяпер праз эміграцыю яго ўнёсак у ВУП хутчэй за ўсё будзе адмоўны. Да санкцый краіна адаптуецца і яе эканоміка працягне расці, у той час як наступствы эміграцыі працягнуць уплываць на краіну пастаянна.
«Адток кадраў кумулятыўна ўдарыць па эканоміцы мацней за санкцыі, — напісаў у адказ на пытанне «Нашай Нівы» супрацоўнік Міністэрства эканомікі. — Санкцыі можна будзе адкруціць, а большасць тых, хто выехаў, ніколі не вернецца. Нават калі апазіцыя вернецца, доктар ці інжынер, які аднойчы прыняў рашэнне выехаць, ужо прыжывецца ў новай краіне і не вернецца».
Чаму паток эміграцыі такі моцны, ці ёсць разуменне прычын гэтага ва ўрадзе?
«Генетычная памяць пра рэпрэсіі прачнулася. Людзі баяцца і ўцякаюць, імкненне спакойна жыць і гадаваць дзяцей пераважвае патрыятызм і нават эканамічныя матывацыі», — кажа чыноўнік.
«Але ўрад тут нічога не можа зрабіць, — дадае ён. — Сілавікі арыштоўваюць, паказваюць арышты, нагнятаюць, прафілактуюць, што можа зрабіць эканамічнае крыло? Гэта палітычная ўстаноўка».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары