Грамадства55

Закрылі Чырвоны касцёл, прыбралі барэльеф Каліноўскага і прыраўнялі «Жыве Беларусь» да нацызму. Чым займаліся беларускія ўлады ў год гістарычнай памяці

Заканчваецца 2022 год, які быў абвешчаны ў Беларусі годам гістарычнай памяці. За гэты час беларускія ўлады зрабілі шмат: знеслі пару будынкаў, прыбралі барэльефы Геніюш і Каліноўскага, забаранілі кнігі па гісторыі Беларусі і ўнеслі фразу «Жыве Беларусь» у спіс нацысцкай сімволікі. Яшчэ былі сустрэчы, лекцыі і помнік Аляксандру Неўскаму. «Медыязона» падводзіць вынікі, як прайшоў год, што было знішчана, што з’явілася.

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / «Медыязона»

Прыраўнялі «Жыве Беларусь» да нацысцкага вітання

Фразу ўнеслі ў пералік нацысцкай сімволікі, які абнавілі сёлета і павялічылі ў пяць разоў. «Жыве Беларусь» прыраўнялі да вітання Гітлера: у тэксце пастановы сказана, што вокліч «Жыве Беларусь» выконваецца разам з падняццем правай рукі з выпрастанай далонню.

Упершыню фраза прагучала ў вершы Янкі Купалы, напісаным у 1905—1907 гадах:

«А вот як не любіць гэта поле, і бор,

І зялёны садок, і крыклівую гусь!..

А што часам тут страшна заенча віхор, —

Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!»

Прызналі кнігі па гісторыі Беларусі экстрэмісцкімі

У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў у год гістарычнай памяці апынуліся адразу некалькі кніг па беларускай гісторыі. Сярод іх — кніга геральдыста Віктара Ляхара «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета», прысвечаная ваеннай сімволіцы ў Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды.

Экстрэмісцкай таксама стала кніга «Айчына: Маляўнiчая гісторыя» Уладзіміра Арлова — выданне па гісторыі Беларусі для дзяцей і падлеткаў. Яшчэ ў спіс трапіла кніга пісьменніка Анатоля Тараса «Беларусь на распутье».

Замыкаюць спіс папаўненняў ў экстрэмісцкіх матэрыялах антыўтопія Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» і «Беларуская нацыянальная ідэя» аўтарства Змітра Лукашука і Максіма Гарунова.

Вымусілі незалежныя выдавецтвы спыніць працу

У кнігарню «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч» у дзень адкрыцця прыйшлі прапагандысты Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак, пасля чаго ў краме адбыўся ператрус. Некаторыя кнігі канфіскавалі, а выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы і аўтарку падкаста «Белліт» Насту Карнацкую затрымалі. Яны адбылі некалькі адміністрацыйных арыштаў, пасля чаго Андрэй Янушкевіч з’ехаў з Беларусі.

Акрамя таго, зачынілася незалежнае беларускае выдавецтва «Галіяфы» — яго дзейнасць спыніў Мінінфарм. «Галіяфы» былі заснаваныя ў 2007 годзе паэтам і мастаком Змітром Вішнёвым і пісьменнікам Міхаілам Башурам.

Таксама ў год гістарычнай памяці пачаўся працэс ліквідацыі выдавецтва «Лімарыус», заснаванага ў 1996 годзе палітолагам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам. Фядуту асудзілі да 10 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў змове з мэтай захопу ўлады.

Пералічаныя выдавецтвы друкавалі кнігі беларускіх класікаў і сучасных аўтараў, гістарычную, мастацкую і навуковую літаратуру.

Прыбралі барэльефы Геніюш, Каліноўскаму і іншым беларускім дзеячам

З ініцыятывы праўладнай і прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай у музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах прыбралі памятныя дошкі і бюсты беларускіх паэтак і пісьменніц Ларысы Геніюш і Наталлі Арсенневай, заснавальнікаў «Нашай Нівы» братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага і дзеячаў БНР.

Акрамя партрэтаў, з фасада музея прыбралі шыльду з цытатай Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі».

Пра «зачыстку» Бондарава напісала ў сваім тэлеграм-канале: «Мы ж дзякуем сябрам ваенна-гістарычнага таварыства, падпалкоўніку КДБ у адстаўцы Емяльяну Мікалаевічу Ляпешку, Аляксандру Стэфанавічу Плавінскаму, а таксама неабыякавым жыхарам Старых Дарог і чыноўнікам, якія па сціпласці сваёй пажадалі застацца не названымі, за актыўную грамадзянскую пазіцыю і непрымірэнчую барацьбу з неанацызмам».

Закрылі доступ у Чырвоны касцёл, маліцца там цяпер нельга

У пачатку кастрычніка КУП «Мінская спадчына» скасавала дамову бязвыплатнага карыстання з суполкай Рымска-каталіцкай парафіі Святога Сымона і святой Алены.

Вернікаў абавязалі цягам некалькіх дзён забраць з храма сваю маёмасць. Доступ у касцёл зачынілі з-за пажару напярэдадні, які адбыўся, паводле версіі МНС, праз узгаранне праводкі. Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» са спасылкай на ўласныя крыніцы пісаў, што пасля пажару ў будынку былі выбітыя дзве шыбы, а акрамя следчых да касцёла прыязджалі супрацоўнікі АМАП, якія перакрылі падыходы да плошчы нават супрацоўнікам МНС. Таксама, паводле інфармацыі канала, з храма пасля пажару канфіскавалі камп’ютары і сістэму відэаназірання.

Мінгарвыканкам забараніў вернікам маліцца ў крытай галерэі храма, ва ўнутраным дворыку і нават ля самога будынка касцёла (на думку ўладаў, малітва ля будынка касцёла — гэта ўжо масавае мерапрыемства).

Разбурылі пахаванні салдат польскай Арміі Краёвай

У Гродзенскай вобласці за некалькі месяцаў знішчылі пахаванні салдат польскай Арміі Краёвай. Пра такія выпадкі вядома ў Ёдкавічах, Багданах, Бабровічах, Іўі, Дындылішках, Ашмянах і Мікулішках. Недзе магілы зраўнялі з зямлёй будаўнічай тэхнікай, у Ёдкавічах магільныя пліты былі выкрадзеныя, а парэшткі пахаваных жаўнераў дасталі з-пад зямлі.

Знішчэнне пахаванняў суправаджалася падтрымкай і ўхваленнем прапагандыстаў. Праўладны палітолаг Пётр Пятроўскі, напрыклад, прапанаваў лічыць Армію Краёву экстрэмісцкай арганізацыяй.

Гісторык, запрошаны лектар Еўрапейскага ўніверсітэта Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры Аляксей Братачкін тлумачыў «Медыязоне», чаму разважаць такім чынам няправільна.

«Стаўленне [да Арміі Краёвай] фарміруецца зыходзячы з таго, што рабілі яе прадстаўнікі ў дачыненні да мірнага насельніцтва, да нацыстаў, да пытання пра межы Беларусі, да савецкага ўплыву і гэтак далей […] Армія Краёва ваявала і з нацыстамі, і — у залежнасці ад палітычнай сітуацыі — з Саветамі. У гэтым часта была трагедыя. Гісторык Яўген Мірановіч апісваў сітуацыю ў Заходняй Беларусі ў перыяд Другой сусветнай вайны як «вайну ўсіх супраць усіх». Уявім у гэтай сітуацыі мірнае насельніцтва, яго лёс», — разважае гісторык.

Знішчылі некалькі старадаўніх будынкаў і брукаванку

Будынак вінзавода ў Бабруйску, узведзены ў канцы XIX стагоддзя, быў гарадской славутасцю. Ён не атрымаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, хоць жыхары горада некалькі разоў звярталіся з такой просьбай да мясцовых уладаў і ў Міністэрства культуры. У выніку будынак прызналі аварыйным і ўзарвалі.

Падобным чынам развіваліся падзеі і вакол старадаўняй сінагогі ў Мсціславе. Будынак быў узведзены ў пачатку XX стагоддзя, служыў мясцовай славутасцю і нагадваў пра габрэйскую спадчыну рэгіёна. Сінагогу прадалі за адну базавую велічыню, а потым знеслі — у год гістарычнай памяці.

Пад Стоўбцамі знішчылі ўчастак дарогі з брукам. На гэта звярнуў увагу мясцовы жыхар Валерый Дранчук, які раней дамогся надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці адрэзку з брукаванкай, але ў іншым месцы.

Затрымалі супрацоўнікаў арганізацыі, якая аднаўляла сядзібу

Кіраўніцтва арганізацыі «Маёнтак Падароск» — Юрыя Меляшкевіча і дырэктара Дзмітрыя Карабача — затрымалі па крымінальнай справе. Іх абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў і страхавых узносаў з зарплаты работнікаў на амаль 400 тысяч рублёў. Арганізацыя займалася аднаўленнем сядзібы Чачотаў-Бохвіцаў у аграгарадку Падароск Ваўкавыскага раёна.

У арганізацыі абвінавачванні не прызналі і назвалі «поўнай хлуснёй». Юрый Меляшкевіч быў таксама намеснікам старшыні аб’яднання «БНФ «Адраджэнне»» і актывістам ініцыятывы «За Свабоду». Абедзве гэтыя арганізацыі зараз ліквідаваныя.

Правялі лекцыі і выбралі найлепшага паштальёна

У год гістарычнай памяці беларускія ўлады правялі цэлы комплекс мерапрыемстваў для таго, каб гэтую памяць захаваць. На сайце «Белта», напрыклад, больш за тысячу матэрыялаў па тэме «Год гістарычнай памяці». Большая частка з іх прысвечана перыяду пасля 1941 года.

Улады абнаўлялі метадычныя дапаможнікі для школьнікаў, праводзілі лекцыі і сустрэчы, адкрывалі помнікі і мемарыяльныя дошкі героям Вялікай Айчыннай вайны.

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў аб’ектаў паштовай сувязі таксама прысвяцілі году гістарычнай памяці. У верасні «Белта» пісала пра Ганну Пабедную — дзяўчына стала найлепшым паштальёнам Беларусі.

У Пінску да года гістарычнай памяці прымеркавалі лёгкаатлетычны забег па старым горадзе, а ў Мінску — велапрабег. Яго адначасова прысвяцілі і Году гістарычнай памяці, і Дню без аўтамабіля.

У Віцебску «цяжкія» падлеткі бегалі і збіралі аўтамат Калашнікава на хуткасць таксама з нагоды Года гістарычнай памяці.

Дазволілі адкрыць помнік чалавеку, які не мае дачынення да Беларусі

У Мінску насупраць амбасады Расіі ўсталююць помнік князю Аляксандру Неўскаму. Пасол РФ у Беларусі Барыс Грызлоў заявіў, што ад РФ у праекце будзе браць удзел Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства, а таксама дыпламаты. Помнік абяцаюць адкрыць у лістападзе наступнага года. Дарэчы, помнік Аляксандру Неўскаму ўжо ёсць у Беларусі, ён усталяваны ў Віцебску.

Выпусцілі кнігу пра генацыд

Салідную частку парадку дня дзяржмедыяў сёлета займала тэма генацыду беларускага народа. Генпракурор Беларусі Швед выпусціў па тэме кнігу, у школах увялі факультатыў па ёй, а па краіне прайшлі прэзентацыі.

У кнізе праводзяцца паралелі паміж пратэстамі ў Беларусі і дзеяннямі нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны. На вокладцы размешчаныя два здымкі — фота з вайны побач з фотаздымкам пратэстаў 2020 года. Другое фота належыць выданню «Наша Ніва», і, акрамя парушэння аўтарскіх правоў, гэта яшчэ і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, з пункту гледжання беларускага заканадаўства.

Каментары5

  • Алек. Ру
    03.12.2022
    Поу́нае невуцтва і манкуртства. Бедная Беларусь!!!
  • Грышка
    04.12.2022
    Чым займаліся беларускія ўлады ў год гістарычнай памяці? Катавалі, гвалтавалі, саджалі ў турмы, забівалі нявінаватых беларусаў. Паклёпнічалі на мёртвых беларусаў. Парушалі беларускія законы й правы чалавека беларусаў. Атакавалі беларускую мову, гісторыю, культуру, рэлігію, спадчыну й адукацыю. Губілі беларускую эканоміку. Ненавідзелі Беларусь і беларускі народ. Не забудзьма!
  • Грышка
    04.12.2022
    Сергей, Цывілізаваныя людзі не руйнуюць магілы памерлых. Толькі бязбожныя, нялюдзкія людзі руйнуюць магілы памерлых. Няхай памерлыя спачываюць з мірам і няхай Бог іх судзіць. 

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто

Усе навіны →
Усе навіны

У Клімавічах адкрылі 500-кілаграмовую бляшанку тушонкі. Яе аддадуць сілавікам ВІДЭА10

Беларуска Элеанора Качалаўская не трапіла ў топ-30 на конкурсе «Міс Сусвет»6

Расія нанесла масіраваны ўдар па Украіне — ракетамі і беспілотнікамі. Ёсць загінулыя4

Як беларусы хочуць пакараць тых, хто чыніць рэпрэсіі? Вось што паказала апытанне пацярпелых21

Бэтмабіль шукае свайго бэтмена. Лімітаваную серыю легендарных супермашын выставілі на продаж

Новая небяспечная тактыка Расіі: разам са смяротнымі дронамі яна адначасова запускае беспілотнікі-прынады5

У Мінску адкрыўся антуражны рэстаран. Выклікаць афіцыянтаў там трэба асаблівым спосабам2

Лёва Бі-2: З мяне жартавалі, што маім дзедам з'яўляецца Аркадзь Куляшоў7

«Адгадай краіну». Найлепшыя твіты тыдня2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто

Галоўнае
Усе навіны →