Банк Англіі паказаў публіцы банкноты з партрэтам новага манарха, караля Карла. Імі пачнуць замяняць грошы з партрэтам памерлай Лізаветы II толькі з сярэдзіны 2024 года.
Партрэт новага манарха — гэта адзінае змяненне ў дызайне купюр вартасцю 5, 10, 20 і 50 фунтаў. Твар Карла намаляваны замест твару яго памерлай маці на левым баку купюр, а таксама ў празрыстым «акенцы».
Банк Англіі абвясціў, што па рэкамендацыі каралеўскага двара і дзеля пазбягання непажаданых экалагічных і фінансавых выдаткаў новымі купюрамі будуць замяняць старыя паступова, па меры зносу або павелічэння попыту.
Зносу прыйдзецца чакаць доўга, бо брытанскія банкноты ўжо некалькі гадоў робяць з пластыку. Увесь гэты час грошы з Лізаветай і з Карлам будуць хадзіць паралельна.
Цяпер у абароце знаходзіцца каля 4,5 млрд банкнот Банка Англіі агульнай вартасцю каля 80 млрд фунтаў стэрлінгаў.
Акрамя таго, невялікую частку брытанскіх наяўных грошай — прыкладна 5 млрд фунтаў — складаюць банкноты, выпушчаныя трыма шатландскімі і чатырма паўночнаірландскімі банкамі. На іх партрэтаў манарха няма.
На адваротным баку англійскіх банкнот намаляваныя Уінстан Чэрчыль, пісьменніца Джэйн Осцін, мастак Джозэф Тэрнер і матэматык Алан Т'юрынг.
Першыя манеты з профілем Карла III брытанцы ўжо запусцілі ў абарот: сямігранныя манеты вартасцю пяцьдзясят пенсаў пачалі развозіць па паштовых аддзяленнях краіны ў пачатку снежня.
У апошнія гады наяўныя банкноты і манеты даволі хутка сыходзяць з паўсядзённага жыцця брытанцаў, чаму паспрыяла распаўсюджванне бескантактавых банкаўскіх картак і пандэмія. Цяпер наяўнымі аплачваюць прыкладна 14% пакупак у краіне, а да 2025 года, па прагнозах эканамістаў, доля пакупак за наяўныя ўпадзе да 10%.
-
Двое жыхароў Новасібірска згвалтавалі і забілі студэнтку. Яны выйшлі на волю на 15 гадоў раней — паехалі на вайну
-
Байдэн хоча паспець выкрасліць Кубу са спісу спонсараў тэрарызму ў абмен на вызваленне палітвязняў
-
У Славакіі школьнік адмовіўся паціснуць руку прэзідэнту праз яго пазіцыю па вайне ва Украіне
Каментары