Галоўныя мемы і галоўны даносчык, надзеі і канспіралогія — асноўныя людзі і падзеі 2022 года
2022-гі стаў катастрафічным годам. Такіх у кожным стагоддзі — на пальцах адной рукі палічыць. Як 1939-ты, як 1914-ты. Вайна і рэпрэсіі прынеслі шмат болю. Але было месца і гераізму, і парыванням. «Наша Ніва» традыцыйна падводзіць вынікі.
Катастрафічны год — вайна
24 лютага мы прачнуліся ў іншай рэальнасці. Расія напала на Украіну. Поўнач Украіны расійскія войскі атакавалі з беларускай тэрыторыі. Пуцін разлічваў захапіць Кіеў за тры дні, ліквідаваць дзяржаўнасць Украіны і далей перайсці да захопу іншых дзяржаў. Але бліцкрыг праваліўся.
У канцы сакавіка расійская армія пачала адступленне з-пад Кіева, Сумаў і Чарнігава. А ў верасні Украіна, узмоцненая ўзбраеннем з Захаду, перайшла ў актыўны контрнаступ. УСУ вызвалілі акупаваныя Ізюм, Балаклею, Херсон і дзясяткі іншых населеных пунктаў. «Жэсты добрай волі» і «перагрупіроўка войск» — так расійская прапаганда хлусліва называла адыход сваёй арміі.
Гэта вайна паказала сапраўднае аблічча «рускага свету». Скрадзеныя пральныя машыны, катаванні палонных, бамбёжкі гарадоў.
Вайна паказала мужнасць і крэатыўнасць украінцаў. Абаронцы «Азоўсталі» сталі прыкладам стойкасці, галоўнакамандуючы Валерый Залужны і кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім — прыкладам перадавых вайскоўцаў і чыноўнікаў на дзяжслужбе, а ацалелая кухонная шафка з пеўнікам у Барадзянцы — сімвалам нязломнасці народа.
Мужнасць года — беларускія добраахвотнікі
Полк Каліноўскага, полк «Пагоня», батальён «Тэрор», байцы Інтэрнацыянальнага батальёна і іншых злучэнняў. Некалькі соцень ваяроў цяпер змагаюцца за Украіну, а значыць і за незалежнасць Беларусі. Беларускія добраахвотнікі бралі ўдзел у многіх ключавых аперацыях — абароне Кіева і «Азоўсталі», баях пад Лісічанскам, вызваленні Херсона. За ўдзел у апошняй аперацыі баец «Філ» атрымаў узнагароду з рук Уладзіміра Зяленскага — ордэн Багдана Хмяльніцкага III ступені.
Перамога дастаецца дарагім коштам. Двое ваяроў дагэтуль у палоне, 17 загінулі ва Украіне. Пад Лісічанскам загінуў Іван «Брэст» Марчук, таленавіты камандзір, які быў душою палка Каліноўскага. Аляксею «Туру» Скоблю, які ўдзельнічаў у абароне Кіева, пасмяротна было прысвоена званне Героя Украіны.
Гонар года — Алесь Бяляцкі
Нобелеўскі лаўрэат-палітвязень — сумны сімвал таго, што адбываецца ў краіне. Аднак навіна пра прэмію стала променем свету ў гэтыя цёмныя дні, яшчэ адным доказам таго, што наша маладая Беларусь займае свой пачэсны пасад між народамі.
60-гадовы Алесь Бяляцкі з мінулага года знаходзіцца ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць. Ён не першы раз за кратамі. Улады ўжо арыштоўвалі яго на пачатку 2010-х. Але ён не пакінуў справы свайго жыцця — праваабарончага цэнтра «Вясна», які стварыў у 1996-м і кіраўніком якога застаецца дагэтуль.
Нобелеўскую прэмію міру Бяляцкі атрымаў разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны.
Праваабаронца года — Наста Лойка
Нягледзячы на пераслед праваабаронцаў, Наста Лойка заставалася ў Беларусі.
«Я бачу шмат важных рэчаў, якія яшчэ магчыма рабіць тут і цяжка за мяжой, — тлумачыла яна сваё рашэнне ў адным з інтэрв’ю. — Напрыклад, я насіла перадачы сябрам і сяброўкам у СІЗА, тыя ж лісты. Плюс я валанцёрка ў некаторых арганізацыях, якія яшчэ не ліквідавалі. Агулам людзі ў СІЗА/калоніях/турмах мяне моцна трымаюць тут: важна было хадзіць да іх на суды, падтрымліваць іх родных».
Насту затрымалі 28 кастрычніка — з таго часу яна знаходзіцца за кратамі. Ёй тройчы прысудзілі па 15 сутак нібыта за дробнае хуліганства. Прапаганда абвінавачвае Лойку ў «шпіянажы» — так яна трактуе праваабарончую дзейнасць.
Скандал года — Таццяна Зарэцкая
Паспяховая стартаперка і мільянерка — прэзентавалі яе ў медыя. Таццяну Зарэцкую запрасілі ў Аб’яднаны пераходны кабінет «міністрам фінансаў». Аднак праз два месяцы яна раптоўна сышла, патлумачыўшы гэта пагрозамі ў свой адрас. Але, верагодна, прычына ў іншым — у журналістаў узніклі пытанні да яе бізнэс-поспехаў і фірмы Laava Tech.
У справаздачнасці фірмы не фігуруюць мільёны. Няма і сведчанняў таго, што наватарскія святлодыёдныя лямпы і праграмнае забеспячэнне, якія нібыта дадуць скарачэнне выдаткаў электраэнергіі да 75% і пры гэтым палепшаць ураджайнасць раслін у цяпліцах на 20%, насамрэч прадаюцца.
Пасля гэтага скандалу Кабінет абвясціў, што новы «міністр фінансаў», магчыма, будзе непублічнай асобай.
Правал года — ЧКБ
«Чорная кніга Беларусі» — ініцыятыва па дэаноне сілавікоў, суддзяў і іншых дзяржслужачых, датычных да рэпрэсій. Некалькі месяцаў у камандзе праекта працаваў супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко, які атрымаў доступ да інфарматараў. У нейкі момант ён нават узначаліў ЧКБ. Трапіў ён і ў чат «Інфапойнта». І хоць у некаторых чальцоў каманды ўзнікалі падазрэнні, Гайко не звольнілі. Тое, што гэта агент, канчаткова стала зразумела ў ліпені 2021 года.
Аднак публічна ўсе падрабязнасці гісторыі ўсплылі толькі восенню 2022 года. Па абвінавачанні ў перадаванні даных ЧКБ затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх — былая работніца пракуратуры Наталля Лашч, супрацоўніца службы «Адно акно» Святлана Бычкоўская, начальнік аддзела маркетынгу Life (імя яго не паведамлялася).
Тэлеграм-канал года — «Беларускі Гаюн»
Праект быў створаны блогерам Антонам Матолькам 20 лютага. Назва «гаюн» азначае лясны дух. Канал запусцілі для маніторынгу вайсковай актыўнасці — перасоўвання тэхнікі, вылету самалётаў, запуску ракет. Інфармацыю і фота з відэа перадаюць людзі з месцаў.
За гэты час аўдыторыя праекта вырасла да 548 тысяч падпісантаў. «Гаюн» стаў важнай крыніцай для разумення таго, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі. А таксама метадам супраціву вайне.
Шок года — Буча
Кадры зверстваў расійскіх салдат у Бучы ўскалыхнулі свет. Калі ўкраінская армія і паліцыя ўвайшлі ў горад, які месяц правёў пад расійскай акупацыяй, то былі ў жаху ад маштабаў разбурэнняў і забойстваў. У брацкай магіле было пахавана 280 чалавек, многіх пахавалі на панадворках, шмат трупаў заставалася на вуліцах. Расстраляныя жыхары ляжалі проста на дарозе.
Такія страшныя сляды акупанты пакінулі і ў іншых мястэчках Кіеўшчыны. У сяле Матыжын Макараўскага раёна расстралялі старасту сяла і яе сына. Яе забітага мужа са слядамі катаванняў знайшлі ў калодзежы.
Журналісты NYT змаглі ідэнтыфікаваць дзясяткі расійскіх вайскоўцаў, якія забівалі мірных людзей у Бучы — гаворка ідзе пра байцоў 234-га дэсантна-штурмавога палка з Пскова.
Самы вялікі палітычны прысуд — Мікалай Аўтуховіч
25 гадоў калоніі — столькі прысудзілі былому ваўкавыскаму прадпрымальніку. Мікалая Аўтуховіча прызналі вінаватым па 12-ці артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «акт тэрарызму», «замах на захоп дзяржаўнай улады», «стварэнне злачыннай арганізацыі», «здрада дзяржаве».
Іншым 11-ці фігурантам справы суд даў ад 2,5 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Суд праходзіў у гродзенскай турме, некаторых палітвязняў трымалі ў асобных клетках.
Людзям ставілі ў віну падпал пустога дома ў Ваўкавыску і дзвюх машын — і нерухомасць, і машыны належалі міліцыянтам, якіх падазравалі ў датычнасці да палітычных рэпрэсій і пакрывання фальсіфікацыі выбараў.
Асаблівасць справы ў тым, што «групіроўку Аўтуховіча» выстаўляюць тэрарыстычнай ячэйкай, створанай пад кантролем украінскіх спецслужбаў.
Святар года — Уладзіслаў Багамольнікаў
Уладзіслаў Багамольнікаў правёў на Акрэсціна больш за 100 дзён. Умовы ўтрымання былі катавальнымі — перапоўненая камера, адсутнасць меддапамогі, перадач і карэспандэнцыі. Пазней святара адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Багамольнікаў — клірык прыхода мінскага храма Богаяўлення, загадчык Царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай Царквы, член Епархіяльнага суда Мінскай епархіі.
Гэты святар абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама на Плошчы Перамен служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.
Спявачка года — Мэрыем Герасіменка
На летнім канцэрце ў Мінску на Зыбіцкай спявачка выканала песню «Обійми» гурта «Акіян Эльзы». Гэта абурыла прапагандыстаў. Мэрыем затрымалі. Спачатку ёй накідвалі суткі, пасля абвінавацілі ў данаце на «Байрактар». Пазней на дзяўчыну завялі крымінальную справу па артыкуле 342 КК.
Пад вартай аказаліся таксама кіраўнік бара «Слоікі-бутэлькі» Андрэй Жук і яго жонка. Яны на Валадарцы, праходзяць па «народным» артыкуле 342.
Жэсць года — Андрэй Паршын, які страляў у падлетка
Былы кіраўнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын у чэрвені ўчыніў страляніну ў прэстыжным мікрараёне «Каскад». Ён паспрабаваў разагнаць групу падлеткаў каля свайго пад'езда, але атрымаў адпор ад 16-гадовага хлопца. Раззлаваўшыся, пачаў страляць. У выніку хлопец трапіў у бальніцу з параненай нагой. Супраць яго завялі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства».
Пазней бацьку прымусілі выбачыцца перад Паршыным і сказаць, што яго дзеянні былі адэкватнымі.
Пры Паршыне ГУБАЗіК адыгрываў цэнтральную ролю ў правядзенні палітычных рэпрэсій: з яго ўдзелам былі вынішчаныя палітычныя структуры, незалежныя СМІ, культура, бізнэс, дзясяткі тысяч прайшлі праз затрыманні і здзекі або вымушаныя былі пакінуць радзіму.
Надзея года — Захар Аўчыннікаў
Гэта той кадэт, які 1 верасня выступіў перад Лукашэнкам па-беларуску і заклікаў ганарыцца беларускім.
Захару 16 гадоў. Ён з вёскі Дрыгучы Мёрскага раёна. Вучыцца ў адзінаццатым класе. Гісторыя — адзін з любімых прадметаў. У сваёй прамове на адкрытым уроку ён згадаў Біблію Скарыны, славутых землякоў Генрыка Дмахоўскага і Ігната Дамейку, заўважыў, што ў Савецкім Саюзе былі ў тым ліку і памылкі.
«Я ганаруся ўсім нашым народам, што праслаўлялі нашу зямлю, пачынаючы ад Ізяслава, Брачыслава, Рагнеды. Давайце ўспомнім тую ж Еўфрасінню Полацкую. Адна з першых асветніц на тэрыторыі Усходняй Еўропы, адкрывала школы, выхоўвала дзяцей, дапамагала дзяўчатам. Асветніцтва ў ХІ стагоддзі, вы ўдумайцеся», — з гонарам прамаўляў кадэт.
Канспіралогія года — смерць Макея
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей раптоўна памёр 26 лістапада. Імавернай прычынай смерці чыноўніка лічыцца інфаркт. Аднак нечаканасць смерці стварыла глебу для канспіралагічных версій.
Хтосьці пабачыў у гэтым руку Крамля, бо Макей не быў прарасійскім. Іншыя схільныя лічыць гэта помстай Лукашэнкі — у 2020-м дзясяткі супрацоўнікаў МЗС перайшлі на бок народа, а многія дыппрадстаўніцтвы засведчылі масавае галасаванне людзей за Святлану Ціханоўскую.
Псіхолаг года — Аляксей Арастовіч
У 2020-м беларусы падселі на Каца (у якім ужо паспелі расчаравацца), у 2022-м усе чакалі эфіраў Арастовіча. Харызматычны дарадца Офіса прэзідэнта Украіны ўмее знаходзіць словы, якія ўсяляюць надзею. З апошніх яго аптымістычных прагнозаў — Украіне ўдасца праз паўгода вярнуць Крым.
Выказваецца Арастовіч і пра Беларусь. Напрыклад, пра тое, што беларускае пытанне — адна з галоўных памылак украінскіх палітыкаў падчас гэтай вайны. А галоўным мемам вайны ён назваў вечную беларускую істэрыку.
Рэлакейт года — беларускі ІТ-сектар
ІТ-сектар быў драйверам росту айчыннай эканомікі. Але вайна і саўдзел у ёй Лукашэнкі ўзмацнілі адток спецыялістаў і цэлых кампаній — праца з Беларусі праз эканамічныя і санкцыйныя рызыкі вельмі ўскладнілася. З пачатку года ІТ-кампаніі страцілі як мінімум 14 тысяч супрацоўнікаў. З Беларусі сышлі такія кампаніі, як Wargaming, Flo, WorkFusion. Іншыя закрылі частку офісаў і прапануюць супрацоўнікам рэлакацыю.
Wargaming і ЕРАМ, якія адкрылі офісы ў Вільні, паспелі ўвайсці ў топ-3 найбуйнейшых ІТ-бізнэсаў Літвы.
Папулізм года — забарона на рост цэн
З 6 кастрычніка Лукашэнка ўвёў забарону на павышэнне цэн. Выключэнні — толькі па ўзгадненні з высокімі чыноўнікамі, сыходзіць з рынку праз страты — нельга.
Крамы імгненна запоўніліся кантралёрамі з ліку чыноўнікаў, прафсаюзаў і пракурораў. За парушэнні пачалі затрымліваць, прычым не толькі за павышэнне цэн, але і за неабгрунтаваныя зніжкі. Пазней з СІЗА такіх зняволеных адпусцілі.
Да 20 кастрычніка ўрад прыняў шэраг дакументаў па рэгуляванні цэн. А 26 кастрычніка аб'явіў, што ўнёс змены, але не патлумачыў якія. Чым выклікаў сапраўдны калапс. Прадпрымальнікі ў многіх гарадах з-за разгубленасці і боязі затрыманняў праз няправільныя цэны не выйшлі на працу.
Нядаўна быў вынесены першы прысуд па цэнах. Дырэктара крамы з-пад Магілёва абвінавацілі ў перавышэнні цаны на сыр на 78 капеек. Суд палічыў, што гэтым прадпрымальнік «падрываў аўтарытэт органаў улады». Яму далі два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год.
Птушка года — расчлянёная курыца
«Ахова птушак Бацькаўшчыны» птушкай 2022 года назвала белую сініцу, якая жыве толькі на Палессі. Гэта марку з ёй выкінула з галасавання «Белпошта» пасля абурэння прапагандыстаў.
Аднак расчлянёная курыца, што пасадзіла Лукашэнку на каня, адназначна стала самай абмяркоўванай.
Пачалося ўсё з роліка ў тыктоку, дзе жанчына скардзілася, што не магла знайсці цэлую тушку курыцы ў краме. Гандлёвыя сеткі сталі прадаваць паловы тушкі, каб мець магчымасць павысіць цану.
Пазней на нарадзе Лукашэнка абурыўся тым, што ў крамах маніпулююць з цэнамі. «Расчлянілі дохлую курыцу, упіхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар!» — гнеўна адчытваў ён чыноўнікаў на камеру.
У выніку гара нарадзіла мыш: крамам забаранілі самім разбіраць тушкі курэй і куранят-бройлераў.
Законапраекты года — завочныя суды і пазбаўленне грамадзянства
Улады вырашылі распаўсюдзіць рэпрэсіі і на тых, хто выехаў з краіны. Таму ўвялі спецыяльную вытворчасць. Завочна судзіць могуць па 48-мі артыкулах — у тым ліку за дыверсіі, масавыя беспарадкі, удзел у экстрэмісцкіх фармаваннях, заклікі да санкцый. Закон дае права таксама канфіскаваць маёмасць у асуджаных. Першы завочны суд ужо пачаўся — над адміністратарамі «Чорнай кнігі Беларусі».
Закон аб пазбаўленні грамадзянства пакуль не падпісаны Лукашэнкам, але ўжо прайшоў дэпутацкія чытанні. Ён дазволіць адбіраць грамадзянства ў сувязі з наяўнасцю экстрэмісцкага прысуду.
Даносчыца года — Вольга Бондарава
Інфаказачка з Гродна Вольга Бондарава выконвае ў лукашыстаў ролю «голасу з месцаў» для апраўдання змагання з беларускай культурай. Па яе даносе затрымалі дырэктарку турыстычнага агенцтва «Віяполь», закрылі гродзенскую мастацкую галерэю «400 квадратаў».
Пад пытаннем аказалася наданне імя Адама Мальдзіса астравецкай бібліятэцы. Вядзе Бондарава змаганне і з беларускай лацінкай.
У дзіцячых садах і школах па яе кляўзе забаранілі нават адзначаць Хэлоўін і апранаць дзяцей у касцюмы замежных герояў.
Страх года — мабілізацыя
У кастрычніку стала вядома, што Лукашэнка прыняў рашэнне аб правядзенні схаванай мабілізацыі для даўкамплектацыі баявых часцей. Яна будзе ісці пад выглядам праверкі баяздольнасці і выкліку ваенаабавязаных на зборы.
Ваенкаматы пачалі зверку ўліковых даных, некаторым выдаюць мабілізацыйныя прадпісанні. Днямі скончылася раптоўная праверка боегатоўнасці. У Беларусі цяпер трэніруюцца расійскія мабілізаваныя і разгорнута рэгіянальная групоўка войск.
Забарона года — раман Оруэла «1984»
Пасля пагрому беларускамоўнай кнігарні «Кнігаўка» ў няміласць трапіла антыўтопія «1984». Распараджэнне зняць твор з продажу атрымалі кнігарні. Прычынай, магчыма, стала калекцыя кніг Оруэла ў супрацоўніцы «Кнігаўкі».
Антыўтопія Джорджа Оруэла «1984» апісвае таталітарнае грамадства. Жыхары пазбаўленыя грамадзянскіх правоў і індывідуальнасці. Ідэя парадку абсалютызуецца, існуе культ асобы Вялікага Брата, ад людзей патрабуюць поўнага і некрытычнага падпарадкавання ўладам. Нават мову змяніла навамоўе. «Вайна — гэта мір», «свабода — гэта рабства» і «Вялікі Брат сочыць за табой» — гэтыя выразы з рамана сталі афарызмамі. І новай беларускай рэальнасцю.
Інтэрв’юер года — Андрэй Павук
Блогер рэгулярна абзвоньвае чыноўнікаў і сілавікоў. Андрэй Павук звычайна пытаецца, чаму яны падтрымліваюць Лукашэнку, закрываюць вочы на гвалт і фальсіфікацыі. А пасля выкладае гэтыя прамыя лініі на ютуб. Але часам дазваляе сабе больш свавольстваў. Падчас аднаго з абзвонаў Павук набіраў пракурораў і выносіў ім жартаўлівыя прысуды. За гэта на яго завялі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Уцёкі года — Кузнечыкі
Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, бацька і сын, два гады жылі ў шведскай амбасадзе ў Мінску. Сілавікі прасілі пасольства выдаць іх, а калі таго не адбылося, завялі на Кузнечыкаў крымінальную справу па артыкуле 364 КК (гвалт альбо пагроза яго ўжывання ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
У чэрвені 2022 года Кузнечыкаў павезлі на медыцынскае абследаванне ў іншы горад. Аднак да доктара яны не пайшлі. На розных аўтобусах і электрычках дабраліся да Віцебскай вобласці, а ўжо адтуль — на мяжу праз лес.
На дзяржТБ пасля паказалі сюжэт пра іх уцёкі, але версія прапагандыстаў аказалася яшчэ больш неймавернай, бо па ёй сілавікі нібыта сачылі за кожным крокам Кузнечыкаў, пераследавалі ажно да мяжы, а пасля проста адпусцілі — быццам па ўказанні Лукашэнкі.
Мем года — «Откуда на Беларусь готовилось нападение»
«И если бы за шесть часов…» — гэты кароткі маналог немагчыма забыць. Пасля таго, як Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным расказаў легенду аб нападзе на Беларусь з боку Украіны, які ўдалося прадухіліць, яго словы імгненна завірусіліся. Народная творчасць згенеравала дзясяткі ролікаў на тэму — фрагмент з апраўданнем нападу на Украіну ўстаўляюць у выпадковыя дэкарацыі. Самыя смешныя мы сабралі тут:
Слова года — бяспека
З ростам маштабаў рэпрэсій і ўкараненнем агентаў правілы бяспекі становяцца ўсё больш актуальнымі. Чысціць перапіскі і фота, закрываць профілі, не пакідаць вострыя каментары, не абмяркоўваць палітыку ў калектыве. Калі нагодай для затрымання можа стаць нават словы «Не вайне» і след ад налепкі «Пагоня» на машыне, такія перасцярогі не празмерныя.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары